У Мінску прайшоў ІV навагодні рэспубліканскі сувораўска-кадэцкі баль. Вальсы, польку, паланэз, падэграс, падэспань, кадрыль танцавалі хлопцы і дзяўчаты
з усіх устаноў сістэмы кадэцкай адукацыі Беларусі, а таксама пары са спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС. Самую вялікую «дэлегацыю» даслала Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча — 60 пар.
— Аднавіць традыцыю навагодняга балю мы вырашылі чатыры гады таму, — адзначыў начальнік установы Аляксандр Навуменка. — Сувораўцы здаюць залік па прадмеце «Танец і сусветная мастацкая культура». Навыкі, якія яны атрымліваюць падчас навучання, спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Бо які б час ні стаяў, але дзяўчаты ўсё роўна будуць шанаваць інтэлігентных і падрыхтаваных кавалераў.
Старшыня рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Сяргей Жыціхін адзначыў, што такі баль — даніна даўняй афіцэрскай традыцыі. А яго лаўрэаты налета паўдзельнічаюць у міжнароднім дабрачынным кадэцкім балі, які кожны год праходзіць у Маскве.
Адзначыўся баль і вакальнымі выступленнямі кадэтаў. Імпрэзу таксама наведалі Дзед Мароз і Снягурка, якія павіншавалі сувораўцаў з надыходзячым Новым годам.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?