Дзед Мароз і Снягурка ДУА «Гімназія г. Петрыкава» занялі першае месца на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Ёлка—фэст— 2022».
Агляд-конкурс «Елка—фэст» традыцыйна праводзіцца раз у два гады ў снежні. Удзел традыцыйна прымаюць педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, пераможцы і прызёры абласных этапаў конкурсу з усіх рэгіёнаў краіны.
— Наша гімназія — пастаянная ўдзельніца гэтага конкурсу, і ўжо не першы раз мы выходзім на яго рэспубліканскі этап, — распавяла намеснік дырэктара ДУА «Гімназія г. Петрыкава» Наталля Несцярчук. — Але перамогу заваявалі ўпершыню. За гэтым поспехам стаіць вялікая праца ўсяго нашага педагагічнага калектыву, а таксама падтрымка нашых вучняў і іх бацькоў, іх уменне верыць у добрую казку і навагодняе чараўніцтва.
Дзедам Марозам сёлета выступіў выкладчык біялогіі Аляксандр Аляксеевіч Чычыкайла, настаўнік вышэйшай катэгорыі і таленавіты педагог. У скарбонцы яго педагагічных дасягненняў — падрыхтоўка стыпендыятаў Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі і ўдзел у навуковых канферэнцыях. І менавіта ён стаяў ля вытокаў удзелу гімназіі ў «Ёлка-фестах».
А лепшай Снягуркай краіны стала настаўніца пачатковых класаў Анастасія Русланаўна Кліменка, малады спецыяліст і выпускніца гэтай жа гімназіі, якая пасля ВНУ вярнулася выкладаць у alma mater.
— Нашы педагогі здолелі стварыць атмасферу казкі і заразіць верай у чараўніцтва ўсю залу, і ў тым ліку журы, — распавяла Наталля Васільеўна. — І калі ў канцы праграмы на сцэне з’явіўся жывы сімвал года — трусік Боня, прывезены з Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», захапленню дзяцей не было мяжы. Гэтая перамога для ўсіх нас — зарад пазітыву на ўвесь год, яшчэ адна нагода ганарыцца і сваёй установай адукацыі, і сваім горадам.
Дзіяна РОНІНА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.