Вы тут

Узнагароджаны найлепшыя журналісты, якія пішуць пра навуку


Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук былі ўшанаваны пераможцы конкурсу на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2022 года ў сродках масавай інфармацыі. У намінацыі «Найлепшая публікацыя» прэмію конкурсу атрымала рэдактар аддзела газеты «Звязда» Надзея Нікалаева. 


Конкурс праводзіўся ў трынаццаты раз па чатырох намінацыях: «Найлепшая публікацыя», «Найлепшы сюжэт (праграма) на радыё і тэлебачанні», «Найлепшая публікацыя ў навукова-папулярным выданні» і «Найлепшае прадстаўленне дасягненняў НАН Беларусі ў сетцы Інтэрнэт». 

Па кожнай з намінацый прысуджаны тры прэміі. У конкурсе маглі прымаць удзел як прафесійныя журналісты, так і непрафесійныя аўтары, папулярызатары навукі. Усяго было прадстаўлена 126 работ 38 аўтараў.

— Для таго, каб данесці да грамадскасці вынікі работы нашых вучоных, надзвычай актуальна працаваць з журналістамі, мы гэта цудоўна разумеем. Дзякуй усім, хто папулярызуе беларускую навуку. Вялікая просьба да вас — працягвайце гэта рабіць, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання прадстаўнікоў СМІ старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. — Грамадству трэба ведаць, чым жыве беларуская навука. Менавіта на яе папулярызацыю і была скіравана маштабная выстаўка «Беларусь інтэлектуальная», арганізаваная па даручэнні кіраўніка дзяржавы напярэдадні Дня беларускай навукі. Там былі прадстаўлены найбольш значныя распрацоўкі за апошні перыяд. Выстаўка атрымала шырокі рэзананс, у тым ліку дзякуючы СМІ, станоўчыя водгукі і цяпер яна будзе праходзіць ў рэгіёнах. Напэўна, першым абласным цэнтрам, які падхопіць эстафету, будзе Гомель. Мы і раней праводзілі навуковыя выстаўкі, але такая маштабная, міжведамасная і дэталёва прадуманая, з кластарнай арганізацыяй прайшла ў нас упершыню. 

Уладзімір Гусакоў уручыў таксама дыпломы пераможцаў конкурсу «100 маладых талентаў НАН Беларусі» і конкурсу «ТОП-10 вынікаў дзейнасці акадэмічных вучоных». Штогадовы конкурс «100 маладых талентаў НАН» быў заснаваны ў 2018 годзе. Да ўдзелу ў ім дапускаюцца кандыдаты навук ва ўзросце да 30 гадоў і дактары навук ва ўзросце да 40 гадоў, якія працуюць у арганізацыях НАН Беларусі. Агульная колькасць маладых вучоных, якія адначасова ўваходзяць у банк даных «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», не можа перавышаць 100 чалавек, а штогадовая колькасць лаўрэатаў конкурсу — не большая за 20 чалавек. У гэтым годзе ў банк увайшлі загадчык аддзела навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бараноўскі, навуковы супрацоўнік лабараторыі аптычнай спектраскапіі паўправаднікоў НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве, кандыдат фізіка-матэматычных навук Вольга Барадаўчанка і старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай біятэхналогіі Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Ілья Казлоўскі. 

Уладзімір Гусакоў асабліва адзначыў актуальнасць амаладжэння навуковага саставу акадэміі і выказаў пажаданне, каб маладыя даследчыкі больш актыўна абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Што тычыцца ТОП дасягненняў акадэмічных вучоных у вобласці фундаментальнай і прыкладной навукі, то, як падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, патрабаванні да прэтэндэнтаў (да навізны і актуальнасці заяўленых вынікаў) прад’яўляюцца вельмі жорсткія:

— Мы не спяшаліся з вызначэннем пераможцаў, каб не памыліцца, — падкрэсліў ён. — У выніку было прынятае рашэнне адзначыць 8 вучоных і аўтарскіх калектываў.

Цікава, што Ілья Казлоўскі ўзнімаўся на сцэну двойчы: і як пераможца конкурсу «100 маладых талентаў», і ў складзе аўтарскага калектыву Інстытута мікрабіялогіі НАН, які трапіў у ТОП-10 за стварэнне высокаактыўнага генна-інжынернага штама для атрымання вакцын новага пакалення з патэнцыяльна узмоцненай імунагеннасцю. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.