Вы тут

Цырымонія адкрыцця спаборніцтваў па лыжных гонках і біятлоне прайшла ў сталічным музейна-паркавым комплексе «Перамога»


12 лютага ў цэнтры Мінска сабраліся ўдзельнікі адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках і біятлоне сярод інвалідаў з парушэннем зроку і апорна-рухальнага апарата з Беларусі і Расіі.


Пад марш аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь былі вынесеныя дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Пасля ўскладання кветак да мемарыяльнай пліты з выбітымі словамі «Імя героя — народ, подзвіг героя — Перамога!» і хвіліны маўчання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка, настаяцель прыхода храма роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска пратаіерэй Уладзімір, старшыня грамадскага аб’яднання «Паралімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь» Алег Шэпель.

У цырымоніі прынялі ўдзел знакамітыя спартсмены: заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, двухразовы прызёр Паралімпійскіх гульняў, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету, этапаў Кубка свету і міжнародных спаборніцтваў па лыжных гонках і біятлоне Дзмітрый Лобан; майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету, этапаў Кубка свету і міжнародных спаборніцтваў па лыжных гонках Валянціна Шыц; заслужаны майстар спорту Расійскай Федэрацыі, двухразовы паралімпійскі чэмпіён, 14-ці разовы чэмпіён свету, шматразовы ўладальнік Кубкаў свету і міжнародных спаборніцтваў па лыжных гонках і біятлоне Уладзіслаў Лекамцаў; заслужаны майстар спорту Расійскай Федэрацыі, трохразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету, этапаў Кубка свету і міжнародных спаборніцтваў па лыжных гонках Кацярына Румянцава.

— Сёння мы прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Кубка Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках і біятлоне сярод інвалідаў з парушэннем зроку і апорна-рухальнага апарата. Гэтыя спаборніцтвы ўпершыню праходзяць у нашай краіне, спадзяёмся, што яны стануць традыцыйнымі. У спартыўных баталіях прымуць удзел больш за 140 спартсменаў нацыянальных каманд дзвюх краін, — распавяла Марына Арцёменка. — Наша міністэрства рэалізуе дзяржаўную палітыку сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю. І паралімпійскі спорт — адзін з накірункаў, адно з важных звенаў рэалізацыі гэтай палітыкі. 

Пасля заканчэння мерапрыемства спартсмены і трэнеры былі запрошаны ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе для іх былі арганізаваны экскурсіі.

 

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.