Вы тут

Аляксандр Асенка: Аўтарская журналістыка сёння выйшла на першае месца


Размова па сутнасці з генеральным дырэктарам тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне».


Аляксандр Аляксандравіч Асенка нарадзіўся 8 лістапада 1973 года ў горадзе Наваполацк Віцебскай вобласці. Скончыў Наваполацкі політэхнічны тэхнікум, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 16 ліпеня 1998 года і да 10 лютага 2022 года Аляксандр Асенка працаваў дырэктарам Наваполацкага кабельнага тэлебачання «Вектар», а таксама кіраваў тэлеканалам «Звязда». Сёння — генеральны дырэктар ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

— Аляксандр Аляксандравіч, споўніўся год, як вы прыйшлі на тэлеканал СТБ, сталі яго генеральным дырэктарм. Да таго не адзін год вы ўзначальвалі наваполацкі тэлевізійны канал «Звязда», які вядомы сваёй патрыятычнай пазіцыяй. Скажыце, што цікавага, патрэбнага і важнага, на ваш погляд, вы ўзялі адтуль на рэспубліканскі канал? Як яно «лягло» на новую паляну? Ці ўсё прыжылося? І наогул: вы задаволеныя гэтым годам?

— Безумоўна, я задаволены. Хоць задачы не было такой — нешта кардынальна змяняць на СТБ. Я і раней лічыў і казаў у інтэрв’ю, што «Сталічнае тэлебачанне» — флагман беларускай аўтарскай журналістыкі: 2020-ы гэта яскрава паказаў. Той год стаў пераломным у данясенні інфармацыі да тэлегледача. І на самай справе, тады СТБ для мяне стала адкрыццём. Я ведаў, што такі канал існуе, але калі з’явілася аўтарская журналістыка — Рыгор Азаронак, Яўген Пуставой, Ігар Марзалюк — адчуў: цяпер ідзе не абязлічанасць, а персаналізацыя інфармацыі. І гэта стала не проста нечым цікавым, а нават прарыўным. Аднавіў гэты фармат менавіта калектыў СТБ. З таго часу тэлеканал для мяне — лакаматыў аўтарскай журналістыкі на тэлебачанні.

Калі я прыйшоў сюды, галоўнай задачай было максімальна захаваць калектыў, паказаць нешта новае і даць імпульс далейшаму развіццю аўтарскай журналістыкі. Што дадалося тут з таго, з чым мне раней даводзілася працаваць... Сёння можна адзначыць, напрыклад, большае, чым раней, узаемадзеянне з беларускім ВаенТБ, у тандэме мы сталі больш расказваць, чым жыве наша армія. І не толькі. Мы заказалі ў іх дакументальны цыкл фільмаў-расследаванняў «Канвеер смерці» пра генацыд нашага народа ў гады мінулай вайны. Такім чынам узмацнілі героіка-патрыятычны вектар тэлеканала.

Палітыкі тут дастакова. У СТБ значны пул аўтарскай журналістыкі, як я ўжо сказаў. Так што працуем па прынцыпе: захоўваючы найлепшае — рухаемся ў будучыню.

— Давайце ў такім разе крыху пагаворым пра аўтарскую журналістыку. Яшчэ некалькі гадоў таму наша тэлебачанне, выпускі навін, у прыватнасці, былі дастаткова «мяккімі», калі хочаце — памяркоўнымі. Вядомыя падзеі ў 2020 годзе многае змянілі. Новыя праграмы, новыя ракурс, новыя імёны — на ўсіх нашых каналах. Калі ласка, раскажыце нашым чытачам больш падрабязна пры тых, хто з’яўляецца ў дадзенай справе «лакаматывам» на СТБ.

— Тыя, хто ствараў аўтарскае тэлебачанне ў 2020 годзе — Рыгор Азаронак, Яўген Пуставой, Аляксей Дзермант, Андрэй Лазуткін, Юлія Арцюх — вось такі ў нас магутны пул аўтараў, гэта самыя яркія нашы зоркі. Актуальныя рубрыкі максімальна захаваны. Таму што, вы маеце рацыю, на сённяшні дзень не толькі кантэнт на тэлебачанні, але і кантэнт у новых медыя заключаецца ў тым, што нашы гледачы арыентаваныя на канкрэтнага аўтара, на канкрэтнага журналіста. Ёсць такі выраз, тэрмін: персаніфікаваная журналістыка, аўтарская думка па той ці іншай праблеме. І ў яе ёсць свая ўласная аўдыторыя. Аўтары рознабаковыя. Ад такога прамога і рэзкага Азаронка да іранічнага тэлефельетаніста Андрэя Мукавозчыка. Пра адно і тое ж яны гавораць рознай мовай, можа, і ў нечым перасякаюцца паміж сабой. Але гэта нармальна. Таму што глядацкая аўдыторыя ў нас таксама розная і мае розныя падыходы да ўспрымання інфармацыі.

Кажучы пра нейкія новыя сегменты ў нашай рабоце, хацелася б адзначыць з’яўленне і пашырэнне так званага лічбавага асяроддзя. Гэта значыць, акрамя звычайнай тэлежурналістыкі, мы імкнёмся развіваць і лічбавыя медыя. Зразумела, гэта ютуб-каналы, розныя месенджары, сацыяльныя сеткі. Мы актыўна працуем на гэткім полі. Выдатна разумеем, што гэта інструментарый не наш, і ведаем, што калі мы ствараем праграмы, якія нязручныя некаму там, на Захадзе, або развенчваем нейкія фэйкі, нашы акаўнты вычышчаюцца. Але нягледзячы на тое, мы працягваем тут актыўна працаваць. Напрыклад, апошнім часам Рыгор Азаронак паспрабаваў сябе ў стрыме на «Ютубе». Пачалі мы з аднаго дня на тыдзень — гэта была серада з 20-ці да 21-й гадзіны. Сёння гэта ўжо цэлая студыя, якая выходзіць у эфір па серадах, чацвяргах і пятніцах — тры разы на тыдзень. Вядучы запрашае да сябе экспертаў па той ці іншай актуальнай тэматыцы, і гэта мае водгук, мяркуючы па чатах. Нават калі нашы акаўнты і «зносяцца», нават калі яны зачышчаюцца, пры стварэнні новых яны вельмі хутка набіраюць сваю папулярнасць. А значыць, людзі персанальна шукаюць Грышу і персанальна яго глядзяць. Як бы хто да яго ні ставіўся.

Тое ж самае з іншымі нашымі аўтарамі. У Жэні Пуставога вельмі актыўная група (і не адна) у «Тэлеграме», таму ён з задавальненнем працуе, выказвае свой пункт гледжання там. У яго таксама ёсць свая аўдыторыя. Па суботах ён вядзе цікавую рубрыку «Палітыка без гальштукаў» на тэлеканале, і частка кантэнту ідзе ў сацыяльныя сеткі. Мы надаём яму крыху іншую «ўпаковачку» ў «лічбе». Але асноўная задумка застаецца ўсё той жа.

Калі казаць пра іншыя праграмы, то я б выдзеліў ток-шоу «Па сутнасці», якое вядуць Кірыл Казакоў і Алёна Сырова. Новая вялікая студыя з прынцыпова новымі інтэрактыўнымі магчымасцямі. Размова з топавымі палітолагамі і экспертамі, па сутнасці, пра закуліссе вялікай палітыкі. Нічога лішняга. Праграма выходзіць і на тэлеканале непасрэдна, і на «Ютубе». Выдатныя водгукі, працуе чат, ёсцць зваротная сувязь.

— Аляксандр Аляксандравіч, вы расказалі нам аб вялікай цікавасці гледачоў да розных праграм вашага тэлеканала, аб зваротнай сувязі з імі. Але як вам удаецца супрацьстаяць нападкам, нават пагрозам, якія, вядома ж, ёсць у адрас вядучых гэтых вострых праграм?

— Сапраўды, шмат бывае такіх «скаргаў» на нашых аўтараў. Бывае, нават цэлыя акцыі ладзяцца. З розных ІР-адрасоў. Але відаць, што ўсе гэтыя звароты напісаны як пад капірку. Такая лавіна негатыву можа быць з разлікам на тое, што мы чагосьці спалохаемся. Дарэмна. У нас працуюць дасведчаныя журналісты, вопытныя людзі. Яны ведаюць нормы этыкі, маралі. Таму калі трэба нешта ўзмацніць, зрабіць на нечым большы акцэнт — яны зробяць гэта, трэба змякчыць карціну — яна змякчаецца. Дзе трэба спыніцца — яны спыняцца. Але, паўтаруся: кожны аўтар мае свой стыль. І паверце, ніхто з іх не звяртае ніякай увагі на нейкія пагрозы і іншае. Ужо настолькі ва ўсіх выпрацаваўся імунітэт і разуменне таго, што праўда на нашым баку.

Мы робім сваю справу, мы абараняем свае каштоўнасці, наш суверэнітэт, бяспеку краіны. І разумеем, што знаходзімся ў стане інфармацыйнай вайны, знаходзімся на перадавой і, як кіраўнік магу сказаць, робім сваю справу чэсна. І паверце, прагматызм, ганарары і іншае тут знаходзяцца на сотым месцы. Калі наогул дзесьці знаходзяцца.

— Да вас на тэлеканал, як і ў рэдакцыі іншых СМІ, прыходзяць маладыя журналісты. Як яны ўпісваюцца ў ваш калектыў, як знаходзяць сваё месца тут?

— Гэта заканамерны працэс: нехта сыходзіць, нехта прыходзіць. Летась да нас прыйшло 15 маладых спецыялістаў — ва ўсе нашы дырэкцыі, у інфармацыйнае вяшчане ў тым ліку. Кожны з іх прыйшоў туды, дзе ён праходзіў практыку, вывучыў патрабаванні да работы, пазнаёміўся з калектывам. Мы працуем з імі, калі яны яшчэ вучацца, запрашаем прыходзіць і глядзець, як працуюць прафесіяналы. У выніку на работу да нас прыходзяць толькі тыя, хто сапраўды хоча менавіта тут рабіць кар’еру. Нехта — у інтэрнэт-вяшчанне, нехта — у «інфармацыёнку». Так і сёлета. Працуем у гэтым плане мэтанакіравана, у тым ліку і рэгіёнамі, бяром маладыя кадры і адтуль.

На мой погляд, у СТБ велізарны патэнцыял. Асабліва ў маладых супрацоўнікаў. Маладосць — гэта перш за ўсё амбіцыі, а калі гэтым амбіцыям даць магчымасць рэалізавацца, то паверце, калектыў, наш калектыў, можа рабіць вялікія цуды ў самыя кароткія тэрміны.

— У папярэднія гады значную долю кантэнту СТБ займалі праграмы расійскага РЭН ТБ: экшн-фільмы, серыялы, журналісцкія расследаванні... Як сёння вы працуеце без удзелу расійскай тэлекампаніі?

— Сёлета было прынята рашэнне адмовіцца ад платформы РЭН ТБ. Дакладней, тое адбылося яшчэ ў верасні, калі мы цалкам перайшлі на ўласную сетку вяшчання. Фільмы, праекты ваенна-патрыятычнай тэматыкі, як і раней, скіраваны ў першую чаргу на нашу мужчынскую аўдыторыю. Па сутнасці, змяніўся толькі кантэнт. Павялічылася доля ўласнага матэрыялу. І гэта добра.

— У такім разе, што можна сказаць аб канале «РТР-Беларусь», якім вы таксама загадваеце? Здаецца, ён даўно стаў прыкметнай з’явай...

— З «РТР-Беларусь» мы працягваем супрацоўнічаць. З верасня мінулага года рэдакцыя «РТР-Беларусь», захоўваючы канцэпцыю і найлепшыя праекты расійскіх калег, змагла прыўнесці ў праграмную сетку свой уласны высакаякасны прадукт. Асобнае месца ў сетцы вяшчання займаюць выпускі беларускіх навін. Першапачаткова яны выходзілі чатырма блокамі з закадравай чыткай. Аднак час дыктуе свае правілы. Таму, зыходзячы з неабходнасці далейшага развіцця беларускага вяшчальнага сегмента, павышэння статусу, узроўню падачы інфармацыі і даверу да яе ў тэлегледачоў, было прынята рашэнне аб трансфармацыі выпускаў навін на больш якасны ўзровень.

Цяпер «Беларусь. Навіны» выходзяць у прамым эфіры. У праграмы з’явіліся ўласныя вядучыя, якія сталі новымі вядомымі тварамі тэлеканала. Цяпер гэта паўнацэнныя інфармацыйныя блокі з сучасным графічным і музычным афармленнем з нацыянальным каларытам. Падача інфармацыі стала максімальна аператыўнай, з’явілася магчымасць трансляцыі аўтарскага бачання галоўных падзей краіны і свету з 6.00 да 23.00 Такім чынам, у штодзённых навінавых матэрыялах прыкметна павышаецца патэнцыял у атрыманні шырокага грамадскага рэзанансу, трапляння ў топы праглядаў на розных пляцоўках, росту іх цытуемасці, у тым ліку ў міжнародных СМІ. Работа на гэтым не заканчваецца.

— Дзякуй, Аляксандр Аляксандравіч, за грунтоўную гутарку. «Звязда» жадае вам і вашаму калектыву поспехаў у рабоце і новых творчых вяршынь.

Гутарыў Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.