Вы тут

Кандрату Крапіве — 85: «Стварыць камісію...»


Жыццё і творчасць народнага пісьменніка Беларусі Кандрата КРАПІВЫ (1896 — 1991) — ужо сама гісторыя беларускай літаратуры. Не пералічваючы тых высокіх адзнак (а іх у Кандрата Кандратавіча Атраховіча было звышдастаткова!.: Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі СССР, званне акадэміка АН БССР і інш.), трэба адразу звярнуць увагу на масштаб зробленага пісьменнікам. 


У 1939 годзе Крапіва надрукаваў п’есу «Хто смяецца апошнім». У гэтым жа годзе спектакль па ёй паставіў Купалаўскі тэатр. Сюжэт пра шарлатанаў, падхалімаў, якія пракраліся ў навуковую ўстанову, настолькі аказаўся актуальным, настолькі прывабіў гледача, што спектакль пачаў сваю доўгую дарогу па розных тэатрах Беларусі, Савецкага Саюза. А Гарлахвацкімі (у Крапівы Гарлахвацкі — дырэктар інстытута геалогіі, прайдзісвет, які ніякіх адносін да навукі не мае) сталі называць псеўдавучоных і іншых прайдзісветаў і нягоднікаў... Ад п’есы да п’есы Кандрат Крапіва станавіўся майстрам, творы яго былі запатрабаваны тэатрам. Не забываўся пісьменнік і на жанр байкі, з якога пачынаў свой шлях у літаратуры... «Я ў мастацкім агародзе/ Толькі марная трава./ А якая? Смех ды годзе:/ Я — пякучка-крапіва./ Я расту вось тут пад плотам/ І не так даўно ўзышла./ А ўжо многім абармотам/ Рукі-ногі апякла./ Хто палез за агуркамі,/ Хай той носіць пухіры — / Мяне голымі рукамі/ Асцярожна, брат, бяры...» Многія байкі Кандрата Крапівы («Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк», «Еш, дурань, бо то з макам», «Дзед і Баба»...) сучасныя і па сённяшні дзень. Як і вось гэтыя, напрыклад, радкі: «Ва ўстановах часам ёсць/ Вось такія ж „бабы“:/ Здэцца, й робяць яны штось,/ Але справы — слабы./ Ды такая не ўцячэ!/ Скажам ёй нарэшце: — / Мо без вас было б лягчэй?/ Паспрабуйце злезці!»... 

На пачатку 1981 года набліжаўся 85-гадовы юбілей народнага пісьменніка БССР. І старшыня праўлення творчай арганізацыі літаратараў Максім Танк звяртаецца ў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі... Чытаем ліст кіраўніка СП БССР, арыгінал якога захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь: «...5 сакавіка 1981 года спаўняецца 85 год старэйшыне беларускай літаратуры, народнаму пісьменніку Беларусі, дэпутату Вярхоўнага Савета БССР, віцэ-прэзідэнту Акадэміі навук Беларускай ССР, лаўрэату Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Кандрату Крапіве (Кандрату Кандратавічу Атраховічу). 

З гэтай нагоды мяркуецца правесці ўрачысты вечар, на якім з віншаваннем юбіляра выступяць пісьменнікі, артысты, прадстаўнікі грамадскасці. 

На наш погляд, гэты вечар трэба правесці ў вялікай зале Дома літаратара. 

Просім прыняць рашэнне па гэтаму пытанню». 

Даволі кароткі і разам з тым канкрэтны зварот. Чаго ў ім болей — шырока адзначыць 85-годдзе ці не рабіць болей масштабнымі ўрачыстасці, абмежавацца вечарам ў Доме літаратара..? Маглі ж бы правесці юбілейны вечар і ў Купалаўскім тэатры. Ці ў Акадэміі навук БССР, віцэ-прэзідэнтам якой пісьменнік і мовазнаўца з’яўляўся з 1956 па снежань 1982 года..? Значыць, і на час святкавання свайго юбілею таксама... Хутчэй у ЦК сам характар такога па зместу зварота быў чаканы, магчыма, — папярэдне і ўдакладнены... 

І тым не меней — пра гэта можна меркаваць па дакладной запісцы, падрыхтаванай кіраўнікамі трох аддзелаў ЦК адразу (культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў), у ЦК пытанне разгледзелі самым сур’ёзным чынам. І вось да якой высновы прыйшлі... Цытуем дакладную запіску ад 19 лютага 1981 г. (нагадаем: юбілей «запланаваны» на 5 сакавіка): «...5 сакавіка 1981 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка рэспублікі, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, тройчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Кандрата Кангдратавіча Атраховіча (Кандрата Крапівы).

Саюз пісьменнікаў БССР увайшоў у ЦК КПБ з прапановай аб правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з гэтай датай. Аддзелы культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ вывучылі дадзенае пытанне і лічаць мэтазгодным:

1.Стварыць камісію па падрыхтоўцы і правядзенню 85-годдзя К. Крапівы (К. К. Атраховіча) у наступным складзе: Н. С. Гілевіч (старшыня), М. В. Бірыла, А. І. Ульяновіч, Г. М. Бураўкін, М. І. Дзялец, Т. Т. Дзмітрыева, А. Я. Макаёнак, М. Я. Матукоўскі, Р. І. Сярноў, А. А. Тоўсцік. 

2.Даручыць Саюзу пісьменнікаў БССР, Акадэміі навук БССР, Міністэрству культуры БССР правесці ўрачысты вечар, прысвечаны 85-годдзю К. Крапівы, 5 сакавіка 1981 г. у Доме літаратара. 

3.Міністэрству культуры БССР, Міністэрству вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, Міністэрству асветы БССР забяспечыць арганізацыю вечароў, кніжных выставак, прысвечаных 85-годдзю К. Крапівы, у культасветустановах, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, школах рэспублікі...» 

Усё ж адрасамі святкавання юбілея народнага пісьменніка, любімага ў народзе драматурга і байкапісца стала ўся краіна... Як, дарэчы, і яго родная Уздзеншчына... «...4. Уздзенскаму райкаму КПБ сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР правесці мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю К. Крапівы, на радзіме пісьменніка...» Як вядома, Кандрат Кандратавіч нарадзіўся ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў Нізку, Уздзенскім народным вучылішчы... І далей чытаем у запісцы: «5. БЕЛТА, рэдакцыям рэспубліканскіх газет, Дзяржаўнаму камітэту БССР па тэлебачанню і радыёвяшчаннюю забяспечыць асвятленне 85-годдзя з дня нараджэння К. Крапівы ў перыядычным друку, па тэлебачанню і радыё...» 

Здавалася б, нічога асаблівага за гэтай запіскай і зваротам кіраўніка пісьменніцкай арганізацыі і няма. За выключэннем аднаго — дакументы выразна паказваюць, што значыў для тагачаснага, пачатку 1980-х гг., грамадства юбілей аўтарытэтнага літаратара. 

Крыху пазней, ужо ў сакавіку, на запісцы з’яўляецца дапаўненне — напісаныя ад рукі некалькі слоў: «Усе мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю К. Крапівы, прайшлі згодна з дадзенай запіскай». 

Творы народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы працягваюць выдавацца і зараз. Імя сатырыка, драматурга, паэта носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе. У 1996 годзе была выпушчана паштовая марка да стагоддзя класіка. Наперадзе новыя юбілеі. Мо яны і стануць нагодай для добрых спраў дзеля ўшанавання памяці Кандрата Крапівы, аўтара сапраўды неўміручых твораў..?

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.