Вы тут

У Віцебскай абласной філармоніі адбыўся святочны канцэрт


Сёлета Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. І. Салярцінскага адзначае 105-гадовы юбілей, а Віцебшчына ўрачыста святкуе 85-годдзе са дня ўтварэння. З гэтай нагоды у абласной філармоніі адбыўся канцэрт аркестра беларускіх народных інструментаў ВДМК імя Салярцінскага пад кіраўніцтвам дырыжора Сяргея Цімашэнкі. 


На працягу 80 хвілін поўная зала то забывала, як дыхаць, назіраючы за віртуознай гульнёй цымбалістак, то збівала далоні у бясконцых апладысментах. Дарэчы ім, цымбалам, цэнтральнае месца ў канцэртнай праграме было адведзена нездарма: Беларусь — гэта адзіная краіна ў свеце, дзе гэты музычны інструмент з’яўляецца вядучым у складзе нацыяных аркестраў. А для паўночнага рэгіёна гэты струнны ўдарны — народная візітная картка, у некаторых рэгіёнах і дагэтуль захаваліся старажылы-аматары гульні на цымбалах. 

Віцебскі дзяржаўны музычны каледж — альма-матэр многіх беларускіх музыкаў, навучанне па класу «цымбалы» тут пачалося больш за 50 гадоў таму. Тады ў вытокаў аркестра беларускіх народных інструментаў установы стаяў заслужаны культурны дзеяч краіны Аркадзь Пальвінскі, а сёння калектывам кіруе выпускнік каледжа Сяргей Цімашэнка. Як расказала дырэктар каледжа Наталля Кошалева, святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-годдзя найстарэйшай музычнай навучальнай установы, пройдуць на працягу года ў фармаце творчых сустрэч, майстар-класаў і канцэртаў калектываў установы адукацыі. 

Аркестр беларускіх народных інструментаў нездарма з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных конкурсаў: так па-майстэрску валодаць цымбаламі, акардэонам, ударнымі, аб’ядноўваючы гэта ў адзіную музычную плынь, ад якой у слухачоў трымціць душа, — каштуе дорага. У выкананні музыкаў прагучалі кампазіцыі беларускіх аўтараў, творы П’яцолы, Расіні і іншых. Аркестр выступіў з удзелам салістаў — Кірыла Крывава (гітара), Кацярыны Мельнікавай (цымбалы), Аксаны Новікавай (сапрана). Малады віртуоз-баяніст Сяргей Яшчук запрасіў у рытме танга перанесціся ў «Зіму ў Буэнас-Айрэсе». Захопленыя жыхары і госці горада на Дзвіне доўга не адпускалі аркестр са сцэны, раз за разам купаючы музыкаў у новых хвалях апладысментаў, неслі кветкі.

Напярэдадні канцэрта свае пляцоўкі прадставілі абласная арганізацыя ГА «Белая Русь», Віцебскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў і абларганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, яны разам правялі асветніцкую акцыю і запрасілі ўсіх жадаючых на свае фотазоны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.