Вы тут

Беларускае Прымор'е, або Чым сустракае турыстаў Вілейшчына


Вілейшчыну называюць Прыморскім краем. Тут няма вялікай колькасці пасёлкаў, машын і ўсяго, што называюць урбанізаванай цывілізацыяй. Толькі шуміць вецер ды плешчуцца хвалі Вілейскага мора. Так з любоўю мясцовыя жыхары называюць Вілейскае вадасховішча. Праз раён цячэ прыгажуня Вілія, тут шмат малых рэк. Упрыгожваюць раён азёры, бясконцыя лясы. У гэтым непаўторным краі ёсць што паказаць і пра што расказаць турыстам.


Фота: planetabelarus.by

Чатыры аб'екты прыдарожнага сэрвісу, размешчаныя каля галоўных дарог, прапануюць вялізную колькасць паслуг. Тут можна прыпыніцца часова або пераначаваць, набыць тавары ў дарогу.

У раёне развіты аграэкатурызм. Адпачынак на прыродзе ўдалечыні ад клопатаў і мітусні даступны ў любы час, у тым ліку на выхадныя, у святы. Індывідуальны, сямейны адпачынак, карпаратыўныя мерапрыемствы — да паслуг любы фармат з максімальнымі выгодамі.

На беразе Вілейскага вадасховішча ў маляўнічых мясцінах знаходзяцца кемперныя стаянкі. На тэрыторыі кемпінгаў можна праводзіць карпаратывы. Для ўсіх гасцей кемпінга даступныя трансфер, кейтэрынг, уласная палявая кухня і адасобленыя домікі, дзе турысты могуць застацца на некалькі дзён.

У Вілейцы знаходзіцца краязнаўчы музей з выставачнай залай імя Нікадзіма Сілівановіча. Ва ўстанове амаль кожны месяц адкрываюцца новыя выставы, праходзяць творчыя сустрэчы і прэзентацыі. Музей запрашае да супрацоўніцтва мастакоў, калекцыянераў, народных умельцаў, творчыя калектывы, якім ёсць, што паказаць і расказаць. А таксама рэалізоўвае пазнавальна-адукацыйны праект «Ценявая батлейка», які знаёміць жыхароў горада і раёна з гісторыяй роднага краю.

У вёсцы Ізбіно месціцца Вілейскі раённы Дом рамёстваў. Тут дзейнічае некалькі майстэрняў, дзе працуюць народныя ўмельцы па выцінанцы, пляценні з саломкі, бісеру, роспісе па дрэве, кераміцы, вышыўцы і іншыя. Таксама тут ёсць музей велікодных яек. Галоўнымі экспанатамі з'яўляюцца размаляваныя велікодныя яйкі, колькасць якіх ужо дасягнула 300. Усе яны зроблены з самых розных матэрыялаў: дрэва, гліны. Пры Доме рамёстваў працуюць дзесяць гурткоў, у тым ліку адзіны ў Мінскай вобласці гурток пчалярства. Кожны год Дом рамёстваў праводзіць майстар-класы для ўсіх ахвотных. Можна і заказаць вырабы адтуль.

У Вілейскім раёне статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў нададзены 26 найбольш значным аб'ектам, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. З іх 7 — помнікі архітэктуры, 4 — помнікі гісторыі, 14 — археалогіі, 1 — помнік прыроды.

Далейшаму развіццю турыстычнага патэнцыялу раёна паспрыяе горадабудаўнічы праект «Генеральны план зоны адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка», распрацаваны на працягу 2020-2022 адоў па заказе галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Дакументам вызначана 41 пляцоўка, дзе выдзелена 48 участкаў для размяшчэння аб'ектаў турызму. Адначасова мяркуецца развіццё дадатковай інжынернай і транспартнай інфраструктуры. На 35 пляцоўках агульнай плошчай больш як 460 гектараў прапануецца новае будаўніцтва аб'ектаў турызму, шэсць пляцовак амаль у 60 гектараў будуць рэканструяваны. 35 пляцовак мяркуецца выкарыстоўваць круглы год, астатнія шэсць будуць адведзены для сезоннай турыстычнай дзейнасці. Генеральны план прадугледжвае санаторна-курортныя і аздараўленчыя, кемпінгавыя, гасцінічныя, сэрвісныя прыдарожныя комплексы, базы адпачынку, кемперныя стаянкі.


Алена Чабатар, старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў:

— Вілейшчына — прыгожы, жыватворны куток беларускай зямлі. Той, хто пабываў тут хоць бы аднойчы, назаўжды захавае ў сваім сэрцы яго непаўторнае хараство — чыстую прахалоду рэк і свежае паветра хваёвых лясоў, ні з чым не параўнальнае святло бярозавых гаёў і рамонкавых лугоў — усё тое, што складае непаўторны каларыт беларускай зямлі. Для знаёмства з гісторыяй краю створаны 11 турыстычных маршрутаў на любы густ і ўзрост. Сярод іх «Старадаўнія сядзібы Вілейшчыны», «Па памятных мясцінах Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне», «Зорны паход па месцах вайсковай славы», «7 цудаў Чурлёншчыны», «Вілейшчына літаратурная», «Ільянскія далягляды», «Блакітная стужка Вілейшчыны».

На мой погляд, ажыццяўленне праекта дазволіць яшчэ больш умацаваць турыстычную базу, прыцягнуць больш гасцей і стварыць новыя рабочыя месцы. А мы, дэпутаты, гатовыя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб усё запланаванае было выканана.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.