Вы тут

Палац Незалежнасці наведалі прадстаўнікі БФСТ «Дынама»


Экскурсія па рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі стала найлепшым падарункам для супрацоўнікаў і трэнераў таварыства, якое 18 красавіка адзначыць стагоддзе з дня заснавання. Знаёмства з ключавой пляцоўкай краіны, дзе прымаюцца найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні, з атмасферай і абстаноўкай многіх зал, створаных таленавітымі беларускімі спецыялістамі і майстрамі, стала адной з найбольш запамінальных падзей для амаль сотні выкладчыкаў і супрацоўнікаў дзіцячых юнацка-спартыўных школ з усіх рэгіёнаў Беларусі.


Як падзяліўся старшыня цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» Ігар Абярэмка, яны свядома хацелі сабраць усіх сваіх прадстаўнікоў напярэдадні такога сур'ёзнага свята як стагоддзе стварэння рэспубліканскага таварыства «Дынама». «Хацелася паказаць, дзе прымаюцца ключавыя рашэнні ў нашай краіне, звязаныя з развіццём нашага грамадства і дзяржавы, — заўважыў Ігар Абярэмка. — Не сакрэт, што кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу спорту. Невыпадкова спорт у нашай краіне дынамічна развіваецца, ён жыве. Маючы такую падтрымку, мы прынясём нямала вялікіх спартыўных вынікаў у будучыні».

Старшыня цэнтральнага савета БФСТ «Дынама» застаўся пад уражаннем ад наведвання Палаца Незалежнасці. «Гэта набытак усяго нашага грамадства, беларускага народа, — перакананы ён. — Палац сведчыць аб тым, якія мы, беларусы, працавітыя, як мы цэнім тое, што ёсць у нашай краіне, і як мы гэта ўсё захоўваем. Мае супрацоўнікі яшчэ раз пераканалаіся ў тым, што нам ёсць за што стаяць, ёсць за што змагацца, на чым выхоўваць наша будучае пакаленне і нашых спартсменаў. У нас вельмі шмат таленавітых хлопцаў і дзяўчат, думаю, яны яшчэ праявяць сябе на сусветных арэнах».

Сапраўды, пабываць у Палацы Незалежнасці — вельмі ганарова. Сам факт таго, што тут працуе кіраўнік дзяржавы, дадае пэўную ўрачыстасць і знакавасць гэтаму моманту. Дарэчы, менавіта па рашэнні Прэзідэнта дзверы шыкоўнага будынка, які з'яўляецца адным з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, адчыненыя не толькі для афіцыйных дэлегацый і высокіх гасцей, а і для простых грамадзян, якія кожны на сваім месцы дбае пра сённяшні і заўтрашні дзень роднай Беларусі. Усё ў Палацы Незалежнасці — пачынаючы ад ідэі, заканчваючы аздабленнем інтэр'ераў і прадметаў мэблі — створана нашымі суайчыннікамі (а гэта таксама было адным з патрабаванняў Аляксандра Лукашэнкі).

— Я ўпершыню ў Палацы Незалежнасці, таму эмоцыі, якія адчуваю, — неперадавальныя, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры «Дынама» Яўген Дудко. — Гэта знакавае, культавае месца, дзе прымаюцца важныя рашэнні не толькі для дзяржавы, а і ўсяго свету. Мы ведаем, што менавіта тут кіраўнік дзяржавы змог усіх аб'яднаць, каб былі прыняты правільныя рашэнні (у лютым 2015 года ў Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча «нармандскай чацвёркі», якая паўплывала на ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу. — «Зв.»).

Па словах вядучага спецыяліста вучэбна-спартыўнага аддзела «Дынама» Юліі Ласоўскай, магчымасць наведаць рэзідэнцыю Прэзідэнта Беларусі з'яўляецца падарункам для супрацоўнікаў таварыства. «Палац Незалежнасці — гэта твор мастацтва, — лічыць яна. — Кожная зала, кожны куточак гэтага будынка напоўненыя ўтульнасцю, адметнай атмасферай. Такое адчуванне, што ходзіш па музеі. Пабываць у гэтым выдатным месцы — як святочная падзея. Мне здаецца, вельмі важна наведваць такія месцы нашай моладзі: тут — гісторыя нашай суверэннай дзяржавы».

Дырэктар Мінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 4 Ганна Бякетава падзялілася, што яе ў Палацы Незалежнасці ўразіла літаральна ўсё. «Адчуваеш гонар, неверагодную асалоду, эстэтычнае задавальненне ад таго, што краіна мае такі шыкоўны Палац, — сказала ўдзельніца экскурсіі. — Адна справа, калі ты бачыш тое па тэлебачанні, іншая — калі на свае вочы можаш паглядзець, дзе адбываліся важныя гістарычныя падзеі. Аб гэтым я абавязкова раскажу сваім выхаванцам. Скажу ім і аб тым, наколькі ганарова прысутнічаць у Палацы Незалежнасці, у тым ліку ў зале ўручэння дзяржаўных узнагарод. Атрымаць высокую ўзнагароду з рук кіраўніка дзяржавы — найвялікшае шчасце. Дзеля гэтага, як я заўсёды кажу сваім дзецям, патрэбна вельмі шмат працаваць. Наколькі яны будуць любіць сваю справу, наколькі будуць імкнуцца да вышэйшых мэт, настолькі ганарова будзе прымаць краіна ўсе іх дасягненні».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.