Вы тут

Сяўба ў «Вазнясенску», або Калі не заробіш у майцы, то не заробіш і ў фуфайцы


На Гомельшчыне вялікая паводка і зацяжныя дажджы ўнеслі карэктывы ў тэмпы пасяўных стартаў. Аграрыі некаторых гаспадарак вымушаныя былі распачаць сяўбу на часткова падтопленых палях і чакаць, калі вада цалкам сыдзе. Цяпер жа дадатковы выклік для аграрыяў рэгіёна — налажэнне шэрага сельгасзадач: завяршэнне сяўбы ранніх яравых культур і працяг пасяўной кукурузы. Першае паўднёва-ўсходні рэгіён плануе завяршыць да 1 мая. Сяўба ж кукурузы ў вобласці павінна быць завершана да 20 мая. Сёння аграрыі Гомельшчыны выкарыстоўваюць увесь светлавы дзень, задзейнічаць максімальна эфектыўна кожны пасяўны ўчастак. За сяўбой царыцы палёў, карэспандэнт «Звязды» паназірала ў гаспадарцы Чачэрскага раёна.


Механізатар ААТ «Вазнясенск» Чачэрскага раёна Дзмітрый Куцапалаў  і галоўны аграном гаспадаркі Генадзь Кудравец загружаюць насенне кукурузы ў сеялку.

Стаўка на кукурузу і тэхналогіі

Зерне кукурузы — для асфальтавага рамантыка, падобнае на дражэ манпансье, — засыпаюць у секцыі новенькай кукурузнай сеялкі. Яно апрацаванае і патрабуе захавання правілаў абыходжання з ім. Нюансы работы тлумачаць супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства «Вазнясенск». Менавіта гэтая гаспадарка Чачэрскага раёна летась правяла ўражальны эксперымент па вырошчванні сланечніку. Сёлета сярод адкрыццяў мясцовых аграрыяў і іншыя культуры. Але пакуль што значная ўвага аддаецца кукурузе. Ва ўрочышчы Новыя Малынічы якраз рыхтуюцца сеяць яе на зерне: працуюць з сеялкай дакладнага высеву. Машына — новая для гаспадаркі. Яна дае магчымасць са стапрацэнтнай дакладнасцю вытрымаць неабходную адлегласць паміж будучымі парасткамі.

Поўнай загрузкі сеялкі хопіць, каб прайсці каля чатырох гектараў. За працоўную змену механізатар можа засеяць кукурузай каля сарака гектараў. Але каб не траціць бясцэнны час, у загрузцы насення абавязкова дапамагае яшчэ адзін работнік.

— У нас у вёсцы ёсць прыказка: калі не заробіш у майцы, то не заробіш і ў фуфайцы, — на пытанне «Наколькі цяпер напружаны тэмп работы?» адказвае механізатар ААТ «Вазнясенск» Дзмітрый Куцапалаў. — Змена цяпер — з сямі раніцы і да сямі вечара. Перад выхадам — абавязковае тэхнічнае абслугоўванне трактара і сеялкі. Наогул яшчэ і загадзя, да пачатку сяўбы падрыхтавалі машыны і агрэгаты, перабралі ўсе падшыпнікі, «зорачкі».

Перад выхадам сеялкі праводзяць перадпасяўную апрацоўку глебы. На вачах абуджаецца рытм і рух вясковага жыцця.

— Спачатку праходзіць трактар, які ўносіць азот, пасля культыватар «закрывае» ўгнаенне ў глебе, ужо пасля я магу сеяць, — тлумачыць Дзмітрый Куцапалаў.

За рулём трактара на пасяўной ён толькі другі сезон. Да гэтага ў роднай гаспадарцы шмат гадоў працаваў слесарам па рамонце тэхнікі.

— Безумоўна, такі досвед — вялікі плюс для механізатара. Калі працуеш у полі і нешта ламаецца, вельмі хутка арыентуешся, які рамонт патрэбен, што можна зрабіць аператыўна ў полі, а што не, — дадае Дзмітрый.

Высвятляецца, што ў кабіне трактара ён — колькі сябе помніць.

— Яшчэ да педаляў не даставаў, калі бацька браў мяне з сабой у кабіну, даваў патрымацца за руль, — прызнаецца малады механізатар.

Бацька Дзмітрыя — Пётр Куцапалаў — усё жыццё адпрацаваў у родным «Вазнясенску» трактарыстам. Сёння ўжо яго ўнук-старшакласнік, сын Дзмітрыя, на лета ўладкоўваецца на зерняток у гаспадарцы.

— Усе ўмовы ёсць, толькі працуй. Мне вельмі спадабалася працаваць механізатарам. Падчас уборачнай пераходжу на прэс, — дадае суразмоўнік.

Сельгаснавінкі і «бялковы» інтарэс

Царыца палёў — кукуруза — у гаспадарцы сёлета будзе пасеяна на адной тысячы гектараў: 300 гектараў — на зерне, астатняя плошча — на зялёную масу. Па лічбах уводзяць у курс справы дырэктар ААТ «Вазнясенск» Арцём Ярмак і галоўны аграном гаспадаркі Генадзь Кудравец.

— Да гаспадаркі далучылі свінакомплекс, таму каб забяспечыць прадпрыемства неабходным зернем кукурузы, плошчы пад яе павялічылі на 200 гектараў, — тлумачыць Арцём Ярмак. — Надвор'е спрыяе, у нас палі не пераўвільготненыя, таму мы ў тэрмін скончылі сяўбу ранніх яравых збожжавых. У нас пад іх адведзена 300 гектараў.

Чакаюць добрага ўраджаю і ад новай для гаспадаркі культуры — соі. Летась упершыню сеялі сланечнік, які вельмі добрае сябе паказаў на тутэйшых землях.

— Сёння мы імкнёмся максімальна забяспечыць сябе бялковай сыравінай — рапсам, сланечнікам, сояй. Летась ураджай сланечніку перапрацавалі на Гомельскім тлушчавым камбінаце. Алей рэалізавалі на вельмі выгадных для нас умовах, таму што на сёння на біржы цэны на яго ўжо значна ніжэйшыя. Макуху пакінулі для ўласнай жывёлагадоўлі, для забеспячэння гаспадаркі бялковай сыравінай, як і было запланавана. Цяпер ужо можам ацаніць, што будзе нядрэнны ўраджай новай для нас культуры — соі:
250 гектараў сеялі пад зіму, 28 гектараў, якія не перазімавалі, перасяваем сланечнікам і яшчэ дадаём 50 гектараў соі, — падзяліўся кіраўнік гаспадаркі.

На карысць будучага ўраджаю

Вопыт правядзення пасяўной кампаніі на прыкладзе работы аграрыяў ААТ «Вазнясенск» ацанілі ўдзельнікі абласнога выязнога семінара, які прайшоў на базе Чачэрскага раёна. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў рэгіёна прааналізавалі вынікі работы жывёлагадоўлі за першы квартал бягучага года.

На неабходнасць строга захоўваць тэхналогіі і максімальна выкарыстоўваць кожны пасяўны ўчастак падчас мерапрыемства звярнуў увагу першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі.

— Летась, пасля ўборкі каласавых культур, гаспадаркі рэгіёна пры падтрымцы навукоўцаў інстытута земляробства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі перагледзелі нашу структуру пасяўных плошчаў з улікам памяншэння аб'ёмаў пасеваў кукурузы. На 40 тысяч гектараў мы сёлета зменшылі пасевы кукурузы на сілас, пры гэтым павялічваем сяўбу траў для атрымання бялковых кармоў і павялічваем сяўбу кукурузы на зерне. Калі летась убіралі 25 тысяч гектараў кукурузы на зерне, то сёлета запланавалі пасеяць 75 тысяч гектараў, — звярнуў увагу Дзмітрый Петражыцкі.

Сяўбу кукурузы гаспадаркі рэгіёна павінны завяршыць да 20 мая. Між тым аграрыі Брагінскага і Мазырскага раёнаў Гомельшчыны завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых. Блізкія да завяршэння кампаніі — Гомельскі, Акцябрскі, Хойніцкі раёны, дзе засеяна больш за 98 працэнтаў ад запланаваных плошчаў. Акрамя таго, ва ўсіх раёнах вобласці пачалася сяўба кукурузы. Пасеяна звыш 20 тысяч гектараў гэтай культуры. Сярэднеабласны паказчык па сяўбе кукурузы перасягаюць Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Чачэрскі раёны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.