Вы тут

Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі


Па традыцыі Прэзідэнт усклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам былі яго трое сыноў. Для Прэзідэнта гэта штогадовая традыцыя — асабіста прымаць удзел у цырымоніі ўскладання.


Фота: БелТА.

Да помніка таксама леглі вянкі і кветкі ад кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу, судовага корпуса, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, дыпламатычнага корпуса, ветэранаў і духавенства.

А перад гэтым кіраўнік дзяржавы на Краснай плошчы ў Маскве прысутнічаў на парадзе ў гонар 78-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Разам з іншымі лідарамі краін СНД і ветэранамі, якія прыбылі ў Маскву, Аляксандр Лукашэнка назіраў за парадам з трыбуны. Пасля завяршэння парада лідары краін разам усклалі вянок і кветкі да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе ля сцен Крамля.

У час урачыстай цырымоніі на плошчы Перамогі па даручэнні кіраўніка дзяржавы, Вярхоўнага Галоўнакамандуючага міністр абароны Віктар Хрэнін выказаў пазіцыю людзей у пагонах аб значэнні Вялікай Перамогі і ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі.

«Сёння дзень Вялікай Перамогі вялікага савецкага народа. Кожны год мы прыходзім на гэтае святое месца — да велічнага манумента, увянчанага ордэнам Перамогі. Гэты сімвал гістарычнай памяці ўзвышаецца над горадам-героем Мінскам, нагадваючы аб подзвігу, падобнаму якому не ведае гісторыя чалавецтва. які сёння аб’ядноўвае мільёны людзей Еўропы і Азіі — усіх, хто захаваў у сабе ген доблесці і мужнасці продкаў», — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў, што беларусы ганарацца кожным сваім воінам — ад простага салдата да генерала, якія разам з брацкімі народамі вытрымалі ўдар гітлераўскай Германіі, разбілі войска, мабілізаванае з усёй Заходняй Еўропы і ўзброенае да зубоў на грошы сусветных магнатаў.

«Мы ганарымся нашымі партызанамі, падпольшчыкамі і разведчыкамі, якія набліжалі пераможны май у тыле ворага, не баючыся шыбеніц і катаванняў, не шкадуючы свайго жыцця. Мы ганарымся маці, якія праводзілі мужоў і сыноў на фронт, пад страхам смерці выпякалі хлеб для партызан, яўрэяў і параненых байцоў Чырвонай арміі, а малых закрывалі сваімі целамі ад куль і бомбаў. Наша сэрца да гэтага часу гарыць агнём Хатыні і сотняў беларускіх вёсак, спаленых разам з бездапаможнымі старымі, жанчынамі і дзецьмі.Мы схіляем галовы перад памяццю нашых братоў са ўсіх куткоў Савецкага Саюза, якія вызвалілі Беларусь і назаўжды засталіся ляжаць у нашай зямлі», — заявіў Віктар Хрэнін.

Міністр зазначыў, што сёння людзі ішлі да гэтага манумента ўвесь дзень. Па клічы сэрца. Ішлі сем’ямі, з дзецьмі, унукамі. «Плошча Перамогі традыцыйна патанае ў кветках. Гэта самае малое, што мы можам зрабіць сёння, аддаючы доўг героям, якія выратавалі родны народ, спынілі генацыд і ачысцілі Еўропу ад фашысцкага рэжыму, які пакінуў самы крывавы след у гісторыі. Аддаючы даніну памяці нявінным ахвярам неймаверных па жорсткасці злачынстваў ХХ стагоддзя. І пакуль гарыць Вечны агонь — мы будзем памятаць. Мы будзем берагчы праўду аб той вайне», — падкрэсліў Віктар Хрэнін.

«Мы будзем з удзячнасцю ўспамінаць франтавікоў, параненых і змучаных, якія вярнуліся і ў рэкордныя тэрміны аднавілі апаленыя агнём гарады і вёскі. Мы будзем заўсёды прытрымлівацца гэтага прыкладу сапраўднага імкнення да міру і стваральнай працы. У гэтым — наша сіла і сэнс гістарычнага шляху беларусаў, якія ўмеюць перамагаць, ствараць і абараняць мір на роднай зямлі», — заявіў міністр.

Міністр звярнуў увагу, што сёння развязана глабальнае ваеннае супрацьстаянне паміж заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацыямі. «Схватка разгорнута па ўсіх франтах, ідзе маштабная проксі-вайна, дзе Захад рукамі ўкраінцаў ваюе за свае інтарэсы, за магчымасць і далей усталёўваць у свеце свой парадак. Украіну напампоўваюць зброяй. Суседнія з намі дзяржавы адкрыта гандлююць русафобіяй і гатовы кінуць народ у мясасечку вайны у другім эшалоне. Мы бачым, як набірае абароты мілітарызацыя Польшчы і Балтыі», — канстатаваў Віктар Хрэнін.

Паводле яго слоў, літаральна на днях стартавалі буйныя шматнацыянальныя вучэнні «Абаронца Еўропы», беспрэцэдэнтныя па колькасці ўдзельнікаў. «Мэты відавочныя. Падобнымі дзеяннямі асобныя заходнія палітыкі толькі штурхаюць планету ў бездань, спрабуюць раздуць на тэрыторыі Еўропы пажар трэцяй сусветнай вайны. Наша армія гатова даць адпор любому, хто паспрабуе парушыць свяшчэнныя рубяжы беларускай дзяржавы. Мы зробім усё, каб ніхто не смеў указваць беларусам, як нам жыць на сваёй зямлі», — падкрэсліў міністр абароны.-

«З Днём Перамогі! Міру нам, шчасця і дабра, чыстага неба над роднай Беларуссю», — пажадаў міністр.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.