Вы тут

Як змагаюцца з папуляцыяй баршчэўніку ў Вілейскім раёне


У Беларусі, як нідзе ў краінах постсавецкай прасторы, усімі даступнымі метадамі змагаюцца з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэтая культура аблюбавала берагі вадаёмаў, пусткі, участкі палёў, якія не апрацоўваюцца, абочыны дарог. Не баіцца ні замаразкаў, ні спякоты, можа дасягаць да 4 метраў у вышыню. Барацьба з ім не з лёгкіх. Адна расліна дае дзясяткі тысяч каліў насення, якое гадамі можа захоўвацца ў зямлі. Пры спрыяльных умовах 99 працэнтаў яго ўзыходзіць, выціскае лугавыя травы, кветкі. Баршчэўнік завезлі ў Беларусь з Каўказа ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, ён павінен быў стаць танным і спажыўным кормам для сельскагаспадарчых жывёл. А ў выніку ператварыўся ў агрэсара, стаў хутка распаўсюджвацца, разбураць экасістэмы і наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.


Фота: pexels.com

Сутыкнулася з гэтай праблемай і Мінская вобласць. Найбольшыя папуляцыі ў Лагойскім, Мінскім раёнах.

— Мабыць, у Вілейскім раёне баршчэўніку Сасноўскага не так і шмат? — пацікавілася ў старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Чабатар.

— Я б так не сказала, гэтай інвазійнай культуры ў нас дастаткова. Яна расце на плошчы 147 гектараў. Кожны год у нас распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца мерапрыемствы, скіраваныя на барацьбу з гэтым «агрэсарам». На 2023 год выдзелена з бюджэту 114,3 тысячы рублёў для правядзення работ па хімічнай апрацоўцы месцаў, дзе сканцэнтраваны «чужаземец». Самы вялікі ўчастак баршчэўніку Сасноўскага — на тэрыторыі Хаценчыцкага сельсавета, які мяжуе з Лагойскім раёнам. Тут неабходна апрацаваць каля 60 гектараў сельскагаспадарчых земляў, якія захапіў «іншаземец». Баршчэўнік расце і ў саміх населеных пунктах, але яго няшмат — па 5-6 гектараў, — распавяла старшыня райсавета.

Па словах Алены Аляксандраўны, летась і сёлета добра спрацавала гаспадарка, што знаходзіцца на тэрыторыі Хаценчыцкага сельсавета: своечасова заарана плошча, дзе буяў баршчэўнік, і засеяна сельгаскультурамі. У гэтым жа сельсавеце шмат баршчэўніку было летась вакол возера ў вёсцы Сакалоўка. Там старанна папрацавалі ўсе службы. У выніку сёлета засталіся адзінкавыя расліны. Яшчэ нядаўна баршчэўнік падступаў упрытык да райцэнтра. Але там яго практычна не засталося, таму што вядзецца забудова індывідуальнымі дамамі. У працэсе будаўнічых работ гэтая шкодная расліна была знішчана, ды і самі людзі змагаюцца з «агрэсарам» усімі магчымымі сродкамі. Але ёсць цяжка даступныя забалочаныя ўчасткі каля рэк, азёр, меліярацыйных каналаў. Тэхніка, каб заараць папуляцыю, не пройдзе. Таму меліяратары абкошваюць берагі, апрацоўваюць хімікатамі.

Барацьбу з «чужаземцам» у Вілейскім раёне вядуць талакой. Прыродаахоўнікі збіраюць інфармацыю па кожным сельсавеце, землеўпарадкавальнікі абазначаюць, дзе менавіта знаходзяцца месцы вырастання баршчэўніку. Гэтыя службы працуюць у цесным кантакце з сельскімі Саветамі, якія аказваюць непасрэднае садзейнічанне прадстаўнікам хімабароны, кантралююць працэс на сваіх тэрыторыях. Акрамя таго, арганізоўваюць людзей на суботнікі па выкопванні, абкошваннні гэтай расліны. Комплекс работ па барацьбе з «захопнікам» пачынаецца ў красавіку і працягваюцца практычна да позняй восені. Максімальны эфект зніжэння папуляцыі баршчэўніку і яго знішчэнне дасягаецца хімічнымі метадамі ў спалучэнні з агратэхнічнымі спосабамі ў самым пачатку яго росту, вясной. Асноўныя з іх — скошванне, як уручную, так і з выкарыстаннем спецтэхнікі. Таксама часткова знішчаюцца карані, праводзіцца глыбокае заворванне ў месцах знішчэння папуляцыі, зараснікі апрацоўваюцца прэпаратамі, якія ўтрымліваюць гліфасат. Значную ролю пры апрацоўцы адыгрывае надвор'е. Яно павінна быць сухім і сонечным. Калі выканаць работы, а на наступны дзень пойдзе дождж, то ён змые «хімію», і баршчэўнік зноў пойдзе ў рост.

— Займаюцца хімапрацоўкай спецыялізаваныя арганізацыі, якія выйгралі тэндар. У мінулым годзе працавала фірма з Мядзельскага раёна, перад гэтым — прыватная фірма. Сёлета пераможцам таргоў стала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Прафхімабарона», якая прапанавала прымальныя ўмовы, — расказвае Алена Чабатар.

Спецыялісты забяспечаны неабходнай экіпіроўкай — ахоўнымі касцюмамі, заплечнікамі з хімпрэпаратамі, навучаны абыходжанню з небяспечнымі рэчывамі, правілам захавання тэхнікі бяспекі.

Яшчэ адна праблема — сумнік канадскі, — працягвае Алена Аляксандраўна. — Ён любіць сяліцца на пустках, сельскагаспадарчых землях, што выведзены з севазвароту. Найбольшыя яго плошчы ў Хаценчыцкім сельсавеце. Гэты «зламыснік» у асноўным выкошваецца, акрамя таго, прадугледжана і хімапрацоўка. Работы вядуцца з ліпеня да верасня.

Гэтая расліна, што цвіце яркімі залаціста-жоўтымі кветкамі, якія нагадваюць каласы збажыны, бясспрэчна, прыгожая. І часта людзі высаджваюць яе каля дома або на могілках. Таму жыхарам неабходна тлумачыць, што гэта чужародная для нашых месцаў расліна, якая выцясняе абарыгенныя віды, наносіць шкоду экасістэме, падкрэсліла напрыканцы размовы старшыня райсавета.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.