Вы тут

Глеб Лапіцкі: Мы павінны выхоўваць культуру, але рабіць гэта так, як хоча глядач


Генеральны дырэктар ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» — аб сям'і, шляху да поспеху і нацыянальным брэндзе Беларусі.


— Глеб Аляксандравіч, як атрымалася, што такая творчая асоба, як вы, першапачаткова абрала шлях ветэрынарыі? У вас за плячыма Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.

— Многія думаюць, што, выбіраючы прафесію ветурача, чалавек адштурхоўваецца ад любові да жывёл. А я, калі прымяраў на сябе будучыя прафесіі, зыходзіў з паняцця быць карысным людзям. Мая бабуля працавала загадчыцай фермы, і, калі я быў хлапчуком, заўсёды знаходзіўся з ёй у гэтай «сельскагаспадарчай тусоўцы», бачыў, як яна гарэла сваёй працай. Яна заўсёды была патрэбнай, магла дапамагчы і жывёлам, і людзям. А ветэрынарныя ўрачы, як і ў любой гаспадарцы, карысталіся вялізным аўтарытэтам.

Я вырашыў звязаць сваё жыццё з ветэрынарыяй мэтанакіравана. Калі прыйшоў у акадэмію, у мяне спыталі аб выбары спецыялізацыі. Аказалася, што ветурач — паняцце шырокае: там і хваробы свіней, і хваробы пчол. Я абраў акушэрства. З другога курса аперыраваў дробных жывёл, прычым аперацыі былі як стандартныя, так і дастаткова складаныя, якія доўжыліся па шэсць-сем гадзін. Усё гэта прыносіла мне задавальненне і захоплівала, таму што, нягледзячы на адказнасць і складанасць, гэта ўсё роўна творчасць. Ніколі не ведаеш, як павернецца сітуацыя на аперацыйным стале, у гэтым і было адрозненне кожнага новага дня ад папярэдняга. Я напісаў магістарскую і кандыдацкую працы, скончыў аспірантуру, але думаю, што далей у навуковай дзейнасці развівацца б не стаў: гэта вялікая папяровая работа, якая мне, як чалавеку творчаму, крыху перашкаджае і на пасадзе дырэктара Цэнтра культуры. Хоць я разумею, што стратэгічнае планаванне — неад'емная частка паспяховага функцыянавання любой установы.

— Вы скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура», Акадэмію кіравання, але музычнай адукацыі ў вас няма?

— Калі б я працаваў у оперным тэатры ці быў класічным выканаўцам, то без нотнай граматы нікуды. Хоць у сусветнай культуры ёсць нямала добрых прыкладаў. Я лічу, што там, дзе ёсць эталоннае мастацтва, павінны працаваць людзі з профільнай адукацыяй, а масавае мастацтва патрабуе разумення псіхалогіі і прызначэння — з якой мэтай і для каго ствараецца прадукт. Я шмат працаваў з аркестрамі, і мне ніколі не было сорамна, калі дырыжор казаў: «Пачынаем з трэцяй лічбы», а я прашу сказаць радок, бо не разбіраюся ў нотах.

— Вашы крокі ў творчасць пачыналіся з заняткаў у гуртках мастацкай самадзейнасці?

— І працягваюцца да гэтага часу. Уся наша сфера дзейнасці — гэта мастацкая самадзейнасць, мы не прафесійныя калектывы і выканаўцы. Іншая справа, што ўзровень некаторых нашых артыстаў вельмі высокі. Я магу смела сказаць, што ў нашым Цэнтры культуры асобныя калектывы складаюць вялікую канкурэнцыю прафесійным аб'яднанням.

Я пачынаў захапляцца творчасцю ў гарадскім клубе па інтарэсах «Белая ладдзя» — там і дзеці, і дарослыя займаліся ў гуртках спевамі, танцамі, рукадзеллем. Першапачаткова мяне захапілі вырабы са скуры: хацелася зрабіць сваімі рукамі кашалёк для мамы, потым вокладку на блакнот. А паралельна Галіна Георгіеўна Калініна займалася вакалам з людзьмі дарослага ўзросту. Пасля аднаго са справаздачных канцэртаў клуба па інтарэсах, на якім я спяваў нешта з рэпертуару «Руки вверх», яна сказала, што ўва мне ёсць творчыя задаткі. Паволі мы пачалі займацца, удзельнічаць у святочных канцэртах мікрараёнаў горада, і толькі пасля гэтага ў маёй школе даведаліся, што я ўмею спяваць. Потым пайшлі раённыя, абласныя конкурсы. Гэты юнацкі шлях быў яркі і насычаны.

— Праўда, што вы праходзілі адбор на конкурс выканаўцаў у рамках «Славянскага базару», але беспаспяхова?

— Так, аж два разы. Я даходзіў да мінскага фіналу, але на фестываль так і не трапіў. Гэта не было вялікай марай, але было важнай прыступкай на шляху развіцця. Цяпер, як і тады, я лічу, што кожны беларускі выканаўца павінен імкнуцца выступіць на «Славянскім базары» як на самай буйной пляцоўцы мастацтваў у нашай краіне. Калі я праходзіў кастынг ва ўзросце 20 гадоў, больш імкнуўся не проста праспяваць і паказаць свой дыяпазон — для мяне было важным права прадстаўляць цэлую краіну.

— Пасля няўдалых спроб не было думкі «Я яшчэ вам пакажу!»?

— Не. Я ў прынцыпе не люблю конкурсы, калі людзі пасля аб'яўлення месцаў пачынаюць крыўдзіцца, хвалявацца, нешта шукаць у сабе. Некаторыя атрымліваюць з няўдач урокі, такі жыццёвы ўрок пасля другога адбору засвоіў і я, зразумеўшы, што існуе мноства іншых конкурсаў. Я ніколі не хваляваўся, калі не атрымліваў запаветны дыплом, а калі атрымліваў першае месца і аб'ектыўна разумеў, што некаторыя ўдзельнікі былі лепшыя за мяне, адчуваў сябе ніякавата. У мяне ўвогуле абвостранае пачуццё справядлівасці.

Вось і цяпер, пачынаючы ад раённых этапаў адбораў, я разумею, што журы не можа аб'ектыўна выбраць удзельнікаў, бо творчасць па сваёй сутнасці — справа суб'ектыўная. Сёння выканаўца — «зорка», а праз паўгода здаецца, што ў ім і няма той асаблівай разыначкі. Або чалавек сёння прыходзіць на кастынг з адным настроем, якім зараджае ўсіх навокал, а заўтра гэта безэмацыянальны спявак.

— Сярод вашых шматлікіх вакальных узнагарод ёсць тыя, якія праз шмат гадоў застаюцца самымі каштоўнымі?

— Каштоўнасць узнагарод для мяне заключаецца не ў іх наяўнасці, а ў гісторыях, якія стаяць за імі. Прэмія Уладзіміра Мулявіна, якую я атрымаў на Х фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2009»... Гэта быў адзіны год, калі Гран-пры і прэмія Мулявіна прысуджаліся розным людзям, мне было вельмі прыемна. Я выступаў на конкурсе Анны Герман, і, пасля таго як журы вырашыла не прысуджаць мне месца, дачка Алены Абразцовай прысудзіла мне сваю імянную прэмію. Гэта было важней за першае месца, бо я разумеў, з якіх рук яе атрымаў. Мой першы міжнародны конкурс — фестываль патрыятычнай песні «Вікторыя» — праходзіў у Калінінградзе. Усё было першы раз: замежжа, першы пералёт на самалёце, затрымка рэйса, адразу выступленне на сцэне. Я не ведаў, што ад пералёту можа закладваць вушы і як з гэтым змагацца, трэба было спяваць па адчуваннях. І калі ва ўсёй гэтай эйфарыі табе прысуджаюць першае месца — гэта неапісальныя адчуванні. Вялікую падтрымку тады мне аказвала кіраўніцтва акадэміі ветэрынарнай медыцыны: гэта была не толькі фінансавая дапамога, але і маральная. Наш прафсаюзны актыў заўсёды вялікай групай падтрымкі суправаджаў мяне на конкурсах у розных гарадах. Гэта ў той перыяд давала сілы, усведамленне таго, што творчасцю жыве вялікая група неабыякавых людзей.

Было вельмі шмат і «пралётаў». Я сапраўды разумеў, што на некаторых конкурсах недаціснуў, але я і не конкурсны чалавек. Мусіць, і мегавакальнымі данымі не валодаю. Некаторыя ўспрымаюць гэтыя творчыя спаборніцтвы як спорт: яны прыязджаюць на конкурс з чатырма, пяццю актавамі. А ў мяне... Можа, дзве, а калі «станчэю» — увогуле тры, пяць (усміхаецца). Я народны артыст, і выступаць перад камісіяй з пяці чалавек у пустой зале — цяжкае выпрабаванне. Выканаўца заўсёды аддае больш энергіі, калі атрымлівае яе ад глядзельнай залы.

— Атрымалася паездзіць з гастролямі па нашай краіне і замежжы?

— Не магу назваць гэта паўнавартаснымі гастролямі, таму што я не прафесійны выканаўца, і досведу гастрольных тураў у шырокім разуменні ў мяне няма. Затое ёсць нешта, што лічу найбольш каштоўным. Калі я працаваў салістам у абласной філармоніі, праграма «Нацыянальная культура» дазволіла мне праехаць па ўсіх самых маленькіх населеных пунктах Віцебскай вобласці. Часам у вёсках артыстаў на сцэне было больш, чым жыхароў, але, тым не менш, гэта былі найлепшыя канцэрты. У такія моманты адчувалася ўся шырыня і адкрытасць беларускай душы, калі на сцэне да канца творчага вечара стаялі рады са слоікамі з саленнямі, а кожны з гледачоў запрашаў у госці. Тады я адчуваў усю ўнікальнасць і душэўнасць мастацкай самадзейнасці. Заўсёды лічыў і лічу, што лепш быць «зоркай» у маленькім раёне, чым — нікім у вялікім горадзе. Гэта не эгаізм, проста любому чалавеку патрэбна эмацыянальная аддача ў любой сферы дзейнасці.

Унікальнасць самадзейнай творчасці ў тым, што гэта ў літаральным сэнсе душа народа. Не прафесія, не руцінная праца, бо не трэба выступаць у любым стане здароўя і настроі, чаканіць завучаныя тэксты і рухі. Хочаш — дары творчасць, не хочаш — не выступай. Мусіць, таму, калі выступае наш заслужаны аматарскі калектыў «Лявоніха», яны так заводзяць сябе і гледачоў, што немагчыма выстаяць.

— У вас была мара — рэалізавацца як сольны выканаўца, па-народнаму — «стаць «зоркай»?

— Не было, я б і не стаў. Гэта вельмі вялікі і складаны шлях, і, мусіць, таму, што я знаёмы з гэтай сферай знутры, у мяне ніколі не было мары стаць «зоркай». Хоць некалькі гадоў быў і прафесійным артыстам, у мяне ёсць другая катэгорыя, якую атрымаў у Віцебскай абласной філармоніі. Гэта быў унікальны выпадак, калі Алена Міхайлаўна Падаляк узяла мяне на работу салістам без профільнай адукацыі.

Я заўсёды быў перакананы ў тым, што мы, артысты, павінны выхоўваць культуру і паказваць найлепшае, але рабіць гэта так, як хоча глядач. У кожнага выканаўцы і калектыву павінны быць тры складнікі поспеху: рэклама, касцюмы і рэпутацыя. Калі ты зрабіў добрае мерапрыемства, а потым праз некаторы час тэлефануюць людзі і запрашаюць яшчэ — гэта значыць, што патрэбны эфект дасягнуты. Калі на самім канцэрце да цябе падыходзяць і захапляюцца, а праз некалькі гадзін забываюць аб тым, хто быў на сцэне, — значыць эмацыянальны след ты не пакінуў, уся работа праведзена дарма.

— Да Цэнтра культуры «Віцебск» вы працавалі начальнікам галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Наколькі атрыманы там вопыт аказаўся карысным і неабходным сёння?

— За 4,5 года я атрымаў не толькі бясцэнны досвед, але і памяняў некаторыя жыццёвыя прыярытэты ў адносінах да працы і людзей. Пасля святочнага канцэрта з нагоды юбілею ветакадэміі, які я ставіў, мне, маладому хлопцу, быў аказаны высокі давер з боку старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, і я атрымаў запрашэнне на працу.

Мы вельмі шмат зрабілі за гэты час, прыемна, што мае пачынанні працягваюцца і цяпер — у праектах і акцыях, сярод якіх — «Мы разам», «Новыя імёны Беларусі» і іншыя. Акрамя вялізнага творчага, гэта быў і сур'ёзны адміністрацыйны вопыт — уменне наладжваць кантакты з міністэрствамі і ведамствамі, кіраўнікамі вялікіх арганізацый. Адным словам, гэты маленькі прамежак жыцця, які па адчуваннях стаў для мяне вялікай часткай, быў яркім, насычаным і карысным.

— Як вы прыйшлі да пасады генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» і Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»?

— Не магу сказаць, што гэта было заахвочваннем за работу ў федэрацыі. Мае старанні былі заўважаныя, і кіраванне Цэнтрам культуры і фестывалем стала больш праверкай на трываласць, магчымасцю паказаць сябе ў дзеянні, таму што ў сталіцы праца была больш адміністрацыйная, а тут — гаспадарчая. У ФПБ я па абавязку службы ўзаемадзейнічаў з высокімі службовымі асобамі, гарэў ідэямі і, можа, не заўсёды аддаваў распараджэнні правільна. Тут атрымалася, што тыя кіраўнікі, з якімі я працаваў, сёння аддаюць распараджэнні маёй установе. І цяпер я разумею, наколькі тады калегі з ведамасных устаноў культуры мне дыпламатычна дапамагалі, карэктна накіроўвалі ў патрэбнае рэчышча, за гэта я вельмі ім удзячны.

А ў Цэнтр культуры мяне запрасілі пасля сыходу былога кіраўніка, я параіўся з сям'ёй, таму што зноў трэба было мяняць месца жыхарства, і пагадзіўся. Спачатку было вельмі складана: і чалавечыя, і адміністрацыйныя цяжкасці, але яны толькі загартоўвалі.

Пераважнай эмоцыяй было ўсведамленне вялікай адказнасці не толькі за фестываль, але і за ўсю работу цэнтра. Нельга сказаць, што «Славянскі базар» — гэта мерапрыемства, якому мы ўдзяляем найбольшую ўвагу, — гэта верхавіна айсберга. Нашы іншыя вядомыя праекты, такія як «Арт-парад», фестываль сучаснай харэаграфіі ІFMC, «Віцебскі лістапад», праходзяць на не менш высокім узроўні. Для мяне, як і для многіх маіх калег, фестываль мастацтваў — гэта такая культурная з'ява, аналагаў якой няма ва ўсім свеце. За столькі гадоў яна абрасла новымі мерапрыемствамі, сваімі ўнікальнымі праектамі, і параўноўваць «Славянскі базар» з «Еўрабачаннем» ці «Новай хваляй» нельга ні ў якой ступені. Няма такога фестывалю, на які ў адзін момант акрэдытоўваюцца 5700 артыстаў, дзе ў выканаўцаў няма магчымасці доўгіх рэпетыцый на сцэне, дзе трансляцыя мерапрыемстваў анлайн і ў рэжыме рэальнага часу праходзіць на вельмі высокім узроўні. «Славянка» — брэнд, які ведаюць ва ўсім свеце, — дае магчымасць зарабляць усім арганізацыям горада. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і рабоце на адну агульную мэту — зрабіць фестываль нацыянальным брэндам — ён жыве і развіваецца.

— Ці атрымліваецца ў вас пагуляць па фестывальным горадзе, пабываць на мерапрыемствах «Базару», як радавому чалавеку. Ці ўсё ж такі прафесійная дэфармацыя прымушае глядзець на фестываль толькі пад прафесійным ракурсам, заўважаючы яго недахопы?

— У нас з сям'ёй ёсць традыцыя, калі мы ў адзін з дзён выкрадаем час і ідзём есці шашлыкі. Я вельмі люблю адчуванне чэргаў і цэн на «Славянскім базары» (усміхаецца). Часу на гэта, на жаль, няшмат, але выйсці ў горад атрымліваецца.

Да таго ж, у мяне ёсць людзі, якім я вельмі давяраю: гэта мая сям'я, мае бацькі і бацькі жонкі. Гэтых людзей я лічу самымі сумленнымі, таму прашу іх па магчымасці наведаць усе фестывальныя пляцоўкі, заўважыць і дрэннае, і добрае. І, вядома, гэта работнікі дырэкцыі, якія замацаваны за сваімі зонамі адказнасці. Зразумела, што паняцце прафесійнай этыкі не прадугледжвае скардзіцца на працу адзін аднаго, але я заўсёды кажу сваім калегам: мы выяўляем нашы агульныя недахопы не з мэтай кагосьці пакараць, а каб іх устараніць і зрабіць фестываль лепшым. Самае галоўнае, аб чым я прашу ўсіх сваіх калег, — каб кожны на сваім месцы выконваў працу добрасумленна. Калі ўсе звёны аднаго ланцуга будуць працаваць зладжана, не будзе ніякіх праблем.

— За адным яркім фестывальным тыднем стаіць вялікая праца дырэкцыі на працягу ўсяго года. Не заўсёды ўсё ідзе па плане, здараюцца і непрадбачаныя сітуацыі. Як вы спраўляецеся з напружаннем і адкуль чэрпаеце натхненне?

— Мая сівізна — гэта прысвячэнне фестывалю і Цэнтру культуры (усміхаецца). А крыніцай натхнення і энергіі для мяне з'яўляецца мая сям'я. Гэта жонка Крысціна, мае сыны Яраслаў і Арцём, якія робяць мяне шчаслівым нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Яшчэ я адпачываю ў працоўных камандзіроўках, калі ёсць магчымасць змяніць геалакацыю. Мне падабаецца наведваць новыя месцы, глядзець за тым, як людзі мастацтва робяць нешта максімальна крутое і незвычайнае. Гэта таксама крыніца натхнення.

— Ваша жонка — таксама творчая асоба, музыка. Наколькі яна падтрымлівае вашы палёты фантазіі і, магчыма, накіроўвае ідэі ў правільнае рэчышча?

— Мая жонка — гераічная жанчына, найлепшая ў свеце. Яна ўсё сваё жыццё прысвяціла мне і дзецям, я ўпэўнены, што яна магла б пабудаваць паспяховую музычную кар'еру дамбрысткі, потым дырыжора, салісткі актэта балалаек у абласной філармоніі. Але ў сувязі з частымі пераездамі і зменай працы яна аддала ўсю сябе сям'і. Я вельмі шаную яе за падтрымку і веру ў самыя розныя перыяды жыцця, з дня ў дзень яна дапамагае выпростваць крылы і рухацца далей.

Але Крысціна — адзін з маіх галоўных крытыкаў. Бывае, што я прыдумаю нешта незвычайнае, а ёй здасца, што ідэя не з лепшых. Я магу паспрачацца, але потым, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», пагадзіцца.

— А вашы сыны займаюцца творчасцю?

— Старэйшы танцуе ў заслужаным аматарскім калектыве «Зорка», бо яму гэта падабаецца. Мы не павялі яго мэтанакіравана ў танцы, Яраслаў сам абраў тое, чым хацеў займацца. На маім сольным канцэрце «Вымярэнне жыцця», які прайшоў у сакавіку, мы выканалі песню ўдваіх. Малодшы Арцём зараз наведвае вакальную студыю «ДоМіСолька», дзе малыя танцуюць і спяваюць. Сынам ад мамы перадаўся абсалютны слых — атрымліваецца, што ўся сям'я ў нас творчая.

Калі ў далейшым яны захочуць захапляцца нечым іншым, то мы не станем перашкаджаць, а будзем старацца стварыць умовы для іх рэалізацыі.

— Як любіце праводзіць вольны час?

— Я працаголік і не люблю адпачываць доўга. Нават калі мы з сям'ёй адпраўляемся на мора, для мяне ляжаць пад сонцам праз пару дзён ператвараецца ў катаванне. Таму выбіраем звычайна актыўны адпачынак з экскурсіямі, пастаянным перамяшчэннем.

Нядаўна купілі дачу, таму ўвесь вольны час я праводжу дзесьці паміж саджанцамі памідораў і градамі бульбы (усміхаецца). Калі б нехта некалькі гадоў таму сказаў мне, што я буду «асуджаны» на сельскую гаспадарку, я б не паверыў. А цяпер мне вельмі падабаецца. Раней з бацькам выбіраліся на рыбалку, але зараз на гэта катастрафічна не хапае часу.

— Азіраючыся назад, ці ўсе юнацкія мары і планы рэалізаваны?

— Мая галоўная мара — гэта трэцяе дзіця, дачка. Калі яна калі-небудзь здзейсніцца, я буду самым шчаслівым чалавекам на свеце. А наконт матэрыяльных каштоўнасцяў — у мяне ўсё ёсць. Калі чагосьці не хапае, то заўсёды можна зарабіць і купіць. Галоўнае, каб мая сям'я і дзеці былі здаровымі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Дзмітрыя Осіпава і БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты

Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.

Грамадства

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?

Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.

Здароўе

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

Памылкі, якія робіць наш мозг. Ці можна іх выправіць?

«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?