Вы тут

79 гадоў таму нацысты спалілі апошнюю беларускую вёску


Трагедыя ў лагойскай Дальве адбылася 19 чэрвеня 1944 года. Гітлераўцы ўжо адступалі, але працягвалі рабіць сваю чорную справу. Усіх дальвінцаў сагналі ў адну хату і падпалілі. У полымі загінулі 44 чалавекі: двое мужчын, 13 жанчын, 29 дзяцей. Да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя дні..


Скульптура «Маці з сынам» у мемарыяльным комплексе «Дальва».

Дальву называюць сястрой Хатыні. І невыпадкова: дзве вёскі, разам з людзьмі поўнасцю знішчаныя акупантамі і іх памагатымі, размяшчаліся адна ад адной на адлегласці ўсяго некалькі кіламетраў. Сімвалічна, што мемарыял у Дальве з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Аднак калі да мемарыялізацыі хатынскай трагедыі была прыкаваная ўвага вышэйшага кіраўніцтва тагачаснай краіны (Хатынь павінна была стаць — і стала — сімвалам усіх знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў Беларусі), то помнік у Дальве ўзводзіўся на грамадскіх пачатках. Гэты невялічкі населены пункт мог так і застацца толькі на даваенных картах, у архівах ці ў памяці жыхароў суседніх вёсак, калі б не Мікалай Гірыловіч. Ён — адзіны дальвінец, які не згарэў разам са сваёй вёскай. Нават уявіць страшна, што перажыў гэты чалавек — па сутнасці, дзіця, якому ў чэрвені 1944 года было ўсяго 13 гадоў. У адзін дзень Коля Гірыловіч страціў усіх самых родных і блізкіх людзей. У жудасным вогнішчы, распаленым фашысцкімі нелюдзямі, загінулі яго мама, тата, дзядуля і тры малодшыя браты: Косця, Жэня і Валодзя. За некалькі дзён да доўгачаканага вызвалення хлопчык застаўся круглым сіратой.

Няўжо матчына сэрца прадчувала бяду? Менавіта мама за некалькі гадзін да трагедыі адправіла Колю ў поле — каб той падмяніў бацьку, які кіламетры за два ад вёскі пасвіў каня. Як толькі ў Дальве пачуліся выбух і выстралы, Коля Гірыловіч узяўся разблытваць каня. Але жалезныя ланцугі не паддаваліся хлапчуковым рукам, і тады ён кінуўся ў бок вёскі, над якой ужо ўзнімаўся вялізны слуп дыму. Як ён сам пазней прызнаецца, калі б паскакаў на кані, то апынуўся б у Дальве акурат тады, калі акупанты жорстка распраўляліся з мірнымі жыхарамі — яго аднавяскоўцамі і самымі дарагімі людзьмі.

«Я прыбег агародамі, праз жыта — дзверы ў хаце адчыненыя, лётае пух ад падушак, пабітае шкло, а на стале лыжкі раскладзены, — успамінаў той страшны дзень Мікалай Гірыловіч. — Выбег з хаты — нікога навокал, толькі праз дым убачыў у канцы вёскі дзве крытыя машыны. Мусіць, думаю, забралі людзей. Але не, аднавяскоўцы ўжо дагаралі...»

Ён пазнаў маці па залатых зубах — у яе адзінай на ўсю вёску былі такія. Яна разам з адным з сыноў ляжала ў баку ад згарэлага дома: відаць, атрымалася вырвацца, але іх усё роўна напаткала варожая куля. Дзесяць дзён і начэй дальвінцы ляжалі пад адкрытым небам — ланцугі немцаў, якія адступалі, цягнуліся і цягнуліся праз ужо мёртвую вёску, што не давала магчымасці пахаваць нябожчыкаў. 29 чэрвеня, калі савецкія танкі былі побач, у Дальву прыйшлі жыхары навакольных вёсак і партызаны — людзей пахавалі ў брацкай магіле.

Той жудасны летні дзень, калі здарылася трагедыя, Мікалай Гірыловіч называў чорным панядзелкам. Ён шмат абдумваў яго, пракручваў да драбніц і часта задаваўся пытаннем: чаму ён застаўся жывы, чаму не апынуўся побач са сваёй сям'ёй у тым кастры? І сам жа знаходзіў адказ: «Гасподзь пакінуў мне жыццё, каб было каму расказаць...» Дый расказаў, на ўвесь свет агучыў трагедыю Дальвы, пра якую мы, сучаснае пакаленне, не маем права забыцца.

Дзякуючы гэтаму легендарнаму чалавеку, які ўсё сваё далейшае жыццё прысвяціў увекавечанню памяці роднай вёскі і яе жыхароў, 15 ліпеня 1973 года ў Дальве з'явіўся мемарыяльны комплекс. Сёлета той падзеі спаўняецца паўвека. Мемарыял дапамагалі ўзводзіць школьнікі, моладзь, вайскоўцы, Дзяржтэлерадыё БССР, дзе Мікалай Гірыловіч працаваў начальнікам апаратна-студыйнага комплексу. Ён, заслужаны сувязіст Беларусі, быў знаёмы з вядомым скульптарам Андрэем Бембелем, які выкладаў у тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Той і прапанаваў правесці сярод студэнтаў конкурс на найлепшы праект мемарыяла. Перамагла работа нікому не вядомага тады Уладзіміра Церабуна, які праз шмат гадоў калі не перасягнуў, то стаў побач са сваім настаўнікам. У ліпені 1973 года адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу ў Дальве.

Сёння гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, сімвал памяці аб бязвінна загінулых мірных жыхарах, вёска-помнік. Прыгожая жанчына, якая застылымі вачамі глядзіць уперад, і маленькі хлопчык, які яе абдымае, маркотна схіляючы галаву, — так скульптар увекавечыў маці Мікалая Гірыловіча і аднаго з яго братоў. Гледзячы на жаночую постаць, заўважаеш круглявы жывот — маці Гірыловіча чакала яшчэ адно дзіця. У тым жудасным полымі загінуў яшчэ не народжаны чалавек...

На працягу доўгіх гадоў Мікалай Пятровіч быў сябрам нашай газеты. Пачынаючы з 1990-х гадоў «Звязда» з'яўлялася інфармацыйным партнёрам усіх работ, што праводзіліся на мемарыяльным комплексе. Цяпер калектыў падтрымлівае адносіны з яго жонкай, Рымай Ігараўнай, якая свята беражэ памяць і аб сужэнцы, і аб той справе, якой ён прысвяціў свой век.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.