Вы тут

Як выкарыстоўваць шкодныя фінансавыя звычкі для павышэння свайго дабрабыту?


Што перашкаджае чалавеку жыць па сродках і рабіць накапленні? Вы скажаце, недастаткова высокая зарплата, або высокія цэны, або і тое, і другое. Насамрэч, гэта далёка не заўсёды так. Бо нярэдка чалавек за некалькі дзён да зарплаты аказваецца «на нулі», нават маючы ў параўнанні з суседзямі, калегамі, сябрамі досыць высокі даход. І, здараецца, пазычае «да палучкі» ў тых, у каго даход меншы. Знаёмая сітуацыя? Прычына таму — нерацыянальнае абыходжанне з грашыма, або так званыя дрэнныя фінансавыя звычкі — часта яшчэ з дзяцінства. Змагацца з імі складана, але можна. Пра тое, як змяніць іх, мы спыталі ў саветніка аддзела фінансавай адукаванасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Надзеі Годэс.


— Псіхолагі кажуць, што нашы слабасці і дрэнныя звычкі — гэта адваротны бок нашых станоўчых якасцяў і моцных бакоў. Ці можна сказаць тое ж самае аб дрэнных фінансавых звычках — напрыклад, схільнасці да неразумных пакупак або няўменні жыць па сродках?

— Шмат у чым можна пагадзіцца: дрэнныя звычкі, у тым ліку фінансавыя — адваротны бок нашых вартасцяў. Напрыклад, да імпульсіўных пакупак нас можа схіляць уменне заўважаць і шанаваць прыгажосць, унутраны артыстызм, а схільнасць да транжырства ў характары чалавека часта спалучаецца з гасціннасцю, гатоўнасцю дапамагчы блізкім (у тым ліку фінансава) і іншымі станоўчымі асаблівасцямі характару. Такіх людзей у народзе называюць «чалавек шырокай душы»... Аднак падобныя звычкі могуць адбіцца на вашых асабістых фінансах не найлепшым чынам. Добрая навіна ў тым, што нашы слабасці можна ператварыць у сілу, і калі казаць менавіта аб фінансавых звычках, кожны можа паспяхова зберагаць і накапляць. Важна захацець, і, зразумела, прыкласці намаганні... Вынік, вядома, вас узрадуе.

— Найбольш частая дрэнная фінансавая звычка ў сучасным свеце — гэта, напэўна, спантанныя пакупкі, якія могуць прабіць велізарны пралом у бюджэце сям'і. Чаму чалавек схільны да імпульсіўных пакупак, пакінем за дужкамі, гэта пытанне да псіхолагаў. Але ці можна змяніць згаданую звычку так, каб яе знак з «мінуса» памяняўся на «плюс»?

— Вядома, што існуе так званы цыкл звычкі. Ён складаецца з трох элементаў: сігнал (трыгер), распарадак (здзяйсненне дзеяння) і ўзнагарода (станоўчая эмоцыя). У шапаголікаў, як правіла, трыгерам выступае стрэс або нуда. Чалавек здзяйсняе імпульсіўную куплю і атрымлівае станоўчую эмоцыю ў якасці ўзнагароды. Але радасць доўжыцца кароткі час, а потым чалавек пачынае вінаваціць сябе ў марнаванні сродкаў. Спрацоўвае чарговы трыгер, і ўсё паўтараецца.

Адзін са спосабаў разарваць гэтае заганнае кола — выдаліць з цыкла этап узнагароджання. Завядзіце правіла: за кожную імпульсіўную пакупку назначце самому сабе штраф — напрыклад, у памеры выдаткаванай сумы. Штраф вы адправіце ў накапленні і такім чынам дасягне дзвюх мэт — па-першае, скароціце колькасць імпульсіўных пакупак (бо суму на цэнніку вы ў галаве з часам аўтаматычна прывыкнеце памнажаць на два) і памножыце свае зберажэнні, якія створаць падушку фінансавай бяспекі і дапамогуць адчуваць сябе больш упэўнена ў выпадку непрадбачаных сітуацый — напрыклад, страты работы, хваробы каго-небудзь з блізкіх або паломкі дарагой бытавой тэхнікі.

Робім накапленні

— Яшчэ адна дрэнная звычка — няўменне даводзіць пачатае да канца. У кіраванні асабістымі фінансамі часта сустракаецца сітуацыя, калі чалавек пачынае збіраць на нешта буйное, але, сабраўшы некаторую суму, адчувае выгаранне і не ў сілах працягнуць адкладваць. А накопленыя грошы ён проста траціць. Далей — альбо крэдыт, альбо адмова ад куплі. Што рабіць з гэтым?

— Тут дапаможа дакладнае планаванне. Калі ў вас ёсць праграма дзеянняў і вы бачыце канчатковую мэту і тое, што яна дасягальная ў пэўныя тэрміны, рабіць накапленні лягчэй. Патрэбную суму трэба разбіць на этапы (напрыклад, кожны этап — месяц) і ўстанавіць для кожнага этапу выразную (і пасільную) суму, якую варта адкласці.

А каб пазбегнуць выгарання, ёсць хітрасць: пасля 4-5 плацежных перыядаў устанавіце сабе «канікулы» і адзін перыяд не адкладвайце ў накапленні. Абавязкова адлюструйце «канікулы» ў плане. Гэтаксама, як людзі, якія адпачылі падчас працоўнага водпуску, вяртаюцца да работы, так і вы пасля «плацежных канікулаў» з лёгкасцю працягнеце пачатую справу.

— Аб крэдытах размова асобная. Ёсць і такая дрэнная фінансавая звычка — браць крэдыты на пакупкі, якія насамрэч не такія і неабходныя...

— Так, крэдыты могуць быць як «дрэннымі», так і «добрымі» — але другі варыянт магчымы, толькі калі правільна ацаніць неабходнасць крэдыту. Бо крэдыт — не падарунак, вам прыйдзецца рабіць выплаты штомесяц, і ў канчатковым выніку пакупка абыдзецца вам даражэй, чым калі б вы назбіралі патрэбную суму. Што тут параіць? У ідэале, лепш аддаць перавагу накапленню сродкаў на пакупку. Як той казаў, глядзіце вышэй: пішам дакладны план з канкрэтна пазначанай датай дасягнення канчатковай мэты (буйной пакупкі) і прытрымліваемся яго. Часам не збіцца з дарогі дапамагае агучванне сваёй мэты — жадання накапіць за пэўны тэрмін на пэўную пакупку. Расказаўшы блізкім і сябрам пра сваё рашэнне, вы ўжо не можаце дазволіць сабе кінуць усё на паўдарозе. А ў цэлым, крэдыт можа стаць вельмі карысным фінансавым інструментам, а не крыніцай праблем, калі падысці да пытання разумна.

Дрэннай фінансавай звычкай крэдыт становіцца толькі тады, калі ён павялічвае вашы выдаткі, не павялічваючы актывы. Добрым, карысным і разумным будзе той крэдыт, які ўзяты на пакупку, здольную павялічыць ваш даход — на набыццё абсталявання для заробку, на вучобу або павышэнне кваліфікацыі. Зразумела, са знакам «плюс» можна ацэньваць і крэдыт на машыну або кватэру, калі ў іх сям'я востра мае патрэбу — бо гэтымі выгодамі вы пачняце карыстацца адразу ж.

Але вось крэдыты, напрыклад, на навейшую мадэль тэлефона і нейкія імгненныя «хацелкі» небяспечныя. Калі вы бераце крэдыты, кіруючыся жаданнем выглядаць багацейшымі, чым вы ёсць на самай справе, — гэта дрэнная фінансавая звычка. Самая першая парада, вядома ж, — адкладзіце куплю на некаторы час і падумайце, наколькі яна вам патрэбная. А ёсць і хітрасць: паспрабуйце на працягу двух месяцаў адкладваць сумы, роўныя штомесячным плацяжам па крэдыце, які вы плануеце ўзяць, — магчыма, адчуўшы нагрузку, якая ляжа на ваш бюджэт, вы перадумаеце, а магчыма, убачыце, што вы ў сілах набіраць неабходную суму, і пахваліце сябе за тое, што адмовіліся ад непатрэбнага крэдыту.

Выклік самому сабе

— Залішняя азартнасць таксама можа стаць дрэннай фінансавай звычкай. Ці можна паставіць азарт на службу асабістай фінансавай стабільнасці, дабрабыту сям'і?

— Якраз азартнасць — такая якасць, якую лёгка паставіць на службу асабістаму фінансаваму дабрабыту. Важна толькі накіраваць яе ў правільнае рэчышча. Кіньце выклік сабе. Вызначце тэрмін і перыяды накаплення (дзень, тыдзень, месяц) і кожны перыяд «павышайце стаўкі» (на фіксаваную велічыню і каэфіцыент). Стаўка будзе пастаянна павышацца, азарт — працаваць на фінансавы дабрабыт, а ўзнагародай стане тая самая асабістая фінансавая бяспека, якая неабходная кожнаму.

— Большасць дрэнных фінансавых звычак належыць да разраду «залішняя і/або нематываваная трата грошай». Але ёсць і адваротны варыянт — калі чалавек шкадуе грошай на самога сябе, на свае патрэбы і задавальненні. Што вы параіце ў гэтым выпадку?

— Як правіла, гэта перфекцыяністы, і сэнс жыцця для іх — у ідэальным выкананні сваіх абавязкаў як на рабоце, так і дома. Для іх важная знешняя ацэнка іх дзеянняў. Значыць, і гаварыць з самім сабой такому чалавеку трэба на зразумелай мове. За любое значнае дасягненне прызначайце сабе «прэмію», за недасягнутыя мэты — выпісвайце «штраф». «Прэмія» траціцца на свае жаданні і патрэбы. «Штраф» — уносіцца ў накапленні. Гуляючы з самімі сабой у такую гульню, вы пазбегнеце выгарання на рабоце і здолееце выдаткоўваць на сябе грошы без адчування віны. Ды і рухацца да пастаўленых прафесійных і кар'ерных мэт стане спакайней і цікавей.

— І яшчэ адна дрэнная звычка, якую таксама цалкам можна аднесці да фінансавых. Гэта звычка задавольвацца работай, што не прыносіць радасці, і невысокай заработнай платай, таму што гэта дае магчымасць не выходзіць з зоны камфорту...

— Сапраўды, такое бывае: чалавек аддае перавагу таму, каб задавальняцца малым, замест таго каб павышаць кваліфікацыю або атрымліваць новую прафесію. І аргументуе гэта для сябе тым, што «я ў сваёй сферы ведаю ўсё», «да дому блізка» або «калектыў добры». А таксама «я не змагу» і «няхай вучыцца хто-небудзь маладзейшы...». У гэтым выпадку таксама дапаможа сістэма «прэмій» і «штрафаў» самім сабе. Прайшлі навучальны курс, атрымалі сертыфікат — можаце выдаткаваць на сябе «прэмію». Адмовіліся ад магчымасці ўдасканальваць свае навыкі, што з'явілася, — назначце сабе «штраф» (ён па традыцыі, што ўжо склалася, адпраўляецца ў скарбонку). Вы ў любым выпадку будзеце ў плюсе!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.