Вы тут

У рэдакцыю «Звязды» завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі


«Звязда» актыўна развівае беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне цягам шэрагу гадоў. 22 верасня 2015-га ў рамках Форуму медыясупрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях», у якім бралі ўдзел 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін усіх кантынентаў, быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве з адным з вядучых у сусветнай медыяпрасторы і самым уплывовым выданнем у Кітаі — газетай «Жэньмінь жыбаа». На інтэрнэт-партале zvіazda.by ў кастрычніку 2015 года быў запушчаны глабальны праект «Весткі з Кітая», кантэнт якога пераважна фарміруецца матэрыяламі ўплывовых кітайскіх выданняў і інфармагенцтваў, у першую чаргу — «Жэньмінь жыбаа». У сваю чаргу, у верасні 2016 года на сайце russіan.people.com.cn з’явіўся тэматычны банер «Вести из Беларусі. ЗВЯЗДА». Таксама наладжана плённае ўзаемадзеянне па лініі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і з уплывовым кітайскім міжнародным выданнем «Хуанцю шыбаа». Прасоўванне ажыццяўляецца і на платформе інфармацыйнай сеткі «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN), яна аб’ядноўвае больш за 200 СМІ з розных краін, членам BRNN «Звязда» з’яўляецца з моманту яе стварэння. Таксама наладжана цеснае ўзаемадзеянне з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ў Мінску і Пекіне, а таксама з беларускімі консульствамі ў кітайскіх рэгіёнах.


З Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Выдавецкі дом «Звязда» даўно і плённа супрацоўнічае. Разам мы рэалізоўваем шэраг праектаў, многае — у планах. Каб абмеркаваць узаемадзеянне, у рэдакцыю «Звязды» завітала прадстаўнічая дэлегацыя пасольства КНР на чале з кіраўніком дыпламатычнай місіі Се Сяаюнам. «У сеткавым выданні zvіazda.by кітайская інфармацыйная прастора прысутнічае пастаянна, — увёў дыпламата ў курс справы дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома „Звязда“ Аляксандр Карлюкевіч. — Мы выкарыстоўваем як інфармацыю сваіх медыйных партнёраў з Кітая, так і ўласны кантэнт аб развіцці беларуска-кітайскіх узаемаадносін. У друкаваных выданнях кожны тыдзень з’яўляецца інфармацыйны прадукт аб Кітаі на беларускай мове».

Мяркуючы па лістах чытачоў і статыстыцы праглядаў, весткі з Паднябеснай карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Значны рэзананс выклікаюць мерапрыемствы на найвышэйшым узроўні, выступленні беларускіх і кітайскіх дыпламатаў. У гэтым плане інтэрв’ю і артыкулы Се Сяаюна — сярод заўсёдных лідараў чытачоў газетнай версіі і інтэрнэт-карыстальнікаў. «Звязда» заўжды ў курсе сацыяльна-палітычнага і грамадска-культурнага жыцця Кітая, вы аператыўна знаёміце з гэтай актуальнай інфармацыяй сваіх чытачоў, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі. — Адна з апошніх публікацый, якую я асабіста з задавальненнем прачытаў, — артыкул Мікалая Літвінава «Шанхайскім шляхам» аб яго камандзіроўцы ў Кітай. Мы высока цэнім вопыт такога плённага супрацоўніцтва і вельмі ўдзячны за такую ўвагу».

Аляксандр Карлюкевіч падрабязна распавёў аб літаратурных, кнігавыдавецкіх праектах «Звязды» беларуска-кітайскай тэматыкі. «У 2014 годзе Выдавецкі дом „Звязда“ пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачаў рэалізацыю маштабнага праекта „Светлыя знакі: паэты Кітая“, — адзначыў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома. — Праз некаторы час да падрыхтоўкі і выпуску ў свет кніг серыі, у якой былі прадстаўлены творы паэтаў Кітая ў перакладзе на беларускую мову, далучылася выдавецтва „Мастацкая літаратура“. За некалькі гадоў былі выдадзены зборнікі паэзіі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня, Сюй Чжыма, Вэнь Ідо, Су Шы... Некаторыя кнігі пабачылі свет на дзвюх мовах — беларускай і кітайскай. Для работы над серыяй быў створаны Міжнародны рэдакцыйны савет. У яго склад увайшлі і прадстаўнікі кітайскага боку — вядомы перакладчык, каліграф, арганізатар міжнародных літаратурных сувязяў Гаа Ман, доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лю Сулін. Усяго выпушчана 12 кніг. Мяркуем працягваць гэты праект». Таксама «Звязда» паспяхова рэалізоўвае шэраг іншых не менш адметных пачынанняў. Сярод іх, як паведаміў Аляксандр Карлюкевіч, — выданне твораў беларускай літаратуры на кітайскай мове.

«Прыемна ўражаны той працай, якую выконвае Выдавецкі дом „Звязда“, — заўважыў Се Сяаюн. — Добра ведаю вашы адметныя медыйныя праекты (у інтэрнэце, на старонках газеты), а пра многія літаратурна-выдавецкія пачуў упершыню. Вельмі важна развіваць гэты кірунак. Нашы краіны цягам апошніх гадоў увесь час захоўвалі выдатную дынаміку нарошчвання супрацоўніцтва. Шмат у чым гэта вынік узаемадзеяння і агульнага клопату кіраўнікоў дзяржаў — старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гуманітарныя сувязі таксама важныя, яны выконваюць ролю своеасаблівага моста паміж нашымі народамі. Неабходна іх умацоўваць і пашыраць. Аб гэтым, дарэчы, вядзецца гаворка ў сумеснай заяве аб асноўных прынцыпах развіцця ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, якую сёлета падпісалі кіраўнікі Кітая і Беларусі».

У сустрэчы ўзялі ўдзел саветнікі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чэнь Вэйвэй і Ся Гуанюань, а таксама Аташэ пасольства Гуань Цзынін. Размова ў рэдакцыі атрымалася вельмі творчай і прадукцыйнай. Мы дамовіліся і надалей пашыраць супрацоўніцтва, намецілі да рэалізацыі шэраг найцікавейшых праектаў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.