Вы тут

Лукашэнка: «Усе рашэнні павінны быць справядлівымі для людзей»


На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, якая прайшла ў пашыранам фармаце, абмяркоўваўся шырокі спектр найбольш актуальных пытанняў: пачынаючы ад росту эканамічных паказчыкаў і спрашчэння працэсу будаўніцтва, заканчваючы падрыхтоўкай да ўборачнай кампаніі і правядзеннем II Гульняў краін СНД, якія ў пачатку жніўня прыме Беларусь. Акрамя таго, увага ўдзельнікаў нарады была засяроджана на паляпшэнні інвестыцыйнай дзейнасці, стане спраў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, якасці дарог. Канкрэтныя прапановы ўнесены па законапраекце аб інвестыцыйнай дзейнасці і Указе аб набыцці арэнднага жылля медыцынскімі супрацоўнікамі. Прэм’ер-міністр далажыў аб асноўных выніках работы эканомікі за пяць месяцаў бягучага года. Са справаздачамі, якія датычацца выканання даручэнняў Прэзідэнта, выступілі ўсе віцэ-прэм’еры. 


На пачатку нарады кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што эканамічныя пытанні рэгулярна абмяркоўваюцца на сустрэчах з членамі ўрада. Прадметам размовы нарады ў пашыраным фармаце сталі найбольш актуальныя пытанні, якія датычацца не толькі эканамічнай сферы. Аднак эканоміка ўсё ж была ў прыярытэце. 

«Трэба прыходзіць як у высокатэхналагічную і высокаразвітую рэспубліку»

«Наша статыстыка публікуе вынікі: валавы ўнутраны прадукт склаў 100,9%, — адзначыў Прэзідэнт. — Назіраецца выхад на станоўчыя тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал, дадалі 2,5% да мінулага года. Аднак пакуль гэта слабы задзел для выканання ўстаноўленых заданняў нават за паўгоддзе».

Беларускі лідар пацікавіўся ў прэм’ер-міністра, ці па ўсіх паказчыках выйшлі на станоўчую дынаміку, ці атрымалася ў поўнай меры пераадолець леташнія цяжкасці: лагістычныя і транзакцыйныя выдаткі, пошук новых партнёраў і рынкаў. Удакладніў Прэзідэнт і тое, як выконваюцца мэтавыя заданні.

Ад першага віцэ-прэм’ера кіраўнік дзяржавы папрасіў прадметнай раскладкі: дзе ўрад бачыць рэзервы па нарошчванні інвестыцый па выніках года — а гэта 120%. Яшчэ адно з пытанняў, якое хвалюе Прэзідэнта, — наколькі эфектыўная рэалізацыя канцэпцыі «адзін раён — адзін праект».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму на разгляд унесены законапраект аб садзейнічанні і стымуляванні рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Па меркаванні распрацоўшчыкаў, ён дапаможа выправіць сітуацыю. «Не ведаю, якую сітуацыю хочаце выправіць, — заўважыў Прэзідэнт. — Правілы пэўныя ўстаноўлены адпаведным указам. Чаго тут не хапае?» 

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што, па сутнасці, прадстаўлены законапраект прыходзіць на змену Дэкрэту № 10, які амаль 15 гадоў служыў прававой асновай для заключэння інвестыцыйных дагавораў з прадастаўленнем дзяржавай ільгот і прэферэнцый. «У свой час гэта быў прарыўны дакумент, — канстатаваў ён. — За мінулыя гады прадстаўнікамі 20 краін інвесціравана звыш 8 мільярдаў долараў. Паспяхова рэалізавана больш за тысячу праектаў. Але ў апошнія некалькі гадоў аб’ём інвестыцый — як знешніх, так і ўнутраных — зніжаецца, што не лепшым чынам адбіваецца на рабоце эканомікі». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што любая краіна сёння імкнецца прапанаваць інвестарам прывабныя ўмовы. «Мы таксама павінны ствараць канкурэнтныя перавагі, каб грошы ўкладваліся ў перспектыўныя, высокатэхналагічныя, інавацыйныя вытворчасці менавіта сюды, у Беларусі», — паставіў задачу Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: ён не супраць разумных навацый, заўсёды гатовы іх падтрымаць. Аднак сутнасць новаўвядзенняў, па яго словах, павінна быць зразумелая, а галоўнае, каб яны былі эфектыўныя. Перш чым гэты дакумент будзе накіраваны ў парламент, кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача ўважліва яго вывучыць. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў бягучых геапалітычных абставінах цяжка разлічваць на прыход у беларускую эканоміку заходніх інвестараў. «Давайце будзем арыентавацца на іншых: усходніх, азіяцкіх, афрыканскіх і гэтак далей, — прапанаваў ён. — Ды і з заходнімі трэба працаваць. Не трэба адвяргаць з парога». 

Прэзідэнт нагадаў удзельнікам нарады сваё правіла: у аснове любога праекта павінна пераважаць сацыяльная адказнасць — паўнавартасная занятасць для працаўнікоў, годныя заробкі, шырокі сацпакет і, натуральна, аплата падаткаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават не трэба яму прапаноўваць варыянт пазбаўлення інвестараў ад выплаты падаткаў. «Паслухайце, у нас ужо створаны так званыя афшорныя тэрыторыі, — нагадаў ён. — Давайце будзем працаваць. Але толькі прыехаць сюды і, як раней казалі, высмактаць усе сокі з народа, выціснуць усё, што можна, заплаціць нейкую капейку (рабочым 500 долараў, скажам) і пры гэтым не плаціць падаткі а асноўны прыбытак вывезці ў выглядзе дэвідэнтаў у несяброўскія перш за ўсё краіны, — я не думаю, што такія праекты нам патрэбны. Трэба прыходзіць не як у бананавую рэспубліку, а ў высокатэхналагічную і высокаразвітую. І працаваць трэба перш за ўсё са сваімі інвестарамі». 

«Катастрофы няма! Збожжа будзе»

Спыніўся Прэзідэнт і на пытанні, якое ў дадзены момант хвалюе не толькі аграрыяў, а ў цэлым насельніцтва. У некаторых рэгіёнах краінах працяглы перыяд не было дажджоў. Аднак засуха — гэта не нагода для некаторых кіраўнікоў на месцах схаваць пэўныя недапрацоўкі на палетках. 

«Пачынаць галасіць наконт таго, што ў нас нешта не атрымаецца і ўжо загадзя рыхтаваць мяне да таго, што вы праваліце сельскагаспадарчы год, не трэба, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею, што адбываецца. Так, падсушыла. У пэўных раёнах. І перш за ўсё пацярпелі збожжавыя і травы. Але мы дамовіліся месяц таму. Ураду было даручана: трэба прыбраць сенажныя траншэі, дзе мы не атрымаем ураджай, пераараць і пасеяць — пакосна, пажніўна — кражакветныя, рэдзьку алейную, яшчэ нешта — для таго, каб атрымаць травяністыя кармы».

Што датычыцца збожжавых, у выпадку неўраджаю сітуацыя не стаіць так востра. «Калі мы недаатрымаем пэўную колькасць (200 — 300 тон) збожжа, сёння лішак у нашых суседзяў, — заўважыў Прэзідэнт. — Мы заўсёды купім гэтае збожжа. І пры тым збожжа сёння прапаноўваюць па вельмі нізкіх цэнах, якія часам нават ніжэйшыя за наш сабекошт. Я ўжо ўраду прапаноўваў: трэба закупіць і пакласці ў свабодныя сховішчы. У нас іх хапае, з савецкіх часоў. Мы ўсё захавалі. Няхай таннае збожжа ў нас будзе».

Беларускі лідар паставіў задачу падумаць, як нарыхтаваць травяністыя кармы. Па яго словах, мы можам гэта зрабіць. «Катастрофы няма — і гэта прызнае вядучы сельскую гаспадарку віцэ-прэм’ер, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Няма катастрофы! Проста цяпер трэба зарыентавацца своечасова — там, дзе падсушыла».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў сельскагаспадарчых паказчыках ён арыентуеца на эксперыментальнае поле Прэзідэнта, на якім апрацоўваюцца некалькі відаў культур. Нягледзячы на засуху, усе культуры знаходзяцца ў добрым стане. «Зноў пытанне: чаму? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы і адказаў: — Бо па тэхналогіі ўсё зроблена. Унеслі неабходныя ўгнаенні, у тым ліку арганіку, як належыць, пасеялі, падкармілі, калі лішак вільгаці быў — атрымалі вынік». 

Спыніўшыся на пытанні жывёлагадоўлі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па выніках пяці месяцаў ва ўсіх абласцях адзначаецца рост вытворчасці жывёлы і птушкі (па рэспубліцы амаль на 5%), малака (на 6%). Прэзідэнт даручыў захаваць гэтыя тэмпы і атрымаць добры вынік напрыканцы года. 

«Трэба пабудаваць хутка, эфектыўна»

Пацікавіўся беларускі лідар, што ідуць справы з запасамі. Яго праінфармавалі, што, напрыклад, сухое малако і масла дзяваць няма куды. «Свет галадае, а ў нас няма куды дзяваць, — акцэнтаваў ўвагу Аляксандр Лукашэнка. — І ў прамысловасці мне будуць расказваць, што гэта звычайная з’ява. У мінулым годзе — звычайная, у пазамінулым — звычайная, а лішкі на складах існуюць». 

Закрануў кіраўнік дзяржавы і яшчэ адно адчувальнае пытанне, якое вельмі непакоіць грамадзян, — якасць дарог. «Усе на аўтамабілях: у некаторых — па два-тры на сям’ю, — канстатаваў ён. — Плаціць, праўда, ніхто не хоча за дарогі. Хто павінен за дароогі плаціць? Той, хто перамяшчаецца. Нейкую капейку заплацілі — і ўжо гвалт на ўсю рэспубліку: «Ах, шмат!» 

Прэзідэнт нагадаў, што быў час, калі Беларусь дасягнула высокага ўзроўню па стане дарожнага пакрыцця і стала прыкладам для многіх краін на постсавецкай прасторы. Але, па яго словах, варта было крыху аслабіць кантроль, як сітуацыя стала пагаршацца. Падчас сваёй рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць у красавіку гэтага года кіраўнік дзяржавы ўжо звяртаў увагу на тое, што сярод насельніцтва расце колькасць скаргаў на гэтую тэму. У сувязі з гэтым профільнаму віцэ-прэм’еру пастаўлена задача — на працягу 2023 года ўсе дарогі прывесці ў парадак, адрамантаваць. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў студзені ўрад яму абяцаў спрасціць працэс будаўніцтва — так, як гэта раней было зроблена для індывідуальных дамоў. Што датычыцца прыватнага сектара, Прэзідэнту дакладваюць, што большасць праблем, звязаных з доступам да камунікацый, дакументацыяй і гэтак далей, вырашыліся, і людзі задаволеныя. «Добра, калі так, але я сумняваюся, — дадаў ён. — Гэта мы ў бліжэйшы час праверым. Але не хацелася б, каб размова была аналагічная ахове здароўя». 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што для таго каб пачаць будаваць шматпавярховік, завод, прамысловы аб’ект, трэба сабраць дзясятак-другі тэхнічных умоў ад энергетыкаў, МНС, санстанцыі, мясцовай улады і іншых. І столькі ж даведак потым неабходна атрымаць у канцы будаўніцтва. У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў профільным віцэ-прэм’еру і міністру вывучыць гэтае пытанне: магчыма, па пэўных кірунках можна адмовіцца ад некаторых даведак. 

У працяг тэмы будаўніцтва шматкватэрных дамоў кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму ніяк не вырашаецца раз і назаўжды праблема з даўгабудамі. У гэтым «ганебным статусе», як падкрэсліў ён, цяпер 20 жылых дамоў, з іх у Мінску — 17. Прэзідэнт удакладніў, ці ёсць тут ва ўрада прапрацаваныя рашэнні па гэтым пытанні. 

Беларускі лідар расказаў наконт правядзення аднаго эксперымента, калі побач з населеным пунктам Аколіца хуткімі тэмпамі вырашылі пабудаваць вёску. «Нешта я не бачу вёску пакуль — паўгода прайшло, — дадаў ён і нагадаў, як яго крытыкавалі за будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол сталіцы: — Цяпер люба-дорага глядзець. Дагэтуль стаіць — ні трэшчыны! А ўсе супраць былі».

Як тады кіраўнік дзяржавы сачыў за гэтай будоўляй, так і цяпер будзе кантраляваць будаўніцтва вёскі. «Трэба пабудаваць хутка, эфектыўна прыгожую вёску, — даў ён адпаведнае даручэнне профільнаму віцэ-прэм’еру. — Людзі там з задавальненнем будуць жыць, купяць гэтыя ўчасткі». 

Кажучы аб прамысловасці, беларускі лідар звярнуў увагу на складскія запасы. Указаў кіраўнік дзяржавы і на такія недахопы, як адсутнасць якасных зрухаў у дрэваапрацоўцы, маруднасць у засваенні расійскага крэдыту на інтэграцыйныя праекты. 

«Каб людзі былі задаволены»

Прэзідэнт адзначыў, што апошнія некалькі тыдняў верхнія радкі ўсіх навін займаюць пытанні сацыяльнага блоку. «З вынікамі цэнтралізаваных іспытаў, быццам бы, разабраліся, ідзе ўступная кампанія, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Увосень, як дамаўляліся, мы прааналізуем яе вынікі і канчаткова расставім усе кропкі над „і“. Больш вяртацца, я ўжо пра гэта казаў, да пытанняў адукацыі нельга. Нельга ўвесь час калашмаціць прафесарска-выкладчыцкі склад і настаўнікаў на месцах, а таксама бацькоў па пытаннях адукацыі. Таму ў нас апошні бар’ер — восень, калі вы ўнясеце канчатковыя прапановы: пачынаючы ад стварэння падручнікаў (новых, эфектыўных, талковых) і заканчваючы адукацыяй у ВНУ, а таксама выпускнымі экзаменамі (у базавай, сярэдняй школе) і паступленнем у ВНУ». 

Што датычыцца праблемных пытанняў у медыцыне, нядаўна кіраўнік дзяржавы праводзіў вялікую нараду. «Задачы — выразныя і канкрэтныя — пастаўлены, — нагадаў ён. — Фактаў безгаспадарлівасці і непрафесіяналізму ў сферы, адказнай за здароўе нацыі, быць не павінна».

Пры гэтым Прэзідэнт нагадаў, што адпаведная камісія (міжведамсная рабочая група па праверцы сістэмы аховы здароўя) працягвае працаваць. Праўда, яе завалілі скаргамі. У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы звярнуўся да людзей і папрасіў іх, каб яны не загружалі членаў камісіі, якіх усяго крыху больш за дзясятак чалавек, пытаннямі, якія павінны вырашаць іншыя органы ўлады. «Яны (члены камісіі. — «Зв».), вядома, на гэта рэагуюць, але замяніць усіх не могуць, — патлумачыў беларускі лідар і расказаў аб нядаўнім звароце ў камісію жыхароў Жлобінскага раёна. Члены камісіі прыехалі на месца, разгледзелі скаргі, разабраліся, сабралі спецыялістаў, навучылі, параілі, што неабходна рабіць, каб падобнага не было. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы задаецца пытаннем: «А Міністэрства аховы здароўя дзе?»

Звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і на яшчэ адзін момант, звязаны з работай камісіі — дакладней, ліквідацыяй заўваг, прад’яўленых ёй установам аховы здароўя. «Усе губернатары кінуліся пыл у вочы пусціць: адрамантавалі ФАПы, раённыя бальніцы, грошы выдзелілі — пачаўся бурны рамонт, — канстатаваў беларускі лідар. — Гэта трэба зрабіць, я не супраць гэтага, але трэба разумець, што ФАПы, участковыя бальніцы павінны функцыянаваць і каб людзі былі задаволены».

Пры гэтым Прэзідэнт падкрсэліў, што ўстановы аховы здароўя павінны быць поўнасцю забяспечаны лекамі, а медыцынскі персанал павінен умець працаваць з людзьмі. «Не забывайцеся аб прафесіяналізме гэтых людзей, — дадаў ён. — А то зноў палацы створыце, і там сядзе ў крэсла нехта з медыцынскіх супрацоўнікаў, і вы дакладзеце, што ўсё зрабілі». Галоўнае, на думку кіраўніка дзяржавы, — прафесіяналізм людзей на месцах. 
«Трэба разглядаць у комплексе»

Спыніўся кіраўнік дзяржавы і на сваім ранейшым даручэнні прадаставіць медыкам права набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё. «Мы яго стваралі для асаблівых выпадкаў, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Для таго, каб вырашыць пэўныя праблемы, сёння прапаноўваюць частку гэтага жыцця зрабіць звычайным. Навошта стваралі гэтае арэнднае жыллё? Будавалі людзі, куплялі людзі — няхай бы будавалі і куплялі. Калі мы стварылі арэнднае жыллё, навошта яго прадаваць?» 

Урадам унесены праект Указа, які прадугледжвае адпаведныя ўмовы, у прыватнасці, для медыкаў. «Я шчыра скажу, не ў крыўду медыкам, — заўважыў Прэзідэнт. — Яны, вядома, малайцы (у пераважнай большасці): лечаць нас, ходзяць за намі і іншае — яны заслугоўваюць увагі. Але адну ўвагу я ўжо ім ўдзяліў, калі можна так сказаць. Тады пра жыллё не казалі, а казалі пра грашовае забеспячэнне, пра заробак. Я практычна ім пакінуў усе грошы, якія мы накіроўвалі для лячэнне COVID. Сёння ўжо пра заробак медыкі не кажуць. Не таму, што ён вялікі, бо ўжо нязручна казаць у параўнанні з іншымі».

Цяпер медыцынскія супрацоўнікі, як адзначае кіраўнік дзяржавы, уздымаюць пытанне аб жыллі. «Пасля таго, як мы выявілі вялізную колькасць недахопаў у сферы аховы хдароўя, назаўтра або нават у гэты час прыходзяць і кажуць: „Слухайце, вы нам яшчэ дайце“, — уводзіць у курс справы беларускі лідар. — Не зусім час удалы».

Аляксандр Лукашэнка не адмаўляе, што да гэтага пытання яшчэ трэба вярнуцца. Аднак, па яго словах, акрамя медыцынскіх работнікаў, у нас ёсць яшчэ і педагагічныя, сацыяльныя, ваеннаслужачыя (хоць па гэтай катэгорыі і прыняты пэўныя рашэнні), якія таксама могуць узняць жыллёвае пытанне. «І гэта справядліва пастаноўка пытання, дапусцім, з боку выкладчыкаў: у школах і ВНУ, — лічыць Прэзідэнт. — Справядлівая. А ці зможам мы яе задаволіць гэтых людзей?»

У выніку кіраўнік дзяржавы даручыў разглядаць жыллёвае пытанне ў комплексе, пры гэтым падкрэсліў, што ўсе прапановы і рашэнні, якія будуць прымацца, павінны быць добра прадуманымі, дакладнымі, зразумелымі і абавязкова справядлівымі для людзей. 

«Нарадзіў дзіця — ты за яго галавой адказваеш»

Яшчэ адно надзённае пытанне, якое было даручана разгледзець ураду, — як бацькі выкарыстоўваюць дапамогі на дзяцей. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ідуць гэтыя дзяржаўныя сродкі на патрэбы дзіцяці. 

«Мы выдаткоўваем немалыя грошы для таго, каб падтрымаць дзетак, — нагадаў беларускі лідар, удакладніўшы, што размова ідзе не толькі пра шматдзетныя сем’і. — Цяпер амаль у 10 тысячах сем’яў дзеці прызнаны тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 10 тысяч сем’яў не могуць дагледзець як належыць сваіх дзяцей. Нядбайныя бацькі проста прапіваюць дзіцячыя дапамогі, а церпяць дзеці».

Прэзідэнт нагадаў, што ўжо патрабаваў ад урада зрабіць усё, каб грошы, якія дзяржава выдзяляе для дзяцей, даходзілі да дзяцей, а не выкарыстоўваліся нядбайнымі бацькамі для набыцця чарговай бутэлькі. «Я вас папрасіў — прымяняйце любыя меры, расказаў вам аб сваім горкім вопыце, калі я кіраўніком працаваў і якія меры прымаў», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Пазіцыя кіраўніка дзяржавы па гэтым пытанні адназначная — грошы, якія выдзяляюцца дзяржавай, павінны даходзіць да дзяцей, а не да бацькоў, якія злоўжываюць алкаголем. «Дзеці ні ў якім разе не павінны быць абдзелены, а безадказных бацькоў трэба прыводзіць у прытомнасць — перакананы ён. — Нарадзіў дзіця — ты за яго галавой адказваеш. Не хочаш — прымусім». 

«Галоўнае — вынік»

Абмяркоўваючы тэму спорту, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з 4 па 14 жніўня 2023 года ў 11 гарадах Беларусі пройдуць ІI Гульні краін СНД. «У існуючых умовах гэты фестываль спорту набывае асаблівае значэнне для беларускіх спартсменаў і шырокага кола нашых сяброў, якія пацвердзілі ўдзел, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба не проста правесці Гульні на самым высокім узроўні. Мы павінны ў чарговы раз паказаць, што Беларусь — адкрытая і міралюбівая краіна, дзе створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы для нашых людзей і нашых гасцей».

Аднак галоўнае, вядома, — вынік. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што ў беларусаў няма ніякага маральнага права выступіць на гэтых Гульнях дрэнна. 

У завяршэнні нарады Прэзідэнт перасцярог віцэ-прэм’ераў, а таксама іншых адказных асоб, каб не прыкрываліся ў праблемных пытаннях, перш за ўсё эканамічнага характару, санкцыямі. Вялікі патэнцыял у вырашэнні многіх праблем кіраўнік дзяржавы бачыць у губернатарах. Так, эканоміка працуе — і гэта факт. Аднак самазаспакойвацца, на думку беларускага лідара, пакуль рана. Па ўсіх напрамках развіцця трэба рухацца ў два, а то і ў тры разы хутчэй. А праблемы, якія хоць і нязначныя, але могуць паўплываць на сітуацыю ў будучыні, трэба бачыць і вырашаць ужо сёння. 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.