Вы тут

Загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» пра ўдзел у міжнародных праектах


Найлепшым сведчаннем высокага прафесіяналізму супрацоўнікаў любой выдавецкай установы служаць узнагароды міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, атрыманыя за дасягненні ў галіне мастацка-тэхнічнага афармлення і паліграфіі. На ліку выдавецтва «Беларусь» такіх безліч. Без малога месяц назад у спісе заваяваных вяршынь з’явілася яшчэ адна назва — «Кітап-Байрам». На аднайменным Міжнародным кніжным кірмашы, які ўпершыню прайшоў у сталіцы Рэспублікі Башкартастан 26–28 мая, «Беларусь» атрымала Гран-пры. Пра ўдзел у гэтым і іншых міжнародных праектах распавяла загадчыца аддзела рэкламы выдавецкай установы Анжэла Садоўская, якая ўзначальвала беларускую дэлегацыю на кніжным форуме ў далёкай Уфе.


— Якім выданням выпала прадстаўляць Беларусь на міжнародным кірмашы ў Башкартастане?

— Перш за ўсё хацелася б адзначыць, што Міжнародны кніжны кірмаш праводзіцца ва Уфе ўпершыню, таму арганізатары вельмі хваляваліся. Але падтрымку выстаўцы аказваў сам кіраўнік рэспублікі Радзій Хабіраў. Ён паставіў на асабісты кантроль усе пытанні, звязаныя з яе арганізацыяй і правядзеннем.

Кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў уручае ўзнагароду выдавецтву «Беларусь».

З беларускіх выдавецтваў запрашэнне да ўдзелу ў выстаўцы атрымала толькі наша ўстанова. Да таго ж да беларускай дэлегацыі далучыўся Саюз пісьменнікаў Беларусі — у асобе першага намесніка старшыні Алены Стэльмах. Акрамя нашага, на стэндах было прадстаўлена больш ад 20 выдавецтваў з розных рэгіёнаў Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана.

На сёння ў прайс-лісце «Беларусі» налічваецца каля шасцісот найменняў, і, зразумела, на адным невялікім стэндзе мы не маглі ўсё гэта прадэманстраваць — давялося выбіраць... Акцэнт рабіўся на масава-палітычнай літаратуры і літаратуры па краязнаўстве. Паколькі ехалі туды ўпершыню, вырашылі, што трэба прадставіць кнігі, якія пазнаёмілі б жыхароў Башкартастана з нашай культурай, гісторыяй і знакамітымі суайчыннікамі.

Таму, вядома, мы прывезлі туды альбом прадстаўнічага класа «Беларусь праз стагоддзі ў будучыню», дзе змешчана інфармацыя аб усіх шасці абласцях нашай краіны. Таксама ўзялі з сабой альбом «Белавежскае дзіва», дзве кнігі вядомага публіцыста Андрэя Мукавозчыка, дзве кнігі па кулінарыі і гісторыі — «Смак беларускай гісторыі» і «Беларуская кухня» — і выпушчаную пад эгідай Генеральнай пракуратуры дакументальна-публіцыстычную дылогію «Генацыд беларускага народа», якая атрымала ў нас шырокі рэзананс.

Натуральна, мы хацелі, каб людзі не проста пагарталі старонкі, а яшчэ і пачыталі тое-сёе, таму перавага аддавалася рускамоўным выданням і альбомам адразу на трох мовах (англійскай, беларускай і рускай). Акрамя багатага ілюстрацыйнага матэрыялу, у такіх кнігах можна знайсці і вельмі цікавыя звесткі, бо аўтары, з якімі мы працуем, — нярэдка людзі з вучонымі ступенямі, прафесіяналы. Не забылі і пра дзіцячую літаратуру: у нас ёсць вельмі прыгожыя дзіцячыя выданні з маляўнічымі ілюстрацыямі. Словам, мы бралі кнігі, якія маглі б быць цікавымі самым розным пластам насельніцтва.

— Паводле вашых назіранняў, якія з іх карысталіся найбольшай папулярнасцю?

— Да нашага стэнда ўвогуле быў вялікі інтарэс. Падыходзіла кіраўніцтва рэспублікі, прадстаўнікі ўлады, рэгіянальных і федэральных СМІ. Усе нязменна адзначалі высокую якасць паліграфіі. І, мушу сказаць, на фоне іншых экспанентаў Беларусь выглядала вельмі дастойна. Пацвярджэнне таму — прывезеныя намі ўзнагароды. Так, спецыяльнага прыза кіраўніка Рэспублікі Башкартастан, Гран-пры форуму была ўдастоена кніга «Народнае мастацтва Беларусі XVI — XXI стст.» — вынік сумеснага праекта выдавецтва «Беларусь» і Нацыянальнага мастацкага музея. Акрамя таго, дыпломам I ступені ў намінацыі «Выданне, якое ўносіць уклад у дыялог культур» была адзначана кніга «Смак беларускай гісторыі» Алены Мікульчык, а ў намінацыі «Абавязак памяці» спецыяльны дыплом атрымала выданне «Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі» Алены Харашэвіч і Анатоля Шаркова.

А што тычыцца цікавасці з боку звычайных наведвальнікаў... У беларусаў з насельнікамі Башкартастана, як высветлілася, шмат агульнага — яны, гэтаксама як і мы, шануюць сваю гістарычную памяць, вельмі беражліва ставяцца да традыцый, гісторыі, праслаўляюць нацыянальных герояў. То-бок, ментальна мы вельмі блізкія. Мы дзелім адны і тыя ж каштоўнасці: сям’я, павага да старэйшых, любоў да Радзімы... У нас сапраўды шмат пунктаў судакранання. 

Асаблівым попытам сярод наведвальнікаў карысталіся альбомы па краязнаўстве. Вялікую зацікаўленасць выклікалі кнігі па кулінарыі і дзіцячая энцыклапедыя «Падарожжа ў свет прыроды», у якой паведамляецца аб жывёльным свеце Беларусі. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што наша прадукцыя па афармленні, паліграфічным выкананні знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Кажу не толькі аб выдавецтве «Беларусь», а маю на ўвазе паліграфію краіны ў цэлым.

— Вы кажаце, што прыярытэт аддаваўся кнігам на рускай мове, але сярод наведвальнікаў, пэўна ж, былі і беларусы... 

— Так, у Башкартастане ёсць дыяспара, а пры ёй — бібліятэка. У гэтым рэгіёне жывуць перасяленцы з Беларусі, прытым даўно, ужо не адно пакаленне. Лік ідзе нават не на сотні і тысячы чалавек. І ў апошні дзень форуму прадстаўнікі дыяспары сапраўды наведалі наш стэнд. Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, яны ўдзельнічалі ў гастрафэсце ў межах кірмашу, прадстаўлялі на ім стравы беларускай кухні. На сталах стаялі пальцам пханая каўбаса, дранікі са смятанай... Мы перадалі кнігі для іх бібліятэкі. Канешне, усе былі вельмі радыя. Калі вось так сустракаеш земляка далёка ад дома, гэта заўсёды прыемна і кранальна.

Па словах прадстаўнікоў Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі беларусаў Башкартастана, цэнтрам захавання і развіцця беларускай культуры ў Рэспубліцы Башкартастан можна назваць Іглінскі раён, дзе пражывае найбольшая колькасць беларусаў. У сяле Балтыка працуе беларускі гісторыка-культурны цэнтр «Спадчына», які ставіць сваёй галоўнай задачай адраджэнне беларускай мовы і культуры. На башкірскай зямлі дзейнічае народны ансамбль «Сябры», а ў трох мясцовых школах выкладаецца беларуская мова. 

Акрамя таго, падчас згаданага гастрафэсту мы абмяняліся тэматычнымі выданнямі з дырэкцыяй выстаўкі. У Беларусь адправілася кніга, прысвечаная башкірскай кухні, а ў Башкартастане застаўся «Смак беларускай гісторыі». Усё гэта праходзіла на галоўнай сцэне... Адзначу яшчэ адзін вельмі важны вынік нашай паездкі — у рамках I Міжнароднага кніжнага кірмашу «Кітап-Байрам» мы заключылі з выдавецтвам «Кітап» дагавор аб культурным супрацоўніцтве. 

Кніга — лаўрэат галоўнага прыза I Міжнароднага кніжнага кірмашу «Кітап-Байрам» побач з узнагародай.

— Распавядзіце пра гэта падрабязней. 

— Дадзены дагавор аб культурным супрацоўніцтве прадугледжвае, што на працягу года выдавецтва «Беларусь» абяцае выпусціць кнігу башкірскага аўтара. Якая гэта будзе кніга, мы яшчэ не ведаем, але, каб не перакладаць, яна павінна быць на рускай мове. Магчыма, дзіцячая літаратура, магчыма, мастацкая... У сваю чаргу мы прапануем башкірскаму выдавецтву выпусціць каго-небудзь з нашых аўтараў. У Беларусі хапае цікавых дзіцячых пісьменнікаў і ўдумлівых краязнаўцаў. Хутчэй за ўсё, вылучым адразу некалькі кандыдатур, аднак падрабязна гэта пакуль не абмяркоўвалі. 

Выданні будуць распаўсюджвацца праз бібліятэкі і кніжныя крамы абедзвюх краін. Мы абавязкова правядзём у рамках гэтага праекта нейкую рэкламную кампанію ў сродках масавай інфармацыі, падключым і электронныя СМІ для шырокага розгаласу і будзем трымаць чытачоў у курсе. 

Падпісанне дагавора аб культурным супрацоўніцтве паміж выдавецтвамі «Беларусь» і «Кітап».

— У якіх яшчэ міжнародных праектах бярэ ўдзел «Беларусь»?

— Традыцыйна мы ўдзельнічаем у выстаўках і кніжных фестывалях у Санкт-Пецярбургу і Маскве, але ж іншыя рэгіёны Расіі цікавыя не менш. У тым жа Башкартастане ёсць што паглядзець, гэта ўнікальная зямля. Лічу, чым больш мы будзем расказваць пра нашу краіну за мяжой, тым больш там будзе цікавасці да нас. А тое, што пачынаецца са слоў «Мы проста хочам распавесці аб сваёй краіне», абавязкова канвертуецца ў рост турызму і, адпаведна, — у грошы. Важна разумець, што кнігі не проста ствараюць ідэалагічны фон, а яшчэ знаёмяць з нашай культурай, што ў выніку станоўча адбіваецца на эканоміцы. 

«Беларусь аб Беларусі: гісторыя краіны з 1921 года» — так гучыць слоган выдавецтва, і галоўную сваю задачу мы бачым у папулярызацыі і прасоўванні беларускай культуры. Гэта тое, чым мы і займаемся, у прыватнасці, беручы ўдзел у рознага кшталту інтэрнацыянальных выстаўках. 

Сёння, на вялікі жаль, эканамічныя пытанні стаяць востра, таму ўдзел у падобных выязных мерапрыемствах ускладняецца. Па магчымасці ў тых выстаўках, у якіх не можам узяць удзел асабіста, бяром экспазіцыйна — то-бок, перадаём кнігі для экспанавання. Не так даўно на нас выходзіў з прапановай аб удзеле ў міжнароднай кніжнай выстаўцы Кітай, але пакуль гэта ажыццявіць цяжка. Як бы там ні было, мы заўсёды гатовы пашыраць геаграфію свайго супрацоўніцтва і робім для гэтага ўсё магчымае. 

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ 

Фота з сайта izdatelstvo.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.