Вы тут

Чаму ў спёку балоты могуць стаць выратаваннем


Штогод 17 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай. Сёлета ён праходзіў пад дэвізам «Яе зямля — яе правы». Як растлумачыла Людміла БАРТАШЭВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды, такім чынам акцэнтавалася ўвага на тым, што жанчыны ўносяць вырашальны ўклад у захаванне Зямлі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у розных экалагічных мерапрыемствах, задзейнічаныя на вытворчасцях і ў навуцы, прасоўваючы зялёныя тэхналогіі, захоўваючы прыродныя багацці, сярод якіх асаблівае месца займае вада.


Здавалася б, тэма апустыньвання і засухі да Беларусі, краіны блакітных азёраў, не мае ніякага дачынення. Аднак у прыродзе ўсё ўзаемазвязана, і праблема дэградацыі глеб, якая актуальная для нашай краіны, аказваецца адной з ключавых у сусветным парадку дня захавання водных рэсурсаў, біяразнастайнасці і харчовай бяспекі.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя беларускія балоты займалі каля 4,5 млн га. Гэта каля 22 % тэрыторыі краіны. Ідэя ўцягнуць тыя землі ў сельскагаспадарчы абарот прывяла да масавай кампаніі па меліярацыі, у выніку якой плошча балот да сённяшняга дня скарацілася амаль у два разы. Асушваючы тарфянікі, першапачаткова не задумваліся аб экалогіі і тых наступствах, да якіх такая кампанія можа прывесці ў навакольным асяроддзі. Бо балоты — гэта натуральныя рэзервуары вады, якія захоўваюць і падтрымліваюць у стабільным стане біяцэнозы. Вада — гэта жыццё! Па словах Міхаіла МАКСІМЕНКАВА, старшага навуковага супрацоўніка НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, нашы тарфянікі назапашваюць каля 7 млрд кубаметраў вады. Для параўнання, у возеры Нарач 720 млн кубаметраў вады, гэта ў дзесяць разоў менш.

Шырокія водна-балотныя ўгоддзі фарміруюць пэўны гідралагічны рэжым, садзейнічаюць згладжванню тэмпературных перападаў, прадухіляюць пажаранебяспечныя сітуацыі, захоўваюць біяразнастайнасць. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да нераўнамернага выпадзення ападкаў як па месяцах, так і канкрэтных праявах, калі моцныя, але кароткачасовыя ліўні змяняюцца працяглай спякотай. У гэтых выпадках такая неабходная раслінам вільгаць хутка сыходзіць і глеба высыхае. Балоты ж служаць своеасаблівым прыродным акумулятарам вады, дзе яна можа назапашвацца і потым паступова расходавацца.

Меліярацыя мінулага стагоддзя была накіравана на асушэнне. Наступствы не прымусілі доўга чакаць. Дэградацыя земляў стала прыкметная ўжо праз пару дзясяткаў гадоў. Навуковыя даследаванні, назіранні эколагаў, публічныя абмеркаванні тэмы садзейнічалі таму, што ў выніку з'явілася праграма па рэабілітацыі балот. Сёння вядзецца вялікая работа па аднаўленні і захаванні водна-балотных тэрыторый. Пры гэтым, як растлумачыў Аляксандр Анжанкоў, дырэктар РУП «Інстытут меліярацыі» НПЦ НАН Беларусі па земляробстве, сучасная меліярацыя — гэта асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы. Работа спецыялістаў накіравана на зберажэнне вады, яе рацыянальнае выкарыстанне. Рэгуляванне, размеркаванне і кіраванне воднымі рэсурсамі — асноўныя прынцыпы меліяратараў.

Што ж датычыцца дэградацыі аграландшафтаў, то яны ў абсалютнай большасці выкліканы нерацыянальным выкарыстаннем зямель, парушэннем культуры землекарыстання. Сёння арашэнне — самае дарагое мерапрыемства. На практыцы яно павінна быць як рэзерв, крайняя мера. Паліваць траву — дорага і эканамічна неэфектыўна. На тэрыторыях дробнапакладовых тарфянікаў неабходна вырошчваць шматгадовую траву, якой штучнае арашэнне не патрабуецца.

Спякотныя перыяды, якія пачасціліся ў апошнія гады, пры адсутнасці ападкаў таксама аказваюць пэўны ўплыў і на відавую разнастайнасць мясцовай флоры і фаўны. Усё часцей фіксуюцца факты з'яўлення раней нехарактэрных для нашай тэрыторыі жывёл і раслін. Аднак, на думку навукоўцаў, казаць пра нейкія глабальныя змены кліматычных зон пакуль заўчасна. Зрухі меж арэалаў — звычайная з'ява і могуць у часе змяняцца як у адзін бок, так і ў іншы. Але сачыць за працэсам неабходна.

Дарэчы, у чэрвені ў краіне зноў усталявалася цёплае надвор'е без працяглых ападкаў. Калі звяры і птушкі мабільныя і могуць самастойна знайсці стабільныя крыніцы вады, то вось зялёныя насаджэнні, асабліва высаджаныя ў населеных пунктах у вясновы перыяд бягучага года, аказаліся пад пагрозай усыхання. Мінпрыроды ў засушлівыя дні аб'явіла экстранную акцыю «Палі дрэва — захавай яму жыццё!» Такім чынам кожны жыхар краіны можа зрабіць свой унёсак у захаванне маладых зялёных насаджэнняў.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.