Вы тут

Гранітныя горы, малочныя тоны і «чырвонае золата» лунінеччыны


Лунінецкі раён — трэці па велічыні ў Брэсцкай вобласці — займае 2708,5 км2. За свае дасягненні палескі край сёлета трапіў на рэспубліканскую Дошку гонару, а на абласной Дошцы гонару адзначаны дасягненні мясцовых будаўнікоў — арганізацыі ПМК-19. Асаблівасці Лунінеччыны — яркая прырода «беларускай Амазонкі» Прыпяці, сакавітыя клубніцы і прамысловы гранітны кар’ер, які часам параўноўваюць з гранд-каньёнам у амерыканскай Арызоне. Чым яшчэ вабіць і здзіўляе край, расказаў яго гаспадар — старшыня Лунінецкага раёна Аляксандр Савіна.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Ад сельгаспрадпрыемстваў — малако, ад фермераў — гародніна

Летась усе арганізацыі раёна папрацавалі зладжана, што і прывяло Лунінецкі край на рэспубліканскую Дошку гонару, упэўнены старшыня Лунінецкага раёна:

— Някепска паказаў сябе найбуйнейшы ў Еўропе вытворца нярудных будаўнічых матэрыялаў Мікашэвіцкі «Граніт», асноўны рынак збыту прадукцыі якога — айчынны і расійскі. Будаўнікі таксама працуюць зладжана. Хаця 2022-і па кармавой базе выдаўся складаным для сельскагаспадарчых арганізацый, тэмпы па вытворчасці малака вытрымліваюцца. Людзі выпрацавалі стратэгію, збалансавалі рацыёны па пажыўнасці, уводзілі ў харчаванне патаку, жамерыны, бульбу.

Вынік атрымаўся станоўчы. Штодня ў раёне вырабляецца каля 300 тон малака, 286 тон з якіх паступаюць ад сельгасарганізацый, астатнія — ад фермераў і прыватных гаспадароў. Малочны завод, такім чынам, загружаны работай на 100%.

— Мясцовую марку «Асаблівае» беларусы добра ведаюць, таму прадпрыемства павялічвае аб’ёмы паставак натуральнамалочнай прадукцыі на ўнутраны рынак. А вось Расія, Казахстан, Узбекістан і нават Кітай ласуюцца маслам і сухім малаком, — заўважыў старшыня.

66 мясцовых фермерскіх гаспадарак і 12 сельгасарганізацый забяспечваюць больш за 40% валавога аб’ёму гародніны, што вырабляецца ў раёне, амаль 20% — па краіне. Але з’яўляюцца і сур’ёзныя ягаднікі, адзін з якіх мае, напрыклад, ужо 60 гектараў ажын. Сельгасарганізацыі таксама займаюцца раслінаводствам, але гэта ў асноўным зерневыя і кармавыя культуры для жывёлагадоўлі.

Клубніцы год кормяць

Цяпер у раёне клубнічны пік — жыхары Лунінеччыны цалкам уцягнутыя ў працэс збору ягад, які пачынаецца з чатырох гадзін раніцы. А ўжо з шасці горад і раён гудуць і на вуліцах «гадзіна пік» — усе вязуць прадукцыю на продаж. Праз прыватны рынак у вёсцы Дварэц, якая лічыцца клубнічнай сталіцай Беларусі, ужо прайшло больш за дзве тысячы тон духмянага прадукту, які тут называюць «чырвоным золатам», расказаў Аляксандр Савіна:

— Нягледзячы на маразы, аб’ём атрымаўся неблагі. Штогод за сезон рэалізоўваецца да чатырох тысяч тон клубніц. Радуе, што да гэтай справы ўсё больш далучаецца моладзь, прычым робіць гэта тэхналагічна: ставіць цяпліцы плошчай да некалькіх гектараў, робяць кропельны паліў. Каб вырасціць культуру, трэба аддаць ёй увесь год: пасадка, праполка, падкормка, догляд. Тыя, хто займаецца клубніцамі ўсур’ёз, год жывуць на заробленыя на ягадах грошы.

Белае і Чорнае

Прыцягваюць турыстаў не толькі клубніцы, але і прыродныя краявіды. На раку Прыпяць, напрыклад, многія едуць паназіраць за птушкамі. А месца ўпадзення ракі Случ у Прыпяць вабіць пойменнымі дубровамі. Сёлета, дзякуючы вялізнай паводцы на Прыпяці ладзілі сплавы ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць», які знаходзіцца на тэрыторыі Палесся ў межах Лунінецкага і Пінскага раёнаў.

— Я сам удзельнічаў у такім шасцігадзінным сплаве, вельмі спадабалася, — падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Савіна. — 19 кіламетраў прайшлі на адным дыханні. На Палессі да разводдзя ставяцца з разуменнем, бо раней вялікія паводкі здараліся штогод, таму і хаты ставілі на месцах вышэй. Аднак усе разумеюць, што гэта часовая з’ява, значна горш, калі засуха, бо пакутуюць сельгаскультуры.

Яшчэ адна адметнасць раёна — возера Белае — адно з самых чыстых і прыгожых азёр Брэстчыны, якое таксама прыцягвае мноства турыстаў. Тут, дарэчы, расце чырванакніжная лілея — Лабелія Дортмана, якая адлюстравана на гербе горада. А непадалёк ад Белага знаходзіцца забалочанае возера Чорнае. Месца прыцягнення аматараў падарожжаў — лясныя масівы, дзе можна як паблукаць, так і папаляваць: са стрэльбай ці фотаапаратам.

— Палессе цікавае не толькі сваёй прыродай, але і аўтэнтычнымі населенымі пунктамі, дзе жывуць цікавыя людзі, — заўважыў кіраўнік раёна. — Напрыклад, жыхары вёскі Багданаўка ў сезон (у вольны час) хіба што не ўсёй вёскай выходзяць у чарніцы, грыбы. Гадоў дзесяць таму актыўна займаліся продажам венікаў для лазні.

Планы будучыя і сённяшнія

Практычна ў кожнай з гаспадарак раёна плануецца будаўніцтва новых аб’ектаў, падзяліўся кіраўнік бачаннем будучыні раёна:

— У Любачыне, напрыклад, з’явіцца малочнатаварны комплекс, у Вульцы-1 і Рэдзігерава — жывёлагадоўчыя памяшканні для ўтрымання дойнага статка. На прадпрыемстве «Палессеэлектрамаш», якое ўваходзіць у ініцыятыву «адзін раён — адзін праект», плануецца мадэрнізаваць лінію па вытворчасці электрарухавікоў. На малочным заводзе збіраюцца павялічыць асартымент прадукцыі (у прыватнасці сухія сумесі), для чаго неабходна ўзняць магутнасці прадпрыемства па перапрацоўцы.

Нямала і дарожных планаў. Вядзецца рэканструкцыя пуцеправода, кошт якой каля 11,5 мільёна рублёў. У Лунінцы заасфальтавалі вуліцу Чырвоную, у Мікашэвічах — Маякоўскага. Вуліца Ф. Скарыны ў Мікашэвічах цяпер у рабоце, шмат вуліц у абодвух гарадах — у перспектыве. Робіцца гэта за кошт раённых, абласных і рэспубліканскіх сродкаў.

Вялікую ролю ў жыцці раёна працягвае адыгрываць і чыгунка, дзе працуе шмат мясцовых жыхароў. Нават на гербе горада змешчаны дзве стралы, якія сімвалізуюць сабой чыгуначныя напрамкі. А Дзень горада калісьці адзначаўся ў Лунінцы сумесна з Днём чыгуначніка. Цяпер Дзень горада святкуецца бліжэй да даты яго вызвалення — у другую нядзелю ліпеня.

Будуецца ў раёне і жыллё: шматкватэрнае і індывідуальнае. Напрыканцы мінулага года ў Лунінцы здалі дом для ваеннаслужачых, для іх жа цяпер будуецца яшчэ адзін, нядаўна ўзведзены дом у Мікашэвічах, дзе больш за палову кватэр для сваіх супрацоўнікаў збудавала прадпрыемства «Граніт».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.