Вы тут

Стаць студэнтам — праз універсітэцкія алімпіяды


З бягучага года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачнуць рыхтаваць архітэктараў. Адпаведная спецыяльнасць упершыню адкрываецца на інжынерна-будаўнічым факультэце. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі «Уступная кампанія на прыкладзе Гродзенскай вобласці» адказны сакратар прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына КАРЛЮКОВА. Пры паступленні на новую спецыяльнасць прадугледжаны ўступны іспыт па творчасці, які здаецца непасрэдна ва ўніверсітэце. Пасля шасці гадоў навучання выпускнік атрымае кваліфікацыю «Архітэктар» і ступень магістра.


Фота: БелТА

Ірына Карлюкова таксама нагадала, што летась ва ўніверсітэце адкрыліся яшчэ некалькі новых перспектыўных спецыяльнасцяў «Аналітычная біяхімія», «Біяхімія лекавых сродкаў» і «Вэб-журналістыка». Каб быць у курсе ўсіх спраў, абітурыентам варта часцей зазіраць на сайце ўніверсітэта ў раздзел «Як паступіць?» «Уступная кампанія 2023: ад «А» да Я», дзе кожны тыдзень з'яўляюцца новыя стрымы. З іх можна даведацца пра адметнасці таго ці іншага факультэта, кожную спецыяльнасць, новаўвядзенні прыёмнай кампаніі, жыццё студэнтаў па-за вучобай, пра студэнцкі гарадок і гэтак далей. Сёлета план прыёму на дзённую форму навучання ў Купалаўскім універсітэце складае 1166 чалавек. 163 абітурыенты ўжо сталі студэнтамі: 128 з іх паступілі ў рамках мэтавага набору і 35 — па выніках праведзеных унутрыўніверсітэцкіх алімпіяд.

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце студэнтамі першага курса сталі 16 абітурыентаў, якія перамаглі ва ўнутрыўніверсітэцкай алімпіядзе. Адказны сакратар прыёмнай камісіі гэтай ВНУ Фаціма ГАДЖЫЕВА параіла абітурыентам абавязкова скарыстацца новай магчымасцю, якую атрымалі рэгіянальныя ўніверсітэты, у наступную прыёмную кампанію — паспрабаваць свае сілы яшчэ да старту асноўнай уступнай кампаніі.

— Гродзенскі медуніверсітэт — брэндавая ўстанова. Сёлета ён адзначыць сваё 65-годдзе.Таму ўсім, хто стане нашымі першакурснікамі, пашчасціць паўдзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах, прымеркаваных да юбілею, — падкрэсліла Фаціма Гаджыева. — На цяперашні момант ва ўніверсітэце навучаюцца 4614 студэнтаў. Гродзенскі медуніверсітэт — адзіны профільны ўніверсітэт у краіне, дзе адкрыты медыка-псіхалагічны факультэт. Там рыхтуюць спецыялістаў па трох кірунках: псіхіятр-нарколаг, урач-псіхатэрапеўт і ўрач-неўролаг. Самы малады ва ўніверсітэце — медыка-дыягнастычны факультэт, дзе рыхтуюць спецыялістаў па профілі інструментальнай і лабараторнай дыягностыкі, рэнтгеналагічнай дыягностыкі і ўльтрагукавой дыягностыкі. Размова ідзе менавіта пра дыягностаў, якія не займаюцца ўрачэбнай практыкай, таму навучанне вядзецца пяць гадоў. Таксама ў Гродзенскім медуніверсітэце можна атрымаць вышэйшую медыцынскую сястрынскую адукацыю. У гэтым годзе будзе весціся набор ахвотных стаць медыцынскай сястрой з вышэйшай адукацыяй на завочную платную форму навучання. На гэтыя мэты выдзелена 30 месцаў. Умова — наяўнасць сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі.

Па словах Фацімы Гаджыевай, 16 чэрвеня ва ўніверсітэце завяршыўся набор на мэтавую падрыхтоўку, якая становіцца для медыцынскіх ВНУ цяпер асноўнай. Так, напрыклад, на педыятрычным факультэце мэтавы набор даходзіць да 80 працэнтаў ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў. Усяго план набору ў медуніверсітэт складае ў гэтым годзе 665 чалавек, але 320 месцаў ужо занятыя хлопцамі і дзяўчатамі, якія паступалі ў рамках мэтавага набору. Сярэдні конкурс на адно мэтавае месца склаў 1,5 чалавека. Такім чынам, на бюджэтнай форме навучання засталося 154 месцы і 175 месцаў — на платнай форме навучання.

З 15 чэрвеня ў Гродзенскай вобласці, як і ў астатніх рэгіёнах краіны, пачалася ўступная кампанія на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Батура.

— У 2023—2024 гадах мы плануем арганізаваць адукацыйны працэс па 40 спецыяльнасцях і 70 кваліфікацыях, а таксама адкрыць і аднавіць падрыхтоўку па найбольш запатрабаваных для рэгіёна спецыяльнасцях і кваліфікацыях. Так, у Лідскім дзяржаўным політэхнічным каледжы плануецца ажыццяўляць падрыхтоўку па прафесіі выдзімальнік шкловырабаў, у Мірскім дзяржаўным каледжы адновяць прыём па кваліфікацыі «Рэстаўратар помнікаў каменнага дойлідства», — падкрэсліў Андрэй Батура. — Трэба нагадаць, што сёлета прыём мы ажыццяўляем па новым дзяржаўным класіфікатары спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Таму калі раптам нехта ў даведніках не знойдзе для сябе звыклую назву спецыяльнасці, не варта хвалявацца. Практычна ўсе раней вядомыя прафесіі ў гродзенскіх каледжах засталіся, усю дадатковую інфармацыю пра іх можна даведацца на сайтах устаноў адукацыі або ўдакладніць па тэлефонах прыёмных камісій.

На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2023 годзе ва ўстановы Гродзеншчыны плануюць прыняць больш за 4 тысячы навучэнцаў. План мэтавай падрыхтоўкі складае 542 чалавекі, або 30 % ад кантрольных лічбаў прыёму на дзённую бюджэтную форму. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца арганізаваць адукацыйны працэс па 26 спецыяльнасцях і 28 кваліфікацыях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.