Вы тут

Па маршруце «Цягніка памяці» — Гомельшчына


Эмацыянальна насычаную і пазнавальную праграму для дэлегатаў патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік памяці» падрыхтаваў Гомельскі рэгіён. Яго ўдзельнікаў сёння ўрачыста сустрэлі ў Жлобіне.


На пероне чыгуначнага вакзала райцэнтра для школьнікаў, якія прадстаўляюць Беларусь, Расію, Арменію і Кыргызстан, разгарнулася прывітальнае дзейства. Юнакоў і дзяўчат віталі сцягамі ў колерах нацыянальнай сімволікі чатырох брацкіх краін. Па традыцыі ад жыхароў горада, які сустракае «Цягнік памяці», удзельнікам праекта ўручылі каравай. 

З прыбыццём на Гомельшчыну школьнікаў павіншаваў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

— Падзеі Вялікай Айчыннай мы павінны не толькі не забываць, але і абавязаны перадаваць гэту памяць сваім сябрам, аднагодкам і падрастаючаму пакаленню. Захоўваючы гэту памяць, мы захоўваем сябе, сваю нацыю, гісторыю, — падкрэсліў Дзмітрый Алейнікаў.

На пероне падчас сустрэчы «Цягніка памяці» тым часам разгарнулася палявая пошта. Кожны жадаючы мог напісаць і даслаць ліст-падзяку ветэранам, а ў «Кнізе памяці» пакінуць запіс аб ваенным подзвігу сваіх прадзедаў.

Далей удзельнікі «Цягніка памяці» наведалі мемарыяльны комплекс ў аграгарадку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Юнакі і дзяўчаты ўсклалі кветкі да помніку дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь Жлобіншчыны падрыхтавала паэтычную рэканструкцыю трагічных падзей, якія разгарнуліся на тэрыторыі Чырвонага Берага ў гады фашысцкай акупацыі. Для ўдзельнікаў «Цягніка памяці» правялі экскурсіі па тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Школьнікі таксама наведалі сядзiбны комплекс ХIХ стагоддзя Козел-Паклеўскiх, размешчаны непадалёк ад мемарыялу.

Як дазналіся падлеткі, у гады нямецкай акупацыі сядзiбны комплекс ператварылi у нямецкi вайсковы шпiталь. Скарыстаўшыся тым, што тэрыторыя стала фактычна медбазай, каля будынка фашысты і арганiзавалi перавалачны пункт: частку адабраных дзяцей везлі як донараў у шпіталі, а частку — на працы ў Германію. У памяць пра трагедыю і створаны вядомы мемарыял «Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны».

Многія з удзельнікаў праекту «Цягнік памяці» падчас наведвання мемарыяла не маглі стрымаць слёз. Прадстаўніца дэлегацыі з Арарацкага рэгіёна Рэспублікі Арменія — Вардуі Аганян падзялілася, што ёй, падлетку вельмі цяжка і страшна ведаць, што і ў наш час дзеці гінуць на вайне. 

Уражаннямі ад знаёмства са знакавым месцам памяці падзялілася Марыяна Блахіна. Дзяўчына адзіная прадстаўляе на праекце свой рэгіён — Рэспубліку Паўночная Асеція, горад Уладзікаўказ.

— Да сённяшняга дня на маёй радзіме штогод навучаны год пачынаецца не як звычайна 1 верасня, а 5-га, бо мы адзначаем жалобныя дні па дзецях, загінулых у Беслане. Таму трагедыя дзяцей у Чырвоным Беразе мяне надзвычай кранула, — распавяла Марыяна. Дзяўчына — каардынатар маладзёжнай каманды «Вялікі перапынак», прымае ўдзел ва ўсіх патрыятычных конкурсах і праектах, якія праводзяцца ў яе родным горадзе.

— Наша рэспубліка — рэкардсмен па колькасці ўшанаваных герояў Вялікай Айчынай вайны. Я ганаруся маімі землякамі, якія ваявалі на фронце, — падкрэсліла госця з Уладзікаўказу. 

Прадстаўніца Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі — Дзіяна Хазіпава, распавяла, што Беларусь ад яе малой радзімы аддзяляе больш як чатыры тысячы кіламетраў. Але дзяўчына вельмі рада, што трапіла ў праект.

— Праходзіў вельмі жорсткі адбор. У нас быў конкурс — 20 чалавек на адно места ў праекце, — падзялілася Дзіяна Хазіпава. — Наш рэгіён даволі малады, ёсць гарады, заснаваныя толькі некалькі дзесяткаў гадоў таму. Таму многія не так шмат ведаюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Я ўдзячна, што магу праз такі праект дакрануцца і захаваць гэту гістарычную спадчыну.

Сапраўды ўнікальным праект «Цягнік памяці» ахарактарызаваў адзін з куратараў праекту — сенатар, які прадстаўляе Забайкальскі край Расійскай Федэрацыі, Баір Жамсуеў:

— Школьнікі, якія сталі яго ўдзельнікамі, – гэта не проста выдатнікі адукацыі, актывісты, гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якія сталі пераможцамі алімпіяд, конкурсаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Яны вельмі добра падрыхтаваныя тэарэтычна. Гэтыя веды падчас акцыі яшчэ больш узбагацяцца. Дзеці на свае вочы пабачаць гэтыя мемарыялы, месцы памяці.

Праект вельмі важны не толькі ў адукацыйным, пазнаваўчым плане, але і вызначаецца надзвычай шырокай геаграфія, такім меркаваннем падзяліўся дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія Аляксей Сандыкаў.

— Дзеці за суткі перамяшчаліся ў часавых паясах, па тысячы кіламетраў — на іх шляху падчас перамяшчэння з горада у горад, — звярнуў увагу прадстаўнік Арменіі. — Сёння падчас наведвання мемарыялу ў Чырвоным Беразе ніхто з дзяцей і дарослых не хаваў слёз, бо гібель на вайне дарослых людзей гэта, на жаль, — цана вайны. Але варта задумацца, што дзеці на вайне за мір, за перамогу, за бестурботнае дзяцінства таксама плацяць сваім жыццём. Перакананы, што пасля наведвання гэтага мемарыялу, удзельнікі праекту ўжо не будуць такімі, як раней, бо гэта важна пераасэнсаваць.

Куратар праекта «Цягнік памяці» член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Віктар Лісковіч звярнуў увагу на тое, што патрыятычны культурна-адукацыйны праект «Цягнік памяці» атрымаў самую шчырую падтрымку і ўвагу з боку кіраўнікоў брацкіх краін. 

— Дзецям вельмі цікава, яны разумеюць, адчуваюць вельмі правільна тое, што адбывалася ў тыя трагічныя ваенныя гады. Яны стануць праваднікамі ўбачанага для сваіх аднагодкаў, калі вярнуцца дадому. Беларусь, Расія, Арменія і Кыргызстан аб’ядналіся як адно цэлае і гэта вельмі важна, — падзяліўся ў інтэрв’ю журналістам член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Віктар Лісковіч.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.