Вы тут

Кітайскі вучоны адкрывае «беларускі свет»


З Цзі Хэхэ, літаратуразнаўцам, які ў апошнія гады жыў і працаваў у Беларусі, закончыў аспірантуру Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, абараніў у нашай краіне кандыдацкую дысертацыю, мы гутарым анлайн ужо пасля яго беларускага перыяду жыцця. Цяпер малады даследчык працуе старшым выкладчыкам Інстытута замежных моў Хэнаньскага педагагічнага ўніверсітэта. 


— Як вы патрапілі ў Беларусь?

— 23 верасня 2019 года я прыехаў у Беларусь для вучобы ў аспірантуры. За плячыма ў мяне Хайнаньскі трапічны марскі ўніверсітэт — даволі аўтарытэтная навучальная ўстанова ў Кітаі. Хоць дагэтуль я ніводнага разу не быў у Беларусі, але вось нешта пацягнула мяне ў вашу прыгожую старонку. Праўда, раней у Кітаі я пазнаёміўся з хлопцамі з Мінска. З захапленнем слухаў іх аповеды пра Беларусь. І вось усё праляцела як адзін дзень. Сёлета, у 2023 годзе, напрыканцы студзеня я вярнуўся дадому... 

— Да паездкі ў Беларусь у вас былі якія-небудзь сістэмныя ўяўленні пра нашу краіну?

— Па-першае, беларускія сябры, якія з’явіліся ў Кітаі, тыя хлопцы з Мінска, зрабілі на мяне добрае ўражанне. І я следам за знаёмствам з імі чытаў мноства каментарыяў пра Беларусь у інтэрнэце. І ў выніку ў мяне склалася ўражанне, што беларусы — добры і гасцінны народ. Спрыялі развіццю вобраза вашай краіны і выкладчыкі нашага ўніверсітэта, якія даволі часта падкрэслівалі розныя станоўчыя адметнасці Беларусі і беларускага народа. Таму не выклікала здзіўлення, што пяць выпускнікоў нашага факультэта вучыліся ці працавалі ў такой дзіўнай краіне, і літаральна ўсе аказаліся ўлюбёнымі ў Беларусь. І вось цяпер, набыўшы ўласны беларускі вопыт, разумею, што працуе ўсвядомленая і захопленая перадача ад сустрэчы з добрым беларускім народам, з прыгожай краінай, якая даволі гарманічна развіваецца. І ў выніку незабыўныя ўражанні пашыраюць у Кітаі ўяўленні пра Беларусь у цэлым кітайскім грамадстве. І тое, што мы, беларусы і кітайцы, палітычна аформіліся як «жалезныя браты», — даволі натуральны працэс. 

— А што вы ведалі ў Кітаі пра нашу нацыянальную літаратуру? Ці знаёмы вам былі раней імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава?

— Па праўдзе кажучы, у мяне зусім не было ўяўлення пра беларускую літаратуру. Па розных прычынах у Кітаі дамінуе руская літаратура, калі ідзе размова пра рускамоўную літаратуру. Таму, хоць і ёсць творы беларускіх пісьменнікаў на кітайскай мове, беларускіх паэтаў, празаікаў мала ведаюць ці ўвогуле лічаць іх савецкімі творцамі, не дужа ўнікаючы, хто яны па нацыянальнасці, на якой мове народжаны іх творы. 

Я неяк у свой «дабеларускі» перыяд штосьці чуў пра Васіля Быкава, але не прачытаў ніводнай яго аповесці. Што датычыцца імёнаў Купалы і Коласа, то ў Кітаі іх нават не чуў зусім. Але як прыехаў у Беларусь, ужо пачаў знаёміцца з творчасцю класікаў, пачаў чытаць іх кнігі. Можна сказаць, што беларуская нацыянальная літаратура паступова ўваходзіць у маё жыццё, у маю свядомасць. І я атрымліваю ад гэтага асаблівую асалоду. Я пачынаю разумець, што літаратура — неад’емная частка нацыянальнай культуры. 

— Як складвалася ваша вучоба ў Гомелі? Раскажыце крыху пра сваіх выкладчыкаў…

— Паступіўшы ў аспірантуру, я выбраў Гомель невыпадкова. Не здзіўляйцеся прычыне, якую зараз вам агучу... Тут, у Гомелі, меней кітайцаў, адпаведна, была магчымасць засяродзіцца на вучобе, не губляць час на розныя захапленні, на стасункі, няхай сабе і сяброўскія, таварыскія, але такія, што адымаюць час. Свае навуковыя зацікаўленні адносна пошуку ў літаратуры ідэй самаідэнтыфікацыі, вылучэння нацыянальнай свядомасці я выклаў пры першай сустрэчы начальніку аддзела міжнародных сувязяў Гомельскага ўніверсітэта. І ён, не задумваючыся, парэкамендаваў мне ў кіраўнікі доктара філалагічных навук прафесара Івана Фёдаравіча Штэйнера. Высветлілася, што гэта выдатны навуковы кіраўнік. У нас знайшлася агульная мова, а гэта вельмі важна для працы над даследаваннем. Іван Фёдаравіч — выключна адказны, высокаарганізаваны вучоны, педагог. І мае артыкулы, і тэкст дысертацыі шмат разоў выпраўлялі. Не шкадавалі мы дзеля гэтага і выхадных дзён, і свят. Ды яшчэ Іван Фёдаравіч — чалавек чулы, уважлівы, ён апекаваўся аб маім жыцці ў Гомелі, выбудоўваў маю кар’еру як навукоўца. І рабіў гэта тонка, ненавязліва, з бацькоўскай шчодрасцю і шчырасцю. У час вучобы я сутыкаўся і з іншымі выкладчыкамі, якія мне істотна дапамагалі: я не магу не падзякаваць Анжэле Мікалаеўне, Алене Мікалаеўне, Івану Аляксеевічу, Людміле Дзмітрыеўне, Ірыне Сцяпанаўне, Мікалау Мікалаевічу і іншым. Усіх помню! І буду памятаць доўгі час! 

— У вас сёння паспяхова складваецца навуковая, даследчыцкая кар’ера. Як жа вы вызначылі тэмай свайго даследавання пытанні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, нацыянальнай самасвядомасці? 

Па-першае, я вывучаў сацыяльную антрапалогію ў магістратуры, таму праблемамі ідэнтычнасці я цікаўлюся даўно. Па-другое, сёння не сціхаюць канфлікты і войны паміж рознымі народамі, што народжана канкурэнтнымі патрабаваннямі і канцэпцыямі нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта значыць, што гэта і ёсць надзвычай актуальная праблема. Па-трэцяе, нацыянальная самасвядомасць у многіх краінах свету абуджаецца менавіта ў наша стагоддзе, у тым ліку ў Беларусі і ў Кітаі. Вось такім чынам мы і вызначылі разам з навуковым кіраўніком такую тэму. 

— Чаму вырашылі праблему ідэнтыфікацыі разглядаць на прыкладзе творчасці Уладзіміра Кігн-Дзедлава?

— Мне хацелася напісаць нешта пра «нячыстую» рускую літаратуру. Кігн-Дзедлаў нарадзіўся ў нямецка-беларускай сям’і, аднак публічна заяўляў сябе «рускім» (з майго пункту гледжання, успрыманне слова «рускі» ў творчасці пісьменніка моцна адрозніваецца ад яго сённяшняга ўспрымання), і разам з тым у сваёй літаратурнай творчасці праявіў глыбокую любоў да Беларусі. Гэта вельмі цікавы феномен. Акрамя гэтага, Кігн-Дзедлаў — папулярны пісьменнік і публіцыст памежжа XIX — XX стагоддзя. Аднак пасля раптоўнай смерці яго імя сталі забываць, што нельга лічыць справядлівым. Я выбраў Кігн-Дзедлава і дзеля таго, каб большая колькасць людзей, асабліва беларусаў, пазналі, спасціглі гэтага таленавітага чалавека. 

— Дарэчы, ці давялося пабываць у мясцінах, дзе жыў і пісаў свае творы Кігн-Дзедлаў?

— Так, зразумела, я некалькі разоў бываў у Рагачове і Курганні, там наведаў музей народнай славы, а таксама музей імя У. Кігн-Дзедлава і мясцовыя бібліятэкі, работнікі якіх, дарэчы, аказалі мне каштоўную падтрымку. 

— Вы абаранілі дысертацыю на тэму «Праблемы ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі аўтара і герояў у творчасці У. Л. Кігн-Дзедлава», выдалі манаграфію «Проза У. Л. Кігн-Дзедлава і праблема шматузроўневай нацыянальнай ідэнтычнасці пісьменніка»... Якія ў вас даследчыцкія планы надалей?

— На абароне дысертацыі і ў водгуках на дысертацыю было рэкамендавана чытаць П. Шпілеўскага, А. Міцкевіча, Н. Ланскую, якая, дарэчы, некаторы час жыла ў Мазыры. Цікавы факт. За раман пра руска-турэцкую вайну «Лавры и тернии», які паказваў цёмныя бакі вайны, жанчына была пазбаўлена пенсіі, якую павінна была атрымліваць як удава ваеннага ўрача. Мне параілі вывучаць творы расійскіх пісьменнікаў, якія звязаны з Беларуссю. Дарэчы, зусім нядаўна прачытаў зборнік твораў сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў у перакладзе на кітайскую мову. І на яго старонках адчуў ярка адлюстраваную беларускую ідэнтычнасць. Так што і надалей буду праводзіць даследаванні па нацыянальнай самасвядомасці ў беларускай літаратуры на працягу стагоддзяў. Плён маёй працы, мяркую, дазволіць кітайцам болей шырока даведацца пра літаратуру Беларусі. 

— Гомельскі край — радзіма чатырох з 18 народных пісьменнікаў Беларусі: Івана Шамякіна, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка... Вам знаёмая іх творчасць? Як вы лічыце, іх творы здольныя стаць прадметам даследвання ў кітайскім літаратуразнаўстве, кітайскай кампаратывістыцы?

— На вялікі жаль, мне не знаёмая іх творчасць. Якраз мяне цікавіць літаратурная геаграфія, таму я лічу, што іх магчыма даследаваць у гэтым аспекце. Дзякуй вам за тое, што адчыняеце для мяне новае акно. Будзем верыць, што і мая ўласная зацікаўленасць стане шырэйшай, што і за мною пойдуць наступнікі. 

— На наступны год Беларусь будзе адзначаць 100 год з дня нараджэння Васіля Быкава. Які з яго твораў вы параілі б абавязкова прачытаць кітайскім чытачам?

— Вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў выключна шмат напісаў пра вайну. І ў яго творах, лічу, прысутнічае моцная духоўная сіла, якая фарміруецца ад любові да радзімы, да роднага. Такі дух, акрэслены пісьменнікам праз адлюстраванне іншых часін, мае асаблівую вагу і сёння. Я параіў бы кітайскаму чытачу прачытаць «Дажыць да світання». Такі твор можна чытаць услых, чытаць у сямейным атачэнні. Гэтая аповесць расказвае нам: абавязак вышэй за ўсё. 

Гутарыў Максім ВЕЯНІС

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.