Вы тут

«Спадарожнік» для жыцця: чым Фаніпаль прыцягвае мінчан


За апошнія гады гарады ў радыусе 30 кіламетраў ад сталіцы добра і сур'ёзна папрацавалі над сабой: забудавалі пусткі, адкрылі новыя крамы, палепшылі інфраструктуру. Карэспандэнт «Звязды» наведаў Фаніпаль, які па праве лічыцца адным з самых маладых і перспектыўных гарадоў-спадарожнікаў Мінска.


Населены пункт знаходзіцца за 24 кіламетры на паўднёвы захад ад сталіцы па чыгуначнай і аўтамабільнай магістралях Брэст — Масква. Ён размешчаны на водападзеле рэк Пціч і Нёман. Яго герб уяўляе сабой падзелены перакуленым зялёным вастрыём сярэбраны іспанскі шчыт з выявай залатога яблыка ў цэнтры. Спадарожнік размешчаны на аднолькавай адлегласці як ад Мінскай кальцавой дарогі, так і ад Дзяржынска — 13 кіламетраў. Ён фактычна прымыкае да межаў Мінскага раёна, але ўваходзіць у склад Дзяржынскага. Фаніпаль займае плошчу больш як 730 гектараў. Нягледзячы на тое, што горадам ён стаў 24 гады таму, мае пяць мікрараёнаў.

Хуткі рост гэтага населенага пункта выкліканы ў першую чаргу блізкасцю да сталіцы. 80 пар цягнікоў праходзіць праз станцыю Фаніпаль за суткі. Чыгунка аддзяляе жылую зону ад прамысловай. Транспартная даступнасць зрабіла горад цэнтрам па размяшчэнні вытворчых магутнасцяў і базавай гаспадаркі, якія абслугоўваюць сталіцу і краіну ў цэлым.

Даехаць у Фаніпаль з Мінска проста. Ад станцыі метро «Інстытут культуры» на маршрутцы за 2,5 рубля шлях зойме прыкладна паўгадзіны. Па словах кіроўцы Сяргея, найбольшая загружанасць выпадае на раніцу, калі людзі едуць на работу ў сталіцу, і вечар, калі вяртаюцца дамоў. Інтэрвал паміж маршруткамі — 10—15 хвілін. Альтэрнатыва — электрычка, квіток на якую каштуе 91 капейку.

Недалёка ад маладога горада знаходзіцца зона адпачынку «Пціч», матэль, кемпінг, дачныя ўчасткі жыхароў сталіцы, самога Фаніпаля і ўсяго Дзяржынскага раёна. Вялікую тэрыторыю займаюць тут мікрараёны катэджна-сядзібнай забудовы.

Штогод у Фаніпалі адкрываюцца прадпрыемствы розных формаў уласнасці, новыя гандлёвыя пункты, культурна-забаўляльныя ўстановы, развіваецца сфера паслуг, растуць мікрараёны, мяняе аблічча старая частка горада.

У Фаніпалі працуе больш за 30 прадпрыемстваў, ёсць паліклініка, аптэка, вузел сувязі, натарыяльная кантора, юрыдычная кансультацыя, тры філіялы банкаў, дом быту, развітая гандлёвая сетка, міні-рынак, кафэ, кафетэрый, камерцыйныя шапікі. У горадзе зарэгістравалі свае абшчыны прадстаўнікі трох канфесій.

Мясцовы Дом культуры нядаўна стаў лаўрэатам раённага агляду-конкурсу, тут вельмі папулярныя цэнтр дзіцячай творчасці, музычная школа, гарадская бібліятэка. У фаніпальскіх гімназіі і сярэдняй школе навучаюцца больш за 2000 дзяцей. Дарэчы, школа славіцца лепшай ў раёне спартыўнай залай з 28 трэнажорамі. Для малых фаніпальчан працуюць чатыры дашкольныя ўстановы.

Што людзі кажуць

Днём тут нешматлюдна. Гэта звязана з тым, што мясцовыя жыхары, як правіла, працуюць у Мінску. Першую сваю суразмоўцу Ларысу я сустрэў недалёка ад крамы.

— Пераехала ў Фаніпаль з Мінска чатыры гады таму. Побач з маім домам — школа і дзіцячы садок. Для жыхароў нашага мікрараёна адкрыліся кафэ, ёсць бізнес-цэнтр, у якім працуе цырульня, можна зрабіць пірсінг. У старой частцы Фаніпаля не так ажыўлена. Але і там цяпер таксама будуюць новае жыллё, — расказала Ларыса.

Другога суразмоўцу я спыніў каля паліклінікі. Аляксандр — шматдзетны бацька. Яго сям'я зусім нядаўна пераехала за МКАД.

— У мяне атрымліваецца жыць у Фаніпалі і не глядзець у бок Мінска. Тут можна гуляць па лесе… У цэлым усяго хапае, — падзяліўся Аляксандр.

У жыцці за вялікім горадам ёсць нешта прыцягальнае, адзначаюць мясцовыя жыхары. Для Таццяны, напрыклад, відавочна, што ў Фаніпалі прадукты таннейшыя, ды і цэны ў сферы паслуг больш прыемныя.

— У Мінску жывуць дарослыя, а тут моладзь, з вокнаў заўсёды ахі-ўздыхі, крыкі дзяцей, народ больш лагодны, — дадае Таццяна.

Што будуецца

Дэталёвы план забудовы паўднёвай часткі горада-спадарожніка Мінска быў нядаўна вынесены на грамадскае абмеркаванне.

— 28 красавіка распрацоўшчыкі прадставілі праект жыхарам. Плошча горада-спадарожніка значна павялічыцца, — расказаў старшыня Фаніпальскага гарвыканкама Уладзімір Караневіч.

На далучаных да Фаніпаля тэрыторыях узвядуць шматпавярховыя дамы, прадугледжаны грамадска-дзелавая, рэкрэацыйная зоны, індывідуальнае жыллё. Планы будуць рэалізаваны ў два этапы: да 2030-га і да 2035 года.

— У нас ёсць праблемны ўчастак у раёне чыгуначнага пераезду, там пастаянна па раніцах узнікаюць заторы. Па праекце тут будзе пуцеправод, пад якім пройдзе дарога. Зарэзерваваны пляцоўкі і пад будаўніцтва садка, школы. Але якія канкрэтна аб'екты і дзе размесцяцца, пакуль дакладна не вызначана. Гэта перспектыва, — адзначыў кіраўнік горада.

Агульная плошча Фаніпаля павялічыцца амаль на траціну. Новы мікрараён зойме 203,5 гектара. Ён часткова знаходзіцца ў межах існуючай гарадской рысы, часткова — на землях Дзяржынскага раёна. Таксама ўключае тэрыторыю вёскі Падсосенне.

— За апошнія пяць гадоў у горадзе пабудаваны два дзіцячыя садкі. Праводзім рамонт дваровых тэрыторый, летась адрамантавалі дзевяць вуліц. Заменена вялікая колькасць водаправодаў, зрабілі дзве свідравіны, пабудавалі рэзервуар на дзве тысячы кубічных метраў. У інвестпраграму ўключаны рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў, рамонт пешаходнага моста праз чыгуначныя шляхі. Будуецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс, плануем да 1 верасня ўвесці яго ў эксплуатацыю, — распавёў Уладзімір Караневіч.

Сёння ў Фаніпалі пражывае каля 20 тысяч чалавек. Горад прырастае новабудоўлямі. У прыватнасці, пабудаваны жылы дом на 340 кватэр, сем дамоў для шматдзетных сем'яў, узводзіцца жылы комплекс «Сучасны» на 800 кватэр. 120 сем'яў ужо атрымалі ключы.

— У Фаніпалі з 18 студзеня прыступілі да будаўніцтва школы на 1050 месцаў, — дадаў Уладзімір Караневіч. — Новая ўстанова адукацыі будзе адпавядаць сучасным патрабаванням: 44 навучальныя класы, 20 кабінетаў і лабараторый, цір, бібліятэка з чытальнай залай, музей, абедзенная зала на 350 месцаў, рэсурсныя цэнтры, універсальныя майстэрні, спартыўная, гімнастычная, гульнявая, актавая, канферэнц-зала, медыцынскія памяшканні і два басейны. Новую школу павінны здаць да 1 верасня 2024 года.

Цяпер праектуецца паліклініка, а на месцы старой будзе школа мастацтваў. Вуліца Зялёная пашырыцца да чатырох палос. З'явяцца сучасная веладарожка, пешаходная дарожка, асвятленне. Будуюцца паркоўкі з зарадкамі для электрамабіляў і відэаназіраннем.

— У новым мікрараёне пабудуем гандлёвы цэнтр і дамы для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ужо здалі два дамы на 200 кватэр. У праекце — падземны праезд і пешаходны пераход. Плануем пабудаваць парк, акультурыць вадаём, — падагульніў Уладзімір Караневіч.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 мая 2023 года падпісаў Указ № 149, якім зацверджаны новыя рэдакцыі генеральных планаў гарадоў-спадарожнікаў Мінска — Смалявічаў, Фаніпаля і Рудзенска. У дакуменце вызначаны стратэгіі развіцця населеных пунктаў да 2035 года: з улікам сучасных тэндэнцый у горадабудаўніцтве.

— Былі перагледжаны асноўныя параметры развіцця гарадоў-спадарожнікаў, удакладнены тэрыторыі, вызначаны рост колькасці насельніцтва, які мы мяркуем, расказаў журналістам намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінскага аблвыканкама Аляксей Новікаў. — У нейкіх гарадах ён быў перагледжаны з мэтай змяншэння. Гэта трэба, каб Смалявічы, Рудзенск і Фаніпаль не ператварыліся ў спальныя раёны сталіцы. А былі гарманічнымі гарадамі, зручнымі для пражывання, дзе створана і яшчэ ствараецца неабходная сацыяльная інфраструктура. Гэта бальніцы, паліклінікі, садкі, школы, спартыўныя ўстановы. Гэта і тэрыторыі для развіцця вытворчых прадпрыемстваў, стварэнне працоўных месцаў. У выпадку з Рудзенскам — стварэнне вялікай вытворчай зоны. Таксама мы пастараліся ўлічыць урбаністычныя працэсы, што асабліва актуальна для Рудзенска. Побач з пасёлкам даволі вялікія населеныя пункты, якія мы ўлічваем і ўключаем у адзіную сетку. Рассяляем людзей, задзейнічаем працоўныя рэсурсы, каб знізіць маятнікавую міграцыю. Наша мэта — зрабіць усё магчымае, каб у гарадах-спадарожніках людзям было камфортна жыць і працаваць.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.