Вы тут

Як крынічная вада праходзіла выпрабаванне на ахоўны статус


Гідралагічныя помнікі прыроды ўпершыню з'явяцца ў Гродзенскім раёне. І хаця ў Беларусі дзясяткі крыніц, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, атрымаць такі статус няпроста. Напрыклад, актывістам гродзенскага творчага калектыву «Крыніца» спатрэбіўся на гэта не адзін год.


Эксперымент атрымаўся

Ініцыятарам гэтай справы па праве можна назваць кіраўніка грамадскага аб'яднання «Крыніца» Тэрэзу Белавусаву. Яе апантанасць вядома не толькі адпаведным службам, але і многім мясцовым чыноўнікам. За некалькі дзясяткаў гадоў сабраны даволі значны стос дакументаў і навуковых даследаванняў. А пачыналі гэту справу з вопыту... над пацукамі. Даследаванні вяліся ў інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі. Крынічнай вадой паілі эксперыментальных жывёл для вывучэння змяненняў паказчыкаў асноўнага абмену ў арганізме. У даследаванні былі задзейнічаны 16 пацукоў, сярэдняй вагой 220—250 грамаў. Жывёл паілі штодзённа на працягу 30 дзён з разліку 1,5 мл на 100 грамаў масы. Як сведчыць дакумент, быў атрыманы добры вынік. Аналіз паказаў, што вада можа прымяняцца ў мэтах не толькі пітных, але аздараўленчых і нават лекавых — аналагаў яе ў краіне няма. Вопыт праводзілі гадоў 20 таму. І хоць вынік быў станоўчы, трапіць у статус ахоўных крыніц аказалася справай зусім не хуткай. Але Тэрэза Іосіфаўна ад сваёй мэты не адступіла і крок за крокам прасоўвала гэту ідэю на ўсіх узроўнях.

— У мінулым годзе я выступіла з прэзентацыяй нашых гродзенскіх крыніц на міжнародным экалагічным форуме ў Мінску. Важную частку майго даклада займалі вынікі навуковых даследаванняў, у прыватнасці хімічнага складу крынічнай вады. Усе маглі яе папіць. Яна слабамінералізаваная, бо ў тых мясцінах прабураны свідравіны і знойдзены запасы мінеральнай вады, але праграма па яе здабычы была спынена, а свідравіны закансерваваны. Не хачу, каб такі лёс напаткаў і крыніцы. Таму сёння мы робім усё, каб захаваць гэтыя прыродныя аб'екты.

На яе думку, менавіта пасля гэтага форуму справа па прызнанні крыніц помнікамі прыроды стала ісці хутчэй.

Аб чым расказалі паданні

Такіх адметных крыніц у нашай гераіні некалькі, і яны вядомы ёй з дзяцінства. У яе сям'і нямала паданняў аб тым, якія хваробы лечыць кожная з крыніц. І гэтыя веды яна імкнецца распаўсюдзіць. Але галоўная мэта — каб вадой магло карыстацца як мага больш людзей. Таму ў першую чаргу крыніцы былі вызначаны на мясцовасці. Назвы знайшліся самі сабой. Адна стала называцца імем бабулі Марыяны. Тая, куды па легендзе прыязджала з Гродна Эліза Ажэшка, атрымала назву ў гонар пісьменніцы. Сто крыніц — з-за вялікай колькасці падземных вод, а Райгарад — з-за мясцовага падання. Маўляў, шмат стагоддзяў таму тут, дзе цяпер цячэ крыніца, быў горад, які праваліўся пад зямлю. А на яго месцы ўтварылася западзіна плошчай 30 гектараў. Дарэчы, Нёманская западзіна на беларуска-літоўскім памежжы з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Госцеў пазбягае містыкі і лічыць: горад знік з-за таго, што Нёман у тыя часы па нейкіх прычынах змяніў сваё рэчышча. А крыніц шмат таму, што пад ракой праходзіць мелавы і крэмніевы шлейф, які ствараўся мільёны гадоў і ачышчае падземную ваду. Ад таго і крыніцы тут маюць гаючую сілу. Краязнаўца прыгадаў, што падчас яго работы ў гродзенскім ліцэі школьнікі займаліся вывучэннем стану гарадскіх крыніц у рамках праекта клубаў ЮНЕСКА. Было даследавана і апрацавана каля 30 крыніц у межах горада. Многія так і засталіся ў тым стане, які быў дзясяткі гадоў таму, а некаторыя зніклі. Былы педагог лічыць, што да справы захавання крыніц трэба прыцягваць школьнікаў і студэнтаў. Пры гэтым займацца не толькі даследаваннем вады, але і добраўпарадкаваннем прыродных гідралагічных аб'ектаў.

І вады папіць, і адпачыць...

Гродзенская актывістка не спыняецца на тэарэтычных даследаваннях. На крыніцах вядзецца значная практычная работа як грамадскай арганізацыяй, так і ўласнікамі гэтых крыніц — сельскім Саветам і лясгасам. Сістэматычна праводзіцца санітарная ачыстка прылеглай тэрыторыі ад хмызняку і смецця.

Перамога ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў у мінулым годзе дазволіла значна прасунуць справу па добраўпарадкаванні крыніц. З дапамогай гродзенскіх скульптараў і работнікаў лясгаса былі ўсталяваны стылізаваныя драўляныя ўказальнікі, зроблены дубовыя лаўкі, навес, сталы і нават скульптура дзяўчыны, якая сядзіць з кубачкам у руках каля крыніцы Элізы Ажэшкі. Устаноўлены сметніцы, дарожкі пасыпаны жвірам.

— У гэтым праекце дапамагалі гродзенскія скульптары. Так з'явілася скульптура ў вобразе Ажэшкі. І гэта не міф. Пісьменніца сапраўды прыязджала ў Гожскі храм і заварочвала да крыніцы. Кажуць, што гэта вада спрыяе захоўванню прыгажосці і маладосці, — заўважае Тэрэза Белавусава.

Дзякуючы агульным намаганням удалося значна акультурыць крыніцы. Перавага зроблена ў бок натуральных драўляных матэрыялаў. Праўда, грант быў выдзелены невялікі — усяго 7 тысяч рублёў, але дапамаглі спонсары, якія аплацілі скульптурную кампазіцыю. Між іншым, спыняцца на тым, што ёсць, актывістка не збіраецца. Яе намаганні падтрымалі ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект» і прапанавалі цікавы праект па добраўпарадкаванні крыніцы Райгарад. Калі не ўдавацца ў дэталі, на першы план выходзіць скульптура вялізнай райскай птушкі, якая нібы ахоўвае крыніцу. Таксама ёсць прапанова паставіць тут лаўкі, навес і абавязкова ўладкаваць стаянку для веласіпедаў. Дарожкі таксама плануюць аднавіць. Магчыма, скульптурныя кампазіцыі з'явяцца ў выніку пленэру рэзчыкаў па дрэве. І хаця такое мерапрыемства патрабуе значных сродкаў, Белавусава не падае духам. Яна верыць, што абавязкова знойдзе магчымасць давесці справу да канца.

— За гэтымі крыніцамі сачылі мае продкі: падкошвалі траву, прывозілі для абкладвання дарожак камяні, чысцілі наваколле — цяпер мая чарга гэтым займацца. Вядома, на грамадскіх пачатках. Хоць і паціху, але справа ідзе. Мне сын прысылаў грошы на пуцёўку ў санаторый, але здавалася, што крыніцы важнейшыя, — упэўнена жанчына.

Сваю апантанасць яна накіроўвае на тое, каб захаваць крыніцы для нашчадкаў. У гэтым сэнсе яны патрабуюць новага падыходу ў фарміраванні экалагічнай палітыкі, навукова-даследчага і прававога суправаджэння. І тут павінны вырашацца дзве задачы — выкарыстанне і ахова. Вось чаму так важна наданне статусу помнікаў прыроды. Калі будзе помнік — будуць і бюджэтныя сродкі, лічыць актывістка.

Як атрымаць ахоўную грамату?

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, усе неабходныя дакументы па наданні крыніцам статусу помнікаў прыроды мясцовага значэння падрыхтаваны і накіраваны ў райвыканкам. Такім чынам, у Гродзенскім раёне пад ахову дзяржавы ўпершыню будуць узяты шэсць гідралагічных аб'ектаў.

Навошта гэта патрэбна? Па словах загадчыка сектара НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзіміра Байчарава, ахоўны статус дазволіць захаваць помнікі прыроды на будучыню. Аб'ект мае прававую абарону, свайго роду ахоўную грамату, дзе прапісана, што там рабіць можна, а што — нельга.

— У Беларусі каля сотні крыніц маюць такі статус. І гэта работа ідзе няспынна. Нядаўна ў Гродзенскай вобласці мы разглядалі яшчэ аднаго кандыдата на ахоўны статус, што знаходзіцца ў Астравецкім раёне, дзе рака Вілія падыходзіць да літоўскай мяжы. Мы ў свой час аформілі там каля дзясятка крыніц рэспубліканскага значэння. На працэдуру спатрэбілася тры гады і зацвярджэнне ў Савеце Міністраў. Помнікі мясцовага значэння, як крыніцы ў Гродзенскім раёне, зацвярджаюць выканкамы, — паведаміў навуковец.

Па яго словах, сёлета завяршаецца шасцігадовы праект па даследаванні найбольш значных крыніц у розных рэгіёнах Беларусі. У кожнай вобласці вылучана па пяць крыніц, якія варта аб'явіць помнікамі прыроды, інакш яны могуць проста знікнуць. Каб гэтага не адбылося, неабходна абсталяваць водазабор, добраўпарадкаваць тэрыторыю, усталяваць шыльды з інфармацыяй. Гэту функцыю і павінны ўзяць на сябе мясцовыя органы ўлады.

— Мы ім даём пакет усіх неабходных дакументаў. Там ёсць і гідралогія, і гідрахімія, і гідрабіялогія, усё даследавана, усё лабараторна праверана, зроблены неабходныя аналізы, таму ў гэтым напрамку ніякіх выдаткаў не патрабуецца, — зазначыў Уладзімір Байчараў. — Адзінае, што можна зрабіць, — добраўпарадкаваць крыніцы. І тут можна прыцягнуць спонсарскія сродкі альбо іншыя крыніцы фінансавання.

Магчыма, справа па добраўпарадкаванні крыніц рухалася б хутчэй, калі б гэты статус зацвярджалі не райвыканкамы, а прыродаахоўныя органы, лічыць навуковец. Пакуль гэта справа не ўсюды мае пэўную падтрымку. А між тым вада з крыніцы — вельмі каштоўны прадукт. Як расказала доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры рэабілітацыі Гродзенскага медуніверсітэта Ларыса Пірагова, сёння ў аздараўленні вельмі важнае значэнне надаецца прыродным фактарам. У крынічнай вадзе ўтвараюцца натуральныя аэраіоны, якія станоўча ўплываюць на арганізм чалавека. Бутыляваная вада губляе свае якасці, бо праходзіць працэс абеззаражвання і абпраменьвання ўльтрафіялетам і не настолькі карысная, як вада з крыніцы.

— Нашы санаторыі таксама скіраваны на аздараўленне прыроднымі фактарамі. Гэта аэраіонатэрапія, мінералатэрапія, бурштынавыя і саляныя пакоі... Укараняецца шмат методык, у тым ліку з уздзеяннем крыніц, — акцэнтуе ўвагу Ларыса Пірагова.

Наколькі захаваецца гэты прыродны дар, залежыць у першую чаргу ад мясцовых органаў улады. Намаганняў грамадскасці тут недастаткова. Нават апантаным гэтай справай спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб даволі знакамітыя крыніцы былі ўзяты пад ахову дзяржавы. Цяпер работа па гродзенскіх гідралагічных аб'ектах будзе весціся ў адпаведнасці з распрацаванымі праектамі з улікам экалагічных нормаў, упэўнена Тэрэза Белавусава. Яна ўжо плануе стварыць інклюзіўную прастору для інвалідаў-калясачнікаў, марыць аб адкрыцці музея крынічнай вады і рыхтуе маршрут аздараўленчага турызму. «Гэта справа майго жыцця, а крыніцы даюць мне сілу», — кажа жанчына.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.