Вы тут

Як дзікія жывёлы абараняюць сябе ад маразоў?


Заваліла ў лесе снегам сцежкі. Пасерабрыў мароз галіны дрэў, кустоў, пабяліў паніклую траву, скаваў лёдам ручай. Цяжка стала звярам і птушкам. Корм пад снегам цяжэй дастаць, ды сцюжа і халодны вецер дапякаюць. Але насельнікі лесу яшчэ да наступлення зімы зрабілі запасы ежы і забяспечылі сябе жыллём. Хто зімуе, адседжваючыся ў норах і выходзячы толькі, каб здабыць пражытак. Хтосьці (мядзведзь, барсук, хамяк, вожыкі і іншыя) упадае ў спячку. А хтосьці застаецца больш-менш актыўным. Ды і яны змушаны ўцяпляцца, адрошчваць густую шэрсць...


На беластвольнай бярозе сядзіць, настырчыўшыся, шэрая варона, з нудой успамінае цёплыя дзянькі. Нечакана адкуль зверху чуецца вясёлае цоканне. Гэта паскакуха вавёрачка выбегла на шпацыр. Не церпіцца ёй пахваліцца шыкоўным зімовым уборам. Шубка на ёй пухнатая, густая, так і зіхаціць серабром, і галаўны ўбор прыдатны. Раскошны цёмна-шэры хвост раз-пораз мільгае ў акенцах голых галінак.

«Так, у такім футры зімаваць можна, — зайздросціць варона. — Мех на ёй — не тое, што пух мой ды пёры. Яны хоць да зімы і гусцеюць, але ў мароз дрэнна ратуюць...». А ў вавёрачкі яшчэ і гняздо цёплае ёсць, у ім нават у самую лютую сцюжу як улетку. Да таго ж перад сном звярок зачыняе ўваход сваім пухнатым хвастом — ніякі мароз ёй і ваверчанятам не страшны. У гняздзечку, як у рукавічцы футравай, — цёпла, суха, утульна.

Раптам акрабатка, спрытна пераляцеўшы на суседні куст, стралой узнімаецца на верхавіну елкі. Воўк!

Драпежнік, высунуўшы язык, цяжка дыхае. Усю ноч нястомна здабычу шукаў, вось трошкі і задыхаўся. Да таго ж горача яму. Да зімы ў шэрых драпежнікаў адзенне спраўнае — густое футра, шчыльны і пухнаты мех з падшэрсткам. А каўнер які багаты! Марозаў ваўкі не баяцца і могуць начаваць у снезе нават на адкрытай мясцовасці пры −40 °С. Калачыкам скруцяцца, між задніх лап морду змесцяць і хвастом пышным накрыюцца — вось і логава гатова.

Адпачыў воўк ды і патрухаўся далей, падняўшы хвост-палена. А заяц хаваўся тут, пад кустамі. Узімку беляка не так проста заўважыць: цёплы кажушок яго бялей за снег. На брушку шэрстка даўжэе, каб вантробы не застудзіць. Звярок па натуры асцярожны, чулы. Ворагаў у яго шмат у лесе: і птушкі драпежныя, і лісы з ваўкамі. І ад сабак, і ад чалавека дастаецца. Вось і цяпер, вушкі доўгія прыціснуўшы, насцярожана скруціўся ў камячок. Паляўнічых поўным поўна, а абарона — толькі ногі хуткія ды ўменне схавацца. Сядзіць у ляжанцы, у снежным покрыве цэлы дзень. Хто па следзе яго ідзе, таго заўважыць першым і ўцячы паспее. Толькі позна ўвечары выходзяць, асмялеўшы, даўгавухія расцерціся, пабегаць ды падкарміцца галінкамі тонкімі з карой. Ледзь што — задаюць такога стракача, падняўшы снежны пыл як заслону.

Па снезе скачуць спрытна і лёгка, не правальваючыся, нібы слізгаюць. Лапы ж у беляка ўнікальныя: пальцы моцна рассоўваюцца, як своеасаблівыя снегаступы. Нагрузка яго шырачэннай лапы, аброслай густой шчоткай валасоў, 10 г/см2, у 10 разоў менш, чым у ваўка, і прыкладна ў 4 разы — чым у лісіцы (29-45 г/см2). І на слізкім лёдзе не падвядуць. А да іх і «мазь лыжная» прыкладаецца пот, што ступні засцерагае, каб снег не наліпаў. Паспрабуй дагані такога суперлыжніка!

Шубкі пышныя, з падшэрсткам

Вось і лісіца тут як тут! Шубка ў яе вышэй усялякіх пахвал! Пышная, з густым падшэрсткам. Шэрстка лісы да зімы не даўжэе, а ўшчыльняецца за кошт валасоў і пуху, якія пастаянна растуць. А яшчэ ў яе, як у ваўкоў і сабак, у моцныя маразы валасяныя мышцы, сціскаючы лоевыя залозы, выціскаюць кропелькі тлушчу. Расцякаючыся па целе, ён прадухіляе астуджэнне, праўда, пах спецыфічны мае.

«Эх, зайца ўпусціла», — лісіца, зароўшы ад прыкрасці, бяжыць туды, дзе снег не такі глыбокі. Перасоўвацца па гурбах дрэнна ёй, вось яна і мышкуе, у асноўным, у поле, бяжыць па дарожках, дзе снег утаптаны, уздоўж дарог гойсае ў пошуках на’едка.

А вось рысь дзякуючы лапам у друзлым, глыбокім снегу не правальваецца. І на мех ёй грэх скардзіцца: вельмі густы, шаўкавісты і пухнаты. Асабліва доўгая шэрсць на бруху. Да таго ж афарбоўка яе своеасаблівая — ад палевадымнага да іржава-чырванаватага, плямісты на спіне, баках і нагах. Толькі жывот белы з рэдкім крапам.

І снег не замінае

Нядоўга цішыня ў лесе стаяла. Затрашчалі сукі, на галінцы птушка страпянулася. Вялізны сера-буры звер скрозь гушчар прабіраецца — на высечку спяшаецца сахаты. Там шмат парасло бярозак ды асінак, дубкоў; у іх падрамаць нядрэнна. Зімой яму не хачацца рухацца, толькі раніцай зранку ды на заходзе перакусіць даводзіцца выбірацца. І снег любой ласю не замінае. Вунь, ногі — хадуны якія!

Сілкуюцца вілаватыя ў зімовую галодную пару галінкамі і карой дрэў, вышукваюць пад снегам маладыя расліны, мох і лішайнік. Потым палёжваюць сабе ў лагчынцы дзе-небудзь ды жуюць, не спяшаючыся. Але бедны корм зімой, і ласі часта недаядаюць. Затое маразы ім не страшныя. Футры цёплыя, густыя — суткі могуць праляжаць у снезе — і нічога, не хварэюць. Бо шэрая зімовая поўсць пачынае расці ў іх з лета. Падшэрстак гусцее і даўжэе — сахаты выглядае пухнатым. Толькі да марта зімовая поўсць, зношваючыся, губляе бляск на галаве і нагах, потым на спіне. Гэтак жа лінька адбываецца і ў іншых капытных. Напрыклад, у аленя высакароднага: яго кароткі руды летні волас змяняецца на доўгі і густы зімовы мех шэрага колеру.

Апярэнне да зімы абнаўляецца

Нешта падобнае здараецца да зімы і з пёравым покрывам птушак. У большасці выпадкаў ён, падзяляючыся на дробнае апярэнне цела, буйное махавое і рулявое, носіцца на працягу года. У некаторых мяняецца два разы на год, у асноўным — толькі дробнае пяро. Вялікія пёры крыла і хваста служаць па году.

Падчас лінькі глыбока ў скуры ўтвараецца новае пяро, выштурхваючы старое — яно і выпадае. Пух можа пакрываць усё цела птушкі раўнамерна (у пінгвінаў, паламедый і бескілевых), больш менш (у весланогіх, гусепадобных, многіх дзённых драпежнікаў) або толькі на ўчастках без пёраў (чаплі, совы, вераб’іныя). Гэта дазваляе птушкам не толькі «зэканоміць» на апярэнні, але і... удасканаліць тэрмарэгуляцыю.

У казадояў і, асабліва, у соў добра выяўленая аксаміцістасць (густата) усіх пёраў, у тым ліку махавых і рулявых, гасячы завіхрэнне паветраных патокаў, яна забяспечвае бясшумнасць палёту. У вадаплаўных птушак адносна кароткія і моцна выгнутыя пёры, шчыльна прылеглыя адзін да аднаго, што ў сваю чаргу прадухіляе намаканне апярэння. Пры гэтым вадаўстойлівасць яго забяспечваецца і асаблівай формай баразёнак, якія спрыяюць узнікненню на паверхні пяра воднай плёнкі.

Шубкі кажушкамі, але... у горадзе цяплей

Тым часам ужо набліжаецца вечар. Неба хмарамі зацягвае. Снег шматкамі густымі валіць, ахінае ўсё вакол пухнатым покрывам. У лесе прыгажэй становіцца. Аднак начаваць варона, ды і многія іншыя птушкі вырашаюць усё ж у бліжэйшым пасёлку — там усё ж такі цяплей.

Над белым полем пралятаючы, яны заўважаюць вялікую групу кабаноў, якія, пакуль снег не такі глыбокі, паласавацца вырашылі бульбай. Месцамі ажно траншэі прааралі. Клубняў тут шмат у разорах засталося. Падмерзлі крыху, але затое смачней сталі.

Днём свінні любяць падрамаць на лёжках, на ўскраіне лесу. Не страшны ім ніякі мароз: у іх і футра цёплае (сапраўдныя даспехі з густога меха), і тоўсты пласт тлушчу, назапашаны за восень.

Рыхтуй сані летам

З набліжэннем халадоў насельнікі лесу пачынаюць рыхтавацца да зімы, выпрацаваўшы ў працэсе эвалюцыі пэўныя спосабы, якія дапамагаюць ім перажыць маразы і недахоп цяпла, а таксама недахоп корму. Асабліва гэта датычыцца траваедных жывёл, хоць і драпежнікам даводзіцца несалодка. Ды і птушкам, мабыць, лепш бліжэй да людзей узімку перасяляцца. Там корм заўсёды знойдзецца, і паветра цяплейшае. Вядома, можна, як глухары, цецерукі ды рабчыкі з курапаткамі, глыбей у снег закапацца. Але не ўсе птушкі на такі экстрым адважваюцца…

Вось і сядзяць, настырчыўшыся, вароны, галкі ды сарокі ўзімку на галінках. Пёры ў іх прыўздымаюцца, тапырацца ва ўсе бакі. Ратуе, як ні дзіўна, друзласць апярэння, што дае больш магчымасцяў для рухомасці пяра, і таўшчыня паветранай падушкі. А там не за гарамі і вясна…

Таццяна МАІСЕЕВА, біёлаг, пісьменнік

Фота Андрэя ФЕАКТЫСТАВА, Максіма МІКЕШЫНА, Вікісховішча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.