Вы тут

Што кожны павінен ведаць пра бяспеку падчас ціхага палявання


Грыбны сезон стартаваў. І калі адны аматары ціхага палявання запомняць яго па багатым ураджаі лясных дароў, то іншыя — па доўгіх гадзінах чакання, пакуль ратавальнікі знойдуць іх недзе ў гушчары, а то і ў балоце.


Фота: pixabay.com

Штогод у беларускіх лясах губляюцца сотні чалавек. 79-гадовая жанчына не стала выключэннем. Пенсіянерка цудам выжыла дзякуючы таму, што набрыла на кукурузнае поле. Жыхарка Глускага раёна 13 кастрычніка мінулага года пайшла ў лес у грыбы і не вярнулася, паведамляла прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Пенсіянерка згубілася каля вёскі Поблін, блукала тры дні і чатыры ночы. Мабільнага тэлефона з сабой не было, яе шукалі ратавальнікі, работнікі міліцыі, лясгаса, валанцёры і мясцовыя жыхары. Яна цудам засталася жывая: набрыла на кукурузнае поле паміж вёскамі Поблін і Розлевічы і сілкавалася зернямі. Калі пенсіянерку знайшлі, яна была ў свядомасці, але без сіл. У першую чаргу жанчына папрасіла вады — яна адчувала моцную смагу. Пацярпелую перадалі медыкам.

— Штогод мы рэагуем на 100–400 выпадкаў. Шмат залежыць ад надвор’я і ўраджайнасці. Самым пікавым быў 2017 год. Сёлета чэрвень выдаўся засушлівым, у органы ўнутраных спраў паступалі адзінкавыя звароты. Састарэлыя грамадзяне хадзілі па сваіх грыбных і ягадных месцах на разведку. Усіх, хто прападаў у траўні-чэрвені, удалося ўстанавіць. А ўжо першыя выхадныя ліпеня падарылі нам цэлы букет трывожных сігналаў з усіх рэгіёнаў краіны, — расказаў начальнік аддзела арганізацыі вышуковай работы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Дзмітрый Крукаў

Так, напрыклад, 30 чэрвеня жыхарка Гомеля 1955 года нараджэння з’язджае ў 5.30 на мяжу раёна збіраць грыбы, мае пры сабе недастаткова зараджаны мабільны тэлефон. А 9-й раніцы тэлефануе дачцэ і кажа, што падвярнула нагу, не можа ісці, заблукала. У 16.00 дачка паведаміла ў міліцыю. Былі прыцягнутыя сур’ёзныя сілы, сродкі, грамадскасць. Сумеснымі намаганнямі толькі ўвечары 4 ліпеня змаглі ўстанавіць месца знаходжання і эвакуіраваць пенсіянерку з ляснога масіву.

Падобная сітуацыя была ў Смаргонскім раёне. 28 чэрвеня жанчына 1957 года нараджэння пайшла ў лес. Сваякі доўга чакалі, што яна вернецца, і толькі 1 ліпеня паведамілі ў міліцыю. Былі арганізаваны пошукавыя мерапрыемствы. 3 ліпеня жанчыну ўдалося знайсці.

У Столінскім раёне пенсія- нерка 1947 года нараджэння без мабільнага тэлефона адправілася па грыбы. На ёй было адзенне цёмна-шэрага колеру, з сабой цёмна-зялёнае вядро. На жаль, жанчыну дагэтуль не знайшлі...

Жыхарка Мінска 1946 года нараджэння 11 ліпеня паехала на балота ў Чэрвеньскі раён збіраць ягады, перастала выходзіць на сувязь, тэлефон быў дрэнна зараджаны і адключыўся. Учора ўдалося знайсці яе цела дзякуючы яркаму адзен- ню і чырвонаму вядру.

— Важна па магчымасці праводзіць прафілактычныя гутаркі са сваякамі, на прыкладах паказваць і тлумачыць, што лепш усё ж такі лішні раз перастрахавацца, знайсці час, каб пайсці ў лес разам. За апошнія 10 гадоў мы не знайшлі больш за 80 чалавек, выратавалі звыш 2000. Для нас важна кожнае жыццё, кожны лёс. Не трэба думаць, што паход у лес — як у гарадскі парк, — падагульніў Дзмітрый Крукаў.

— Агульная плошча лясоў у краіне складае больш за 9,5 мільёна гектараў. Як правіла, у зоне рызыкі аказваюцца пенсіянеры і дзеці. У большасці выпадкаў мы шукаем на вялікіх плошчах ва ўмовах густога непраходнага лесу і на балоцістай мясцовасці. Час пошукаў складае ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён і нават тыдняў. Прыцягваем значныя сілы МНС, МУС і іншыя арганізацыі, — расказаў начальнік цэнтра пошукава-ратавальных работ і пажаратушэння рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС Аляксандр Шчаўроўскі — У 2020 годзе было знойдзена 730 чалавек, з іх — 33 дзіцяці, у 2021-м — 576 чалавек, з іх 56 дзяцей, у 2023-м — ужо 24 чалавекі, з іх 9 дзяцей.

Ратавальнікі нагадваюць: дзеці — асаблівая адказнасць бацькоў. Калі адпраўляеце дзіця ў вёску, раскажыце яму пра бяспеку! Калі гаворка ідзе пра зусім маленькіх, то рэкамендацыя адна — не пакідаць без нагляду ні пад якой падставай.

Перад выхадам у лес вывучыце карту мясцовасці, узбройцеся тэлефонам і мінімальнай аптэчкай. Каб не згубіцца, калі вы ідзяце кампаніяй, можна скарыстацца свістком. Яго гук чутны за 2-3 кіламетры.

Збіраючыся ў лес, звяртайце ўвагу на ўмовы надвор’я: у пахмурнае надвор’е паход лепш адкласці. Калі паход у грыбы або ягады — справа вырашаная, выконвайце наступныя рэкамендацыі: не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку, вывучыце асноўныя правілы арыентавання, паведаміце сваякам або знаёмым аб запланаваным маршруце і часе вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся, апранайце зручнае, непрамакальнае адзенне і абутак, вазьміце з сабой таксама ваду, нож, запалкі.

Калі вы заблукалі ў лесе, першае, што неабходна, — сарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і развесці агонь, каб аба- раніцца ад холаду і арганізаваць начлег. Калі ў вас з сабой мабільны тэлефон, набярыце нумар службы ратавання «101» і паведаміце, з якога населенага пункта і з якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце вакол сябе.

Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнахо- джанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Галоўнае для вас — выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго, і вы абавязкова знойдзеце людзей.

Калі на шляху сустрэнецца ручай або рака, прытрымлівайцеся шляху ўніз па цячэнні. Прыслухайцеся: шум трактара чуваць за тры кіламетры, брэх сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў — ідзіце на гук!

Не варта выбірацца з лесу ноччу: пачынае цямнець — лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Дарэчы, аб барацьбе з холадам: ліст газеты, засунуты пад вопратку, памяншае цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, на- бітая пад вопратку. Арганізоўваючы начлег, паклапаціцеся, каб ратавальнікі не прайшлі міма — павесьце на кусты кепку, яркую хустку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцяг- нуць увагу.

Існуе дадатак МНС «Дапа-мога побач». У ім ёсць рэкамендацыі па дзеяннях пры розных надзвычайных сітуацыях.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.