Вы тут

У Гомелі байцоў студатрадаў правялі ў «працоўнае лета»


Удзельнікі гомельскіх студэнцкіх сэрвісных атрадаў атрымалі запрашэнне на працу ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» і дзіцячы санаторна-аздараўленчы лагер «Марская хваля», што ў Туапсінскім раёне Краснадарскага краю. Студатрады, якія накіроўваюцца на працу ў Расійскую Федэрацыю, сфармаваныя з ліку студэнтаў ВНУ і навучэнцаў сярэдне спецыяльнай адукацыі.


З Гомельшчыны ў «працоўнае лета» накіраваліся 50 байцоў. Гэта лепшыя студэнты і навучэнцы, якія выдатна праявілі сябе ў вучобе і ўдзеле у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах, арганізаваных Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Каб трапіць у студатрады, юнакам і дзяўчатам прадстаяла датэрмінова здаць сесію, вывучыць асновы аховы працы і працоўнага права, прайсці медыцынскую камісію. Сёлета працоўная вахта для байцоў студатрадаў ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня» і дзіцячым санаторна-аздараўленчым лагеры «Марская хваля» працягнецца да канца жніўня. 

Сярод тых, хто адпраўляецца на вахту, — малады спецыяліст, педагог-арганізатар Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі. Ліліяна Аб’язднова распавяла, што не толькі ў першы раз будзе працаваць у саставе сэрвіснага атрада, але і ўпершыню пабывае на моры.

— Многага чакаю ад гэтай паездкі і спадзяюся, што ўсё атрымаецца. Гэта магчымасць адпачыць, знайсці новых сяброў і, што вельмі важна, аздаравіцца на моры. Жадаю ўсім нам папрацаваць як мае быць і крута адпачыць, — падзялілася баец сэрвіснага студэнцкага атрада.

Дзяўчына накіроўваецца на працу ў аздараўленчы лагер «Марская хваля». 

— Буду працаваць кухонным рабочым. Па сваёй спецыяльнасці магла б арганізоўваць святы для дзяцей, ставіць і развучваць з імі танцавальныя нумары. Думаю, было б выдатна ў наступны раз паспрабаваць свае сілы ў працы ў лагеры ў гэтым напрамку, — адзначыла гамяльчанка.
Адразу некалькі байцоў, якія адпраўляюцца ў працоўнае лета ў Краснадарскі край, — студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— Удзячна нашаму студэнцкаму савету за прапанову паспрабаваць сябе ў працы ў сэрвісным атрадзе, — распавяла студэнтка чацвёртага курса Дзяржмедуніверсітэта Юлія Мукамела.

Вядома, што студэнты ВНУ на працягу ўсяго года актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных валанцёрскіх атрадах.

— Нас едзе цэлая група, таму не так хвалююся. Пакуль не ведаем, якую працу будзем выконваць у лагеры. Мне б хацелася патрапіць на кухню працаваць, бо, думаю, нарэшце навучуся што-небудзь гатаваць, спраўляцца на кухні, — прызналася студэнтка.

Многіх юнакоў і дзяўчат у паездку прыйшлі праводзіць бацькі, браты і сёстры.

— Трэба абавязкова падтрымліваць такое жаданне дзяцей папрацаваць. Гэта вучыць і большай самастойнасці, а яшчэ гэта вельмі добры новы жыццёвы досвед, — падзякавала за магчымасць для дачкі актыўна і з карысцю правесці лета Святлана Мукамела.

Як адзначыў камісар Гомельскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Мікалай Сядзельнік, гэтым летам у лагеры Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі атрымалі магчымасць працаўладкавацца звыш 170 студэнтаў.

— Кожны год тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў Гомельшчыцы дапамагаюць дзецям знайсці работу па душы, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь. Беларускія студэнты добра зарэкамендавалі сябе ў працы, таму кіраўніцтва «Арляня» і «Марской хвалі» заўсёды з радасцю запрашае іх, — падзяліўся камісар Гомельскага абласнога штаба студатрадаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.