— Гэты год для беларускага студатрадаўскага руху — юбілейны, мы адзначаем яго 60-годдзе. І мне вельмі прыемна сёння канстатаваць, што тыя амбіцыйныя задачы, якія былі пастаўленыя ў пачатку года на ўрачыстым адкрыцці трэцяга працоўнага семестра, цалкам выкананыя, — падкрэслівае другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў. — Лічбы працаўладкаваных маладых людзей сёлета дастаткова высокія. Звыш 48 тысяч працаўладкаваных у складзе студэнцкіх атрадаў — гэта дастойны вынік.
Упершыню ў гэтым годзе сотні хлопцаў і дзяўчат атрымалі дадатковую рабочую прафесію праз кароткатэрміновыя практыка-арыентаваныя курсы. Гэта сур’ёзная падтрымка моладзі з боку дзяржавы. Мы актыўна працавалі ў міжнародных праектах — на будаўніцтве касмадрома Усходні, на беразе Чорнага мора ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Нашых байцоў студатрадаўскага руху ведаюць далёка за межамі Беларусі. Студатрады — гэта канкрэтныя справы і рэальныя ўчынкі...
Аляксандр Прохараў падкрэсліў, што такі вынік не мог быць дасягнуты без той каласальнай падтрымкі, якую аказваюць студатрадаўскаму руху кіраўнік нашай дзяржавы і ўрад краіны. «Мы пашырылі колькасць наймальнікаў. Яны ўжо дакладна ведаюць: калі патрабуецца падтрымка ў працоўных рэзервах, мэтанакіраваныя і адказныя хлопцы і дзяўчаты — гэта, вядома ж, байцы студэнцкіх атрадаў. У гэтым годзе мы напісалі яркую старонку пад назвай „60 гадоў руху Беларускіх студэнцкіх атрадаў“, але ўжо ў наступным годзе адкрыецца новая, 61-я. Упэўнены, яна будзе такой жа яркай і багатай на працоўныя поспехі і перамогі», — дадаў другі сакратар ЦК БРСМ.
У Рэспубліканскім конкурсе «Працоўны семестр—2023» шмат намінацый.
У намінацыі «Найлепшы студэнцкі атрад, які працуе на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус Усебеларускай ці абласной (Мінскай гарадской маладзежнай будоўлі » перамог будаўнічы атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі, сфарміраваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Ён працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці» на аб’ектах Беларускай атамнай электрастанцыі, а таксама на будаўніцтве стартавага корпуса «Ангара» Міжрэгіянальнай студэнцкай будоўлі «Касмадром «Усходні». Хлопцы атрымаюць пераходны сцяг як найлепшы студэнцкі атрад краіны.
У намінацыі «Найлепшы наймальнік» пераможцай стаў ААТ «Мінскі трактарны завод». Яго кіраўніцтва атрымае пераходны сцяг як найлепшая арганізацыя, якая прымала студэнтаў.
Былі вызначаны таксама найлепшыя камандзіры студатрадаў, найлепшыя тэрытарыяльныя штабы працоўных спраў і студэнцкіх атрадаў. У спецыяльнай намінацыі «За жаданне працаваць, накіраванасць на высокі вынік і прасоўванне каштоўнасцей Беларускіх студэнцкіх атрадаў» быў адзначаны штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота БРСМ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.