Вы тут

Абярэг сям'і Лычкоўскіх


Два саматканыя ручнікі з загадкавымі славянскімі сімваламі дайшлі да Наталлі ад яе прабабкі. Традыцыя перадаваць сакральныя для сямейства рэчы захоўваецца па жаночай лініі — ад маці да дачкі. Разам з паданнем, якое сведчыць, што яны зроблены з малітвай пра шчасце і дабрабыт. У арнаментах няма ніводнага лішняга знака, кожная палоска мае пэўнае значэнне.


Пад абаронай нябёсаў

— Вось гэты ручнік з ружамі — купалаўскі або вясельны, — расказвае Наталля Лычкоўская. — Гэта кветка гаворыць пра бясконцы сонечны рух і абнаўленне. Другі ручнік мае сімвалы, якія адносяцца да земляробства. Падзелены на часткі ромб — знак Зямлі і ўрадлівасці. Мясцовыя жыхары, калі я паказала гэтыя ручнікі ў вішоўскім клубе, інфармацыю пацвердзілі.

Ручнікі ткала і вышывала Наталліна прабабуля Усціння, да замужжа Сцяпанчыкава, а па мужу — Цалабёнак. Яна была вядомая на ўсю акругу майстрыха. Вышывала абрусы, рабіла пакрывалы. Мясцовы пан, у якога працавала ў маладосці, адзначаў яе за стараннасць.

Наталля прабабулю сваю не застала, але шмат чула пра яе ад сваёй бабулі Лідзіі Еўціхаўны Сыскаўцовай. Тая жыла ў вёсцы Бракава Магілёўскага раёна. Наталля таксама адтуль родам. Сельскае жыццё ведае добра. Бацькі трымалі жывёлу, даводзілася ім дапамагаць. Бачыла, з якой любоўю яны адносяцца да зямлі, вучылася таксама жыць з прыродай у гармоніі. І пра Бога не забываць. У Лідзіі Еўціхаўны заўсёды шмат ікон у доме было, яна за кожнага з сямейнікаў малілася.

Ручнікі, якія атрымала ад сваёй маці, Лідзія Еўціхаўна захоўвала асобна. Карысталася імі толькі па вялікіх святах. Наталля памятае, як на Вялікдзень бабуля Ліда загортвала ў іх кулічы. Гэтыя абярэгі заставаліся ў яе доме, пакуль жанчына адчувала сябе бадзёра. Потым аддала дачцэ Тамары — маці Наталлі. А тая, у сваю чаргу, як толькі дачка выйшла замуж, перадала ёй.

Дзяцей у сям'і Лычкоўскіх трое — Даніла, Максім і Кацярына. Маладая жанчына смяецца, што ў яе бацькоў было трое дзяцей, а ў яе — таксама. Кажа, што дзеці — самая вялікая радасць.

Гармонік на шчасце

Дарэчы, у сям'і ёсць яшчэ адна сямейная рэліквія — гармонік, які атрымаў у спадчыну галава сямейства Анатоль. У яго родзе было шмат музыкантаў. Ён таксама вучыўся, але цярпення завяршыць вучобу не хапіла.

Анатоль родам з Галубоўкі, што за пяць кіламетраў ад Вішова. У яго сям'і было шэсць дзяцей. І працавалі дружна, і святы адзначалі весела. Бацька Максім навучыўся іграць на гармоніку ад свайго бацькі — Аркадзя.

— Памятаю бацькоўскія ўрокі, — усміхаецца суразмоўнік. — Ён раіў мне садзіцца насупраць люстэрка і перабіраць кнопкі. Калі займаўся, нешта атрымлівалася...

Гармонік з рамантычнай назвай «Рамонак» перакачаваў у Вішоў, калі нарадзіўся Даніла. На жаль, гэтага шчаслівага імгнення дзед Максім не дачакаўся — сэрца падвяло. Але яго гармонік спатрэбіўся. Калі хрысцілі хлопчыка, на ім іграў бацька Наталлі — Алег Анатольевіч, таксама гарманіст-самавучка. Потым інструмент быў задзейнічаны, калі хрысцілі Максіма і Кацярыну.

— Сямейныя пасядзелкі з'ядноўваюць, застаюцца ў памяці назаўжды, — лічыць Анатоль.

Службовы раман па-вішоўску

Сужэнцы працуюць у знакамітым на ўсю краіну калгасе «Радзіма» Бялыніцкага раёна — тым самым, які ўзначальваў Аляксандр Лапацентаў. Цяпер ім кіруе яго сын Алег, ён працягвае бацькоўскія традыцыі і стварае па-сапраўднаму сямейную атмасферу ў маштабах аграгарадка.

Наталля трапіла сюды загадчыцай на ферму пасля размеркавання з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Маладой спецыялістцы далі вялікі прыгожы дом на вуліцы Петрапаўлаўскай, у якім сёння жыве яе дружная сям'я. Адна Наталля заставалася там нядоўга. Анатоль на час іх знаёмства працаваў у гаспадарцы механізатарам на той самай ферме, якую ўзначаліла Наталля. Іх адносіны складваліся прыблізна як у знакамітым фільме: начальніца спачатку рабіла заўвагі падначаленаму, а потым закахалася.

— Прыехала на адпрацоўку, а сустрэла лёс, — усміхаецца Наталля. — Спачатку, праўда, не разабралася. Я ж прынцыповая, маўчаць не стану, калі што. Мне не спадабалася, як ён прыбраў на ферме, вось і панаракала. Але хутка ўпэўнілася, што ён вельмі добры і працавіты.

Жанчына неяк абмовілася на рабоце, што не хапае рук даглядаць прыватны дом. І Анатоль адразу ж прапанаваў дапамогу. Прыходзіў, калі трэба было траву пакасіць, снег прыбраць, мэблю сабраць, цвік забіць.

— Тут жа нічога не было, голыя сцены, — успамінае Наталля. — А я дзяўчына маладая, хаця і вырасла ў вёсцы, але ж не ўсё ў маіх сілах. Тут мужчынскія рукі патрэбны былі.

Непрыкметна адносіны сталі не столькі дзелавыя, колькі сяброўскія. У знак падзякі дзяўчына запрасіла хлопца на свой дзень нараджэння. Ёй тады 23 гады споўнілася. У яе сям'і было заведзена такія святы адзначаць сямейным колам. Прыехалі бацькі, пазнаёміліся з Анатолем. Ён ім адразу ж даспадобы прыйшоўся. З таго часу дзяўчына стала яшчэ больш да Анатоля прыглядацца.

— Мне спадабалася, што ён гаспадарчы, надзейны, спакойны, — кажа яна. — А галоўнае — я зразумела, што таксама яму падабаюся.

Сямейныя традыцыі

Наталліны продкі па жаночай лініі былі вялікія рукадзельніцы, але яна пакуль традыцыі не падтрымлівае. Прызнаецца, што часу не хапае. Хаця ў школе і шыла, і вышывала, і вязала. А яшчэ наведвала спартыўныя гурткі, музычную школу, вучылася танцам. Яна і цяпер на вясковых святах спявае і танцуе. Гэта ўсё татавы гены, які таксама любіў на святах настрой падымаць, лічыць яна.

Наталля захапляецца кветкаводствам, Анатоль любіць майстраваць. Сям'я трымае вялікую гаспадарку.

Хапае часу і на грамадскія справы. Кіраўніцтва калгаса клапоціцца, каб культурнае жыццё ў аграгардку было насычанае. Агульнае вясковае свята — дзень Святых Пятра і Паўла. Пасля богаслужэння адбываецца народнае гулянне з забавамі, конкурсамі, канцэртамі. І сям'я з задавальненнем акунаецца ў радаснае мерапрыемства. Дома на сцяне ёсць фота, дзе Анатоль разам з іншымі мужчынамі косіць траву. Гаспадар каментуе, што прымаў удзел у адпаведным конкурсе. Адрэналін, мяркуючы па здымку, зашкальваў. Анатоль зусім крыху саступіў свайму саперніку, які заняў першае месца. Малады чалавек, дарэчы, карыстаецца касой не толькі на конкурсах.

Наталля з Анатолем захоўваюць традыцыі продкаў. Яны адчуваюць свае карані. І вучаць дзяцей гэтыя карані шанаваць і ганарыцца імі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бялыніцкі раён, аграгарадок Вішоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.