Вы тут

Чаму Бялынічы прызнаны горадам, зручным для жыцця


Нагода самая падыходзячая. Бялынічы сталі пераможцамі рэспубліканскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь за 2022 год сярод гарадоў чацвёртай катэгорыі (да 10 тысяч жыхароў). Бялынічы — горад наогул асаблівы. Яго заступніцай з'яўляецца ікона «Бялыніцкая Божая Маці», якая, згодна з паданнем, сама абрала ў XVІ стагоддзі гэтае месца. Выява цудатворнага абраза ўпрыгожвае вуліцы горада, а копія знаходзіцца ў храме, асвечаным у гонар святыні. Менавіта адсюль госці горада звычайна пачынаюць сваё падарожжа па вуліцах райцэнтра. Нельга не заўважыць, колькі сіл і любові ўкладзена ў іх афармленне.


Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Стыліст для Бялыніч

Асабліва прывабным і зручным для жыцця горад стаў пасля свята пісьменства, якое прайшло тут тры гады таму. Абнавіліся будынкі, палепшылася інфраструктура, папрыгажэлі яго вуліцы.

У горадзе шмат цікавых арт-аб'ектаў, гэта ідэальнае месца для натхнення творчых асоб. Дастаткова ўспомніць народнага беларускага і савецкага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, які адсюль родам, або нашу сучасніцу знакамітую мастачку Ларысу Журавовіч. Яна пэўны час жыла ў Мінску, але вярнулася ў Бялынічы і стварае цікавыя мастацкія калекцыі, піша іконы для храмаў і карціны для музеяў.

Утульнасць і прыгажосць — паняцці агульныя, і дасягаюцца яны агульнымі намаганнямі. Шмат што дзеля гэтага робяць камунальнікі і дэпутаты. Адны непасрэдна займаюцца гэтым штодзённа, другія — заахвочваюць насельніцтва, каб дапамагалі.

Дырэктар бялыніцкага «Жылкамгаса» Віктар Івулеў, а па сумяшчальніцтве яшчэ і намеснік старшыні райсавета, кажа, што для яго вельмі важна, каб горад выглядаў прывабна. Ён тут нарадзіўся, ведае і любіць яго гісторыю, імкнецца падкрэсліць яго хараство. Дарэчы, у «Жылкамгасе» ён працуе 35 гадоў, кіраўніком — з 1999 года.

— У Бялынічах мы ганарымся нашым цудоўным паркам «Ліпавы гай», жылым фондам, які практычна ўвесь прывялі ў парадак, аб'ектамі добраўпарадкавання, — адзначае суразмоўнік. — Сёлета Магілёўскі аблвыканкам выдзеліў Бялынічам на добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак 150 тысяч рублёў. Акрамя таго, дзякуючы сацыяльнаму праекту Прэзідэнцкага спартклуба «Спорт для ўсіх» у горадзе па вуліцы Паркавай з'явілася спартыўная пляцоўка для заняткаў сілавымі відамі. Грошы выдзяляліся пры ўмове сумеснага фінансавання. Спартклуб падарыў абсталяванне, а горад падрыхтаваў аснову з мяккім пакрыццём. І спартыўная, і дзіцячыя пляцоўкі вельмі запатрабаваныя. Людзі жадаюць займацца спортам, асабліва падлеткі. Мы не паспявалі зманціраваць пляцоўку, як яны ўжо пачыналі карыстацца.

Добраўпарадкаванне — вельмі важная рэч, лічыць дырэктар «Жылкамгаса». Адных толькі веладарожак у горадзе прыкладна чатыры кіламетры. І камунальнікі думаюць, як іх аб'яднаць у веламаршрут, каб можна было не проста катацца, а яшчэ і сур'ёзна займацца спортам. «Скверы, паркі, кветкі — усё гэта трэба для насельніцтва, — кажа Віктар Івулеў. — Хочацца зрабіць больш, але і тое, што паспяваем, паляпшае жыццё».

Дарэчы, намаганні зрабіць горад прыгажэйшым не застаюцца незаўважанымі. Нядаўна на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры было прынята рашэнне ў 2024 годзе надаць Бялынічам статус культурнай сталіцы года.

Вішоў рэалізуе пілотны праект па бетонных дарогах

Не магла абысці ўвагай і аграгарадок Вішоў гэтага ж раёна, які адзначаны ў рэспубліканскім конкурсе за значны ўклад у павышэнне ўзроўню добраўпарадкаванасці тэрыторый. Звяртаю ўвагу на яркую агароджу каля дамоў, кветнікі, дагледжаную тэрыторыю — сапраўды хораша.

— Галоўнае — трымаць сувязь з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі, і асноўным, бюджэтаўтваральным — калгасам «Радзіма», — дзеліцца рэцэптам стварэння прыгажосці выконваючы абавязкі старшыні Вішоўскага сельсавета Дзмітрый Карпікаў. — Вось гэтую доўгую агароджу, якая цягнецца праз увесь населены пункт уздоўж трасы Магілёў—Бялынічы амаль кіламетр, мы першы раз фарбавалі ў 2019 годзе разам з калгасам «Радзіма». Я якраз тады прыйшоў сюды працаваць, і гэта была першая ініцыятыва, з якой звярнуўся да старшыні калгаса. Калгас даваў фарбу, а я знаходзіў людзей, якія фарбавалі. Цяпер мы зноў паўтараем гэты сумесны праект. Дапамога калгаса неацэнная. Адной толькі фарбы вунь колькі спатрэбілася.

Не менш прыбраная вуліца Петрапаўлаўская, дзе як на падбор выстраіліся прыгожыя катэджы з мансардамі. На вуліцы 39 дамоў, і кожны гаспадар унёс свай ўклад у мастацкае афармленне агароджы. Калі калгас ідзе насустрач, як не адгукнуцца. Тым больш тут жывуць у асноўным яго работнікі.

Едзем з дэпутатам на вуліцу Меліяратараў, дзе сёлета быў зроблены капрамонт трох двухпавярховікаў. Па дарозе ён расказвае, што аграгарадок ужо адзначаўся за прыгажосць і парадак у 2019, 2020 і 2021 гадах.

Дзмітрый Карпікаў з жыхаркай Вішова Наталляй Лычкоўскай, якая прыняла ўдзел у афарбоўцы агароджы.

— На грошы, якія мы атрымалі за перамогу, былі заменены лямпы вулічнага асвятлення на святлодыёдныя, — пералічвае Дзмітрый Карпікаў. — На могілках своечасова выдалілі каля ста аварыйных дрэў. А ў 2021 годзе ў якасці падарунка атрымалі трактар. Цяпер тэхніка знаходзіцца ў калгасе «Радзіма». Пры неабходнасці яна задзейнічана ў добраўпарадкаванні тэрыторыі.

У аграгарадку з улікам дачнікаў пражывае каля 2000 жыхароў. Да іх паслуг — школа, дзіцячы садок, сельская ўрачэбная амбулаторыя, сельскі Дом культуры, ёсць нават лазня і, што зусім нетыпова для такіх населеных пунктаў, — музей. Жылыя дамы ў асноўным аднапавярховыя, але ёсць 12 шматпавярховікаў. У іх ліку і тыя, што па вуліцы Меліяратараў, — апошнія з агульнай колькасці, дзе зроблены капрамонт. Абноўленыя дамы выглядаюць як лялькі. Знаёмлюся з Алёнай Шаўцовай, якая з сыночкам Яўгенам выйшла пагуляць каля дома. Кажа, што нядаўна разам з мужам яны пераехалі сюды з Клімавіч.

— Населены пункт вельмі чысты, добраўпарадкаваны, усё побач: царква, алея Славы, амбулаторыя, банк. І моладзі дастаткова, — дзеліцца яна.

Падчас капрамонту ў дамах заменены дах, інжынерныя ўнутрыдамавыя сеткі, зроблена тынкоўка фасадаў, адмостка, добраўпарадкаванне.

У Вішове ад раённага «Жылкамгаса» працуе ўчастак, у складзе якога начальнік, кіроўца, чатыры аператары, слесар, дворнік плюс работнік лазні — мінімальная колькасць для абслугоўвання аграгарадка. На месцы ёсць усё неабходнае, каб аператыўна адрэагаваць на любыя сігналы. Калі ўзнікаюць складаныя работы, як, напрыклад, капрамонт жылых будынкаў, з Бялыніч прыязджае брыгада.

У аграгарадку праведзена мадэрнізацыя водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, прыведзены ў парадак ачышчальныя збудаванні, пабудавана станцыя абезжалезвання. Населены пункт цалкам газіфікаваны, цяпло ў дамы паступае па мадэрнізаваных цепласетках, дзе звычайныя трубы цалкам замененыя на сучасную ПІ-трубу.

— Раней у Вішове былі дзве кацельныя, правялі аптымізацыю, пабудавалі цепласеткі і зрабілі механізаваную кацельную на шчэпках, — расказвае дырэктар бялыніцкага «Жылкамгаса». — Дагэтуль кацельныя працавалі на дровах. На абслугоўванні кацельных былі задзейнічаныя 16 аператараў, таксама набіралі сезонных рабочых. Пасля аптымізацыі працуе адна кацельная, а на ёй усяго чатыры чалавекі. Знізіліся сабекошт і затраты на ўтрыманне, няма больш скаргаў і нараканняў ад насельніцтва.

Цяпер камунальнікам дадалося работы: ім даручана абслугоўваць яшчэ і дарогі. Толькі ў Бялыніцкім раёне прынята на абслугоўванне 300 кіламетраў дарог.

Сёлета ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта ў Вішове запушчаны пілотны праект па будаўніцтве бетонных дарог. З Беларускім
нацыянальным тэхнічным універсітэтам быў заключаны дагавор на абследаванне дарожнай сеткі. Тут ужо чакаюць, калі будзе дадзена тэхнічнае заключэнне і зроблены прапановы па ўладкаванні адзення для бетанавання дарог.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бялыніцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.