Вы тут

Дамоўленасці Х Форуму рэгіёнаў да многага абавязваюць


Дзясяты, юбілейны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што праходзіў у чэрвені ў расійскай Уфе, ужо стаў спраўджанай гісторыяй. Добрай, пазітыўнай гісторыяй з яшчэ больш умацаванымі сувязямі, з мільённымі падпісанымі новымі кантрактамі. Пачалася падрыхтоўка да новага форуму, які налета прыме наш Віцебск.

Важнае мерапрыемства ў рамках Саюзнай дзяржавы (пакуль у рамках — у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму ва Уфе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пашырыць геаграфію ўдзельнікаў) кожны раз праводзіцца пад патранатам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Сенатары заўсёды ў складзе аргкамітэта, выступаюць мадэратарамі тэматычных секцый, прысутнічаюць на перагаворах дэлегацый рэгіёнаў. Мы прапанавалі некаторым членам Савета Рэспублікі вярнуцца ў думках на некалькі тыдняў назад і падзяліцца вынікамі і ўражаннямі ад форуму. Яно зусім не позна: работа па выніках толькі пачынаецца, падпісаныя кантракты і дамоўленасці будуць рэалізоўвацца не адзін дзень.


Алег ДЗЯЧЭНКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Падчас работы X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў кангрэс-холе «Таратау» ва Уфе мы падпісалі пагадненне з Інстытутам развіцця адукацыі Рэспублікі Башкартастан аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве ў сферы бесперапыннай педагагічнай адукацыі і адукацыі дарослых. Дарэчы, дакумент падпісаны ў рамках рэалізацыі выніковага рашэння леташняга Форуму рэгіёнаў у частцы пашырэння супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, маладзёжнай палітыкі паміж установамі дадатковай адукацыі Беларусі і арганізацыямі дадатковай прафесійнай адукацыі Расіі.

Сёння дадзеная тэма асабліва актуальная. І вось чаму. У сучасных умовах бесперапынная адукацыя ці, як цяпер кажуць, «адукацыя праз усё жыццё», мае ў прафесійнай сацыялізацыі ледзь не самае галоўнае значэнне. Калі праграмы бакалаўрыята і магістратуры ставяць за сваю мэту ў першую чаргу падрыхтоўку спецыялістаў з адпаведнымі базавымі прафесійнымі кампетэнцыямі, то паслядыпломная адукацыя арыентавана на далейшае паэтапнае паглыбленне ў прафесію на аснове перадавога практычнага вопыту, асіміляцыю новых дасягненняў навуковага, педагагічнага, культурнага і інавацыйнага падыходаў у прафесійнай дзейнасці.

Разам з калегамі з башкірскага Інстытута развіцця адукацыі мы плануем абменьвацца эфектыўным вопытам удасканалення бесперапыннай педагагічнай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых, рэалізоўваць сумесныя адукацыйныя праграмы і праекты, арганізоўваць і праводзіць навукова-метадычныя мерапрыемствы, у тым ліку ў дыстанцыйнай форме, а таксама ўзаемадзейнічаць па іншых напрамках адукацыйнай і навуковай дзейнасці. Нам ёсць што прапанаваць расіянам у сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, інклюзіўнай адукацыі, духоўна-маральнага выхавання. У сваю чаргу, мы паглядзім, які досвед работы башкірскіх педагогаў можна запазычыць для апрабацыі і ўкаранення ў айчынную практыку. Пачатак узаемавыгаднага супрацоўніцтва пакладзены. Асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці вызначаны. Будзем працаваць на вынік.

Аляксей НЯВЕРАЎ, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар прадпрыемства «Гомельаблпрам»:

— З году ў год форум набіраў абароты, пашыраючы гарызонты супрацоўніцтва двух брацкіх народаў у самых розных сферах. Юбілейны Х Форум, мяркуючы па ўсім, паб'е ўсе рэкорды па колькасці заключаных кантрактаў. Агульная сума — каля 1,5 мільярда долараў. І гэта толькі папярэдняя лічба.

На тры дні сталіца Башкартастана Уфа стала цэнтрам прыцягнення прадстаўнікоў дзелавых колаў абедзвюх краін. Свае самыя лепшыя праекты і дасягненні рэгіёны прадэманстравалі ў рамках шматлікіх выставак. Нікога не пакінула абыякавай ВДНГ у мініяцюры. Ва ўсіх сэнсах магутнай атрымалася экспазіцыя машынабудавання Беларусі. Сярод экспанатаў — найноўшыя ўзоры МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш». Многія з машын дэманструюць сабой выдатны прыклад паспяховай кааперацыі і імпартазамяшчэння. Галоўнае, што нашай тэхнікі становіцца ўсё больш у Расіі, у тым ліку ў самых аддаленых яе кутках.

Таксама запомнілася адкрыццё магазіна на вуліцы Камуністычнай — першага ў Башкірыі, дзе прадстаўлены тавары толькі беларускай вытворчасці. А таксама фірменнай крамы гомельскага прадпрыемства «Камінтэрн». У нашага вытворцы дзелавога адзення, безумоўна, вялікая будучыня на расійскім рынку.

Уразіў, вядома, не толькі эканамічны блок. Фестываль нацыянальных культур «Вуліца Дружбы», які расцягнуўся на паўтара кіламетра ва Уфе, аб'яднаў традыцыі рэгіёнаў у самых яркіх, душэўных вобразах. Падворкі пакарылі гасцей свята ўрачыстасцю колеру, смаку і формы. Ва ўсёй красе паўсталі на фестывалі нашы спрадвечныя беларускія рамёствы: разьба па дрэве, саломапляценне, ганчарства. Не забудзе Уфа і самы вялікі карагод «кола ў крузе», які сабраў больш за 3000 чалавек і занесены ў Кнігу рэкордаў Расіі.

Цяпер трэба ажыццяўляць пазначаныя планы, рэалізоўваць дасягнутыя дамоўленасці.

Юрый НАРКЕВІЧ, член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў:

— Дэлегацыя Брэсцкай вобласці вельмі прадукцыйна з'ездзіла ва Уфу для ўдзелу ў мерапрыемствах Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

У рамках форуму было падпісана сем пагадненняў аб супрацоўніцтве органаў кіравання і самакіравання Брэсцкай вобласці і рэгіёнаў Расіі, а таксама дыстанцыйна падчас правядзення мерапрыемстваў форуму былі падпісаны кантракты паміж прамысловымі прадпрыемствамі Брэстчыны і прадпрыемствамі Смаленска, Казані, Уфы.

У складзе афіцыйнай дэлегацыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі бізнесу Брэсцкай вобласці, якія правялі сустрэчы з зацікаўленымі прадстаўнікамі бізнесу Расійскай Федэрацыі на прадмет развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Па выніках перагавораў падпісаны пратакол аб намерах паміж нашым ААТ «Бярозабудматэрыялы» і Спецыялізаваным гандлёвым домам ва Уфе па пытаннях арганізацыі экспартных паставак беларускай керамічнай пліткі.

Намеры развіваць супрацоўніцтва ўзніклі і па выніках перагавораў паміж кіраўніцтвам Даманаўскага вытворча-гандлёвага камбіната і Салавацкага каталізатарнага завода на прадмет экспартных паставак беларускага сілікату натрыю. Даманаўскі камбінат ужо адправіў узоры прадукцыі на адрас расійскага контрагента для правядзення неабходных лабараторных выпрабаванняў, па выніках якіх будзе вызначаны фармат далейшага супрацоўніцтва.

Брэсцкай вобласці паступіла прапанова заключыць пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж Уфімскім раёнам Рэспублікі Башкартастан і адным з раёнаў Брэсцкай вобласці. Прапрацоўка дадзенага пытання ўжо пачата. Цяпер ідзе падборка аптымальных варыянтаў з нашага боку з улікам геаграфічнага становішча, колькасці насельніцтва, эканамічнага і культурнага патэнцыялу расійскага рэгіёна.

Сяргей АНЮХОЎСКІ, член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, генеральны дырэктар СААТ «Камунарка»:

— Удзел у X, юбілейным, Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў горадзе Уфа ў поўнай меры даў магчымасць пазначыць пазіцыю палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і шматлікіх экспертаў абедзвюх краін: мы разам, мы адзіныя, наш курс на раўнапраўны рух насустрач адзін аднаму з'яўляецца непарушным. Сустрэчы, зносіны, выпрацоўка адзінай пазіцыі па ўсіх ключавых кірунках развіцця ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльным жыцці, дэманстрацыя адзінства — галоўныя дасягненні нашай работы.

Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы, сустрэліся, каб прагаварыць галоўнае, адчуць настрой і выказаць цёплую падтрымку. А таксама зразумець, што сёння як ніколі раней нашы адзінства і ўзаемадзеянне прыносяць плён у выглядзе сотні пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў на агульную суму каля 110 млрд расійскіх рублёў.

Старэйшае пакаленне людзей, што вырасла ў часы Савецкага Саюза, памятае адзінства вялікай краіны, разумее трагедыю раз'яднанасці, якая ўразіла славян сёння. Нам не трэба тлумачыць гістарычныя карані нашых народаў і важнасць падтрымкі адно аднаго. Але наша моладзь вырасла ў іншы час, таму спецыяльна для іх ствараюцца маладзёжныя праекты: «Цягнік Памяці», прафарыентацыйная школа «За бяспеку!». Гэта вельмі важна — аб'ядноўваць нашых дзяцей, ствараць умовы для сяброўства і ўзаемадзеяння, тады яны будуць расці, усведамляючы, што побач з імі сябры, і пасля тое сяброўства прынясе свой плён. Цяпер мы падаём ім прыклад, як правільна дзейнічаць, а потым ужо яны, калі вырастуць, змогуць пазбегнуць памылак, ім ніхто не ўваб'е ў галаву думкі аб адсутнасці агульнасці і не настроіць адзін супраць аднаго. Гэта што да нашай работы ў эканамічным і агульначалавечым планах.

Важна падкрэсліць і палітыка-інстытуцыянальныя зрухі: статус Форуму ў рамках Саюзнай дзяржавы будзе істотна павышаны. Многія гады мы працуем поплеч з расійскімі партнёрамі, ажыццяўляючы наша ўзаемадзеянне на прынцыпах роўнасці, павагі суверэнітэту, захавання нацыянальных інтарэсаў, падтрымкі адзін аднаго і паступальнага руху наперад.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.