Вы тут

Што такое эндаметрыёз і ці можна яго вылечыць?


Эндаметрыёз з’яўляецца сур’ёзным захворваннем і на сёння яго мае ўсё большая колькасць жанчын, але прычыны яго да канца не зразумелыя. Па статыстыцы кожная 10-я жанчына рэпрадуктыўнага ўзросту хварэе на эндаметрыёз. Ва ўсім свеце гэта больш за 176 мільёнаў жанчын.

Наступствы эндаметрыёзу — пастаянныя болі, крывацёкі, страта працаздольнасці ў дні менструацыі, а таксама бясплоддзе. Дадзеная хвароба сур’ёзна адбіваецца на псіхаэмацыянальным стане, бо пры працяглых болях можа фарміравацца дэпрэсія. Што гэта за захворванне, разбіраліся разам з урачом-акушэрам-гінеколагам 11-й гарадской паліклінікі Мінска Яўгеніяй Маскальчук.


— Яўгенія Аляксандраўна, растлумачце спачатку, што такое эндаметрыёз і ў чым яго прычыны.

— Гэта працэс, падчас якога за межамі поласці маткі адбываецца дабраякаснае разрастанне тканкі, якая па марфалагічных і функцыянальных уласцівасцях падобная да эндаметрыю.

Упершыню клінічны выпадак эндаметрыёзу быў апісаны медыкам Ракітанскім амаль 150 гадоў таму, аднак да сённяшняга часу механізмы гэтага шматфактарнага і шматкампанентнага захворвання канчаткова не ясныя, што абцяжарвае пошук эфектыўных метадаў лячэння. Сутнасць захворвання простай мовай — наяўнасць эндаметрыёіднай тканкі (унутранага высцілкі маткі) у нетыповых для яе месцах — мышцах маткі, матачных трубах, яечніках, кішэчніку, звязках малога таза, нават у воку і мозгу.

— А што такое адэнаміёз? Разнавіднасць эндаметрыёзу?

— Эндаметрыёз традыцыйна падзяляюць на генітальны і экстрагенітальны, а генітальны, у сваю чаргу, — на ўнутраны (эндаметрыёз цела маткі) і вонкавы (эндаметрыёз шыйкі маткі, похвы, пахвіны, ретрацэрвікальнай зоны (ззаду шыйкі маткі), яечнікаў, матачных труб, брушыны, прамакішачна-матачнага паглыблення).

У апошнія гады «ўнутраны эндаметрыёз» усё часцей разглядаюць як зусім асаблівае захворванне і абазначаюць тэрмінам «адэнаміёз».

— Захворванне няпроста дыягнаставаць. А як яно сябе праяўляе? І ў якім узросце найчасцей сустракаецца?

— Эндаметрыёз можна разглядаць як хранічнае гінекалагічнае захворванне, галоўнымі клінічнымі праявамі якога з’яўляецца працяглы боль і бясплоддзе. Эндаметрыёз часцей за ўсё дыягнастуюць у жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту — у 25-40 гадоў. Сярэдні ўзрост хворых з эндаметрыёіднымі кістамі складае прыкладна 30 гадоў, з унутраным эндаметрыёзам — 40 гадоў.

Эндаметрыёз нярэдка спалучаецца з міёмай маткі і гіперпластычнымі працэсамі эндаметрыю.

Для хворых на адэнаміёз ці, як мы сказалі, унутраны эндаметрыёз характэрнае з’яўленне крывяністых выдзяленняў перад і пасля менструацыі (яны ў невялікай колькасці, цёмнага шакаладнага колеру); вялікая не толькі працягласць менструацыі, але і колькасць выдзяленняў — і, як вынік, зніжэнне ўзроўню гемаглабіну ў крыві і анемія.

Найбольш важны клінічны сімптом эндаметрыёзу — боль, звязаны з менструальным цыклам: цягнучага характару ўнізе жывата і ў зоне паясніцы на працягу ўсяго месяца, які ўзмацняецца напярэдадні менструацыі, і рэзка балючыя менструацыі — дысменарэя. Боль, як правіла, дасягае піка ў дні менструацый і слабее пасля яе. Ён абумоўлены тым, што ў ачагах эндаметрыёзу адбываюцца цыклічныя расстройствы, падобныя з тымі, што адбываюцца ў эндаметрыі, а таксама спадарожнымі запаленчымі парушэннямі, зменамі ў нервовых канчатках і спаечным працэсам, у які нярэдка ўцягнутыя ніжнія аддзелы кішэчніка.

Магчымая боль таксама пры дэфекацыі — пры паражэнні прамой кішкі або яе ўцягванні ў спаечны працэс, і мочаспусканні — пры паражэнні мачавога пузыра. Некаторыя пацыенткі адчуваюць дыскамфорт і болевыя адчуванні пры палавым акце. Як правіла, дадзены сімптом сустракаецца ў жанчын з паражэннем крыжова-матачных звязак, рэктавагінальнай перагародкі, прамакішачна-матачнай прасторы і похвы.

Эндаметрыёідная кіста яечнікаў вялікіх памераў можа не выклікаць болевую сімптаматыку і быць выпадковай знаходкай падчас прафілактычнага агляду, у той час як мінімальнае распаўсюджанне эндаметрыёзу на брушыну малога таза, крыжова-матачныя звязкі і на прамакішачна-похвенную перагародку вядзе да страты працаздольнасці.

— У чым, акрамя боляў, асноўная небяспека эндаметрыёзу?

— Адна з найбольш частых прычын звароту хворых на эндаметрыёз па ўрачэбную дапамогу — бясплоддзе. Наяўнасць спаечнага працэсу ў малым тазе, паражэнне яечнікаў эндаметрыёіднымі кістамі выклікае праблемы з зачаццем у маладых пацыентак. Вядома, маючы сталы боль у зоне малога таза, болі пры палавым акце, прыступы болю ў менструацыю да млоснасці і страты прытомнасці, а таксама немагчымасць нарадзіць доўгачаканае дзіця, такія пацыенткі схільныя да рознага роду дэпрэсіўных і трывожных расстройстваў. Гэта мы абавязкова ўлічваем у тэрапіі і падыходзе да такіх жанчын. Для дыягностыкі выкарыстоўваюцца метады УГД, комплекс скаргаў, а таксама візуальна-аналагавая шкала для вызначэння інтэнсіўнасці болю. Па ёй жанчыне прасцей ацаніць ступень выразнасці болевых адчуванняў.

— Ці лечыцца такое захворванне?

— Задачы лячэння эндаметрыёзу — гэта выдаленне яго ачага, памяншэнне інтэнсіўнасці боляў, лячэнне бясплоддзя, прадухіленне прагрэсіравання і прафілактыка рэцыдываў захворвання, што змяншае неабходнасць выканання радыкальнага аператыўнага лячэння. Таксама пры неабходнасці карэкцыя вегетатыўных і трывожна-дэпрэсіўных расстройстваў.

Сучасны падыход да доўгатэрміновага вядзення пацыентак з хранічным тазавым болем, абумоўленым эндаметрыёзам, уключае хірургічнае лячэнне і медыкаментозную тэрапію.

Паводле рэкамендацый вядучых гінекалагічных таварыстваў, камбінаваныя аральныя кантрацэптывы адносяць да прэпаратаў першага выбару. Іх выкарыстоўваюць для купіравання звязанага з эндаметрыёзам тазавага болю ў жанчын, якія не маюць супрацьпаказанняў і не плануюць на дадзены момант цяжарнасць. Перавагамі аральных кантрацэптываў з’яўляюцца нізкая цана, невялікая колькасць пабочных эфектаў і магчымасць працяглага лячэння.

Таксама можна разглядаць у якасці тэрапіі першай лініі монатэрапію прагестагенаў. Яе неабходна ажыццяўляць бесперапынна і ў дастаткова высокіх дозах, на фоне якіх развіваецца аменарэя — адсутнасць менструацый. Такі падыход дазваляе не толькі зняць боль, прадухіліць развіццё новых паражэнняў, але і забяспечыць рэгрэс ужо наяўных ачагоў. У найбольш нізкай дозе выкарыстоўваюць дыенагест (Візана) і леванаргестрэл (унутрыматачна ў складзе сістэмы Мірэна).

— У якіх выпадках звяртаюцца да хірургічнага лячэння?

— У цяперашні момант існуе тэзіс «аперацыя з нагоды эндаметрыёзу павінна выконвацца адзін раз у жыцці». Гэта значыць, што да хірургічнага лячэння звяртаюцца, калі кансерватыўная тэрапія не прыносіць эфекту і іншых варыянтаў лячэння няма, паколькі ўваходжанне ў брушную поласць правакуе ўтварэнне спаек, што можа перашкаджаць наступленню цяжарнасці. Таксама пры хіругічным выдаленні эндаметрыёідных кістаў немагчыма не закрануць здаровую яечнікавую тканку, што можа знізіць запас яйцаклетак, або так званы аварыяльны рэзерв.

Атрымліваецца палка з двума канцамі: мы адпраўляем жанчыну для аперацыйнага лячэння з нагоды эндаметрыёзу, які далёка зайшоў, і бясплоддзя, а на выхадзе атрымліваем пазбаўленне ад эндаметрыёзу, але паніжаны да нуля аварыяльны рэзерв, калі цяжарнасць ужо немагчымая з-за адсутнасці паўнавартасных яйцаклетак. Менавіта таму сёння сусветнымі супольнасцямі рэкамендавана кансультацыя рэпрадуктолага жанчынам, якія плануюць пасля аперацыйнага ўмяшання з нагоды эндаметрыёзу цяжарнасць, каб сумесна вызначыць неабходнасць замарозкі ўласных яйцаклетак да аперацыі.

Аб тым неабходна памятаць, бо ў нашай краіне гэта даступна, усё шырэй укараняецца праграма адкладзенага мацярынства, калі жанчына можа зрабіць уклад у сваю будучыню, замарозіўшы яйцаклеткі і стаць мамай у той перыяд жыцця, калі ёй гэта будзе зручна. Апошняе таксама важна памятаць маладым жанчынам і мужчынам, якія сутыкнуліся з анкалагічнымі захворваннямі розных лакалізацый. Бо пасля праведзенай хімія- і прамянёвай тэрапіі можа наступіць бясплоддзе. Таму заклікаю ўсіх такіх пацыентаў наведваць рэпрадуктолага перад аперацыямі на яечніках.

І ў заключэнне хачу сказаць, што наша якасць жыцця — не пусты гук. Яе можна палепшыць, і ў арсенале ўрача сёння ёсць розныя спосабы і схемы, сярод якіх доктар падбярэ аптымальны менавіта вам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.