Вы тут

Калі вада — бяда. Што трэба ўлічыць, каб адпачынак на вадаёме не скончыўся трагедыяй


Практычна кожны дзень вада забірае чалавечыя жыцці. Трагедыі на вадаёмах фіксуюцца па ўсёй краіне. Сумная статыстыка папаўняецца новымі імёнамі. На жаль, дзіцячымі таксама. Паводле аператыўных даных, у перыяд з 1 чэрвеня да шасці раніцы 31 ліпеня 2023-га ў Беларусі зарэгістравана 144 патанулыя. Сярод іх — дзевяць дзяцей...


Дзеці — пад пільнай увагай

28 ліпеня у цэнтр аператыўнага кіравання Слаўгарадскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што ў Слаўгарадзе патанула дзіця. Трагедыя адбылася ў штучным вадаёме. Ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, дасталі з-пад вады дзіця без прыкмет жыцця. Спецыялісты адшукалі цела дзіцяці на адлегласці паўтара-два метры ад берага, на глыбіні каля двух метраў. Дзяўчынку 2015 года нараджэння даставілі на бераг. Да прыбыцця хуткай медыцынскай дапамогі супрацоўнікі МНС праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць яе не ўдалося. Пасля ўрачамі хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана смерць дзіцяці.

Абставіны трагедыі ўдалося высветліць праваахоўным органам. Пяцёра дзяцей гулялі на беразе штучнага вадаёма. Васьмігадовая дзяўчынка вырашыла памачыць ногі, спусцілася ў ваду, змачыла крыху адзенне і вярнулася на бераг. Раздзеўшыся на беразе, яна зноў пайшла ў ваду. У вадаёме яна паслізнулася і стала тануць. Хлопчык, з якім гуляла пацярпелая, спусціўся ў ваду і спрабаваў ёй дапамагчы — не атрымалася. Дапамога спатрэбілася ўжо яму: каб ён выбраўся на бераг, іншая дзяўчынка падала сябру палку. Ужо будучы на сушы, дзеці пабеглі да бацькоў і расказалі пра здарэнне. Пра тое, што адбылося, бацькі дзяўчынкі даведаліся ад суседзяў. Паводле інфармацыі следчых, папярэдне ўстаноўлена, што дзеці знаходзіліся каля вады без догляду дарослых. Вадаём не быў прызначаны для купання.

17 ліпеня трагедыя здарылася ў Магілёўскім раёне. З супрацоўнікамі цэнтра аператыўнага кіравання Чавускага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях звязалася жанчына, якая паведаміла аб тым, што ў Магілёўскім раёне на беразе возера знайшлі рэчы яе сына 2015 года нараджэння, а яго месцазнаходжанне невядомае. Ратавальнікі, якія прыбылі да месца выкліку, на паверхні вады нікога не ўбачылі. На беразе вадаёма яны знайшлі дзіцячыя рэчы. Пазней вадалазы МНС з-пад вады выцягнулі хлопчыка без прыкмет жыцця. Супрацоўнікі медыцынскай дапамогі канстатавалі смерць дзіцяці. Яго цела знаходзілася за тры метры ад берага, на глыбіні каля паўтара метра.

Як удалося ўстанавіць, загінулы купаўся ў возеры разам са стрыечным братам. Дарослых побач з імі таксама не было. Калі адзін з хлопчыкаў сышоў пад ваду, яго брат прыбег дадому ў мокрым адзенні і расказаў пра тое, што здарылася, сваім бацькам. Менавіта яны і паведамілі аб гэтым маці патанулага дзіцяці, якая пабегла на возера, знайшла рэчы сына, а затым патэлефанавала ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Практычна ўсе трагічныя выпадкі падобныя адзін да аднаго. І, напэўна, многіх з іх можна было б пазбегнуць, каб побач з дзецьмі на вадаёме былі бацькі ці іншыя дарослыя, хто за іх адказвае. Дарослы чалавек у стане аб’ектыўна ацаніць абстаноўку і здольны аператыўна зрэагаваць на сітуацыю. Пускаць непаўналетніх, а тым больш зусім малых дзяцей, адных да вадаёма — вельмі рызыкоўна.

— Бацькі, памятайце: дзеці ні ў якім разе не павінны знаходзіцца каля вады без вашага нагляду — гэта галоўнае правіла, якога вы абавязаныя няўхільна прытрымлівацца, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Зрабіце ўсё, каб зберагчы сваё дзіця ад непрыемнасцяў, паспрабуйце арганізаваць яму адпачынак максімальна бяспечна і будзьце заўсёды побач. Не злоўжывайце спіртнымі напоямі, калі адпачываеце разам з дзецьмі каля вадаёма. Не бярыце дзяцей на возера або рэчку ў начны час. І вельмі важны момант — навучыце сваіх дзяцей плаваць, каб у іх былі элементарныя навыкі паводзін на вадзе.

Як звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч, для малых дзяцей небяспеку складаюць і басейн, і нават невялікая ёмістасць з вадой. Аб гэтым сведчыць няшчасны выпадак, які ў пачатку лета адбыўся ў Мінскім раёне. Дзяўчынка, якой не было і двух гадоў, патанула ў зборным басейне, глыбіня якога была меншая за метр. Як высветлілася, пакуль бацькі дзіцяці працавалі на ўчастку свайго прыватнага дома, дзяўчынка самастойна гуляла па двары без нагляду. Бацькі знайшлі яе ўжо без прыкмет жыцця.

Купацца ў дазволеным месцы і не рызыкаваць

Сярод ахвяр вады — і дарослыя людзі. Апошнія трагічныя выпадкі сведчаць аб тым, што не ўсе разумеюць небяспеку, якую нясе вада. Асабліва рызыкуюць тыя, хто купаецца ў стане алкагольнага ап’янення. Як правіла, менавіта такія з кожным днём папаўняюць сумную статыстыку. Яшчэ адзін вельмі важны момант — для купання неабходна выбіраць толькі спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Многіх трагедый можна было б пазбегнуць і тады, калі б людзі ўзважана ацэньвалі свае сілы: не плылі на далёкую адлегласць, не ныралі ў ваду з вышыні.

У Брэсцкім раёне відавочцы і супрацоўнікі МНС выратавалі дваіх мужчын, якія танулі на рацэ Лясная ў вёсцы Цюхінічы. Аднаго з грамадзян сведкі дасталі на бераг у непрытомным стане. Жонка пацярпелага правяла рэанімацыйныя мерапрыемствы. Мужчыну шпіталізавалі. Праз непрацяглы час на гэтым жа вадаёме супрацоўнікі МНС выратавалі яшчэ аднаго грамадзяніна, які тануў. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына 1962 года нараджэння вырашыў пакупацца.

«Спачатку ён знаходзіўся на мелі, а затым стаў заплываць усё далей, — расказвае ратавальнік Дзмітрый Бурак. — Потым нырнуў, а калі вынырнуў, быў ужо з траўмай галавы. Пачаў захлынацца і клікаць на дапамогу. Мы дасталі яго з вады і перадалі медыкам».

Выратаваны мужчына быў шпіталізаваны. Месца здарэння не прызначана для купання.

— Не забывайцеся пра бяспеку і тады, калі вы адпраўляецеся на прагулку на лодцы, катары, катамаране або гідрацыкле, — рэкамендуе Анастасія Швайбовіч. — Падобнае падарожжа павінна адбывацца ў выратавальнай камізэльцы. Акрамя таго, нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плавальнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катары, лодкі. Забараняецца выходзіць на ваду на плаўсродках, не прыстасаваных для такіх мэт. Нярэдка трагедыяй заканчваецца і знаходжанне на вадзе ў надзіманых прадметах. Асабліва гэта небяспечна для тых, хто не ўмее плаваць.


Адпраўляючыся на вадаём, памятайце аб правілах бяспекі:

  • купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах;
  • не купайцеся ў стане алкагольнага ап’янення;
  • не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання;
  • не дапускайце свавольства на вадзе і не палохайце іншых;
  • не падавайце лжывых сігналаў бедства;
  • не купайцеся ў вячэрні і начны час;
  • не пакідайце дзяцей без нагляду.

Што рабіць, калі нехта тоне:

  • паклічце на дапамогу іншых людзей або ратавальнікаў Таварыства выратавання на водах, калі яны ёсць побач;
  • патэлефануйце па тэлефоне МНС 112 і выклічце хуткую дапамогу па тэлефоне 103;
  • кіньце таму, хто тоне, выратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы (калі яны ёсць);
  • калі ёсць лодка, падплывіце да чалавека і паспрабуйце дапамагчы;
  • калі вы плаваеце добра і ўпэўненыя ў сваіх сілах, паспрабуйце дабрацца да чалавека самастойна: абхапіце яго ззаду за плечы і імкніцеся пазбегнуць спроб ухапіцца за вас, плывіце з ім назад;
  • калі ж тапелец без прытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукой пад падбародак такім чынам, каб яго твар увесь час знаходзіўся над паверхняй вады, па магчымасці прыступіце да аказання першай дапамогі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.