Вы тут

Летняя школа беларусістаў працуе ў Гродна


4 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё Летняй школы беларускай мовы і культуры ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.


Фота: sb.by

Амаль два тыдні маладыя даследчыкі-беларусісты з розных ВНУ свету будуць вывучаць беларускую мову, беларускую літаратуру і беларускі фальклор, а таксама атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з культурна-асветніцкімі ўстановамі Гродна і ваколіц.

На адкрыцці Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» яе ўдзельнікаў вітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат гістарычных навук Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна звярнула ўвагу на багатыя асветніцкія традыцыі ўніверсітэта, яго сістэмную далучанасць да развіцця беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства ўвогуле ў межах краіны. ВНУ адпавядае і таму высокаму імені, якое яна носіць, — купалазнаўства, ушанаванне памяці народнага песняра Беларусі сталі грунтам для выхавання ў сценах універсітэта гуманістычна развітай асобы студэнта, дыпламаванага спецыяліста ў розных галінах народнай гаспадаркі.

Чытаннем вершаў народнага паэта Беларусі, урыўка з яго паэмы «Курган», выкананнем песні «Спадчына» на словы Купалы прадоўжылася вітанне даследчыкаў-беларусістаў.

Мы рады, што Летняя школа праводзіцца ў нас не першы год, — зазначыў кіраўнік Летняй школы беларускай мовы і культуры, дырэктар Навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Грынько. — Сёлета ў ёй удзельнічаюць прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі — з Варонежскага ўніверсітэта, а таксама Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. А яшчэ прыехалі маладыя беларусісты з Германіі і Узбекістана. Мы будзем не толькі чытаць ім лекцыі, а і пазнаёмім з Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага, музеямі Максіма Багдановіча і Элізы Ажэшка, Цэнтрам рамёстваў «Спадчына». Спадзяёмся, што ўсе нашы госці паедуць да сябе на радзіму з добрымі ўражаннямі, стануць нашымі партнёрамі ў вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі, беларускай мовы і беларускай літаратуры. Мяркуем, што захаваюцца нашы стасункі, якія паспрыяюць новым ініцыятывам.

Удзел у адкрыцці Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» прыняў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Ён звярнуў увагу на беларускую літаратурна-мастацкую перыёдыку, на часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», газету «Літаратура і мастацтва», якія з задавальненнем прадставяць свае старонкі для публікацыі мастацкіх і публіцыстычных твораў удзельнікаў школы, арганізаванай Гродзенскім універсітэтам. Ад імя замежных студэнтаў, аспірантаў на свяце адкрыцця выступіла Аляксандра ШЫРОКАВА з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэтам імя М. В. Ламаносава. Сваё прывітанне яна выклала на чысцюткай беларускай мове. Дарэчы, Аляксандра не ўпершыню наведвае Гродна і Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.