Вы тут

Што рабіць, калі ўкусіў сабака?


Лета — перыяд доўгіх канікулаў, калі дзеці шмат часу праводзяць на свежым паветры, выязджаюць з гарадоў у вёскі ці дачныя пасёлкі. І выпадкі, калі дзіця гуляе ці гладзіць хатнюю або нават дзікую жывёлу, становяцца нярэдкімі. Такія кантакты могуць скончыцца сумна — пасля ўкусу чатырохногага можа спатрэбіцца курс уколаў.

Калі вас укусіў сабака, першае, што трэба зрабіць, гэта звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Няважна, была тая жывёла хатняя ці бадзяжная. Беспадстаўная агрэсія з’яўляецца толькі ў хворых сабак, у астатніх выпадках яна матываваная. Як сябе паводзіць дзецям і іх бацькам у такіх выпадках, расказала загадчыца 2-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Аксана Ганчар.


У чым галоўная небяспека?

— Пры ўкусе сабакі, як, зрэшты, і іншай жывёлы — лісіцы, вавёркі, кошкі — неабходна адразу ж звярнуцца да ўрача, траўматолага ці хірурга. Чаму? Па-першае, рану неабходна апрацаваць, у шэрагу выпадкаў — накласці шво, прызначыць адпаведнае лячэнне, што можа зрабіць толькі спецыяліст. Па-другое, небяспечны не толькі ўкус, але і сліна на скурных, слізістых покрывах, асабліва калі на іх маюцца мікратраўмы. Са слінай жывёл чалавеку можа перадацца вірус такога небяспечнага захворвання, як шаленства, — расказвае ўрач.

Шаленства — інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджваннем нервовай сістэмы, якое суправаджаецца сутаргамі, спазмамі глотачнай і дыхальнай мускулатуры, што прыводзіць да смерці, калі не прыняць адпаведных мер.

На шаленства часцей хварэюць дзікія жывёлы — ваўкі, лісы, яноты, вавёркі, барсукі, мядзведзі і іншыя. Ад іх пры ўкусе заражаюцца хатнія жывёлы і людзі. Сярод людзей захворванне на шаленства распаўсюджваюць звычайна хатнія жывёлы. Асабліва небяспечныя бадзяжныя сабакі і кошкі.

Хатнія жывёлы могуць заразіцца ад дзікіх жывёл і адна ад адной. Як адзначае доктар, у апошні час самай частай крыніцай распаўсюджвання хваробы сталі лісы і вавёркі.

Пры ўкусе хворай жывёлы разам са слінай вірус трапляе ў рану. Вельмі небяспечнае траплянне сліны на слізістыя абалонкі вачэй, рота, носа, а таксама на скуру, дзе могуць быць нябачныя вокам пашкоджанні — мікратраўмы.

Як западозрыць шаленства ў гадаванца?

Прыкметы шаленства ў жывёл вельмі разнастайныя. Так, у сабак і катоў хвароба працякае ў дзвюх формах: бурнай і ціхай.

Жывёла з бурнай формай становіцца агрэсіўнай, мяняе месца пасялення, уцякае з хаты, грызе неядомыя прадметы, сіпне або зусім змаўкае, адмаўляецца ад ежы і вады, не слухае гаспадара, паходка становіцца хісткай, адвісае ніжняя сківіца, выдзяляецца сліна. Сабака моўчкі, без брэху, можа накінуцца на сустрэчных і ўкусіць.

Найбольш небяспечная ціхая форма шаленства, пры якой асноўныя прыкметы праяўляюцца слаба, яе позна распазнаюць, і неабходныя меры засцярогі своечасова не прымаюцца.

Першыя дзеянні пры ўкусе

— Чалавек заражаецца пры траплянні віруса шаленства са сліной хворай жывёлы праз рану пры ўкусе, а таксама пры траплянні сліны на скуру і слізістыя. Вельмі небяспечныя драпіны, нанесеныя кіпцюрамі: жывёлы часта ліжуць лапы, таму на кіпцюрах застаецца пэўная колькасць узбуджальніка хваробы, дастатковая для заражэння. Пры ўсіх падобных кантактах з жывёламі неабходна прамыць рану ці драпіну вялікай колькасцю праточнай вады з мылам, пажадана гаспадарчым; апрацаваць раны ёднай настойкай; накласці стэрыльную павязку; неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову, — рэкамендуе Аксана Ганчар.

Калі ўсё ж чалавек заразіўся вірусам шаленства, то першыя клінічныя сімптомы хваробы могуць праявіцца пасля інкубацыйнага перыяду, які вар’іруецца ад 1-2 тыдняў да 12 месяцаў і больш.

Першыя клінічныя сімптомы — пачуццё разбітасці, галаўны боль, павышэнне тэмпературы, млоснасць, ваніты. Паволі з’яўляюцца пачуццё трывогі, болю, паколванне і сверб у зоне ўкусу.

А вось далей з’яўляецца вадабоязь — балючыя сутаргавыя скарачэнні мышцаў глоткі і гартані пры спробе піць ваду, пры выглядзе вады і гуку таго, як льецца вада. Смерць надыходзіць ад удушша.

Каб пазбегнуць такой небяспечнай інфекцыі, неабходна памятаць і выконваць меры прафілактыкі і засцярогі ад шаленства. У прыватнасці, пазбягаць кантактаў з дзікімі і бяздомнымі хатнімі жывёламі, тлумачыць гэта дзецям, праяўляць насцярожанасць у выпадку неадэкватных паводзін хатняй жывёлы і паведамляць аб тым у санітарную службу.

Не варта забіваць хатнюю жывёлу, якая пакусала і падрапала чалавека, — за ёй павінна быць устаноўлена 10-дзённае назіранне санітарнай службай.

Адзіны спосаб пазбегнуць хваробы — прышчэпка

Прышчэпкі ад шаленства — у цяперашні час адзіны спосаб, які прадухіляе грознае захворванне. Курс прышчэпак — шэсць ін’екцый, прычым важнае іх своечасовае правядзенне ў адпаведнасці з прызначэннем урача па вызначанай схеме. Ні ў якім разе нельга самавольна перапыняць вакцынацыю або несвоечасова рабіць прышчэпкі, бо ў такім выпадку яны будуць неэфектыўныя. Кожны прапушчаны дзень — пагроза для жыцця.

Варта падумаць і пра здароўе сваіх хатніх гадаванцаў, з дапамогай прафілактычных прышчэпак абараняць іх, а з імі і сябе, ад розных інфекцый, у тым ліку шаленства.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.