Вы тут

Гродзенскі камбайнер намалаціў рэкордныя чатыры тысячы тон


І гэта не першы высокі паказчык Алега Бандарэвіча з СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна. Вопытны хлебароб неаднойчы выходзіў пераможцам спаборніцтва на залатых палетках. Яго філасофія простая і, як аказалася на практыцы, самая дзейсная: працуй — і будзе вынік!


Звычайна разгаварыць механізатара няпроста. Асабліва падчас уборачнай кампаніі. Ды і што асабліва можна даведацца за кароткі прамежак часу на палях, калі гутарка доўжыцца некалькі хвілін? А больш і не атрымаецца, бо тут, што называецца, кожнае імгненне працуе на ўраджай. І ўсё ж на гэты раз мне пашанцавала. Не таму, што размова была працяглай. Проста суразмоўнік аказаўся надзвычай адкрытым чалавекам і пастараўся данесці сваё бачанне хлебаробскай справы. Мабыць, таму, што з гэтай справай у Алега Бандарэвіча звязанае ўсё свядомае жыццё. Сёлетняя ўборачная кампанія — не выключэнне.

Мы пад'ехалі да камбайна ў тую самую хвіліну, калі механізатары вярнуліся з абеду. З гэтага і пачалася наша гаворка.

— Падсілкаваліся даволі смачнай ежай. На абед быў гарохавы суп, вельмі смачны, не толькі мы любім такі суп, але і Прэзідэнт таксама. На другое — ячная каша з мясной падліўкай, гарбата і бутэлька мінеральнай вады. Будзе яшчэ вячэра, — падтрымаў размову Алег Вітольдавіч.

У гэтыя дні ён заняты на ўборцы пшаніцы. Асаблівых праблем няма — ураджай добры, не палеглы, як летась. Найбольш складаным аказалася жніво на палетках азімага ячменю, бо разам са спелым коласам пачаў прарастаць новы, зялёны. Нават тэхніцы было складана разабрацца ў такіх акалічнасцях.

— Камбайн разумны, але не разумнейшы за чалавека. І хоць тут настроена адпаведная праграма, я бачу, што ў бункер павінна сыпацца зерне чыстае, не бітае, без каласоў, таму гэта трэба карэкціраваць, — заўважае ён і тут жа ўглядаецца ў хмару, што наплывае на неба. — Дождж нам не сябра цяпер, бо мокры колас пачынае чарнець. Таму стараемся як мага хутчэй яго ўбраць.

Працоўны дзень у камбайнера доўгі. На поле выходзіць а 6 гадзіне раніцы, а дамоў, бывае, што і апоўначы толькі трапляе. На вёсцы доўга спаць не атрымаецца. Магчыма, гэта адзін з мінусаў работы ў сельскай гаспадарцы. Але нямала і плюсоў. Па словах майго суразмоўніка, вёска — гэта прастор, жывая прырода, свая сядзіба. Пра тое, што звязаў жыццё з калгасам, ніколі не шкадаваў.

Вось ужо чвэрць стагоддзя Алег Бандарэвіч шчыруе на збожжавых палетках. Сваёй работай і заробкамі задаволены. Яно і нядзіўна. СВК імя Дзеншчыкова — адзін з кітоў аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны. Сёлета тут набылі высокатэхналагічны камбайн, на якім цяпер і працуе герой публікацыі. Хоць і на больш старой тэхніцы дабіваўся высокіх вынікаў. Летась яго асабісты рэкорд быў 3,6 тысячы тон. Амаль штогод ён у ліку прызёраў па намалоце не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне і вобласці. Тры разы быў на рэспубліканскіх «Дажынках», на якіх Прэзідэнт уручаў тэлевізар, халадзільнік.

На новым камбайне намалот днямі склаў чатыры тысячы тон. Гэта не толькі асабісты рэкорд Алега Бандарэвіча, але і рэкордны намалот у краіне. Ці будзе ўзятая планка ў пяць тысяч тон, ён не загадвае. Усё прыйдзе сваім парадкам, лічыць суразмоўнік. Хоць гонар за дасягнутыя поспехі, вядома ёсць. Лідарам жніва ганарацца і сямейнікі, пастаянна тэлефануюць, цікавяцца, як справы. А можа, падштурхоўваюць да новых рэкордаў?

Нягледзячы на тое, што па жыцці Алег Вітольдавіч — чалавек азартны, але на палі гэтага не дапускае. Гонкі, на яго думку, тут быць не павінна. Хлеб гэтага не любіць.

— Планку сваю імкнуся трымаць, але не любой цаной. Уборка павінна праходзіць у спакойным, ураўнаважаным стане. Намалоты прыйдуць самі, калі тэхніка добрая, ураджай высокі. Зразумейце, што не толькі ад мяне залежаць высокія намалоты, а ў першую чаргу ад агранамічнай службы, якая падрыхтавала глебу, насенне, калі выконваюцца ўсе агратэхнічныя параметры. Вось складнікі, якія працуюць на высокі ўраджай, а ўжо наша задача — забраць яго з палёў. Зноў жа, зрабіць тое трэба таксама з галавой. Лётаць па полі на злом галавы, як той казаў, — не ў гэтым выпадку. Хлеб любіць спакойнага падыходу, руплівага і ў той жа час разважлівага. Трэба глядзець, каб не было страт, назіраць за вільгаццю. Той, хто будзе рабіць стаўку толькі на хуткасць, высокіх намалотаў не дасягне, а страты на палях могуць быць вялікія. Таму рытм павінен быць спакойны і разам з тым напружаны, — раскрыў стратэгію свайго поспеху лідар жніва.

З гэтага вынікае і жыццёвы дэвіз камбайнера. Ён даволі просты: «Працуй — і будзе вынік!». Добрая справа не застаецца без увагі, калі чалавек стараецца, імкнецца прыносіць карысць гаспадарцы, у яго таксама будуць і добрыя заробкі, і павага. А яшчэ Алег Бандарэвіч не любіць называць сябе камбайнерам, а кажа: я — хлебароб. Я б сказала яшчэ: Хлебароб. З вялікай літары.

Па словах галоўнага агранома СВК імя Дзеншчыкова Дзмітрыя Шынтара, у гаспадарцы нямала вопытных работнікаў, якія працуюць на высокім узроўні. Як удаецца захаваць касцяк?

— Гэта тое пакаленне, якое адказна ставіцца да работы, рупіцца за гаспадарку. Многае трымаецца менавіта на іх. Ёсць і таленавітая моладзь, праўда, яе не так шмат, хацелася б, каб было больш, — акцэнтуе ўвагу спецыяліст.

Што датычыць вытворчых паказчыкаў, у гаспадарцы ўбрана звыш 80 % плошчы збожжавых і зернебабовых, намалочана каля 25 тысяч тон зерня. Мяркуюць сабраць больш, чым летась. Сёлета спрыяльныя ўмовы для азімых культур, ураджайнасць якіх перавышае 100 ц/га. Гэта звязана з мяккай зімой, плюс добрая сістэма ўгнаенняў і аховы раслін.

Сёлета парадаваў таксама азімы рапс з рэкорднымі ўраджайнасцю і валавым зборам. У гаспадарцы ёсць свой цэх перапрацоўкі, дзе атрымліваюць рапсавы алей і макуху для кармлення жывёлагадоўчага статка. Раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю, якая дае асноўны прыбытак гаспадарцы.

— СВК імя Дзеншчыкова займае ў краіне лідзіруючыя пазіцыі па малаку ўжо шмат гадоў, — дадае старшыня прафкама гаспадаркі Святлана Ахотнік. — Людзі трымаюцца за нас, мы, у сваю чаргу, стараемся забяспечыць іх належнымі ўмовамі працы, добрым харчаваннем, якаснай спецвопраткай. У нас усяго гэтага хапае. Самае галоўнае — бяспека людзей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.