Вы тут

Два дні шумеў-гуляў фестываль «Мотальскія прысмакі»


Калі вы не бачылі, як каўбасы вязуць па вуліцы трактарам, як з яблыкаў будуюць цэлую піраміду, як капу звычайнай саломы хутка могуць ператварыць у зубра, і вы не ведаеце, што такое «выхілясы», то вам дакладна сюды — у Моталь, на фальклорна-гастранамічны фестываль, які ў суботу сабраў гасцей дванаццаты раз і працягваецца сёння. 


Падворак СШ № 1 Моталя

Сустрэлі гасцей з усіх валасцей 

Апошнім часам фэст праводзіцца раз у два гады. У Моталь, як і раней, прыехалі тысячы людзей. На афіцыйным адкрыцці свята згадвалі, што ў розныя гады ўдзельнікамі фестывалю станавіліся госці з многіх краін. На гэты раз Расія, Малдова, Арменія, Азербайджан, Туркменістан, Карэя, Ізраіль прадстаўлены дыяспарамі, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі. На канцэртах гучалі песні, мільгалі танцы многіх народаў свету. «Гэта яшчэ адно сведчанне нашага адзінства, братэрства, адкрытасці» --- падкрэсліў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук. 

Як і бывае на падобных мерапрыемствах, на галоўнай вуліцы разгарнуўся вялікі горад майстроў. Рамеснікі, умельцы прадавалі ганчарны посуд, вырабы з лазы і саломы, прапаноўвалі арыгінальныя сувеніры. На фэст прыехала больш за сотню майстроў з розных куткоў Беларусі. Было шмат вышываных вырабаў, багата прадстаўлена ткацтва, вязанне, а таксама сучасныя віды мастацтва (бісерапляценне, кампазіцыі з сухацветаў і шмат іншых). Прадукцыю прапаноўвалі і гандлёвыя арганізацыі. Так што ніхто дакладна без падарунка сабе альбо блізкім не з’ехаў. 

Але ж баль, як заўсёды, правілі прысмакі. Зранку наведвальнікаў фестывалю сустракалі самыя розныя гастранамічныя падворкі. Іх падрыхтавалі школы, сельскія Саветы, Дамы культуры, сельгаспрадпрыемствы і руплівыя мотальскія гаспадыні. 

Усе ласы на мотальскія каўбасы 

Да аднаго самадзейнага павільёна-падворка проста нельга было не падысці. Вабілі не толькі пах і выгляд смачных страў, але і «наглядная агітацыя». Там віселі чыста мотальскія лозунгі, напрыклад такія: «Хто як iесць — той так і робыць», або «Не поісы коўбасы — не потянэш косы», далей «На мотальскі коўбасы ўсі ласы» і вялікімі літарамі: «Сало — гэта сыла!». А ўжо гаспадынькі гэтага павільёна — і прыгажуні , і разумніцы — як высветлілася, настаўніцы Мотальскай СШ № 1. З кожным пагамоняць, кожнаму раскажуць пра звычкі вёскі, пра стравы, пра людзей. «Мусіць ў Моталі кожны дзень каўбасу ядуць і чарачкай запіваюць» — пачынае заляцацца адзін вясёлы госць. «І не кажыце. Усе ж думаюць, што ў Моталі, калі выходзяць з хаты, то дзверы на замок не закрываюць, а каўбасой завязваюць» — парыруе гаспадыня Святлана Філіновіч. Не дзіва, што каля гэтай палаткі спыняліся не столькі паспытаць чаго-небудзь, колькі пагаварыць. Але ж і пачастункаў на іх стале хапала. І сала, і мяса, і дранікі, прадавалі за сімвалічную цану — па рублю. 

Раённая бібліятэка разгарнула падворак яўрэйскай кухні. Гэтым бібліятэкары займаюцца не першы раз. Стравы гатуюць па ўнікальных старадаўніх рэцэптах. Стол быў такі разнастайны, што вочы разбягаліся: эсін флэйш, фалафель, шанікі тварожныя, маіна. «Апошняе з нядаўніх нашых знаходак, — падзяліліся прыветлівыя гаспадыні падворка, — мінулы раз такой стравы не было, рэцэпт прынёс пастаянны чытач бібліятэкі. Вырашылі прыгатаваць, гэта рулет з ялавічынай, расходзіцца на ўра». 

Збоку ад стала — стэнд з апісаннем, рэцэптамі прыгатавання кожнай стравы, коштам дэгустацыі. Госці падыходзяць, каштуюць, затым знаходзяць страву на стэндзе і шчоўкаюць тэлефонамі. Асабліва ахвотна куплялі піражкі з рознымі начынкамі, мы пакаштавалі з яблыкам і сведчым: смак — пальчыкі абліжаш. Калега, што сілкавалася маінай, таксама была ў захапленні. У многіх стравах яўрэйскай кухні асновай з’яўляецца цеста, а яго трэба рабіць з любоўю — падзяліліся сакрэтам гаспадыні — і тады рулеты, фаршмакі, стравы з курыцы і рыбы атрымаюцца надзвычай смачнымі. 

Сярод жыхароў Моталя ёсць пастаянныя ўдзельнікі фэстаў. Такія, напрыклад, як Ніна Кульбяда. Ніна Мікалаеўна прымае ўдзел у кулінарным свяце з самага першага фестывалю. Цяпер жанчына паважнага ўзросту перадае свае сакрэты, а таксама бабуліны рэцэпты ўнучцы Галіне, лічыць яе сваёй прадаўжальніцай. Галіна стала дарослай, і з дапамогай бабулі гатуе многа рознай смакаты. Госці заўсёды адзначаюць вытанчаны смак баршчу, розных відаў каўбасы, запечаных гусі і качкі — і шмат чаго яшчэ з кухні Ніны Кульбяды. Яна чалавек вядомы ў Моталі. Каля трох дзясяткаў гадоў адпрацавала ў мясцовай пякарні, для ўсёй вёскі гатавала вясельныя караваі. А яшчэ спявала ў народным калектыве «Мотальскія суседкі». Лічыць, што пачастункі будуць смачнейшыя, калі іх гатаваць з душой, з пазітыўным настроем. 

Падворак яўрэйскай кухні

Яшчэ адна пазнавальная ўдзельніца «прысмакаў» Вольга Собалева. Пазнавальная, бо ўжо тройчы станавілася ўдзельніцай тэлевізійнай гастранамічнай перадачы «Беларуская кухня». Вольга Іванаўна глядзіць кулінарныя шоу, чытае адпаведную літаратуру, сама прыдумвае рэцэпты. Яе фішка — рыбныя стравы: фаршыраваны шчупак, карасі ў смятане, біточкі са шчупака. А яшчэ яна гатуе самыя розныя мясныя стравы па бабуліных рэцэптах. 

Прычэп каўбас і піраміда яблыкаў 

Кожны з дворыкаў, несумненна, меў сваю адметнасць, частавалі стравамі, наліўкай, медавухай, дэгустацыю якой наладзілі пчаляры. І не толькі «смачная» праграма свята прываблівала гасцей. Яго афіцыйнаму адкрыццю папярэднічала яркае тэатралізаванае шэсце, якое арганізатары назвалі «У адзінстве міру і сяброўства». Урачыстым маршам з музыкай, песнямі прайшлі творчыя калектывы розных дыяспар, праехалі святочныя экіпажы з гістарычнымі персанажамі, а таксама імправізаваныя выставы на колах мясцовых прадпрыемстваў. Напрыклад, везлі маляўнічую вітрыну з сырамі ў рабінавых вянках. Усе гледачы літаральна зашчоўкалі тэлефонамі, калі міма праязджаў трактар з арагінальна аформленым прычэпам каўбас. Трактар пад капялюшам прадпрыемства «Моладава-Агра» нагадваў дэкарацыі сапраўднага спектакля на фальклорна-аграрную тэму. 

А вось сельгаспрадпрыемства «Агра-Моталь» арганізавала падворак-экспазіцыю сваёй прадукцыі і дасягненняў. Яблычная піраміда стала асаблівай пляцоўкай для сэлфі, яна прываблівала і дзяцей, і дарослых. Многія зацікавіліся вялікай выставай бульбы. Гаспадарка актыўна вырошчвае другі хлеб, пастаўляе бульбу ў розных відах прадпрыемствам грамадскага харчаванння, школам, бальніцам. «Агра-Моталь» мае нават сваю лабараторыю бязвіруснага вырошчвання бульбы, пра што расказала нам яе загадчыца Юлія Шыкалай. Юлія падкрэсліла, што яны не выводзяць новых гатункаў, яны адаптуюць розныя, у тым ліку замежныя гатункі бульбы да нашых умоў, «вучаць» клубні быць неўспрымальнымі да ўзбуджальнікаў розных хвароб. Таму бульбачка расце такой прыгожай і здаровай — адна ў адну. 

Практычна без перапынку працавала канцэртная пляцоўка фестывалю, было шмат музыкі танцаў, забаўлянак. Фестываль наведалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, іншыя ганаровыя госці. 

Варта адзначыць дакладную арганізацыю фестывальнага працэсу. Работнікі райвыканкама, галіны культуры вырашалі арганізацыйныя пытанні хутка і дакладна, літаральна за руку маглі адвесці на любую фестывальную пляцоўку таго, хто звярнуўся за дапамогай.

У нядзелю, у другі дзень фэсту, адбудзецца круглы стол «Нацыянальная кухня — ключ да дружбы народаў», пройдуць выстава-кірмаш выпечкі, мнагажанравы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці, стол сяброўства «Прысмакі для гасцей з усіх валасцей». І завершыць свята гала-канцэрт з узнагароджаннем калектываў-удзельнікаў. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.