Вы тут

Андрэйчанка: Электаральная кампанія, якая мае адбыцца, — чарговая праверка на трываласць


 Літаральна праз некалькі тыдняў у Беларусі стартуе выбарчая кампанія. Яна ў палітычнай гісторыі краіны будзе вызначальнай: упершыню, згодна з новай рэдакцыяй Канстытуцыі, у лютым наступнага года мы будзем адначасова, у адзіны дзень галасавання, выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў. Пасля ў хуткім часе, таксама на новых умовах, будуць выбраныя дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, які цяпер Асноўным Законам надзелены найвышэйшымі паўнамоцтвамі.

Гэтаму папярэднічала вялікая работа абедзвюх палат беларускага парламента — заканадаўчую базу краіны трэба было прывесці ў адпаведнасць з новай рэдакцыяй Канстытуцыі. Аб выніках гэтай карпатлівай адказнай работы, аб найбліжэйшых выбарах, аб працэсах, якія адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці краіны, мы пагутарылі са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.


Фота: БелТА.

— Уладзімір Паўлавіч, гэты год быў надзвычай важны для дэпутацкага корпуса — і па аб'ёме праведзенай работы, і па адказнасці, — фактычна заканадаўча змянілася электаральная сістэма дзяржавы. Цяпер, калі выбарчая кампанія ўжо рыхтуецца да старту, можна, падводзячы вынікі, сказаць, што пастаўленыя задачы Палата прадстаўнікоў выканала?

— Што гэты год будзе асаблівым, у сваім выступленні ў пачатку 2023-га адзначаў Прэзідэнт нашай краіны. «Асаблівым ён будзе ў тым ліку ў плане падрыхтоўкі да найважнейшых палітычных падзей — электаральнай кампаніі. У 2024 годзе ў нас пройдуць адначасова выбары ў парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў. І ўпершыню фактычна ў новым фармаце выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Усе гэтыя працэсы будуць праходзіць практычна адначасова. Гэта вялікі, вядома ж, аб'ём арганізацыйнай работы, падрыхтоўчай», — так ён настройваў усіх, у тым ліку і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Менавіта гэтай, незаўважнай падрыхтоўчай рабоце і была прысвечана істотная частка дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў 2023 годзе. Перапрацоўка заканадаўства ў адпаведнасці з палажэннямі абноўленай Канстытуцыі краіны, унясенне дапаўненняў і змяненняў у асноўныя прававыя акты — гэта найважнейшыя этапы работы парламентарыяў.

Да гонару дэпутатаў, асноўны аб'ём работ быў выкананы своечасова, а ўжо 16 лютага гэтага года Прэзідэнт падпісаў абноўлены Выбарчы кодэкс краіны.

Згодна з планамі, карэкціроўка нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасці з палажэннямі абноўленай Канстытуцыі павінна была быць завершана да 15 сакавіка 2024 года, аднак у частцы, якая датычыцца выбарчых норм і механізмаў, работа практычна выканана. Праведзена тытанічная праца, вынікі якой рэалізаваны ў дзясятках заканадаўчых актаў, якія раскрываюць асаблівасці нацыянальнай мадэлі развіцця. У дзяржаве ўдакладнена выбарчае заканадаўства, створана аснова для дэмакратычнага развіцця, забеспячэння суверэнітэту краіны і адстойвання нацыянальных інтарэсаў у палітычнай сферы.

— Якія вызначальныя змяненні былі ўнесены ў выбарчае заканадаўства?

— Хачу адзначыць, што паралельна вялася распрацоўка новых законаў «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», «Аб Усебеларускім народным сходзе», уносіліся змены ў законы «Аб нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб палітычных партыях», «Аб грамадскіх аб'яднаннях».

У новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса аптымізаваны парадак стварэння выбарчых акруг, фарміравання ЦВК і сістэмы выбарчых камісій, замацавана норма аб недапушчальнасці замежнага грамадзянства (ільгот) у кандыдатаў у дэпутаты, выключаны парог яўкі выбаршчыкаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў, удакладнены парадак датэрміновага галасавання і выкарыстання фота- і відэасродкаў. Найважнейшай навацыяй заканадаўчага акта з'яўляецца забарона «на фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў замежнымі дзяржавамі, арганізацыямі, грамадзянамі», што накіравана на ўстараненне перадумоў знешняга
маніпулявання выбарчым працэсам.

— У сённяшняй сітуацыі, калі практычна на ўсе сферы нашага жыцця спрабуюць аказаць знешні ціск, гэта сапраўды вельмі важная навацыя...

— Увогуле, сёння мэтазгодна больш пільную ўвагу ўдзяляць забеспячэнню электаральнага суверэнітэту дзяржавы. Мы не павінны апраўдвацца ні перад «міжнароднай» супольнасцю, ні перад праваабарончымі арганізацыямі. Нам трэба дзейнічаць выключна ў рамках нацыянальнага заканадаўства, праводзіць выбары па ўстаноўленых у краіне правілах і ў інтарэсах беларускага народа.

Апошнім часам міжнародныя палітычныя інстытуты нярэдка ператвараюцца ў прылады эскалацыі і прасоўвання ўласных інтарэсаў. Большасць з іх даўно не незалежныя і дэмакратычныя. Сама дэмакратыя, у заходняй інтэрпрэтацыі, страціла сваю сутнасць як уладу народа, ператварылася ў аўтакратыю, якая абараняе права рабаваць іншых.

Неад'емнае права суверэннай дзяржавы — самастойна, без умяшання і ўказанняў звонку праводзіць электаральныя кампаніі, а грамадства — рабіць усвядомлены, дэмакратычны выбар. У гэтым і заключаецца народаўладдзе, якое складае аснову беларускай дзяржаўнасці. Але заходнія краіны ўжо не адно дзесяцігоддзе не прызнаюць вынікі нашых выбараў — ні прэзідэнцкіх, ні парламенцкіх. Беларусаў увесь час спрабуюць вучыць дэмакратыі, абвінавачваюць у парушэнні выбарчага заканадаўства і адсутнасці «свабоды», у пасіўнасці і апалітычнасці. Сам выбарчы працэс выкарыстоўваецца як сродак умяшання ва ўнутраныя справы краіны, змены існуючай палітычнай сістэмы і вектараў развіцця. Для гэтага задзейнічаюцца напрацоўкі ў сферы тэорыі і практыкі «каляровых рэвалюцый», актыўна эксплуатуюцца прабелы ў нацыянальных заканадаўствах і распальваюцца ўнутраныя супярэчнасці...

Мы не можам на гэта не рэагаваць, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні. Беларусь адкрыта для канструктыўнага, раўнапраўнага дыялогу, але не пацерпіць дыктату і фанабэрыі ў адносінах да сябе, не будзе ўспрымаць павучанняў і ментарскага тону ні ад кога. У нашай Канстытуцыі замацавана, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў краіне з'яўляецца народ». Гэта найважнейшы прынцып нацыянальнага народаўладдзя і аснова незалежнага развіцця, якія рэалізоўваюцца праз электаральны суверэнітэт.

— Заканадаўчыя змяненні, датычныя партыйнага будаўніцтва ў краіне, прынятыя таксама дзеля ўмацавання гэтага суверэнітэту?

— Цяпер у краіне завяршаецца рэфармаванне айчыннай партыйнай сістэмы, а палітычныя партыі праходзяць працэдуру перарэгістрацыі. Сёння сваю самавітасць пацвердзілі камуністычная і ліберальна-дэмакратычная партыі, рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, а таксама «Белая Русь». Усе яны выступаюць за канструктыўнае развіццё краіны і садзейнічаюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод, інтарэсаў чалавека і грамадзяніна. Сама палітычная барацьба набывае канструктыўны выгляд і прымяняе адэкватныя спосабы адстойвання інтарэсаў розных слаёў грамадства.

Істотна ўдасканалена ў гэтым плане нацыянальная выбарчая сістэма. У абноўленай Канстытуцыі замацавана права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за палітычнымі партыямі, што пашырае іх магчымасці па ўплыве на працэсы, якія адбываюцца ў краіне.

У рамках нацыянальнага партыйнага будаўніцтва ўлічваецца і творча выкарыстоўваецца міжнародны досвед дзейнасці ў гэтай галіне. Гісторыя сведчыць, што эксперыменты ў палітычнай сферы, як правіла, прыводзяць да трагічных наступстваў. Невыпадкова артыкул 5 Асноўнага Закона краіны «забараняе стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу або вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыя-
нальнай, рэлігійнай і расавай варожасці».

Гэта погляд у будучыню і рэалізацыя на практыцы прынцыпаў талерантнасці і нацыянальнага адзінства. Кожны, хто гатовы працаваць на развіццё і росквіт краіны, можа ўвасобіць свае ідэі ў жыццё праз абноўленую партыйную сістэму і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Для гэтага створаны неабходныя ўмовы, а стваральная ініцыятыва толькі вітаецца.

— Чым, на ваш погляд, павінны кіравацца грамадзяне Беларусі, якія прыйдуць на першыя ў гісторыі краіны выбары па новых правілах?

— Я зноў працытую тут нашага Прэзідэнта: «Адна з найважнейшых умоў суверэнітэту і незалежнасці — народнае адзінства. Мы, беларусы, заўсёды дэманстравалі яго ў пераломныя моманты гісторыі. Менавіта адзінства давала нам сілы для перамогі над ворагамі і абставінамі».

Наша задача — гэтае адзінства і сваю краіну захаваць. Сёння Беларусь з'яўляецца астраўком стабільнасці і духоўнасці, прыкладам сапраўды дэмакратычнай і палітычна справядлівай дзяржавы. Мы разумеем, што гэта многіх не задавальняе за межамі краіны, а спробы «звярнуць нас на шлях ісціны» будуць працягвацца. У сувязі з гэтым электаральная кампанія, якая мае адбыцца, — чарговая праверка на трываласць беларускага грамадства.

Не выклікае сумневу, што ў структуры выбарнай улады павінны прыйсці прафесіяналы з жыццёвым вопытам, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, гатовыя да стварэння. Найважнейшымі крытэрыямі для народных абраннікаў трэба вызначыць: патрыятызм, гатоўнасць жыць клопатамі людзей і адстойваць інтарэсы краіны. Менавіта яны дазволяць захаваць базавыя асновы развіцця беларускай дзяржаўнасці — сумленнасць і сацыяльную справядлівасць.

Улада на працягу дзесяцігоддзяў выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы, дзейнічае ў інтарэсах народа, а найбольш важныя пытанні выносіць на ўсеагульнае абмеркаванне. Гэта і ёсць сутнасць сапраўднай дэмакратыі, адзінства народа і ўлады, якое дае магчымасць пераадольваць усе перашкоды, паспяхова процідзейнічаць эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску, забяспечваць захаванасць нацыянальнай самабытнасці і культуры, ствараць умовы для развіцця і працвітання дзяржавы і яе грамадзян.

Наша будучыня — у нашых руках. Мы ствараем яе разам, жывучы ўласным розумам і разлічваючы на ўласныя сілы, захоўваючы і прымнажаючы спадчыну продкаў, прытрымліваючыся традыцый і агульначалавечых прынцыпаў, ствараючы і робячы свой дом лепшым. 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.