У лясах краіны пайшлі грыбы — а значыць, на гарачую лінію МНС актыўна паступаюць званкі з просьбай аб пошуку чалавека. Нярэдка губляюцца кампаніямі. Пошукі могуць працягвацца не адзін дзень. Для некаторых ціхае паляванне заканчваецца зусім не хэпі-эндам.
Дарогу дадому з лясных сцяжын, як правіла, не знаходзяць тыя, хто не разлічвае свае сілы і заходзіць на вялікія адлегласці. Іншыя шукаюць грыбы ў незнаёмых месцах або там, дзе збіралі лясныя дары раней, не ўлічваючы той момант, што лес змяніўся.
Грыбнікі губляюцца ў беларускіх лясах кожны дзень. Увечары 7 жніўня ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лясным масіве паблізу вёскі Ліпск Докшыцкага раёна згубілася сям’я. Як потым высветлілася, сужэнцы і іх чатырохгадовы сын, якія жывуць у сталіцы, пайшлі ў лес у грыбы. Тое, што заблудзіліся, яны зразумелі, калі вярталіся назад. Тады мужчына патэлефанаваў у службу ратавання. Сувязь са згубленымі падтрымлівалася па мабільным тэлефоне. Літаральна праз гадзіну сям’я выйшла з лесу на сігнальна-гукавую прыладу аўтацыстэрны.
У той жа дзень, але ўжо бліжэй да ночы, лепельскім ратавальнікам паступіла паведамленне ад пажылога грыбніка, якога ў лесе напаткала непагадзь. Дрэвы пападалі на лясныя дарогі, і пенсіянер не змог выбрацца з гушчару. У пошукавых мерапрыемствах былі задзейнічаны тры адзінкі тэхнікі і дзесяць чалавек. Праз некаторы час мужчына самастойна вярнуўся дадому. У медыцынскай дапамозе ён патрэбы не меў.
Днямі двое пенсіянераў заблукалі ў Магілёўскай вобласці. Адзін не змог самастойна выбрацца з лесу ў Горацкім раёне. У грыбы мужчына адправіўся з таварышам. Скончыўшы ціхае паляванне, яны вярнуліся да машыны. Аднак пенсіянер вырашыў вярнуцца ў лес і праверыць яшчэ адзін узлесак. Праз чатыры гадзіны ён зразумеў, што згубіўся, і патэлефанаваў ратавальнікам.
У пошуках удзельнічалі шэсць адзінак тэхнікі і 20 работнікаў МНС, дапамагалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ляснік. Як расказаў начальнік Горацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казлоў, пашанцавала, што пенсіянер быў на сувязі. «У нейкі момант ён убачыў квартальны слуп і паведаміў нам лічбы, якія на ім размешчаны, — так мы яго і знайшлі», — удакладніў ратавальнік.
Тым жа вечарам пошукавыя работы разгарнуліся ў лясным масіве ў Асіповіцкім раёне, дзе згубілася жанчына 1940 года нараджэння. Трывогу забілі сваякі: пенсіянерка пайшла ў лес па ягады раніцай у лёгкім адзенні, а днём пачалася навальніца. Да бабулі спрабавалі датэлефанавацца: тэлефон, які знаходзіўся пры ёй, быў недаступны.
«Прачэсвалі лясны масіў, дзе жанчына магла знаходзіцца, пешшу і на квадрацыкле, — расказаў намеснік начальніка Асіповіцкага раённага ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Мікалай Ярмоленка. — Праз 2,5 гадзіны пошукаў нам пашанцавала: у бабулі пачала лавіць мабільная сувязь, і мы да яе датэлефанаваліся. Ужо праз гадзіну знайшлі пацярпелую па костачку ў балоце і з прыкметамі пераахаладжэння». Жанчыну шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя для абследавання.
Дзве жанчыны з дзецьмі звярнуліся да ратавальнікаў, калі зразумелі, што не могуць адшукаць дарогі дахаты ў Віцебскім раёне. Кампанія збірала грыбы. Да месца паведамлення адразу ж выехала найбліжэйшае падраздзяленне МНС. У дарозе ратавальнікі звязаліся з пацярпелымі па тэлефоне.
«Адна з жанчын паведаміла, у якім месцы яны прыкладна заходзілі ў лес, — згадаў абставіны пошукавага мерапрыемства ратавальнік Віталь Высоцкі. — Мы даехалі да поля, там стаялі людзі, якія паказалі, у які бок ехаць. Дабраліся да балоцістай мясцовасці, далей праехаць было немагчыма. Мой таварыш Уладзімір Бойка пачаў падаваць сігнал гучнагаварыцельнай прылады цыстэрны, а я ў гэты час тэлефанаваў тым, хто згубіўся. Яны сказалі, што чуюць сігнал аддалена. Каб вызначыць максімальна блізкую да іх адлегласць, мы пераязджалі ў розныя пункты, падавалі сігнал цыстэрны і стэлефаноўваліся з імі. Вызначыўшы месца, дзе яны чулі нас лепш за ўсё, я, надзеўшы гарнітур і застрахаваўшыся вяроўкай, якую трымаў мой таварыш, адправіўся ў лес і ўвесь час клікаў іх, а яны адказвалі. Праз некаторы час убачыў пацярпелых, якія разгублена стаялі і баяліся ісці, таму што вакол было балота».
Па чарзе супрацоўнік МНС дапамог жанчынам і дзецям выйсці на небалоцістую мясцовасць. Усе разам яны пакінулі лес. Пацярпелыя знаходзіліся ў нармальным стане, іх здароўю нічога не пагражала.
Аб тым, што патрэбна дапамога ў пошуку мужчыны, які згубіўся ў лясным масіве Барысаўскага раёна, днямі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паведаміла яго жонка. Раніцай мужчына разам са сваім сабакам пайшоў у грыбы. У абед яму паспрабавала патэлефанаваць жонка, але сужэнец на сувязь не выйшаў — мабільны тэлефон адключыўся. Зрабіўшы некалькі спроб звязацца з мужам, жанчына патэлефанавала ў МНС. Ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на прыблізнае месца пошуку, працавалі на водгук, але на сваё імя чалавек, якога яны шукалі, не адгукаўся. Мужчыну знайшлі ў глыбіні лесу. У пошукава-ратавальнай аперацыі ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Вечарам пацярпелы быў знойдзены, у медыцынскай дапамозе патрэбы не меў.
Перш чым ісці ў лес, ратавальнікі рэкамендуюць падрыхтавацца. Па-першае, важна прадумаць, у чым вы пойдзеце. Незалежна ад надвор’я (на працягу некалькіх гадзін яно можа кардынальна памяняцца) апраніце на сябе вопратку, якая не прамакае. Абавязкова паклапаціцеся аб тым, каб у вашым адзенні быў яркі элемент (напрыклад, чырвоная куртка або аранжавая кепка, сіняя хустка) — калі вы раптам згубіцеся, ратавальнікам будзе прасцей вас заўважыць. Па-другое, нават калі вы разлічваеце, што ідзяце ў лес ненадоўга, у любым выпадку вазьміце з сабой вады, штосьці з ежы. Добра, калі ў кішэню пакладзяце компас і — абавязкова! — зараджаны мабільны тэлефон. Людзям, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем, ціхага палявання ўвогуле варта пазбягаць. Калі ўсё ж такі адважыліся пайсці ў лес, вазьміце з сабой лекі, якія пастаянна прымаеце.
Варта ўстрымацца ад лясных падарожжаў пажылым людзям. Менавіта гэтая катэгорыя грамадзян, адпраўляючыся ў грыбы ці ягады, часцей за ўсіх самастойна не вяртаецца дадому. Калі ж вы ўпэўнены ў сваіх сілах, не ідзіце на далёкія адлегласці і выбірайце знаёмыя шляхі. Дзецям у лесе можна знаходзіцца толькі ў прысутнасці дарослых. Ніякіх гульняў у лясным масіве быць не павінна!
— Абавязкова папярэдзьце родных, што ідзяце ў лес, а таксама раскажыце ім, у якім месцы збіраецеся заходзіць, па якім маршруце плануеце ісці і калі мяркуеце вярнуцца, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Пры адсутнасці сваякоў паведаміце аб сваіх планах знаёмым або суседзям. Калі вы дрэнна арыентуецеся на мясцовасці, лепш у лес увогуле не хадзіць. Вырашылі пайсці — запрасіце з сабой таго, хто добра ведае лясны масіў.
Заблукаць у лесе можа кожны. Прычым нават там, дзе ўсе сцяжынкі вядомыя. А колькі было выпадкаў, калі людзі губляліся ў мясцінах, дзе ўсё жыццё хадзілі. Таму вельмі карысная парада для тых, хто любіць лясныя падарожжы: варта запамінаць, з якога боку зайшлі ў лес і дзе ў гэты момант знаходзіцца сонца. Гэта абавязкова спатрэбіцца, калі будзеце вяртацца назад.
Не панікуйце, калі ў лесе вас заспела навальніца. У такім выпадку трымайцеся далей ад высокіх дрэў, якія стаяць асобна. Не размяшчайцеся каля вогнішча: слуп гарачага паветра з’яўляецца добрым правадніком электрычнасці. Часцей за ўсё маланка ўдарае ў дубы, таполі і вязы, радзей — у бярозу і клён. Схавацца лепш паміж нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Выбіраючы сабе прытулак, звярніце ўвагу, каб побач не было расшчэпленых дрэў, у якія раней трапіла навальніца. Справа ў тым, што зямля на такім участку мае высокую электраправоднасць, ёсць верагоднасць таго, што ўдар маланкі можа сюды трапіць яшчэ раз.
Вераніка КАНЮТА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.