Вы тут

Падрыхтоўка школы да новага навучальнага года ў аграгарадку Путрышкі вядзецца з дапамогай мясцовага сельгаскааператыва


Чарговы транш вучэбна-доследнага СВК «Путрышкі» датычыць афармлення музейнага пакоя і частковага фінансавання новага стадыёна, адкрыццё якога адбудзецца падчас урачыстасцяў з нагоды новага навучальнага года.


Школу можна ўбачыць здалёк — вялікі будынак раскінуўся на пагорку населенага пункта. Установа выглядае вельмі дагледжанай і сучаснай, хаця пабудавана амаль паўстагоддзя таму. Такі праект у Гродзенскім раёне не тыпавы — падобных школ усяго некалькі. Галоўная асаблівасць — ва ўваходнай групе, якая ўключае ў сябе адкрыты хол на другім паверсе, адкуль з вышыні можна бачыць прыгожы вяскова-лясны ландшафт. Хаця такія краявіды і захапляюць, але вучні прыходзяць сюды авалодваць ведамі. У якіх умовах вядзецца вучэбны працэс? Менавіта на гэта скіроўвае нашу гутарку дырэктар школы Галіна Разумневіч і праводзіць цікавую і пазнавальную экскурсію.

Пачынаецца яна з патрыятычнага кутка з вялікай інсталяцыяй у выглядзе літар, з якіх складаецца слоган «Я люблю Путрышкі». У працяг тэмы — стэнд, прысвечаны першаму дырэктару школы Фёдару Крайніку, былому франтавіку, камандзіру мясцовага партызанскага атрада. Менавіта пад яго кіраўніцтвам была пабудавана новая школа замест старога драўлянага будынка. У Мінск была накіравана дэлегацыя педагогаў агучваць гэту ідэю, і яны дабіліся станоўчага рашэння. У будаўніцтве школы актыўны ўдзел прымаў мясцовы СВК. Цяпер нефармальныя шэфы — вучэбна-доследны сельгаскааператыў «Путрышкі» — працягваюць актыўна дапамагаць школе. Асабліва гэта датычыць падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

Заходзім у школьны музей — адзін з нямногіх, удастоены звання «Народны». Выклікаюць цікавасць аўтэнтычныя экспанаты сялянскага побыту былых часоў, гісторыя Першай і Другой сусветных войнаў. Напярэдадні навучальнага года тут адкрываецца новая зала, прысвечаная гісторыі вучэбна-доследнай гаспадаркі «Путрышкі». Усё афармленне вядзецца за кошт сельгаспрадпрыемства. Памяшканне робіцца ў выглядзе стыльнай аўдыторыі са сталамі і крэсламі. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць сустрэчы са спецыялістамі гаспадаркі.

— Такія сустрэчы сталі ў нас традыцыяй, і, трэба адзначыць, што ў нашых старшакласнікаў яны выклікаюць вялікі інтарэс. Нямала сярод спецыялістаў былых выпускнікоў, якія вельмі цікава і захапляльна расказваюць аб працы ў сельскай гаспадарцы. Дзякуючы такім сустрэчам, нашы выпускнікі выбіраюць сельскагаспадарчы профіль, вяртаюцца ў сваю гаспадарку. Неяк старшыня прызнаўся, што гатовы падзяліцца спецыялістамі з іншымі СВК, бо сваіх ужо хапае, — заўважае Галіна Іванаўна.

У працяг тэмы дадае, што з гаспадаркай школа вельмі сябруе.

Менавіта гаспадарка выдзяляе аўтобус для падвозу дзяцей з навакольных вёсак, забяспечвае школу гароднінай. Дзякуючы гэтаму, харчаванне дзяцей больш таннае. Але і гэта яшчэ не ўсё. Як паведаміла Галіна Іванаўна, гаспадарка штогод ўзнагароджвае найлепшых вучняў, а сёлета за кошт сельгаскааператыва дзеці пабывалі на экскурсіі на лініі Сталіна і падсілкаваліся абедам у кафэ.

Дарэчы, тэма школьнага харчавання сёння актыўна абмяркоўваецца ў педагагічным і бацькоўскім асяроддзі. Як вядома, у краіне праводзіўся эксперымент, у выніку якога беларускія школы будуць паступова пераходзіць на новы графік харчавання і новае меню. Па словах Зінаіды Мельнічак, якая адказвае за сталовую, у Путрышках да новага раскладу гатовы. Кухня абсталявана ўсім неабходным, у тым ліку з дапамогай шэфаў. У СВК выдзелілі сродкі на закупку посуду. Вядзецца распрацоўка меню. У рацыёне з’явяцца стравы, якія даспадобы дзецям. Дзякуючы гэтаму, ёсць магчымасць значна знізіць узровень харчовых адходаў. Новае меню тут плануюць абмеркаваць з бацькамі.

А вось пытанне школьнай формы ўжо вырашана. Прычым адбылося гэта значна раней, чым паступіла такое патрабаванне. Сёлета адмовіліся ад індывідуальнага пашыву, з якім было нямала праблем, — форму будуць набываць па сваім гусце. Дырэктар успамінае, з якімі спрэчкамі пачыналася гэта справа некалькі гадоў таму.

— Пытанне неаднаразова абмяркоўвалі з бацькамі вучняў. Многія з іх абураліся, што дзецям дазволена хадзіць у школу ў любым адзенні. Маўляў, дзяўчаты думаюць не аб тым, як добра падрыхтавацца да ўрокаў, а ламаюць галаву, у чым пакрасавацца перад класам наступным разам. Гэта бянтэжыла тых, хто вымушаны выбіраць больш сціплае адзенне. Таму бацькі выказаліся за школьную форму. Было вырашана пашыць у атэлье кожнаму індывідуальна. У камплект уваходзілі камізэлькі цёмна-сіняга колеру са штанамі для хлопчыкаў і спаднічкамі для дзяўчынак. Не ўсё было гладка — некаторыя бацькі неаднаразова вярталі форму на пераробку, але ўрэшце форма з’явілася, — расказвае Галіна Разумневіч.

Новыя стандарты дазваляюць набыць форму ў краме альбо на школьных кірмашах. Выбар, лічыць дырэктар школы, даволі вялікі. Кожны набывае форму па сваім жаданні.

Як вядома, сельскія школы цяпер нельга назваць перагружанымі. Путрышская сярэдняя навучальная ўстанова не выключэнне. Тут займаецца крыху больш за 200 дзяцей. Для вёскі, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Гродна, гэта даволі добры паказчык. І хаця некаторыя школьнікі ездзяць у гарадскія школы, тут, у сваю чаргу, назіраецца і зваротны працэс. Напрыклад, сёлета паступілі заявы ад гродзенцаў, якія пажадалі аддаць сваіх дзяцей у першы клас менавіта ў Путрышкі. Па словах дырэктара, задаволіць усіх ахвотных у школе няма магчымасці, хаця некалькі жыхароў абласнога цэнтра былі прынятыя ў першы клас.

— Для нашых першакласнікаў у школе створаны вельмі добрыя ўмовы. Для іх адведзена асобнае крыло — тут і клас, і спальня, і хол для гульняў. Тры школьныя кабінеты — фізікі, хіміі і біялогіі — на пачатку навучальнага года атрымалі новае абсталяванне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Такое абсталяванне можна ўбачыць не ва ўсіх гарадскіх школах, а вось падлогу ў спальні для першакласнікаў паклалі за кошт сельскай гаспадаркі, — расказвае дырэктар школы.

Шэфы дапамагаюць вырашаць многія фінансавыя пытанні. З дапамогай СВК «Путрышкі» вядзецца закупка будаўнічых матэрыялаў для рамонту школы.

— Каля школы будуецца новы стадыён. Гэта будзе новы сучасны аб’ект са спецыяльным гумовым пакрыццём бегавых дарожак і полем для гульнявых відаў спорту. Будоўля вядзецца за кошт раённага бюджэту, але частковае фінансаванне ажыццяўляе і мясцовая гаспадарка, — кажа дырэктар і вядзе да новага стадыёна, дзе працуе будаўнічая тэхніка.

Адкрыццё стадыёна адбудзецца падчас урачыстасці, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, з удзелам кіраўніцтва раёна і сельскай гаспадаркі.


У тэму

Руслан Абрамчык, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

У Гродзенскай вобласці завяршаецца маштабная падрыхтоўка да новага навучальнага года. Сёлета для правядзення рамонтных работ, набыцця абсталявання і інвентару накіравана звыш 16,5 млн рублёў. З 1 верасня свае дзверы адчыняць 742 установы адукацыі, у тым ліку больш за 300 школ. Пачне дзейнічаць і самая вялікая школа рэгіёна, якая пабудавана сёлета ў новым мікрараёне Гродна. Тут будзе вучыцца каля 1,5 тысячы дзяцей. А ўсяго ў вобласці за парты сядуць звыш 120 тысяч вучняў, з іх 11 тысяч — першакласнікі.

У параўнанні з мінулым годам колькасць вучняў павялічылася прыкладна на 300 чалавек. Завяршылася работа па ўвядзенні адзіных элементаў школьнай формы. У рэгіёне чакаецца папаўненне педагагічнага калектыву. На месца працы плануецца прыбыццё 700 маладых спецыялістаў.

Упершыню ў новым навучальным годзе ў вобласці створаны інжынерныя класы з паглыбленым вывучэннем фізікі, хіміі і біялогіі. Яны будуць мець прамы кантакт з профільнымі кафедрамі ГрДУ і арганізацыямі-заказчыкамі і, вядома, льготы пры паступленні ў ВНУ.

Для бясплатнай перавозкі 8 тысяч вучняў рэгіёна будуць задзейнічаны каля 250 школьных аўтобусаў. Дарэчы, за кошт сродкаў абласнога бюджэту аўтобусны парк папоўніўся 5 новымі аўтобусамі. Яны заменяць той транспарт, тэрмін эксплуатацыі якога перавысіў 10 гадоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.