Вы тут

Добрыя весткі, добрыя справы


У гэты чароўны пераднавагодні час хочацца згадваць добрыя справы, якімі ўдалося парадаваць сябе і іншых, успамінаць самае лепшае, што здарылася апошнім часам у жыцці. Мы прапанавалі зрабіць гэта прадстаўнікам мясцовага самакіравання ў розных кутках нашай краіны. І не прагадалі: добрых спраў было нямала, а ў планах — яшчэ больш.


Наша вясковая лекарка

Актывісты з аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна разам з мясцовай гаспадаркай аднавілі святую крыніцу

Гісторыя гэта пачалася 11 гадоў таму, калі жыхары аграгарадка Гарадзішча ўспомнілі пра прыродны калодзеж каля ракі Бася, з якога іх продкі бралі ваду, і вырашылі яго аднавіць. Асноўныя выдаткі па добрай справе ўзяла на сябе мясцовая аграгаспадарка ААТ «Новагарадзішчанскае», а месцічы паўдзельнічалі ўдарнай працай — высякалі хмызы, садзілі дрэвы, акультурвалі тэрыторыю. Мясцовы прадпрымальнік за свой кошт зрабіў і ўстанавіў крыж. З тых часоў крыніца з’яўляецца галоўным месцам прыкладання сіл тутэйшых жыхароў, і яе добраўпарадкаванне працягваецца па сённяшні дзень.

Таццяна Крупенька — прадстаўніца мясцовага самакіравання — адна з тых, хто стаяў каля вытокаў гэтай прыгожай гісторыі. На той час яна працавала намеснікам дырэктара па ідэалогіі ААТ «Новагарадзішчанскае». Напэўна, думка пра адраджэнне крыніцы ўжо лунала ў паветры, бо, калі прагучала ўслых, усе дружна яе падтрымалі. Любая задума, калі яе робяць усім светам, заўсёды атрымліваецца. У тым, што крынічка сёння адноўленая, заслуга ўсіх жыхароў аграгарадка. Без жадання і непасрэднага ўдзелу кожнага нічога б не атрымалася.

— Крыж вырабіў Рыгор Шындзікаў, мастак-самавук Мікалай Сімчанка прыгожа аформіў крынічку, мясцовы жыхар Аляксандр Фомчанка зрабіў драўляны зруб, Ала Еліна клапоціцца, каб штогод быў арганізаваны малебен і асвятленне крыніцы, — пералічвае Таццяна Канстанцінаўна.

Днём нараджэння крыніцы лічыцца 1 кастрычніка. 

Менавіта ў гэты дзень яна была асвечана ў 2014 годзе ў гонар іконы Божай Маці «Лекарка». З тых часоў водны аб’ект пад надзейным наглядам жыхароў, якія і кветачкі высаджваюць, і смецце прыбіраюць, і за чысцінёй калодзежа глядзяць. Цэлая каманда шэфствуе. Сярод тых, хто прымае актыўны ўдзел, Уладзімір Громаў, сужэнцы Таццяна і Валянцін Шастаковы, Валянціна Самусенка і іншыя.

Калодзежу далі новае жыццё, а Таццяна Крупенька, натхнёная падтрымкай землякоў, напісала праект і паслала на конкурс Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў якраз у перыяд з 2017 па 2020 год праводзіў інвентарызацыю паверхневых водных аб’ектаў у разрэзе рачных басейнаў тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак. У сувязі з гэтым і быў аб’яўлены конкурс «Раскажы аб сваёй крыніцы».

— Мы ахвотна падключыліся да гэтых даследаванняў, падрабязна апісалі гісторыю крынічкі і яе аднаўлення, — расказвае актывістка. — Наша крынічка наогул унікальная, прыродай створаная. Як жывая, пульсуе на беразе ракі Басі. Месца маляўнічае, мае магічную прыцягальную моц. Вялікім попытам крыніца карысталася раней, у дарэвалюцыйны, а потым і савецкі час, пакуль былі праблемы з водаправоднай вадой. Калі з’явіліся калонкі, пра крынічку паціху сталі забываць. Месца багністае, пакрысе зарасло кустоўем і стала маладаступным. Калі пачалі крынічку аднаўляць, высветлілася, што калодзеж рабіўся грунтоўна. Там два жалезабетонныя кольцы стаялі.

Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 60 праектаў з усёй Беларусі. І даследаванне ад жыхароў аграгарадка ўвайшло ў дзясятку наймацнейшых. А праз паўгода па пошце прыйшоў падарунак — кніга «Крыніцы Беларусі», дзе было апісанне і гарадзішчанскай крынічкі. Гэтую кнігу жыхары перадалі ў мясцовую бібліятэку, каб усе ведалі і бераглі мясцовую славутасць. Акрамя гэтага, яны зрабілі яшчэ і самаробную кнігу пра гісторыю крынічкі. Гэта праца таксама захоўваецца ў бібліятэцы. Там апісаны таксама працэс яе аднаўлення і прыкладаецца шмат фота.

У 2019 годзе гаспадарка ўзялася зрабіць зону паломніцтва больш камфортнай. Былі пабудаваны драўляная купель, альтанка для адпачынку, заменены зруб.

Сёлета аграгаспадарка зноў вяла работы на важным у духоўным плане аб’екце аграгарадка. Каб крынічку не падтапляла, была зроблена рэканструкцыя. Зноў абноўлены калодзеж, пакладзены дрэнаж, пачышчаны бераг і дарожкі, зроблены дадатковыя падыходы да крынічкі. Да справы далучыўся адзін з пастаянных спонсараў грамадскіх ініцыятыў, ураджэнец Шклова Сяргей Харланцьеў.

Старшыня Гарадзішчанскага сельсавета Алена Шабунёва адзначае:

— Вядома, самастойна жыхары не змаглі б зрабіць такую маштабную работу, нам пастаянна дапамагае гаспадарка ААТ «Новагарадзішчанскае». Але ініцыятыва сыходзіла ад людзей. Гэта былі дэпутаты яшчэ 26-27-га скліканняў, якія потым сталі старастамі, — Таццяна Крупенька, Уладзімір Громаў, Валянцін Шастакоў — самы галоўны наш касцяк. Пакрышачку да іх прымкнула шмат народу. І цяпер штогод, як толькі сыходзіць снег, яны шчыруюць на гэтай крыніцы. Яна раней знаходзілася на тэрыторыі вёскі Русакі, цяпер гэта вуліца аграгарадка пад назвай Русакоўская. Месца вельмі папулярнае, сюды прыязджаюць і людзі сталага ўзросту, і зусім маладыя.

Наогул, з дапамогай аграгаспадаркі было зроблена шмат чаго. У той час, калі яе кіраўніком быў Трафім Галіца, пабудаваны Дом культуры, дзіцячы садок, уся інфраструктура. Усё для людзей. Сённяшні кіраўнік аграгаспадаркі Анатоль Балабосаў таксама дэпутат і актыўны наш памочнік у рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў. Сёлета ў Год міру і стваральнай працы мы працягвалі падтрымліваць усё тое, што калісьці пачыналася, удасканальваць і паляпшаць. І людзі з энтузіязмам ва ўсім гэтым удзельнічаюць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Таццяны КРУПЕНЬКІ


Аднаўляем «дзедаўскія» вёскі

Населеныя пункты Гожскага сельсавета прырастаюць новымі сядзібамі

Апошнім часам на тэрыторыі сельскага Савета, які знаходзіцца ў Гродзенскім раёне, пачало актыўна развівацца індывідуальнае будаўніцтва. Тым, хто жадае пабудавацца ў сельскай мясцовасці, улады прадастаўляюць зямельныя ўчасткі. Такім чынам, вёска не толькі працягвае сваё жыццё, але і набывае новыя, сучасныя рысы. 

У сельвыканкаме звяртаюць увагу на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Колькасць жыхароў расце, і нават ёсць неабходнасць у пашырэнні сярэдняй школы ў аграгарадку Гожа.

Старшыня сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў Наталля Макаўчык прыводзіць такую лічбу. Калі на пачатак гэтага года на тэрыторыі сельсавета пражывалі 2 809 чалавек, цяпер колькасць жыхароў дасягае 3 тысяч. Расце і колькасць дзіцячага насельніцтва. Напрыклад, у Гожскай сярэдняй школе зараз займаецца 370 вучняў, заняткі праходзяць у дзве змены, таму мяркуюць заняцца пашырэннем школьнага корпуса.

— Такі дадатны дэмаграфічны ўсплеск невыпадковы. Ён абумоўлены актыўным будаўніцтвам, якое цяпер вядзецца на тэрыторыі сельскага Савета. А штуршком да гэтага стала даручэнне Прэзідэнта падчас наведвання Гродзенскай вобласці ў 2018 годзе. Тады Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Гродзенскага аблвыканкама на неабходнасць аднаўлення «дзедаўскіх» вёсак у Гродзенскай вобласці. Магу сказаць, што мы ў адпаведнасці з гэтым даручэннем фарміруем жыллёвую забудову нашых населеных пунктаў, вёскі становяцца больш кампактнымі, шчыльнымі, праводзяцца камунікацыі, — расказала суразмоўніца.

На тэрыторыі сельскага Савета 29 населеных пунктаў. Наталля Макаўчык звяртае ўвагу, што вёскі ў іх не знікаюць, наадварот, ёсць тэндэнцыя да росту насельніцтва. Гэта становіцца магчымым за кошт распрацоўкі новых участкаў альбо новых забудоў на месцы старых знесеных дамоў. Участкі прадастаўляюцца як у парадку чаргі, так і прадаюцца з аўкцыёна. Такім чынам, адбылося пашырэнне населеных пунктаў Барбарычы, Цыдовічы, распрацавана схема развіцця населенага пункта Польніца, дзе прадугледжана выдзяленне 160 участкаў. Іх асваенне будзе весціся ў некалькі этапаў.

Па словах старшыні сельвыканкама, на ўчасткі цяпер даволі высокі попыт. Але такая сітуацыя была не заўсёды. Яшчэ не так даўно назіраўся вельмі значны адток насельніцтва ў абласны цэнтр. Зараз ідзе зваротны працэс. Асабліва гэта датычыцца населеных пунктаў, якія знаходзяцца не вельмі далёка ад Гродна. Гэта тэрыторыя асвойваецца найбольш хуткімі тэмпамі. І сёлетні год асабліва паказальны. Насельніцтва актывізавалася менавіта ў плане будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.

Ход забудовы знаходзіцца пад кантролем мясцовай адміністрацыі. Як падкрэсліла старшыня сельвыканкама, асаблівая ўвага надаецца тэрмінам будаўніцтва, парадку асваення зямельных участкаў. У сельскім Савеце ведаюць, як і ў якой стадыі вядзецца будаўніцтва дамоў. Дзякуючы гэтаму тут амаль пазбеглі даўгабудаў. Ды і самі забудоўшчыкі імкнуцца своечасова асвоіць участак з перспектыўнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, маляўнічым ландшафтным наваколлем.

— У нас даволі прыгожыя мясціны — лес, возера, побач Нёман. І наша геаграфічнае становішча таксама зручнае — да абласнога цэнтра ад аграгарадка Гожа ўсяго 15 хвілін язды, да таго ж і транспартнае злучэнне добра развіта. Інфраструктура населенага пункта таксама на сучасным узроўні. Да нас едуць гараджане, у тым ліку маладыя сем’і, што сведчыць аб тым, што вёска будзе жыць. Сюды ахвотна ідуць працаваць прадпрымальнікі, — працягвае пералічваць плюсы старшыня сельвыканкама.

Наталля Макаўчык зазначыла, што значны імпульс развіццю «дзедаўскіх» вёсак надаюць менавіта працоўныя месцы. На гэты аспект таксама была звернута ўвага кіраўніка дзяржавы. Вёскі не могуць развівацца без вытворчай базы. Гожскаму сельсавету ў гэтым сэнсе пашанцавала — тэрыторыя ўключана ў склад свабоднай эканамічнай зоны, дзе працуюць дзясяткі паспяховых прадпрыемстваў. Таму недахопу ў працоўных месцах няма. Добрыя стасункі наладжаны як з мясцовым сельгаспрадпрыемствам, так і з прыватнымі суб’ектамі гаспадарання. Значную дапамогу ў правядзенні патрыятычных акцый і мерапрыемстваў аказвае 6-я механізаваная брыгада Гродзенскага гарнізона.

Значным сумесным праектам сельвыканкама і мясцовых прадпрыемстваў тут называюць дзіцячую пляцоўку ў аграгарадку Гожа. Мясцовыя жыхары не аднойчы ўздымалі гэта пытанне перад уладамі. Маўляў, і месца для яе ёсць у самым цэнтры аграгарадка, побач са школай.

Рухавіком для ажыццяўлення праекта стаў конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, у выніку якога з’явіўся невялікі стартавы капітал. У работу ўключыліся і мясцовыя жыхары. Завершыць праект дапамаглі спонсары — кампанія «Біяком тэхналогія» і сельгаскааператыў «Гожа». Сёлета пляцоўка — адно з самых масавых дзіцячых аб’ектаў аграгарадка. Як зазначыла старшыня сельвыканкама, у планах правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі дзіцячага садка і набярэжнай Нёмана ў межах аграградка. Паступаюць прапановы і ад жыхароў іншых населеных пунктаў сельсавета.

Сёлета асноўны акцэнт зроблены на добраўпарадкаванні вёскі Новая Гожа. За кошт раённага бюджэту праведзены капітальны рамонт дамоў, на сродкі сельскага Савета добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі. Летась у вёсцы здадзены ў эксплуатацыю 56-кватэрны дом, амаль палова кватэр выдзелена шматдзетным сем’ям. Нядаўна жыхары Новай Гожы выйшлі з ініцыятывай абсталяваць спартыўную пляцоўку.

— Радуе, што насельніцтва прыходзіць не толькі з просьбамі і праблемамі, але і з уласнымі ініцыятывамі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, спартакіяд. Мы стараемся іх увасобіць у жыццё, як гэта адбылося з дзіцячай пляцоўкай, якую мы назвалі «Дворык дзяцінства». Канешне, яшчэ нямала трэба зрабіць, удасканаліць, думаю, што ўсё атрымаецца, — пераканана субяседніца.

З ідэяй абсталявання спартыўнай пляцоўкі сельскі Савет сумесна з жыхарамі рыхтуе праект для ўдзелу ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які ўжо аб’яўлены на будучы год.

У тэму

Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— У мінулым годзе на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў было затрачана каля 300 тысяч рублёў. Сёлета ў абласны Савет паступіла больш за паўсотні заявак. Іх рэалізацыя вядзецца ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады. Дзякуючы змяненням, якія сёлета ўнесены ў Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, паўнамоцтвы абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў па каардынацыі гэтай работы пашыраны. А мясцовы бюджэт фарміруецца з улікам грамадзянскіх ініцыятыў, рэалізацыя якіх будзе мець абавязковы характар.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by


Расквеціць вёскі — і жыццё

Адным з кірункаў дзейнасці Шайцераўскага сельскага Савета Верхнядзвінскага раёна з’яўляецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Яго старшыня Таццяна Разумная ўпэўнена, што спадзявацца трэба толькі на свае сілы, калі хочацца жыць у прыгажосці. Таму разам з неабыякавымі вяскоўцамі старшыня на працягу цэлага года стварае архітэктурныя формы, разбівае кветнікі і даглядае воінскія пахаванні.

У склад Шайцераўскага сельсавета ўваходзяць 14 вёсак, а гэта каля 1200 жыхароў. Старшыня тлумачыць, што добраўпарадкаванне — справа не аднаго дня, таму цэлы год нарыхтоўваюць ідэі і бяруць на заметку тое, што трэба падправіць. У студзені зацвярджаецца агульны план па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Штаб, у які ўваходзяць старэйшыны вёсак і кіраўнікі арганізацый, каардынуе работу, праводзіць маніторынгі зробленага.

Адной з «разынак» сельсавета з’яўляецца яго квяцістасць. Зімой гэтыя стракатыя рэкі пабачыць не атрымаецца, а вось з вясны вока мясцовых жыхароў радуюць пышныя клумбы. Уздоўж шматкватэрных дамоў, дзе пражываюць шматдзетныя і маладыя сем’і, узвышаюцца туі і разбіты вялікія кветнікі. «Дрэўцы разам з дэкаратыўнымі кустарнікамі закупілі некалькі гадоў таму, іх дапамагалі высаджваць тыя, хто шукае працу. Сумясцілі прыемнае з карысным: і прыгажосць навялі, і атрымалі грошы», — каментуе Таццяна Разумная.

Дарэчы, вырошчваннем кветак у сельсавеце займаецца мясцовая школа, а ААТ «Шайцерава» прадастаўляе насенне. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што на агульную справу пад кіраўніцтвам нераўнадушнага дэпутата рупяцца талакой ад малога да вялікага. У хуткім часе аграгарадок па колькасці высаджаных раслін дагоніць абласныя цэнтры: амаль штогод тут высаджваюць каля 15 тысяч кветак! Гэта буйства фарбаў і пахаў не можа не радаваць не толькі шайцераўцаў, але і турыстаў. Асабліва карыстаецца попытам для фота кветкавы рог, з якога «бягуць» каляровыя рэкі. Старшыня сельсавета тлумачыць, што доўгія гады ўпрыгожвалі плошчы архітэктурнымі формамі з прыродных матэрыялаў, але яны былі недаўгавечныя. А некалькі гадоў таму разам з вяскоўцамі прыдумалі выкарыстоўваць у кампазіцыях бетонныя фігуры — так у населеных пунктах і каля дарогі з’явілася некалькі такіх выяў. Напярэдадні абласных «Дажынак-2018» на ўездзе ў Верхнядзвінск з’явілася 14 новых архітэктурных форм, якія сталі вынікам палёту фантазіі таленавітай мясцовай жыхаркі Тамары Заляціла. Каля школы цяпер узвышаецца аловачніца з бетону, каля ўваходу ў фірменную краму — фігура свінкі, а вёску Цясты ўпрыгожвае карова і цяля, свінка з парасятамі — сімвалы поспеху і росквіту аднаго з найлепшых сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны — ААТ «Шайцерава».

Асаблівую ўвагу ў сельсавеце надаюць добраўпарадкаванню помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Так, дзіцячы садок даглядае магілу ахвяр вайны ў вёсцы Ляшчылава, школьнікі ўзялі шэфства над помнікамі ў вёсках Цясты, Жыгулі, Барсукі і ў аграгарадку Шайцерава. Добрым прыкладам па захаванні памяці аб абаронцах Айчыны захапіліся і супрацоўнікі раённага аддзялення Следчага камітэта, яны аказваюць дапамогу па добраўпарадкаванні помніка ў вёсцы Барсукі.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі не адзінае, што разам са старшынёй робяць актыўныя жыхары. Усе святы, асабліва абрадавыя, шайцераўцы сустракаюць разам. Купалле, Масленіца, Каляды — па асабістай ініцыятыве арганізацыяй мерапрыемстваў займаецца стараста вёскі Цясты Людміла Баярынава. Насельніцтва з радасцю падтрымлівае ініцыятыву, прычым людзі любяць не толькі адпачываць разам, але і працаваць: амаль кожны месяц у сельсавеце праводзяць суботнікі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Двинская правда», «Витебские вести»


Ружа на памяць

Як у сельсавеце ствараюць цікавыя сэлфі-зоны

Вялікія гарады спаборнічаюць ва ўсталяванні самых разнастайных фотазон, асабліва зараз, у святочныя дні. Пра тое, каб у гараджан і гасцей на памяць засталіся прыгожыя здымкі, клапоцяцца камунальныя службы, гандлёвыя арганізацыі, прадпрыемствы грамадскага харчавання. Гэтыя інсталяцыі часам здзіўляюць не толькі раскошай, але і дасціпнасцю аўтараў, арыгінальнасцю ідэй. Асабліва кранаюць тыя, у якіх адчуваюцца дабро, цеплыня, утульнасць. Усё пералічанае, як вядома, характэрна для гарадоў. А што ў вёсках, пасёлках, аграгарадках?

Праўда, апошнім часам у «Цік-току», іншых акаўнтах заўважаны цікавыя здымкі з Ружан. Партрэты ў незвычайнай зялёнай «рамцы», фота з раскошнай ружай. Як высветлілася, арт-аб’екты ўстаноўлены ў гарадскім пасёлку зусім нядаўна, у канцы года.

— Нашы Ружаны, вядомыя ў свеце сваім палацам Сапегаў, іншымі гістарычнымі славутасцямі, кожны год наведвае шмат гасцей. Да таго ж пасёлак транзітны, стаіць на скрыжаванні дарог, тут праездам бывае нямала людзей. Хацелася б, каб кожны падарожнік узяў з сабой нейкі прыемны ўспамін ад наведвання Ружан, — гаворыць старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана Юркоўская. — Мы ніколі не забывалі, што, паводле адной з легенд, назва пасёлка паходзіць ад слова «ружа». 

Таму працягваем упрыгожваць населены пункт кветкамі. Гэтай восенню таксама пасадзілі некалькі дзясяткаў кустоў руж. А яшчэ было жаданне ўладкаваць своесаблівы знак, каб падкрэсліць адметнасць нашай мясціны, яе гістарычную сутнасць.

— Вось так паявілася ідэя зрабіць арт-аб’ект у форме рукі, якая трымае чырвоную ружу, падобную на тую, што ўвекавечана на гербе Ружан — працягвае Аксана Уладзіміраўна. — Як вядома, ружа ўвасабляе сабой прыгажосць, элегантнасць, урачыстасць. Думаю, ніводнае вяселле, іншая сямейная альбо вытворчая ўрачыстасць не абыходзяцца без букета руж, а мы яшчэ зрабілі магчымым атрымаць і арыгінальны здымак на памяць.

Месца для ружы-скульптуры выбралі самае знакавае — побач з мясцовым цэнтрам культуры і вольнага часу, паблізу ад берага возера. Тут заўсёды бывае людна, асабліва ў выхадныя дні, у святы.

Ружаны, як ужо сказана, знакамітыя не толькі палацам, але і сваёй архітэктурнай спадчынай. Таму другі аб’ект фотазоны — рамку з надпісам «Я люблю Ружаны» — памясцілі ў скверы 17 Верасня паміж царквой і касцёлам.

Кіраўнік мясцовай улады расказала, што вырабіў такія цудоўныя зоны для фота прадпрымальнік з Мінскай вобласці. Усталявалі іх спецыялісты мясцовага прадпрыемства «Камунальнік». А сродкі на новыя арт-аб’екты атрымалі за перамогу ў абласным конкурсе. Па выніках спаборніцтва па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2022 годзе Ружанскі сельскі Савет заняў другое месца ў вобласці. Прэміі якраз хапіла на выраб названых арт-аб’ектаў.

Паводле слоў Аксаны Юркоўскай, новыя фотазоны ацанілі мясцовыя жыхары і госці пасёлка. Тут фатаграфуюцца школьнікі і пенсіянеры, студэнты і маладыя спецыялісты. «Думаю, што названае стала няхай сабе маленькім, але ўнёскам у папулярызацыю нашай старажытнай мясціны. Мы вельмі рады падарыць нашу прыгожую ружу на памяць кожнаму, хто наведае Ружаны», — падсумавала старшыня.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Ружанскага сельвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.