Вы тут

Удзельнікі «Дэпутацкага клуба» абмеркавалі пытанні сістэмы адукацыі


Дастаўка дзяцей да школ, ацэнка ведаў, якія атрымліваюць вучні, падыход настаўнікаў у прывіцці новага, распрацоўка агульнай школьнай формы, навучанне дарослых... Гэтыя і іншыя пытанні сістэмы адукацыі абмеркавалі госці «Дэпутацкага клуба» ў агенцтве «Мінск-Навіны» і падзяліліся меркаваннямі, як удасканаліць працэс.


Рацыянальнае выкарыстанне і належныя ўмовы

— Дэпутацкі корпус сталіцы трымае руку на пульсе, бо разумее, што сістэма адукацыі — адзін з напрамкаў, які актыўна фінансуецца горадам. Пры гэтым мы бачым праблемныя пытанні, што існуюць, бо абмяркоўваем іх з бацькамі дзяцей, — заўважыў Андрэй Бугроў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. — Сёння грамадства патрабуе пэўных падыходаў. Улада робіць усё магчымае, каб задаволіць гэтыя патрэбы, і нам ёсць над чым працаваць. Важна разумець, што самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта нашы дзеці, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Іх узровень падрыхтоўкі і адукацыі — будучыня нашай краіны, таму новыя падыходы да навучання і выхавання сапраўдных патрыётаў павінны быць прыярытэтнай мэтай нашага грамадства і дзяржавы.

Школы ў Мінску будуць працягваць будавацца, бо стварэнне належных умоў для навучання ў сталіцы — прыярытэт. Гарадскі бюджэт (9 млрд 140 млн рублёў) штогод выдаткоўвае на сістэму адукацыі амаль 20% ад усяго бюджэту на сістэму адукацыі. Аднак на ўтрыманне такіх сацыяльных аб’ектаў трэба шмат сродкаў, таму выбудоўванне ўзважанай правільнай лагістыкі дазволіць разумна размеркаваць дзяцей па ўстановах не толькі сталіцы, але і Мінскага раёна, заўважыў дэпутат, гаворачы пра рацыянальнае выкарыстанне існуючых навучальных устаноў у Мінску:

— Мы не збудуем дзіцячы садок у кожным двары, а школу — у кожным мікрараёне, гэта вельмі дорага. Будаўніцтва школы абыходзіцца сёння прыкладна ў 60 млн рублёў, а садка на 190 месцаў — каля 15 млн. А вось наладзіць маршрут да пэўнай установы значна прасцей. У Мінску створаны ўсе ўмовы, каб дзеці атрымлівалі якасную адукацыю: 270 дашкольных, школьных устаноў, ліцэяў.

Асобна Андрэй Бугроў падкрэсліў, што ён супраць сістэмы размеркавання школьнікаў у навучальныя ўстановы згодна з прапіскай.

Спецыяльнасці на стыку ведаў

Удасканаленне сістэмы адукацыі, у тым ліку арганізацыйна-бытавой часткі адукацыйнага працэсу, заўсёды важнае, лічыць Валерый Бельскі, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі. Зыходзячы з ацэнкі папярэдніх крокаў, дзяржава робіць наступныя, скіраваныя на выкананне задач адукацыі, — то-бок атрымаць веды, сацыялізавацца і набыць навыкі, якія дапамагаюць арыентавацца ў жыцці: любіць сваю Радзіму, стаць сапраўднымі патрыётамі. Школа і дзіцячы садок — тыя месцы, дзе такія навыкі прывіваюцца, і гэта выдзяляе наш навучальны працэс у сістэме адукацыі, калі параўноўваць яе з падыходамі, якія існуюць у іншых краінах.

Адукацыя і навучанне па прадметах павінна ўлічваць дынаміку атрымання новых ведаў, напрыклад, па біялогіі і хіміі, таму што гэта звязаныя прадметы, а таксама фізікі і матэматыкі, згадаў сенатар час сваёй вучобы ў школе:

— З савецкай школы я вынес для сябе заканамернасць. Мы пастаянна вярталіся да адных і тых жа пытанняў, але на новым узроўні. Напрыклад, на фізіцы мы вывучалі электрычнасць на базавым узроўні, пасля пераходзілі да наступнага этапу, а потым — яшчэ да аднаго, вывучалі, як гэтыя працэсы ўплываюць на хімічныя рэакцыі. Такім чынам біялогія, фізіка і і хімія былі звязаныя прадметы, і, пераходзячы з класа ў клас, мы на базе аднаго прадмета атрымлівалі веды па іншым.

К 2030-м гадам чатыры пятых тых, хто цяпер вучыцца ў школе, будуць мець вышэйшую адукацыю, і гэта добра. Аднак трэба мець на ўвазе, што неабходна вучыцца спецыяльнасцям, многія з якіх выкладаюцца на стыку ведаў.

Не давучвацца на рабочым месцы

Закрануў Валерый Бельскі і тэму стаўлення настаўнікаў да навучальнага працэсу і іх творчы метад, які яны выкарыстоўваюць у прывіцці ведаў. Валерый Бельскі скончыў сельскую школу і кажа, што атрымаў амаль усе ўменні для вядзення хатняй гаспадаркі:

— Мяне навучылі, як залажыць цяпліцу, як прышчапіць дрэва, як працаваць з раслінамі — пасынкаваць тыя ж памідоры... Самыя элементарныя веды перасякаліся з жыццём вакол нас. 

І мы не глядзелі ў інтэрнэце, як падключыць электрычнасць ці замяніць засцерагальнік у пробках. У нас у школе была свая трусіная ферма, мы клапаціліся аб жывёлах разам з настаўніцай біялогіі.

Такія падыходы былі б запатрабаваныя і сёння. Пераемнасць атрымання ведаў на розных стадыях навучання і адукацыі вельмі важная, аднак ВНУ часам не падтрымліваюць той высокі ўзровень школьнай адукацыі, які існуе, заўважыў Валерый Бельскі:

— Лічу, што мы зрабілі няправільны крок, калі скарацілі падрыхтоўку ў ВНУ да чатырох гадоў. Інстытут магістарства дагэтуль не атрымаў належнага замацавання ў заканадаўстве з пункту гледжання кваліфікацыйных падыходаў, матывацыі і іншага. Чалавек павінен атрымліваць веды ў межах ВНУ, а не давучвацца на рабочым месцы.

Харчаванне, адзенне, штрафы…

Здаровая ежа не заўжды падабаецца школьнікам, аднак важна, каб дзеці атрымлівалі ў школе навыкі здаровага харчавання. Пры гэтым трэба наладзіць працэс так, каб не заставалася процьма харчовых адходаў, тым больш што некаторыя (асабліва дзяўчаты) не ядуць не таму, што нясмачна, а таму, што яны падтрымліваюць фігуру, лічаць удзельнікі клуба.

Абавязковыя элементы школьнага адзення таксама выклікаюць пытанне, бо іх распрацоўка кожнай школай паасобку не спрыяе адзінству. Андрэй Бугроў, у прыватнасці, лічыць, што нашыўка на камізэльку з лагатыпам школы не спрыяе выхаванню патрыёта: «Мы такім чынам выхоўваем патрыёта школы, а не краіны». Магчыма, было б добра рабіць на нашыўках сталічных школьнікаў выявы герба Мінска, а не пэўнай школы, і каб такія ж нашыўкі былі і ў настаўнікаў, прапанавалі прысутныя.

А пашыў школьнага адзення можна было б наладзіць «з адной натуральнай тканіны па адным узоры для ўсёй краіны, як калісьці была класічная школьная форма», прапанавала Ірына Леўкавец, дырэктар гімназіі № 61 г. Мінска, дэпутат Мінскага гарсавета.

Задаліся ўдзельнікі клуба і пытаннем, калі ў школе будзе парадак адносна таго, каб дзеці не лаяліся — ці не наспела пара ўвесці сістэму штрафаў за нецэнзурную лексіку, каб бацькі плацілі за гэта. Каб настаўнікі не баяліся рабіць заўвагі за невыкананне правілаў паводзін у школе, за курэнне і засмечванне. Каб мабільныя тэлефоны абавязкова забіраліся ў вучняў падчас урокаў, а за невыкананне правіла ўзнімалася пытанне аб адлічэнні з установы.

Адукацыя праз усё жыццё

Сістэма дадатковай адукацыі дарослых сустракае новы навучальны год з абноўленай нарматыўна-прававой базай. На ўзроўні краіны дакладна размежаваныя функцыі паміж рэспубліканскімі, рэгіянальнымі і раённымі структурамі, якія адказваюць за дадзены кірунак адукацыі і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, падзяліўся Алег Дзячэнка, член Савета Рэспублікі, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— У Беларусі восем устаноў дадатковай адукацыі дарослых. Больш як сто тысяч педагогаў праходзіць павышэнне кваліфікацыі, і сёння мы гэта называем адукацыяй праз усё жыццё. Маладыя спецыялісты, якія пасля ВНУ прыходзяць працаваць у школу, абавязкова раз на тры гады праходзяць павышэнне кваліфікацыі. Апошняе вельмі важна, бо жыццё ідзе наперад: з’яўляюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, назапашваецца адпаведны эфектыўны педагагічны вопыт, які трэба выяўляць, абагульняць і рэтрансліраваць.

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзяць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кіраўнікі ўстаноў адукацыі, дырэктары школ, іх намеснікі па асноўных відах дзейнасці, загадчыкі дашкольных устаноў і іх намеснікі, а таксама тыя, хто займаецца спецыяльнай (інклюзіўнай) адукацыяй. 

Штогод навучанне праходзіць каля дзевяці тысяч слухачоў, а ў міжкурсавы перыяд семінары, трэнінгі, курсы наведвае каля 13 тысяч, так што штогод гэта больш за 20 тысяч. Робіцца ўсё, каб педагогі змаглі асвоіць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і дзяліцца вопытам на месцах з іншымі педагогамі ды ўкараняць іх у практыку, што, адпаведна, прынясе карысць і вучням.

— Я заўжды выступаю супраць правядзення рэформаў дзеля рэформаў. Удасканальваць трэба там, дзе тое неабходна, а там, дзе склалася традыцыйная класічная сістэма адукацыі, не трэба чапаць і разбураць, — падкрэсліў спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.