Вы тут

ДТЗ на самакаце. Як пазбегнуць траўматызму і трагедый на дарогах сярод непаўналетніх?


Хоць тэндэнцыя зніжэння дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на працягу апошніх некалькіх гадоў захоўваецца, трагічныя выпадкі з удзелам непаўналетніх працягваюць фіксавацца. Сёлета з пачатку года на дарогах краіны загінула сямёра дзяцей: пяць пасажыраў і два пешаходы. У параўнанні з мінулым годам непаўналетніх ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў стала менш, аднак колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей вырасла.


Большасць з іх стала ўдзельнікамі дарожна-транспартнага здарэння, будучы пасажырамі транспартных сродкаў. Пры гэтым многія непаўналетнія пасажыры перавозіліся з парушэннем правілаў: без рэменя бяспекі, выкарыстання дзіцячага ўтрымліваючага ўстройства, на раме веласіпеда, у кузаве трактара. За сем месяцаў бягучага года 80 юных удзельнікаў дарожнага руху атрымалі траўмы ў якасці пешаходаў: выбягалі на дарогу з-за прадметаў, якія абмяжоўваюць бачнасць, перабягалі праезную частку па-за пешаходным пераходам. Вялікая колькасць здарэнняў адбываецца на нерэгулюемых і рэгулюемых пешаходных пераходах, а таксама на абочыне і нават на тратуары. Атрымліваюць траўмы і непаўналетнія кіроўцы, якія садзяцца за руль, не маючы адпаведнага пасведчання. Усё часцей удзельнікамі ДТЗ становяцца веласіпедысты і пешаходы на сродках персанальнай мабільнасці.

Для прыцягнення ўсеагульнай увагі да бяспекі дзяцей на дарозе, павышэння адказнасці кіроўцаў і бацькоў з 25 жніўня да 5 верасня Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага — дзеці!». У дні правядзення спецмерапрыемстваў рух транспартных сродкаў у светлы час сутак павінен ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар.

Аднак аб бяспецы на дарогах усім удзельнікам дарожнага руху варта клапаціцца незалежна ад дат і спецыяльных акцый. Асабліва калі гэта датычыцца дзяцей. Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі расказалі, на што варта звяртаць увагу юным удзельнікам дарожнага руху, а таксама іх бацькам, каб папярэдзіць бяду.

Як правільна пераходзіць дарогу?

Пешаход як самы неабаронены ўдзельнік дарожнага руху павінен заўжды быць вельмі асцярожным і ўважлівым. Некаторыя сітуацыі не пад сілу прадбачыць, але выконваць элементарныя патрабаванні бяспекі, каб засцерагчы сябе ад непрыемнасцяў на дарозе, можа кожны.

— Бацькам важна нагадаць юным пешаходам правілы бяспечных паводзін, у тым ліку ў двары, — звяртае ўвагу старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС падпалкоўнік міліцыі Ганна Банадык. — Растлумачце дзіцяці, што нельга рэзка выходзіць або выбягаць на дарогу з-за прыпаркаваных аўтамабіляў і збудаванняў, нават калі тая дарога знаходзіцца на прылеглай да жылой забудовы тэрыторыі. Вельмі небяспечна абыходзіць аўтамабіль, які паркуецца: з-за маленькага росту дзяцей кіроўца іх можа не ўбачыць. Перш чым дзіця ступіць на дарогу, яно павінна спыніцца і агледзецца. Толькі пераканаўшыся, што паблізу няма аўтамабіляў, якія рухаюцца ў яго бок, можна пераходзіць праезную частку. Рабіць гэта неабходна выключна па пешаходным пераходзе. Прытым нават на дазваляльны сігнал святлафора неабходна спыніцца і пераканацца, што кіроўцы вас заўважылі і паспелі спыніцца.

Рухацца варта па тратуарах, пешаходных дарожках. Толькі пры іх адсутнасці дазваляецца ісці па абочыне або па краі праезнай часткі — абавязкова насустрач транспартным сродкам. Пры гэтым у цёмны час сутак, а таксама ва ўмовах абмежаванай бачнасці неабходна пазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі (флікерамі). Яны робіць пешахода на цёмнай дарозе прыкметным у святле фар на адлегласці да 400 метраў, што дае кіроўцу дадатковы час на прыняцце найбольш правільнага рашэння, каб пазбегнуць наезду на пешага ўдзельніка дарожнага руху. Калі перад пешаходным пераходам спыніўся аўтобус або іншы буйнагабарытны транспартны сродак, за якім вы не можаце ўбачыць наступную паласу руху, не выходзьце з-за яго, не ўпэўніўшыся, што па схаванай з поля зроку паласе не рухаецца іншы транспартны сродак, кіроўца якога з-за перашкоды вас таксама не бачыць.

— Кіроўцам трэба ведаць, што 75 % ДТЗ з удзелам дзяцей адбываецца па віне дарослых, — заўважае начальнік аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС маёр міліцыі Вераніка Раманькова. — Таму, убачыўшы дзяцей каля праезнай часткі, зніжайце хуткасць і будзьце гатовыя ў любы момант спыніцца. Пры пад'ездзе да нерэгулюемага пешаходнага перахода рухайцеся з хуткасцю, якая дасць магчымасць саступіць дарогу пешаходам. У дварах выбірайце мінімальную хуткасць: з-за любога аўтамабіля, дрэва, смеццевага бака можа з'явіцца дзіця.

На самакаце або сегвэі — па новых правілах

Пачасціліся на дарогах ДТЗ з удзелам пешаходаў на сродках персанальнай мабільнасці, веласіпедыстаў і кіроўцаў мотатранспарту. Нягледзячы на тое, што з 27 кастрычніка 2022 года ўступілі ў сілу змяненні ў Правілы дарожнага руху, якія ў тым ліку датычацца перамяшчэння асоб на такіх прыладах і транспартных сродках, нямногія самакатчыкі, веласіпедысты і іншыя ведаюць заканадаўства. А між іншым, асобы, што перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці (электрасамакаце, гіраскутары, сегвэі, манаколе і іншым), прыраўноўваюцца да пешаходаў.

Часам становіцца небяспечна хадзіць па тратуары — самакатчыкі ці веласіпедысты рухаюцца настолькі імкліва, што, калі не сыдзеш убок, то саб'юць. Ці многія з іх рухаюцца з дазволенай хуткасцю — не больш за 25 км/г? Яшчэ адна важная дэталь: да 14-гадовага ўзросту забараняецца выкарыстоўваць сродкі персанальнай мабільнасці. Выключэннем з'яўляюцца пешаходныя і жылыя зоны. Перамяшчацца на сродках персанальнай мабільнасці неабходна па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы або абочыне, не ствараючы перашкоды іншым удзельнікам дарожнага руху. Перасячэнне праезнай часткі дарогі павінна ажыццяўляцца па веласіпедным пераездзе або веласіпеднай дарожцы. Калі такіх няма, то па пешаходных пераходах. Перад гэтым трэба знізіць хуткасць, пераканацца ў бяспецы і перасякаць праезную частку з хуткасцю пешахода.

Як адзначае Ганна Банадык, у цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі чалавек на сродку персанальнай мабільнасці абавязаны пазначаць сябе святлоадбівальным элементам (элементамі), а на сродку перамяшчэння павінна быць устаноўлена і ўключана фара (ліхтар), якая дазваляе своечасова выявіць перашкоду для дарожнага руху. «Пры руху на сродку персанальнай мабільнасці пешаходу рэкамендуецца выкарыстоўваць ахоўную экіпіроўку», — падкрэслівае супрацоўнік ДАІ.

Што датычыцца ролікаў і скейтбордаў, якія не з'яўляюцца сродкамі персанальнай мабільнасці, катацца на іх можна толькі ў двары, скверы або парку, на спецыяльных асфальтавых і бетонных пляцоўках, дарожках, алеях. Абавязкова на адлегласці ад транспартных сродкаў і вялікай колькасці пешаходаў!

Да ўвагі веласіпедыстаў

Адным з найбольш папулярных відаў транспарту ў цёплы час года з'яўляецца веласіпед. Гэты двухколавы сябар, здаецца, сёння ёсць у кожнага дзіцяці. Аднак разам з набыццём такога падарунка бацькі або іншыя сваякі павінны растлумачыць сваім нашчадкам элементарныя правілы бяспечнага катання. На жаль, нярэдкімі з'яўляюцца дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў. У адным з апошніх загінула васьмігадовае дзіця. Юны веласіпедыст перасякаў праезную частку на адной з вуліц у Гродне. У гэты час кіроўца аўтамабіля МАЗ паварочваў направа. Абставіны здарэння высвятляюць следчыя.

Каб пазбегнуць падобнай трагедыі, юным веласіпедыстам варта ведаць, што да 14 гадоў ім забаронена выязджаць на веласіпедзе на дарогу без суправаджэння дарослых. Выключэннем з'яўляюцца пешаходныя і жылыя зоны, тратуары, веласіпедныя і пешаходныя дарожкі. Рухацца на веласіпедзе дазваляецца толькі па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Перамяшчацца па праезнай частцы дарогі веласіпедыстам можна толькі ў выпадку адсутнасці абочыны, тратуара, пешаходнай ці веласіпеднай дарожкі. У цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду — фара, якая выпраменьвае белае святло, а ззаду — ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло. Пры гэтым па-за населенымі пунктамі неабходна, каб веласіпедыст быў апрануты ў адзенне павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі.

— Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі веласіпедыст мае права не спешвацца, — тлумачыць сутнасць новаўвядзенняў Вераніка Раманькова. — Веласіпедыст абавязаны перасякаць праезную частку дарогі па веласіпедным пераездзе або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па пешаходным пераходзе, на скрыжаванні па лініі тратуараў у абочын, не ствараючы перашкод для руху пешаходаў. Пры пад'ездзе да дарогі веласіпедыст павінен загадзя знізіць хуткасць руху і, пераканаўшыся, што выезд на праезную частку бяспечны, перасякаць яе з хуткасцю пешахода, які ідзе. Перавозіць пасажыраў на веласіпедзе забаронена! За выключэннем выпадкаў перавозкі дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў — у веласіпедным шлеме, на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні, якое фіксуе (засцерагае) ногі дзіцяці.

І яшчэ немалаважная дэталь: пры руху на нерэгулюемых пешаходных пераходах, веласіпедных пераездах і пешаходных пераходах, якія рэгулююцца, а таксама веласіпедных пераездах пры адначасовым для кіроўцаў і веласіпедыстаў дазваляльным сігнале рэгуліроўшчыка ці святлафора веласіпедыст мае перавагу перад іншымі транспартнымі сродкамі. У выпадку перасячэння праезнай часткі дарогі на скрыжаванні па веласіпеднай дарожцы, па лініі тратуараў або абочын веласіпедыст абавязаны кіравацца патрабаваннямі транспартных святлафораў або рэгуліроўшчыка для транспартных сродкаў, а на нерэгулюемым скрыжаванні — правіламі праезду нерэгулюемых скрыжаванняў і дарожнымі знакамі прыярытэту.

Рамяні жыцця

Атрымаць траўму або загінуць у дарожным здарэнні рызыкуюць людзі, не прышпіленыя рэменем бяспекі. Гэта датычыцца як тых, хто сядзіць на пярэдніх сядзеннях аўтамабіля, так і тых, хто на задніх. У выпадку ДТЗ непрышпілены пасажыр з задняга сядзення будзе выкінуты інерцыйнай сілай наперад. У выніку ён можа выляцець праз ветравое шкло або траўміраваць тых, хто сядзіць побач і наперадзе. Абавязаны быць прышпіленым і кіроўца, ён не мае права перавозіць пасажыраў з непрышпіленымі рамянямі бяспекі.

— Адпраўляючыся ў паездку на аўтамабілі, не забывайцеся аб тым, што дзіця да 12 гадоў неабходна перавозіць з выкарыстаннем адмысловай утрымліваючай прылады, якая адпавядае яго вазе і росту, — нагадваюць супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі. — Прылада павінна быць правільна ўстаноўлена і замацавана ў аўтамабілі. Дзяцей, якія дасягнулі 12-гадовага ўзросту або рост якіх перавышае 150 сантыметраў, можна перавозіць без утрымліваючых прылад, але абавязкова прышпільваць рэменем бяспекі.

Неўзабаве пачнецца новы навучальны год. Дзеці будуць больш актыўна перамяшчацца. Бацькі, якія адпраўляюць сваіх нашчадкаў у школу або на пэўную секцыю, павінны навучыць іх правілам паводзін на праезнай частцы і каля яе. Менавіта бацькі нясуць адказнасць за бяспеку сваіх дзяцей. На жаль, уласныя паводзіны дарослых людзей нярэдка супярэчаць усяму таму, чаму вучыць школа і інспектар ДАІ, прыходзячы ў клас. Забываюцца бацькі і аб тым, што пакіданне малалетніх без нагляду можа прывесці да трагедыі. Дзеці дашкольнага ўзросту ўвогуле не ўспрымаюць аўтамабіль як пагрозу. Для іх цацка, мяч значна важнейшыя, чым здароўе і нават жыццё. У пераходным узросце падлеткам уласцівае грэбаванне небяспекай: яны ўпэўненыя, што з імі не адбудзецца непрыемнасцяў. Таму размаўляйце са сваімі дзецьмі, тлумачце правілы бяспекі, а яшчэ лепш будзьце для іх прыкладам правільных і бяспечных паводзін на дарозе.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.