Вы тут

Сергеенка: Не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна іх ліквідаваць


Падчас маніторынгу падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага навучальнага года стаіць мэта не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна іх ліквідаваць. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка падчас наведвання шэрагу ўстаноў адукацыі Глускага раёна, перадае БелТА.


«Нашы дзеці па ўсёй краіне 1 верасня дружна пойдуць у школы і сядуць за парты, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Пры падрыхтоўцы навучальных устаноў да новага навучальнага года ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Адміністрацыяй арганізаваны маніторынг работы па ліквідацыі недахопаў. Па ўсёй краіне працуюць групы, узначаленыя памочнікамі Прэзідэнта па рэгіёнах, у склад якіх уваходзяць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства адукацыі, Генеральнай пракуратуры. Стаіць мэта не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна дапамагчы ў іх вырашэнні, каб стварыць годныя ўмовы для вучобы, забяспечыць бяспеку, улічыць усе пытанні — ад харчавання да падвозу дзяцей у школу».

Для азнаямлення з падрыхтоўкай устаноў адукацыі Ігар Сергеенка прыняў рашэнне выехаць у Глускі раён Магілёўскай вобласці. «Хацелася паглядзець, як тут, у беларускай глыбінцы, арганізавана гэтая праца, — падкрэсліў ён. — У ходзе размовы з кіраўнікамі і педагогамі, падчас наведвання гарадской школы, якая абраная ў маршруце зусім нечакана, а таксама сельскай школы я ўбачыў, што мясцовыя органы ўлады добрасумленна падышлі да гэтага пытання — сур’ёзных заўваг па гатоўнасці навучальных устаноў Глускага раёна практычна не выяўлена».

Ігара Сергеенку прыемна здзівіла праведзеная праца ў сярэдняй школе № 2 Глуска, якую кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў незапланавана. Дарэчы, летась навучальная ўстанова адзначыла 100-гадовы юбілей. «Школа адкрывае дзверы да новага навучальнага года ў поўнай баявой гатоўнасці, — адзначыў ён. — Аўдыторыі, класы, музей, спартзала — усё адпавядае гэтым патрабаванням, у тым ліку ў пытаннях харчавання. На прыкладзе такіх раёнаў і пасёлкаў мы бачым, з якой любоўю і цікавасцю падыходзяць спецыялісты, нашы настаўнікі, да арганізацыі сваіх працоўных месцаў і школ да новага навучальнага года. І робяць гэта без лішніх напамінкаў».

У школы Глускага раёна з 1 верасня пойдуць 1,42 тыс. навучэнцаў, у тым ліку 125 першакласнікаў. Усё прадугледжана для іх камфорту і бяспекі. Асобныя пажаданні і заўвагі былі выказаны па маршрутах перамяшчэння, добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол школ, прысядзібным участках. Што тычыцца ацэнкі гатоўнасці навучальных устаноў да заняткаў у цэлым, на працягу гэтага тыдня ўсё будзе дапрацавана і дашліфавана. «Задачы кіраўніком дзяржавы пастаўленыя, але пакуль аб выніках казаць рана, — сказаў Ігар Сергеенка. — Упэўнены, што ўсё будзе выканана і пракантралявана. На будучыню ж неабходна зрабіць высновы, як загадзя планамерна рыхтаваць навучальныя ўстановы да новага навучальнага года, і рабіць гэта яшчэ вясной».

Паводле слоў Ігара Сергеенкі, дзяржава стварае максімальна камфортныя ўмовы для навучання і развіцця дзяцей, іх знаходжання ў навучальных установах — адпаведна, аддача павінна быць раўнацэннай. «Сёння ў Глускім раёне задзейнічаецца 10 аўтобусаў для падвозу дзяцей у школу, — паведаміў ён. — Неабходныя ўмовы ствараюцца: ёсць кваліфікаваныя педагогі, выдатныя аўдыторыі, навучальны матэрыял. Застаецца толькі вучыцца і вучыцца. І нагрузка, я вам скажу, не павялічваецца, як многія кажуць. Сёлета ў выпускнікоў было ўсяго 2 цэнтралізаваныя іспыты, а ў мой час, 40 гадоў таму, здавалі 8 іспытаў і 4 уступныя. Атрымліваецца, што нагрузка была нават вышэй. Магчыма, узровень інфармаванасці не адказваў сённяшняму дню, але ведаў было дастаткова, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.