Вы тут

Выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча атрымалі першыя пагоны


Прыгожы рытуал уручэння гэтага найважнейшага атрыбута сувораўца адбыўся падчас Дня ведаў. 104 хлопцы з усёй краіны атрымалі пунсовыя пагоны з рук генералаў, у тым ліку кіраўніка абароннага ведамства. Па традыцыі выхаванцы вучылішча вымавілі клятву сувораўца — гэтае высокае званне яны паабяцалі пранесці праз усё жыццё.


Віншуючы хлопчыкаў з найважнейшай падзеяй, а таксама пачаткам новага навучальнага года, міністр абароны Віктар Хрэнін адзначыў, што за спінай у тых, хто сёння стаіць у сувораўскім страі, — сур'ёзныя выпрабаванні, уступная кампанія. «Вы паспяхова пераадолелі яе і сталі выхаванцамі вучылішча, якое мае славутую 70-гадовую гісторыю і традыцыі, — звяртаючыся да сувораўцаў, заўважыў кіраўнік абароннага ведамства. — Традыцыі навучання і выхавання тых, хто стаяў і стаіць на абароне Айчыны. Перад вамі адкрываюцца найшырэйшыя магчымасці: цудоўная адукацыя, найлепшыя педагогі і выхавацелі, трывалая культурная аснова і спартыўная загартоўка. Упэўнены, што навучанне ў вучылішчы дазволіць вам развіць у сабе самыя лепшыя якасці, стаць годнымі грамадзянамі нашай краіны, сапраўднымі патрыётамі і абаронцамі сваёй Радзімы».

Міністр звярнуў увагу на тое, што сёння беларуская армія — гэта сучасная армія, узброеная магутнай зброяй. «А ў аснове маральнага духу ляжыць патрыятызм, падмуркам якога з'яўляецца Вялікая Перамога, — нагадаў Віктар Хрэнін. — Вы — новае пакаленне, якое ў хуткім часе зойме шэрагі абаронцаў Айчыны. Мы ўскладаем на вас вялікія надзеі. Менавіта вам трэба будзе забяспечваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Любіце і абараняйце сваю краіну так, як гэта робіць наш Галоўнакамандуючы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Будзьце вартымі пакалення пераможцаў».

Конкурс у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча традыцыйна высокі. Сёлета на адно месца прэтэндавалі больш як тры чалавекі. У парадным шэрагу — найлепшыя з найлепшых. У распараджэнні будучых абаронцаў Радзімы — сучасная вучэбна-матэрыяльная база, шматфункцыянальны спартыўны комплекс і спартыўныя залы, унікальныя аб'екты для набыцця навыкаў будучай прафесіі. Магчымасці, якімі валодае вучылішча, дазваляюць арганізоўваць і праводзіць адукацыйны працэс на самым высокім узроўні, фарміраваць прафесійныя інтарэсы і навыкі будучых афіцэраў.

Па словах начальніка Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Дзмітрыя Кучука, з кожным годам усё больш маладых людзей краіны хоча звязаць свой лёс з гэтай навучальнай установай. «Галоўная задача, якую перад нашым вучылішчам паставіў кіраўнік дзяржавы, — выхаванне сапраўдных патрыётаў краіны, тых людзей, якія ў далейшым зоймуць адказныя пасады не толькі ва Узброеных Сілах, але і ў дзяржаўных органах кіравання і будуць весці нашу краіну далей, — адзначыў ён. — Вучылішча з'яўляецца важным этапам для станаўлення будучага афіцэра. Выхаванцы становяцца тут самастойнымі, упэўненымі ў сабе маладымі людзьмі, якія здольныя адэкватна думаць, аналізаваць сітуацыю і прымаць адзінае правільнае рашэнне. Таксама юнакі становяцца ў сценах вучылішча ўнутрана дысцыплінаванымі і свядомымі».

Як расказаў Макар Бярозкін, які сёлета паступіў у сувораўскае, з дзяцінства ён марыць стаць афіцэрам. І ўсё дзякуючы старэйшаму брату, які праходзіў навучанне ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы і сёлета паступіў у адну з ваенных устаноў Расійскай Федэрацыі. «Мне здаецца, што тут я навучуся шмат чаму, — лічыць хлопец. — Дысцыпліне, вучэбным прадметам, якія выкладаюцца на павышаным узроўні. Разумею, што, магчыма, будзе няпроста, але вучоба ў вучылішчы загартуе мяне, сфарміруе мяне як мужчыну».

Дзямід Кайко падзяліўся, што на яго выбар працягнуць навучанне ў сувораўскім вучылішчы ніхто не ўплываў. Звязаць жыццё са службай — самастойнае рашэнне. Да гэтага ён ішоў мэтанакіравана: добра вучыўся ў школе, таму праблем з паступленнем не было. Як заўважыла маці хлопца, такое жаданне нельга было не падтрымаць, нават калі гэта адзінае дзіця ў сям'і. «Усе прадзеды сына служылі, таму, можна лічыць, пагоны з дзяцінства прымяраем, — расказала Ірына Вядзёрка. — Вядома, мне як маці няпроста адпусціць адзінага сына з дома, але гэта яго будучыня і толькі яму выбіраць, якой яна будзе».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.