Вы тут

Вучэннні па ядзернай бяспецы прайшлі на БелАЭС


У межах сумеснага спецыяльнага вучэння ратавальных падраздзяленняў дзяржаў —членаў АДКБ «Скала-2023» на Беларускай атамнай станцыі 4 верасня адпрацавалі мерапрыемствы ўнутранага і знешняга аварыйных планаў ахоўных дзеянняў пры радыяцыйнай аварыі на станцыі. Згодна з легендай вучэнняў, на АЭС здарылася запраектная аварыя, у выніку якой быў пашкоджаны шэраг тэхналагічных сістэм і камунікацый станцыі, а тэрыторыя Астравецкага раёна падверглася забруджванню. Журналісты пабачылі, як у такіх выпадках дзейнічаюць мясцовыя ўлады, службы МНС, МУС, Міністэрства аховы здароўя, самой станцыі, Дзяржкарпарацыі «Расатам», Чырвонага Крыжа.


Тэматыка вучэння вызначана неабходнасцю падтрымкі на высокім узроўні гатоўнасці органаў дзяржкіравання да рэагавання на радыяцыйныя аварыйныя сітуацыі з улікам выклікаў рэгіянальнай бяспекі.

— На гэтым этапе мы адпрацавалі некалькі найважнейшых задач, што, на нашу думку, з’яўляюцца ключавымі ў галіне бяспекі і абароны насельніцтва, якое пражывае тут і ў краіне ў цэлым. Найперш гэта работа персаналу станцыі — унутраны аварыйны план, які быў складзены на самым пачатку, а цяпер быў практычна адпрацаваны. Персанал справіўся з выкананнем гэтых задач, — адзначыў Вадзім Сіняўскі, міністр па надзвычайных сітуацыях. — Спецыялісты, якія давалі ацэнку мерапрыемствам, таксама выказаліся станоўча.

Былі таксама адпрацаваны элементы і знешняга ахоўнага плана. Галоўным пры гэтым стала апавяшчэнне насельніцтва ў выпадку ўзнікнення аварый, якія могуць пацягнуць пагрозу жыццю. Гэтыя пытанні адпрацаваны адказна і кваліфікавана, ніякіх праблемных пытанняў не было, дадаў міністр.

Падчас тактыка-спецыяльных вучэнняў па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва ў Астравецкім раёне ўзаемадзеянне з органамі выканаўчай улады і сілавымі і праваахоўнымі структурамі адпрацоўвалася на дзесяці пляцоўках. Журналісты назіралі за работай групы радыяцыйнай разведкі і магчымасцямі перасовачнай радыялагічнай лабараторыі падчас ліквідацыі аварыі на рэактарным абсталяванні. Быў адпрацаваны алгарытм дзеянняў пры тушэнні вертыкальнага стальнога рэзервуара з дызельным палівам ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання мясцовасці.

Сярод уводных задач на станцыі была таксама вучэбная эвакуацыя і адсяленне людзей з вёскі Баброўнікі. Эвакуацыя пачалася пасля сігналу сістэмы апавяшчэння насельніцтва. Жыхароў пры гэтым папярэджвалі, што «праводзіцца вучэбная эвакуацыя», і раілі ўзяць з сабою дакументы, прадметы першай неабходнасці і адзенне.

Як адзначылі спецыялісты, усе зацікаўленыя службы і ведамствы, якія былі задзейнічаны на вучэннях, справіліся паспяхова.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.