Вы тут

Засцерагчы людзей і ратаваць іх жыцці


Акрамя таго, падчас калегіі, у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва ведамства і дэпартаментаў, кіраўнікі і намеснікі цэнтральнага апарату міністэрства, тэрытарыяльных органаў, падраздзяленняў і арганізацый сістэмы МНС, абмеркавалі перспектыўныя задачы, якія стаяць перад ратавальнікамі. Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі абазначыў праблемныя пытанні і расставіў прыярытэты на бягучы год.


Фота: БелТА

Колькасць загінулых у агні і на вадзе скарацілася

Што датычыцца вынікаў работы ведамства ў мінулым годзе, своечасова прынятыя прафілактычныя меры дазволілі захаваць дасягнутую па выніках 2022 года станоўчую дынаміку зніжэння колькасці пажараў і людзей, якія загінулі на іх. Колькасць пажараў зменшылася на 4,4% (з 5938 да 5677), загінулых ад іх людзей — на 16,6% (з 628 да 524 чалавек). Не дапушчана росту дзіцячай гібелі: калі ў 2022 годзе ў агні загінула 14 непаўналетніх, то ў 2023 годзе — дзевяць дзяцей. Стала менш і ўзгаранняў у прыродных экасістэмах. Колькасць загінулых ад такіх узгаранняў зменшылася ў 8 разоў (з 17 да 2 чалавек), а плошчы — у 4 разы. Рэалізаваныя мерапрыемствы па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе дазволілі зменшыць колькасць патанулых на водных аб’ектах на 7,3%, у тым ліку дзяцей — на 22%.

Як адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, у мінулым годзе ведамства спрацавала добра па ўсіх паказчыках. І гэта нягледзячы на форс-мажор, які ўзнік у пачатку года, калі Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» адправіўся ў Турцыю для ліквідацыі наступстваў землятрусу і выканаў пастаўленыя задачы на ацэнку «выдатна». «Самае галоўнае — станоўчая дынаміка скарачэння колькасці надзвычайных сітуацый, у тым ліку пажараў, гібелі людзей ад іх, захаванне чалавечых жыццяў на вадзе (дынаміка станоўчая ўжо другі год запар), — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Але сённяшнія вынікі і крытычная ацэнка дзейнасці міністэрства сведчаць аб тым, што мы яшчэ толькі на пачатку свайго развіцця. У Год якасці нам трэба перагледзець свае планы, вызначыць новыя рашэнні ў арганізацыі работы і працягнуць эфектыўную дзейнасць па аказанні дапамогі людзям, якія трапілі ў бяду. Вядома, вялікая ўвага — пытанням прафілактыкі і папярэджання надзвычайных сітуацый».

Міністр расказаў, што падраздзяленні МНС хуткімі тэмпамі аснашчаюцца самай сучаснай тэхнікай. «Набыта новая пажарная аварыйна-ратавальная тэхніка: больш чым 300 адзінак шматлікіх найменняў, — удакладніў Вадзім Сіняўскі. — Пастаўлены на ўзбраенне новыя верталёты „Мі-17“ — з усім спектрам ратавальных работ, якія мы толькі праводзім. Па ўсёй краіне ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя пажарныя дэпо».

Кажучы аб прыярытэтных кірунках развіцця ведамства ў бягучым годзе, асаблівую ўвагу міністр звярнуў на ўдасканаленне сістэмы перадачы паведамленняў аб надзвычайнай сітуацыі «Маланка». «Сур’ёзная ўвага будзе па-ранейшаму ўдзяляцца пытанням грамадзянскай абароны, — дадаў ён. — Многае ўжо зроблена, але ёсць яшчэ над чым папрацаваць. Гэта і апавяшчэнне нашага насельніцтва, і абарончыя збудаванні, якія павінны быць прыведзены ў адпаведны стан для работы ў асаблівых умовах, гэта і падрыхтоўка ведамства, як дзейнічаць у асаблівых умовах».

Вадзім Сіняўскі выказаў упэўненасць у тым, што МНС зможа вырашыць усе пастаўленыя задачы. «Калектыў дастаткова згуртаваны, ураўнаважаны, — дадаў ён. — Спецыялісты высокага ўзроўню гатовы выконваць сваю работу ў любых умовах: на зямлі, вышыні, пад зямлёй. Ведаем, куды рухацца. Упэўнены, мы справімся з задачамі на ацэнку «добра».

«Калектыў падрыхтаваны як у прафесійным, так і маральным плане»

Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, на выніковай калегіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях былі разгледжаны ўсе аспекты дзейнасці, а таксама дадзены падрабязны аналіз задач, якія стаялі перад ведамствам у мінулым годзе. «У цэлым ведамства з усімі пастаўленымі задачамі справілася, — падкрэсліў ён. — Прыкметная станоўчая дынаміка ў пытаннях змяншэння пажараў, вырашэння задач, звязаных з ліквідацыяй надзвычайных сітуацый. Менш загінулых па выніках 2023 года. Але калі ёсць хаця б адзін загінулы, асабліва калі гэта дзіця, то патэнцыял для вырашэння задач яшчэ мае месца быць, а таму трэба прыкладаць усе намаганні, каб гібелі ўвогуле не было».

Па словах дзяржсакратара Савета бяспекі, галоўныя задачы МНС — засцерагчы людзей, ратаваць іх жыцці, не дапускаць узнікнення тых ці іншых катастроф і надзвычайных сітуацый, а ў выпадку іх узнікнення — прафесійна і на высокім узроўні вырашаць задачы па іх лакалізацыі.

Аляксандр Вальфовіч адзначыў работу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на міжнароднай арэне. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе супрацоўнікі ведамства прымалі ўдзел у вырашэнні шэрагу задач па выратаванні людзей у Турцыі пасля землятрусу. Акрамя таго, немалую дапамогу авіяцыя МНС аказала гэтай краіне і пры тушэнні пажараў у Турцыі, што праводзіцца на сістэмнай аснове, як і дастаўка гуманітарных грузаў. Пастаўлена задача, каб у Год якасці ратавальнае ведамства працавала з падвоенай нормай.

«Калектыў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падрыхтаваны як у прафесійным, так і маральным плане, — звярнуў увагу дзяржсакратар Савета бяспекі. — Гэта людзі дзяржаўныя, якія бачаць праблемы, што неабходна вырашаць. Калектыў з’яўляецца адным з найлепшых сярод міністэрстваў сілавога блока па вырашэнні ўскладзеных на яго задач. У тым ліку на міністэрства ўскладзены задачы па ўдзеле супрацоўнікаў у вырашэнні задач дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму».

Па словах Аляксандра Вальфовіча, вельмі шмат ведамствам зроблена па паляпшэні сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні якаснай падрыхтоўкі кадраў. Ён прывёў у прыклад Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. «Такой базай можа пахваліцца не кожная ўстанова адукацыі, — удакладніў дзяржсакратар. — Тут ёсць усё для таго, каб рыхтаваць высакакласных ратавальнікаў, афіцэраў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.