Вы тут

Выяўлены новыя месцы масавага знішчэння грамадзян у гады вайны


Тое, што ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, у лясным масіве ўрочышча Уручча, нацысты забілі вялікую колькасць людзей, стала вядома адразу пасля вызвалення Беларусі. Акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, датаваны ліпенем 1944 годам, сведчыў, што тут было знішчана звыш 57 тысяч грамадзян. У памяць аб бязвінна расстраляных савецкіх воінах, партызанах і мірных людзях у 1959 годзе на 9-м кіламетры маскоўскай шашы з'явіўся мемарыял. Аднак калі Генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, стала зразумела: маштаб трагедыі значна большы.


З часоў вайны з архіўных крыніц было вядома месцазнаходжанне трох ям-магіл, у якіх пахавана каля 20 тысяч людзей. Выяўленнем астатніх, у якіх вечным сном спіць звыш 30 тысяч чалавек, на працягу двух гадоў займалася Генеральная пракуратура. Дзякуючы расследаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, удалося ўстанавіць месцазнаходжанне 11 ям-магіл. Усе яны былі з высокай дакладнасцю вызначаны дзякуючы прымяненню новага праграмнага комплексу беларускіх вучоных. Шэсць абсалютна новых пахаванняў, аб якіх дагэтуль увогуле адсутнічалі якія-небудзь звесткі, пракурорскія работнікі з прыцягненнем спецыялістаў і абсталявання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта знайшлі зусім нядаўна.

Раней невядомыя месцы масавага забойства і пахавання мірных жыхароў і ваеннапалонных ва ўрочышчы Уручча, устаноўленых у ходзе расследавання, наведалі прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, генеральны пракурор Андрэй Швед і міністр абароны Віктар Хрэнін.

«Трэба дакапацца да ісціны»

Як расказаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, паралельна з пошукам невядомых месцаў пахавання ахвяр генацыду і ваеннаслужачых Чырвонай Арміі працуе міжведамасная камісія, якая была створана ўрадам для вызначэння памераў урону і ўдакладнення ацэнак тых трагічных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, працуюць вучоныя і архівісты. «Работа ідзе маштабная, шматвектарная і скаардынаваная, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Паралельна ажыццяўляецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн, у рамках якой адбываецца мемарыялізацыя памятных месцаў, устанаўленне імён загінулых, новых месцаў генацыду беларускага народа».

Па словах прэм'ер-міністра, крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа будзе расследавацца яшчэ некаторы час. «Трэба дакапацца да ісціны і даць канчатковую дзяржаўную ацэнку гэтаму жахліваму злачынству супраць нашай краіны, нашага народа», — паведаміў Раман Галоўчанка.

Па папярэдняй ацэнцы спецыялістаў, у кожнай яме-магіле — ад тысячы да 8 тысяч астанкаў. Дакладная лічба ахвяр, выяўленых у ямах-магілах, будзе ўстаноўлена пасля правядзення работ па эксгумацыі. Ужо вядома тое, што сярод забітых — як ваеннапалонныя, так і мірныя жыхары. На гэта ўказваюць фрагменты абутку, асабістыя рэчы ахвяр. Сярод спадарожных знаходак — ключы, запальніца, нож, гадзіннік кішэнны, люстэрка, акуляры, аловак, гузікі, манеты, фрагменты купюр, флакон з духамі... Мяркуецца, што рэчавых доказаў генацыду беларускага народа будзе яшчэ больш: гэтыя рэчы знойдзены пры падняцці першага слоя глебы. Спецыялісты сцвярджаюць, што ў ямах-магілах — па тры-чатыры слаі. Прычым цалкам верагодна, што колькасць пахаванняў устаноўлена неканчаткова.

«З гэтым нельга змірыцца»

Генеральны пракурор Андрэй Швед заўважыў, што ўрочышча Уручча сведчыць аб рэальных маштабах трагедыі, якая адбылася на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Па ўсёй краіне кожны дзень вядзецца работа следчай групай Генеральнай пракуратуры з прыцягненнем спецыялістаў Міністэрства абароны, нам дапамагаюць калегі са Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, — расказаў аб ходзе расследавання кіраўнік ведамства. — Толькі сёлета зроблены або ўжо завяршаюцца агляды ў 40 месцах. Інфармацыю мы атрымліваем з розных крыніц: гэта і архівы, і паказанні сведак, іншыя даныя. Прыкладна адна траціна не пацвярджаецца ў сілу розных прычын, але ў астатніх выпадках мы выяўляем месцы пахаванняў, вырабляем агляды і фіксацыю доказаў, у тым ліку для будучых працэсаў, якія хутка пачнуцца ў Беларусі ў дачыненні да злачынцаў, няхай і памерлых, якія не панеслі заслужанага пакарання».

Першыя матэрыялы ў дачыненні да Катрука — ката, які служыў ва ўкраінскім нацыяналістычным карным батальёне, — Генеральная пракуратура плануе накіраваць у суд у лістападзе. «Праца практычна завершана, цяпер мы ўдакладняем юрыдычныя працэдуры, у тым ліку шукаем яго сваякоў, каб апавясціць пра пачатак працэсу, — распавёў дэталі Андрэй Швед. — Сёлета пойдуць матэрыялы ў адносінах яшчэ двух карнікаў. У наступным годзе мы плануем не менш 15—20 матэрыялаў накіраваць у суды, каб у парадку, устаноўленым законам, даказаць і вызначыць віну катаў, якія знішчалі тут мірных людзей і ваеннапалонных».

Генеральны пракурор акцэнтаваў увагу на тым, што расследаванне праводзіцца не толькі для таго, каб выявіць месцы масавых пахаванняў, але і для таго, каб людзі ведалі рэальныя маштабы трагедыі, каб устанавіць хоць некалькі прозвішчаў. Што датычыцца ўрочышча Уручча, то на цяперашні час устаноўлены асобы дваіх загінулых: адзін з'яўляўся ўраджэнцам Узбекістана, другі — родам з Расіі. Апошні прызываўся ў Чырвоную Армію ў верасні 1941 года і лічыцца зніклым без вестак пад Ржэвам у лютым 1942 года.

Андрэй Швед расказаў, што ў расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа прымаюць актыўны ўдзел і звычайныя людзі. «Мы закранулі пласт болю і памяці, якая жыве ў кожным з нас, — перакананы кіраўнік ведамства. — Людзі настолькі неабыякавыя, з гэтым нельга змірыцца».

«Фальсіфікацыя гісторыі — жудасная зброя»

Як звярнуў увагу міністр абароны Віктар Хрэнін, сёння вельмі шмат тых, хто жадае сказіць гістарычную праўду. «Фальсіфікацыя гісторыі — гэта жудасная зброя, зброя, з дапамогай якой рэабілітуецца нацызм, гераізуюцца нацысцкія злачынцы і іх памагатыя, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Таму Міністэрствам абароны Беларусі праводзіцца шматпланавая работа па недапушчэнні фальсіфікацыі гістарычнай праўды. І флагманам у гэтай рабоце ў нас выступае 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл».

Ваеннаслужачыя цесна ўзаемадзейнічаюць з Генеральнай пракуратурай па крымінальнай справе, узбуджанай па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сіламі батальёна толькі ў 2022 годзе адпрацаваны 105 пошукавых аб'ектаў, падняты астанкі больш як дзвюх тысяч загінулых, устаноўлена 120 імёнаў, выяўлена звыш тысячы выбухованебяспечных прадметаў. У бягучым годзе пошукавая дзейнасць актыўна працягваецца. Воінамі-пошукавікамі ўжо адпрацавана звыш 110 пошукавых аб'ектаў, знойдзены астанкі больш як 780 ваеннаслужачых і 270 ахвяр вайны, устаноўлены звесткі аб 40 з іх.

«Ваеннаслужачыя батальёна разумеюць, якую важную працу яны робяць, таму мы падаўжаем тэрміны пошукавага перыяду, — удакладніў Віктар Хрэнін. — Летась было прынята рашэнне аб павелічэнні колькассці падраздзялення. Усё гэта робіцца з адной мэтай — не аддаць забыццю гераічнае мінулае нашага народа, не забыць тыя злачынствы, якія адбываліся на нашай зямлі, каб ніколі гэтага не паўтарылася».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.