Вы тут

Чым парадуюць тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі ў новым сезоне?


Восень па традыцыі дае старт у тым ліку і новаму сезону на беларускім тэлебачанні. У прыватнасці, каналы Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі сваім гледачам шэраг прыемных сюрпрызаў. Новыя праекты, вядучыя, абноўленыя студыі — і гэта толькі частковы пералік той трансфармацыі, якую мы ў хуткім часе ўбачым на тэлеэкране. Больш падрабязна пра перамены на бліжэйшую перспектыву тэлевізіёншчыкі распавялі на нядаўняй сустрэчы з журналістамі.


Сустрэча адбылася ў адным з павільёнаў «Беларусьфільма», дзе праходзяць здымкі шэрагу праектаў , у тым ліку і «100 пытанняў даросламу». Знаёмыя дэкарацыі, крэсла ў цэнтры і голас вядучага за кадрам — дазваляюць прысутным ненадоўга, але пранікнуцца атмасферай творчага працэсу. Дарэчы, і ў новым сезоне ў вышэйзгаданай праграме варта чакаць новых гасцей, якія будуць трымаць экзамен перад школьнікамі, здіўляць усіх нас сваімі адказамі, дзяліцца таямніцамі. А значыць адкрыццям быць!

— Напярэдадні новага сезона нам ёсць што паказаць і пра што распавесці. Не буду раскрываць усе таямніцы, але скажу, што праграм забаўляльнага фармату будзе яшчэ больш. Зараз працуем у двух напрамках, адзін з якіх — развіццё грамадска-палітычнага вяшчання і стварэнне адпаведных праектаў. І на павестцы па-ранейшаму стаіць пытанне адкрыцця канала навін. Мы некалі пра тое заяўлялі, а потым у сілу розных прычын тое ўсё адкладалася. Аднак у краіне няма такога канала і відавочна, што ён патрэбны па самых розных прычынах. Агенцтва тэлевізійных навін — вялікая, сур’ёзная структура, дзе ствараецца шмат праектаў, але не ўсе з іх мы маем магчымасць паставіць у эфір тэлеканала «Беларусь 1». А калі і трапляюць, то толькі з аднакратным паказам, а заслугоўваюць паўтораў. Таму мы над гэтым працуем, — адзначыў на пачатку сустрэчы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. — Другі напрамак нашай працы — вытворчасць забаўляльнага кантэнту. І ў апошнія гады з’явіліся новыя праекты. Былі складанасці, таму што будынак на Макаёнка, 9 некалі з задавальненнем, але ледзь змяшчаў калектыў для аднаго тэлевізійнага канала Беларускага тэлебачання, які выходзіў у эфір. А сёння там працуюць сем каналаў, і мы фактычна з цяжкасцю знаходзім сабе месца для новых студый. І студыя 600 метраў у нас запоўнена з раніцы да вечара. Але зараз мы пачалі супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам», што пашырыла нашы магчымасці па вытворчасці ўласнага кантэнту. І на бліжэйшы год здымкі праектаў тут ужо распісаны. Да прыкладу, працягнем сёлета 3 сезон шоу «Фактар.by», «Фактар.by 60+». І калі раней пытанне было ў тэхнічных ці фінансавых магчымасцях, то зараз праблема больш у тым, дзе ўзяць дастаткова людзей для вытворчасці такіх праектаў. Вядзем актыўны пошук і журналістаў, і рэдактараў, сцэнарыстаў. Але, паверце, мы робім усё для таго, каб не проста адкрыць новы сезон, а каб тэлебачанне зрабіла вялікі крок уперад на доўгія гады.

Сёння на Белтэлерадыёкампаніі імкнуцца да стварэння кантэнту самых розных фарматаў. І, па словах Івана Міхайлавіча, відавочная песпектыва ёсць у тым, каб здымаць, напрыклад, кліпы, тэлесерыялы беларускай вытворчасці. Таму што, на жаль, пакуль што мы назіраем сітуацыю, калі беларускія сцэнарысты, акцёры працуюць у праектах расійскай вытворчасці. Было б добра, калі б адбыліся нейкія зрухі ў гэтай справе. А што датычыцца ўжо здзейсненага, то адносна нядаўна тут адкрылі спартыўны сайт sport5.by. Працуючы нават у тэставым рэжыме, ён мае сёння па паўмільёны праглядаў за тыдзень. Таксама медыяхолдынг займаецца і вытворчасцю канцэртаў. Як прыклад, можна згадаць адкрыццё фестывалю ў Маладзечне, канцэрт якога сёлета набыў новыя танальнасці як па змесце, так і па тэхнічнай падачы. Словам, тэлебачанне працягвае жыць, развівацца і рэалізоўваць свае планы.

— У новым сезоне мы працягнем радаваць нашых тэлегледачоў добрымі навінамі. Мы робім шмат новых праектаў. АТН сёння — галоўны вытворца інфармацыйна-аналітычнага кантэнту ў нашай краіне. Каля 50 праектаў, а можа і больш стварае наша агенцтва ўласнага кантэнту. Тут і выпускі навін, і дакументальныя фільмы, і аўтарская журналістыка, і спецыяльныя рэпартажы і іншае. У новым тэлесезоне таксама не абыдзецца без навінак, — дзеліцца намеснік галоўнага дырэктара Агенцтва тэленавін Вольга Макей.

Так, у новым сезоне галоўныя палітычныя элементы і фігуры ў агульнай табліцы інфармацыйнага супрацьстаяння прадставіць Яна Мендзялеева ў рубрыцы «Табліца Мендзялеевай». А поўную карціну мінулага тыдня з аправяржэннем фэйкаў і аналізам важных трэндаў медыяпрасторы ў краіне і за мяжой будзе прадстаўляць Юлія Алферава ў аўтарскім праекце «Вынікі тыдня» па суботах у рамках «Панарамы». Самыя складаныя тэмы са свету эканомікі па-ранейшаму будуць абмяркоўваць у ток-шоу «Эканамічны асяродак», але ў абноўленай студыі.

Новае студыйнае аздабленне з’явіцца і ў праектаў «Добрай раніцы, Беларусь!», «Скажынемаўчы» і іншых. А вось папулярнае шоу «Героі» вяртаецца з міжнародным сезонам. А значыць яго ўдзельнікамі цяпер будуць каманды пажарна-ратавальнага спорту з Беларусі, Расіі, Славакіі і Узбекістана.

Шэраг пазнавальных забаўляльных эфірных навінак знойдуць тэлеглядачы і на канале «Беларусь 2». Галоўнай прэм’ерай сезону тут называюць маштабнае гульнявое шоу «Гэта мая сям’я», удзельнікі якога пройдуць выпрабаванні на трываласць і паспрабуюць давесці вядучаму, што годныя перамогі. Нараджэнне «звышновай» беларускай кухні пад соусам майстэрства і крэатыву ўбачыць тэлеаўдыторыя ў новым кулінарным шоу «Смачна есці».

Сацыякультурны тэлеканал прадставіць у новым сезоне дакументальны цыкл «Легенды эстрады», запрапануе адправіцца ў «Культурнае падарожжа» і раскажа пра тэатральную гісторыю Нясвіжа ў аднайменным мастацка-публіцыстычным фільме. І, вядома, не абыдзецца без прэм’ер спектакляў, канцэртаў, прамых трансляцый з галоўных культурных мерапрыемстваў.

У новым сезоне спартыўны тэлеканал таксама прадставіць сваёй аўдыторыі шматлікія спартыўныя спаборніцтвы, дазволіць згадаць легендарныя перамогі і паражэнні нашых спартсменаў і працягне заахвочваць усіх да здаровага ладу жыцця. А вось на тэлеканале «НТБ-Беларусь» галоўнай прэм’ерай стане праект навін «Галоўнае. Сёння. Беларусь», які будзе ў эфіры з’яўляцца ў новай студыі і з новымі вядучымі. Працягнуць здзіўляць сваімі жыццёвымі гісторыямі і новыя героі праекта «Зламаць стэрэатыпы». Усё гэта і шмат іншага чакае нас у новым сезоне на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Шукайце свой і не пераключайцеся!

Алена ДРАПКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.